СЕБАСЦЬЯ́Н (Sebastian; сапр. Шэбешцьен; Sebestyen) Георг

(Дзьёрдзь; 17.8.1903, Будапешт — 1989),

венгерскі дырыжор. Скончыў Вышэйшую школу музыкі імя Ф.​Ліста (1921). Вучань Б.Вальтэра. З 1922 працаваў у оперных т-рах Германіі. У 1931—37 дырыжор сімф. аркестра Усесаюзнага радыё ў Маскве, дзе ажыццявіў канцэртныя пастаноўкі опер В.​А.​Моцарта і оперы «Фідэліо» Л.​Бетховена, выступаў у сімф. канцэртах (першы выканаў 1-ю сімфонію Ц.​Хрэннікава і 1-ю сюіту «Рамэо і Джульеты» С.​Пракоф’ева). З 1938 у ЗША, з 1946 у Парыжы. Працаваў дырыжорам у «Алера камік», паставіў шэраг рус. опер у Парыжскай оперы, у т. л. «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага. Шмат гастраліраваў, у т. л. ў СССР у 1961.

Літ.:

Григорьев Л.Г., Платек Я.М. Современные дирижеры. М., 1969.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕЦІ (Szigeti) Іожэф (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),

венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.​Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.​Бартака, Э.​Блоха, Э.​Ізаі, П.​Кадашы, А.​Казелы, Г.​Каўэла, С.​Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.​Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РЫЦ (Moricz) Жыгманд (2.7.1879, Тысачэчэ, Венгрыя — 4.9.1942),

венгерскі пісьменнік. Вучыўся ў Дэбрэцэнскім ун-це. Вядомасць прынесла апавяд. «Сем крэйцэраў» (1908). У раманах «Самародак», «Глухі куток» (абодва 1911), «Добрай удачы» (1914) рэалістычна адлюстравана жыццё венг. працоўных. Найб. значныя творы М. — гіст. трылогія «Эрдэй» (1922—33) і сац. раман «Сваякі» (1930). Аўтар раманаў «Шчаслівы чалавек» (1935), «Бецяр» (1937), «Шандар Рожа» (1941—42), апавяданняў, п’ес, рэпартажаў. На бел. мову асобныя апавяданні М. пераклалі Л.​Арабей, Я.​Васілёнак, Т.​Мартыненка, М.​Татур.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1980;

Пьесы. М., 1962;

Жужанна в Клагенфурте: Рассказы. М., 1970.

Літ.:

Умнякова Е.В. Жигмонд Мориц и современная венгерская литература. М., 1985;

Сувиженко Л.И. Жигмонд Мориц и его время. Л., 1988.

Ж.Морыц.

т. 10, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДАШ (Hidas) Антал (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),

венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.​Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.​Кошута 1962.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1960;

Другая музыка нужна: Роман. М., 1984.

Літ.:

Россиянов О. Антал Гидаш. М., 1970.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ШЫЦЫ (Kośice),

горад на У Славакіі, каля падножжа Славацкіх Рудных гор. Адм. ц. Усходне-Славацкай вобл. 240 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічны камбінат, цяжкае машынабудаванне, апрацоўка магнезіту, харч., дрэваапр. прам-сць. Ун-т. Тэатры, у т. л. оперны. Музей Усх. Славакіі. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Альжбеты 14—16 ст. Культ. цэнтр венг. і ўкр. насельніцтва.

Засн. ў 13 ст. як гандл. пункт на шляху ў Польшчу і Расію. З 1249 горад, у 1290 вакол яго пабудаваны крапасныя сцены, важны пункт абароны ў войнах з Турцыяй. Росквіт у 14—15 ст. Польскі кароль Людовік I Венгерскі выдаў тут Кошыцкі прывілей 1374. Да 1-й сусв. вайны і ў 1938—45 у складзе Венгрыі, у 1921—38 і з 1945 — Чэхаславакіі. З 1992 у складзе Славацкай Рэспублікі.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Р (Lehár) Ферэнц Франц (30.4. 1870, г. Комарам, Венгрыя — 24.10. 1948),

венгерскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1888, клас А.Беневіца). З 1888 скрыпач у тэатр. аркестрах Будапешта і Вены, ваен. капельмайстар. З 1902 дырыжор венскага т-ра «Ан дэр Він». Адзін з заснавальнікаў т. зв. новай венскай аперэты. Яго музыка адметная лірычнай інтанацыйнасцю, заснаванай на спалучэнні венг., рум., аўстр. і слав. элементаў. Пашырыў рамкі класічнай аперэты, наблізіў яе да камічнай оперы і зінгшпілю. Аўтар больш за 30 аперэт. Найб. вядомыя «Вясёлая ўдава» (1905), «Цыганскае каханне» (1910), «Фраскіта» (1922; усе паст. Дзярж. т-рам муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1978, 1974, 1984), «Граф Люксембург» (1909). Сярод інш. твораў: опера «Зязюля» (паст. 1896); сімф. паэма для голасу з арк. (1917); канцэрты для скрыпкі з арк.; санаты для скрыпкі і фп.; маршы, вальсы, песні; музыка да драм. спектакляў.

Ф.Легар.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ГЕЦІ (Ligeti) Дзьёрдзь (н. 28.5.1923, г. Тырнэвені, Румынія),

венгерскі кампазітар, музыказнавец; прадстаўнік зах.-еўрап. муз. авангарда. Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Будапешце (1949), выкладаў у ёй (з 1950 праф.). У 1956 і з пач. 1980-х г. у Вене. У галіне электроннай музыкі распрацаваў уласную тэхніку статычнай санорнай кампазіцыі, заснаваную на мікразмяненнях у цэлым нерухомага гукавога масіву («Уяўленні», 1959; «Атмасферы», 1961, для аркестра), спалучаў санорную статыку з дынамічнымі «выбухамі» («Рэквіем», 1965; «Мелодыі» для арк., 1971). Некат. вак. творы звязаны з т-рам абсурду («Прыгоды», 1962; «Новыя прыгоды», 1965). У творах апошніх гадоў рысы неарамантызму. Аўтар оперы «Вялікі мярцвяк» (1978), твораў «Гадзіны і воблакі» для хору і арк. (1973), «Далёкае» для арк. (1967), «Разгалінаванні» (1969) і інш.

Літ.:

Савенко С. Приключения в воображаемом пространстве: Заметки о творчестве Д.​Лигети // Сов. музыка. 1987. № 6.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),

германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.

Максімілян I. Партрэт работы А.​Дзюрэра. 1519.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙК (Rajk) Ласла (8.3.1909, Трансільванія, цяпер у Румыніі — 15.10.1949),

венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. Настаўнік. З 1930 чл. нелегальнай Камуніст. партыі Венгрыі. У 1937—39 у час грамадз. вайны ў Іспаніі ваяваў на баку рэспубліканцаў (паліт. камісар венг. батальёна інтэрнац. брыгад). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе супраць рэжыму М.​Хорці. З 1945 чл. ЦК і палітбюро Венг. камуніст. партыі. У 1946—48 міністр унутр. спраў (на гэтай пасадзе забяспечыў камуністам кантроль над паліцыяй і адміністрацыяй), потым міністр замежных спраў. У маі 1949 арыштаваны і на паказальным судовым працэсе (працэс Райка)’разам з інш. кіруючымі камуністамі прыгавораны да пакарання смерцю як «агент імперыялізму» і «цітаіст» («шпіён» югасл. маршала І.​Б.​Ціта). У 1956 рэабілітаваны.

Літ.:

Желицки Б.Й. Трагическая судьба Ласло Райка. Венгрия 1949 г. // Новая и новейшая история. 2001. №2—3.

т. 13, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА Існавала ў 1756—60 пры Слуцкім тэатры Радзівіла. Засн. Г.​Ф.​Радзівілам для падрыхтоўкі артыстаў балетнай трупы. Да 1759 школай кіравалі А.​Пуціні і Л.​М.​Дзюпрэ. У школе вучылі 8—10-гадовых дзяцей слуцкіх мяшчан, а таксама дзяцей негрыцянскіх нявольнікаў князя. Сярод вядучых артыстаў радзівілаўскіх т-раў навучэнцы Дыклер, Жукоўскі, А.​Лойка, К.​Міхневіч, Ражавіч. У пач. 1758 пастаўлены першы балет «На тры пары», у якім выхаванцы выявілі высокія здольнасці. Дакладна рэпертуар слуцкага балета невядомы, але ёсць падставы меркаваць, што пастаўлены «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет», «Турэцкі балет», а таксама балеты, у якія ўваходзілі ням., швейцарскія і цірольскія танцы («стралкоў», «садоўнікаў», «чарцей», «трубачыстаў», «кветачніц», «сялянак»). У 1760 школа пераведзена ў г. Нясвіж.

Літ.:

Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра Мн., 1983. Т. 1.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)