АТАМА́НІ (Otomani),

археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку, якія ў 18—12 ст. да нашай эры насялялі Закарпацце, Усх. Славакію, ПнУ Венгрыі і ПнЗ Румыніі. Назва ад паселішча Атамані ў Румыніі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у наземных невял. (8—16 м²) і вял. (да 200 м²) дамах каркасна-слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне ў урнах і трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Кераміка ўпрыгожана разным арнаментам, наляпнымі бугаркамі. Пашыраны каменныя і касцяныя прылады, бронзавая зброя, бронзавыя і залатыя ўпрыгожанні.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАПЕ́ШЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Лоранда Этвеша, буйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Венгрыі. Засн. ў 1635 у г. Тырнавія архіепіскапам Петэрам Пазманем як духоўны ун-т (на базе езуіцкага калегіума, які існаваў з 1561). З 1773 — свецкая навуч. ўстанова. У 1777 пераведзены ў Буду, у 1784 — у Пешт. У 1948 заснаваны ф-т прыродазнаўча-матэм. навук. У 1950 каталіцкі тэалагічны ф-т аддзелены ад ун-та. У 1986/87 навуч. г. 4 факультэты. Пры ун-це шэраг навук. ін-таў, бат. сад, б-ка (з 1635).

т. 3, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁМІ́Т (ад прозвішча ням. мінералога І.Бёма),

мінерал падкласа гідраксідаў алюмінію, V-AlOOH; адна з гал. складаючых частак баксітаў. Часта мае прымесі жалеза, галію, скандыю. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, лінзападобныя. Агрэгаты аалітавыя, зямлістыя. Бясколерны ці белы. Празрысты, паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 3,5—4. Крохкі. Шчыльн. 3 г/см³. Пераважна асадкавы мінерал, утвараецца таксама ў кары выветрывання. На тэр. Беларусі як пародаўтваральны мінерал трапляецца ў высокагліназёмных пародах кам.-вуг. адкладаў Прыпяцкага прагіну. Асноўная крыніца алюмінію. Значныя радовішчы ў Венгрыі, Германіі, Францыі.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Іван Барысавіч) (15.1.1922, в. Арэхаўка Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1990),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1941). Тамбоўскае авіявучылішча (1943), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1943 на 3-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Балгарыі, Югаславіі, Венгрыі: лётчык-штурмавік зрабіў 179 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў самалёт, знішчыў 12 танкаў, 7 бронетранспарцёраў, 37 аўтамашын і шмат інш. тэхнікі праціўніка. Да 1965 у Сав. Арміі.

т. 11, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАШЭ́НКА (Фёдар Апанасавіч) (19.6.1896, в. Вял. Любшчына Віцебскага р-на — 27.10.1976),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Смаленскія пях. курсы чырв. камандзіраў (1920), Маскоўскія курсы сярэдняга камсаставу (1927), Ваен. акадэмію Генштаба (1951). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. З 1938 служыў у БВА. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, Сталінградскім, Карэльскім, Паўд.-Зах., 3-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік абароны Беларусі, вызвалення Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Да 1956 выкладчык Ваен. акадэміі Генштаба. Ганаровы грамадзянін г. Браціслава (Славакія).

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,

палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́ПАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (15.6.1914, станіца Нагуцкая Стаўрапольскага краю — 9.2.1984),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сац. Працы (1974). З 1944 на парт. рабоце ў Карэліі. З 1953 пасол СССР у Венгрыі, з 1957 заг. аддзела, у 1962—67 і з мая 1982 сакратар ЦК КПСС. У 1967—82 старшыня КДБ СССР. З ліст. 1982 Ген. сакратар ЦК КПСС, адначасова з чэрв. 1983 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Чл. Палітбюро ЦК КПСС з 1973. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—54 і з 1962.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НСКІ БЕ́ЛЫ МАТЫ́ЛЬ (Hyphantria cunea),

матыль сямейства мядзведзіц. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Венгрыі (1940). Пашырыўся па інш. краінах Еўропы. Шкодзіць раслінаводству.

Размах крылаў 2,0—3,5 см. У некаторых асобін на брушку і крылах дробныя чорныя плямкі. Вусені даўж. 2,5—3,5 см, усёедныя, кормяцца больш як на 200 відах раслін. За год 2 пакаленні. Матылі першага пакалення вылятаюць у маі, другога — у ліпені—жніўні. Адкладаюць 300—2500 яец на ніжнюю паверхню ліста. Вусені шкодзяць раслінам. Меры барацьбы: каранцін, апрацоўка раслін спец. прэпаратамі.

Амерыканскі белы матыль і яго вусень.

т. 1, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

І.Н.Колабава.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КСЕМБУ́РГІ (ням. Luxemburger),

дынастыя каралёў Германіі і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў 1308—13, 1346—1400, 1410—37, каралёў Чэхіі ў 1310—1437 і Венгрыі ў 1387—1437, графаў (герцагаў) Люксембурга (да 15 ст.). Найб. значныя прадстаўнікі: Генрых VII (гл. Генрых, герм. правіцелі), Ян (чэш. кароль у 1310—46), Карл IV (Карэл I Чэшскі), Вацлаў IV, Сігізмунд I. З 1310 эканам. і паліт. цэнтрам Л. была Чэхія, яны найб. узмацніліся пры К.арле IV. У 1437 дынастыя спынілася ў мужчынскай лініі, спадчына Л. перайшла да Габсбургаў.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)