МЕЛЬДЗЮКО́ВА (Акцябрына Францаўна) (29.10.1924, с. Іванаўка Бобрынецкага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 6.3.1996),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Коласа (1948), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца драм., характарных роляў. Найб. значныя з іх: Зоська («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Наташа («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Вольга («Навальніца будзе» паводле Я.Коласа), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра), Беатрыса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона), Леанор («Дзяўчына са збаном» Лопэ дэ Вэгі), Аксюша («Лес» А.Астроўскага), Зоя Мікіцічна («Напярэдадні» паводле І.Тургенева), Кацярына Іванаўна («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Ірына («Тры сястры» А.Чэхава), Наташа і Калерыя («На дне» і «Дачнікі» М.Горкага), Ларыса («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Снежная каралева (аднайм. п’еса Я.Шварца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІМУМУ ЗАКО́Ну аграхіміі,
папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.
У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙМЕ́НШЫХ КВАДРА́ТАЎ МЕ́ТАД,
адзін з метадаў памылак тэорыі для ацэньвання невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Выкарыстоўваецца для статыстычных апрацовак.
Прапанаваны К.Гаўсам (1794—95) і А.Лежандрам (1805—06). Першасна прызначаўся для апрацоўкі астр. і геад. вымярэнняў. Строгае матэм. абгрунтаванне і вызначэнне межаў дастасавальнасці Н.к.м. далі А.А.Маркаў і А.М.Калмагораў. Паводле Н.к.м., калі n вынікаў вымярэнняў y1, y2, ..., yn звязаны з m (m < n) пераменных x1, x2, ..., xm зададзенай функцыянальнай залежнасцю yi = 𝑓(x1, x2, ..., xm) + σi, дзе σi — невядомыя выпадковыя хібнасці, ацэнкамі для xi бяруцца такія Xi, для якіх сума квадратаў
, дзе pi — зададзеныя лікі, будзе найменшая. Для мінімізацыі S першыя частковыя вытворныя па невядомых велічынях прыраўноўваюць да нуля. Рашэнне сістэм ураўненняў
дае ацэнкі для Xi.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (сапр.Джанаеў Іван Васілевіч; 2.11.1896, с. Сіндзісар, Паўн. Асеція — 3.5.1947),
асецінскі паэт, літаратуразнавец; класік асецінскай л-ры. Скончыў Паўн.-Асец. пед.ін-т (1930). Літ. дзейнасць пачаў у 1913. Матывы абяздоленага жыцця горцаў-беднякоў, іх спадзяванні — асн. змест яго дарэв. паэзіі. Пафасам рэв. барацьбы, сац. перамен прасякнуты паэмы «Мулдар» (1930), «Гыцы» (1934), «На беразе Церака» (1939). Паводле матываў нар. песень і паданняў напісаны паэмы «Сын Уахатага — удалы Гуйман», «Танец Бадэляты» (абедзве 1935) і інш. Тэме подзвігу асецінскага народа ў Вял.Айч. вайну прысвечана паэма «Чырвонаармеец будзе спавядаць» (1945). Разам з Т.Епхіевым напісаў драму «Коста» (1939). Лірыка Н. адметная навізной вобразаў, форм і жанраў. Даследчык асецінскага фальклору, нарцкага эпасу, творчасці асецінскіх пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),
1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.
2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.
3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.
У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.
Літ.:
Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТА́ЦЫЯ [французскае orientation ад лацінскага oriens (orientis) усход] у матэматыцы, абагульненне паняцця напрамку на прамой на геаметрычныя аб’екты больш складанай структуры. Арыентацыя на прамой задаецца выбарам аднаго з двух магчымых напрамкаў. Замкнутую крывую можна арыентаваць па гадзіннікавай стрэлцы ці супраць яе. На плоскасці можна выбраць пэўную арыентацыю для ўсіх замкнутых крывых, якія ёй належаць і самі не перасякаюцца. Калі ўсе такія крывыя арыентаваць супраць або па гадзіннікавай стрэлцы, то ўся плоскасць будзе арыентаваная супраць або па гадзіннікавай стрэлцы. Аналагічна вызначаюць арыентацыю паверхні, якая мае 2 бакі. Аднабаковыя паверхні, напрыклад Мёбіуса ліст, не арыентуюцца. Паверхні, якія абмяжоўваюць частку прасторы, заўсёды належаць да арыентаваных. Арыентацыя прасторы задаецца выбарам Арыентацыі ўсіх замкнутых паверхняў, якія абмяжоўваюць вызначаныя часткі прасторы. Арыентацыя прасторы (плоскасці) задаюць таксама выбарам дэкартавай сістэмы каардынат (правай ці левай). Паняцце Арыентацыі пашыраецца і на мнагамерныя прасторы.
Арыентацыя замкнутай крывой: 1, 2 — па гадзіннікавай стрэлцы; 3 — супраць яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РАЎ (Міхаіл Іванавіч) (27.10.1899, Масква — 15.12.1981),
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1949). Герой Сац. Працы (1974). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1919. Працаваў у т-рах вандроўным франтавым, імя У.Меерхольда, Камерным т-рах. З 1938 у Малым т-ры. Стварыў яркахарактарныя, камедыйна-сатыр. і драм. вобразы: Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Варанцоў («Так і будзе» К.Сіманава) -і інш. З 1924 здымаўся ў кіно. Як і ў тэатры, камедыйная лёгкасць спалучалася ў яго выкананні з псіхал. глыбінёй; пры стварэнні адмоўных персанажаў найб. ярка праяўлялася сатыр. завостранасць: «Пуцёўка ў жыццё», «Пётр I», «Абарона Царыцына», «У імя Радзімы», «Выбаргская старана», «Вяртанне Максіма», «Вясковы дэтэктыў». Здымаўся ў бел. фільмах: «Мядзведзь», «Чалавек у футарале», «Чырвонае лісце». Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947. Аўтар успамінаў «Жыццё, тэатр, кіно» (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. iteratio паўтарэнне) у матэматыцы, вынік паўторнага выкарыстання якой-н. матэм. аперацыі. Напр., калі y=𝑓(x)=𝑓1(x), то функцыі 𝑓2(x)=𝑓[𝑓1(x)], 𝑓3(x)=𝑓[𝑓2(x)], ..., 𝑓n(x)=𝑓[𝑓n−1(x)]наз. адпаведна 2-й, 3-й, ..., n-й І. функцыі 𝑓(x), n — паказчыкамі І., пераход ад 𝑓(x) да 𝑓2(x), 𝑓3(x), ... — ітэрыраваннем. Для некаторых класаў функцый можна пабудаваць І. з адвольным рэчаісным (ці камплексным) паказчыкам. Для рашэння алг. ўраўнення метадам І. яго запісваюць у форме x=𝑓(x) і выбіраюць пачатковае набліжэнне x=x0, а наступныя набліжэнні вылічваюць па формулах x1=𝑓(x0), x2=𝑓(x1), ..., xn=𝑓(xn−1). Пры збежнасці працэсу будзе вылічаны корань зададзенага ўраўнення. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі. Гл. таксама Паслядоўных набліжэнняў метад.
Літ.:
Боглаев Ю.П. Вычислительная математика и программирование. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Леанід Аляксеевіч) (5.8.1896, Вільня — 18.5.1980),
бел. кампазітар, дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1944). У 1921—28 дырыжор БДТ-1, у 1929—65 заг.муз. часткі і дырыжор Бел.т-ра імя Я.Коласа. Аўтар музыкі да спектакляў у БДТ-1 «Кастусь Каліноўскі» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» В.Гарбацэвіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага (усе з У.Тэраўскім), «Стралок Тэль» С.Заяіцкага (з М.Куперам), «Інга» А.Глебава, «Мешчанін у дваранах» Мальера і інш.; у т-ры імя Я.Коласа — «Машэка» В.Вольскага, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», «Святло з Усходу» П.Глебкі, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Родная маці» М.Алтухова, «Цудоўны сплаў» У.Кіршона, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Лекар паняволі» Мальера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, якая набывае бясконца малыя прырашчэнні пры бясконца малых зменах аргумента. Маюць важныя ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Дыферэнцавальная функцыя заўсёды неперарыўная (існуюць недыферэнцавальныя Н.ф.); інтэграл ад Н.ф. на адрэзку заўсёды існуе; для ўсякай функцыі, неперарыўнай на адрэзку, можна знайсці мнагасклад, значэнні якога адрозніваюцца на гэтым адрэзку ад значэнняў функцыі менш, чым на адвольна малы папярэдне зададзены лік (тэарэма Веерштраса). На такіх мнагаскладах грунтуецца набліжэнне функцый (гл.Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый). Сума, рознасць і здабытак Н.ф. даюць у выніку таксама Н.ф. Дзель дзвюх такіх функцый будзе таксама Н.ф., акрамя пунктаў, дзе назоўнік дробу роўны нулю. Паняццю Н.ф. проціпастаўляецца паняцце разрыўнай функцыі. Адна і тая ж функцыя можа быць неперарыўнай пры адных значэннях аргумента і разрыўнай пры другіх. Напр., дробавая частка ліку x разрыўная пры цэлых значэннях аргумента і неперарыўная пры астатніх.