горад у цэнтр.ч. Швейцарыі. Адм. ц. кантона Люцэрн. Засн. каля 1180. Каля 70 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Фірвальдштэцкім воз.Прам-сць: маш,буд., прыладабуд., швейная, паліграф., харчовая. Музеі, у т. л. мастацкі і гістарычны. Скарбніца Гофкірхе. Гар. ўмацаванні з вежамі (пач. 15 ст.), Рыцарскі палац, пазней езуіцкі калегіум (2-я пал. 16 ст.), драўляныя гатычныя масты Капельбруке (1333, згарэў у 1993, адбудаваны) і Шпроербруке (1408), ратуша (пач. 17 ст.), будынкі ў стылі барока (17—18 ст.). Штогадовыя муз. фестывалі. Кліматычны курорт. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды
(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),
шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш.будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.
А.А.Ярашэвіч.
Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Існаваў з канца 17 ст. да 1864 у Магілёве. У 1696—98 на атрыманым ад М.Пяцюхі пляцы бернардзінцы перарабілі свіран у капліцу, што і лічыцца часам заснавання кляштара. У 1702 пабудаваны драўляны касцёл св. Антонія, у 1705 узведзены жылы корпус. У 1720-я г. пабудаваны мураваны касцёл з цудадзейным абразом св. Антонія ў гал. алтары. У 1864 кляштар зачынены, у ім размясціўся архіў суда, манахаў перавялі ў Крэцінгу (Літва) і ў Мінск. Будынкі пацярпелі ў час Вял.Айч. вайны, пазней знесены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.М.Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЦІК (лац. porticus),
галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкіабл.драм.т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.
Г.С.Ларкін.
Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЕР ((Breuer) Марсель Лаяш) (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),
амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкіЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.
М.Л.Броер. Загарадны дом архітэктара. Штат Масачусетс. 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК.
Існаваў у 1623—1830. Засн. ў паўн. прадмесці Брэста Пяскі. Напачатку быў драўляны. Мураваны касцёл Дабравешчання Марыі асвячоны ў 1751; адначасова пабудаваны 2-павярховы кляштарны корпус, які застаўся незакончаным. Увенчаны 8-граннай вежай храм меў незвычайны для бел. архітэктуры авальны план з асобнай капліцай для манашак. Інтэр’ер быў аздоблены стукавай лепкай і 11 разьбянымі алтарамі. Існавалі гасп.будынкі: стайні, хлявы, свірны, карэтнік і інш. Да іх прымыкалі сад і агарод. Уся тэр. была абнесена мурам. Пры пабудове Брэсцкай крэпасці кляштар быў зачынены, у ім размяшчалася арыштанцкая рота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯДЗІ́КТАЎ (Георгій Міхайлавіч) (8.11.1916, г. Саратаў, Расія — 18.11.1992),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1943). З 1954 працаваў у ін-тах Белдзяржпраект, Белдзіпрагандаль, з 1982 выкладаў у Бел.політэхн. акадэміі. Гал. кірунак творчасці — архітэктура грамадскіх будынкаў і збудаванняў. Асн. работы: будынкі Белдзяржфілармоніі (1963), Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), Дома прафесіянальных саюзаў (1982, усе ў сааўт.), Палаца культуры трактарнага з-да ў Мінску. Па яго праектах пабудаваны гасцініцы «Юбілейная» і «Планета» ў Мінску, «Магілёў» у Магілёве, «Інтурыст» у Брэсце і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗО́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. архітэктар. Засл.арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед.б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).