НЬЮКА́СЛ, Ньюкасл-эпон-Тайн (Newcastle upon Tyne),
горад у Вялікабрытаніі, на ПнУ Англіі. Адм. ц. графства Тайн-энд-Уір і гал. горад канурбацыі Тайнсайд. Вядомы з апошніх стагоддзяў да н.э. Каля 300 тыс.ж., у межах графства больш за 1,3 млн.ж. (1999). Порт на р. Тайн, паблізу ад яе ўпадзення ў Паўночнае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць катлоў, турбін, горнашахтавага абсталявання, эл.-тэхн., хім., харчовая. База рыбалоўства. Метрапалітэн. Ун-т. Муніцыпальная маст. галерэя. Музей навукі і тэхнікі (экспануецца паравоз Дж.Стэфенсана). Захаваліся рэшткі рымскага вала (2 ст.н.э.), гар. муроў (з 1265), раманскі замак (каля 1080), данжон (1172—77), «Чорныя вароты» (сярэдзіна 13 ст.), познагатычны сабор (каля 1216—1359), ратуша (сярэдзіна 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор св. Сафіі,
помнік стараж.-рус. дойлідства ў г.Ноўгарад. Пабудаваны ў 1045—50 кіеўскімі майстрамі ў дзядзінцы (крамлі) з каменю (скляпенні і аркі з цэглы-плінфы) на ўзор Кіеўскага Сафійскага сабора (толькі меншых памераў). Быў кафедральным саборам. Храм крыжова-купальны 5-нефавы 5-купальны 3-апсідны, абкружаны з трох бакоў напачатку 1-яруснымі, пазней — высокімі закрытымі 2-яруснымі галерэямі. З зах. боку ў галерэю ўбудавана масіўная вежа з лесвіцай, што вядзе на хоры. Сабор вылучаецца суровай магутнасцю і прастатой форм, сціпласцю дэкору. Захаваліся фрагменты фрэсак (2-я пал. 11 ст., 1108, 1144), зах. бронзавыя, т.зв. Карсунскія вароты (1152—56), абразы сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сабор часткова пашкоджаны ў 1941—44, рэканструяваны. Цяпер музей і адначасова дзеючы храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДНАГА МАСТА́ЦТВА,
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Адкрыты 12.12.1979 у в. Раўбічы Мінскага р-на ў будынку б. касцёла. Пл. экспазіцыі і выставачнай залы 400 м², больш за 500 экспанатаў (2000). У музеі вырабы ткацтва, разьбы па дрэве, керамікі, саломапляцення 16—20 ст., большасць прадметаў канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў драўляная браціна 16 ст., разное культавае начынне 18 ст. (укрыжаванне, фрагменты прыдарожных крыжоў), плеценыя з саломы царскія вароты, жаночае нар. адзенне і святочнае ўбранства, камянецкія прасніцы, узоры мотальскіх, неглюбскіх, краснапольскіх, пінска-івацэвіцкіх ручнікоў, гараднянскай, дубровенскай, івянецкай, пружанскай керамікі, тканыя дываны і посцілкі з розных рэгіёнаў Беларусі, творы сучасных бел. майстроў дробнай пластыкі, саломапляцення, інкрустацыі і інш. Музей наладжвае выстаўкі тэматычныя і прыватных калекцый.
Літ.:
Музей беларускага народнага мастацтва: [Фотаальбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у Бабруйску, на правым беразе р. Бярэзіна. З боку ракі быў ахаваны высокім стромкім схілам і 2 драўляна-землянымі збудаваннямі бастыённага тыпу, з інш. бакоў — ровам шыр. да 15 м, земляным валам, на якім стаялі драўляныя вежы і сцены. Да ўмацаванай уязной брамы (падвойныя вароты, сістэма жал. запораў) быў перакінуты драўляны мост. За час існавання замак перажыў шмат аблог і разбурэнняў: у 1502 і 1503 яго спусташалі крымскія татары, у 1506 неаднаразова асаджаў мяцежны кн. М.Глінскі, у студз. 1649 згарэў у час аблогі войскамі гетмана Я.Радзівіла, у сак. 1655 замак спалілі казакі гетмана І.Залатарэнкі, у 1665 згарэў у час казацкай аблогі. Насельніцтва горада аднаўляла замак. Інвентар 1692 сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка. На плане г. Бабруйска 1794 сляды замка яшчэ выразна захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІ-ФУТБО́Л,
спартыўная камандная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек, у т. л. варатар. Мэта камандаў — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Працягласць гульні — 2 таймы па 20 мін «чыстага часу». Гульня ідзе на пляцоўцы даўж. 24—42 м і шыр. 14—22 м. Пакрыццё пляцоўкі пад адкрытым небам — земляны грунт, дзёран, сінт. дыван, у памяшканні — сінт. ці драўлянае. Памеры варот 3 × 2 м.
У Еўропе пачаў развівацца ў Аўстрыі (1958). З 1980-х г. пашырыўся ў Бельгіі, Бразіліі, Венгрыі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Нідэрландах, Расіі і інш. Першы чэмпіён Еўропы — каманда Іспаніі (1996, г. Кордава, Іспанія), першы чэмпіён свету — каманда Бразіліі (1996, Нідэрланды).
На Беларусі папулярны з канца 1980-х г. Створаны 2 лігі. Першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся ў 1990, гульні на Кубак Беларусі праводзяцца з 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем I (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э. Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн.вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Яго ж. Вавилонская башня: Пер. с нем. М., 1991.
Да арт. Вавілон. Фрагмент рэльефу варотаў Іштар.Да арт. Вавілон. Дэкаратыўнае пано троннай залы Паўднёвага палаца. 6 ст. да н.э.Да арт. Вавілон. Рэшткі горада.Да арт. Вавілон. Вароты Іштар. Каля 570 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́КЕШ,
горад у Марока, у перадгор’ях Высокага Атласа. Адм. ц. правінцыі Маракеш. Каля 1,5 млн.ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. цэнтр паўд.ч. краіны. Прам-сць: харч., хім., тэкст., швейная, дрэваапр., цэментная. Саматужная вытв-сць (дываны, саф’ян). Зімовы курорт. Цэнтр турызму. Ун-т. Музеі мараканскага мастацтва, гем і керамікі. Арх. помнікі 11—12 ст. Помнікі медыны (купальны павільён Куба эль-Баадыйн, мячэць Кутубія, вароты Баб-Агвенау) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; шматлікія ансамблі 14—16 ст., палацы.
Засн. ў 1070 (паводле інш. звестак, у 1060 ці 1062) Альмаравідамі. У канцы 12 ст. буйны гандл. цэнтр з насельніцтвам каля 100 тыс.чал. Пры Альмаравідах, Альмахадах і Саадзідах (1554—1659) М. — сталіца Зах. Магрыба; у час феад. міжусобіц — рэзідэнцыя правіцеляў Паўд. Марока. У 1515 партугальцы беспаспяхова спрабавалі захапіць М. У час франц. пратэктарату над Марока (1912—56) паліт. і эканам. значэнне горада зменшылася. Пасля абвяшчэння незалежнасці Марока (1956) адм. цэнтр аднайм. правінцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗЬу мастацтве,
раслінны арнамент у форме спіральна ці плаўна выгнутых галінак з лісцем, часам з кветкамі. Вядома ў мастацтве розных краін і эпох, часта ў геаметрызаваным выглядзе. У спалучэнні з інш.дэкар. матывамі выкарыстоўваецца ў фрызавых кампазіцыях у архітэктуры, а таксама ў скульптуры, графіцы, дэкар.-прыкладным мастацтве (разьба па дрэве, залачэнне, ткацтва, коўка, чаканка, гравіроўка па шкле і метале). На Беларусі маст. дасканаласцю вылучаецца разная вязь па дрэве алтароў касцёла езуітаў у Гродне, царскіх варот з царквы ў в. Дружылавічы (Іванаўскі р-н), рашоткі касцёла ў в. Вішнева (Валожынскі р-н), стукавая вязь касцёлаў у вёсках Міхалішкі (Астравецкі р-н) і Воўпа (Ваўкавыскі р-н).
Да арт.Вязь. Царскія вароты Мікалаеўскай царквы ў в. Дружылавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 3-я чвэрць 18 ст.Да арт.Вязь. Рашотка касцёла Марыі ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобл Пач. 17 ст.Да арт.Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1677.Да арт.Вязь. Фрагмент галоўнага алтара касцёла Іаана Хрысціцеля ў в. Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобл. Каля 1634.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЕ́НЫ (Mykēnai),
старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтр Крыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.
У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).
Літ.:
Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.