асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл.Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл.Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл.Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ЦКІ (Мікалай) (26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 у ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата.
Тв.:
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ СЛО́ВО»,
штодзённая грамадска-паліт. газета вялікадзяржаўна-шавіністычнага кірунку. Выдавалася з 4(17).11.1906 да 15(28).6.1912 у Мінску на рус. мове. Працягвала праграму газет «Белорусский вестник» і «Минская речь». Мела падтрымку Мін-ваўнутр. спраў і асабіста П.А.Сталыпіна. Выступала супраць раўнапраўя народаў Рас. імперыі, імкнулася дыскрэдытаваць бел.нац. адраджэнне, бел. друк, адмаўляла нац. і этнакульт. самастойнасць беларусаў, раіла выкрасліць назвы Беларусь і беларусы. Абражала бел. пісьменнікаў (Я.Купалу, Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Цётку і інш.), бел. народ і яго мову. Заклікала губ. адміністрацыю не абмяжоўвацца рэпрэсіямі бел. дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырваць зло ў самым корані». У шматлікіх аўтарскіх і рэд. артыкулах («Беларускі сепаратызм», «Пра кніжную беларускую мову» і інш.) патрабавала ад урада забароны бел.нац. культуры. Абвінавачвала рус.дэмакр. прэсу, творчасць М.Горкага, Л.Андрэева, Ф.Салагуба, А.Купрына і інш. у безыдэйнасці і гандлярстве. За распальванне варожасці паміж народамі Рас. імперыі губ. ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты. Праграму «М.с.» працягвалі газ. «Минское русское слово» і «Северо-Западная жизнь».
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,
нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв.с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.А.Ванееў, Г.М.Кржыжаноўскі, В.В.Старкаў, П.К.Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.А.Левашкевіч, В.А.Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.І.Паляк, Н.І.Занцэвіч і С.М.Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.
Літ.:
В.И.Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,
вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел.прафес.т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл.Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел.навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.Чэхава, «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел.тэатр. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛА (Кастусь) (сапр.Качан Аляксандр Ігнатавіч; н. 16.11.1925, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
празаік, паэт, драматург. Піша на бел. і англ. мовах. Вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі. У чэрв. 1944 паступіў у Мінскую школу камандзіраў Бел. краёвай абароны і з ёю пакінуў Мінск. Са жн. 1944 у франц. Супраціўленні, са снежня — у Брытанскай 8-й арміі ў Італіі (2-і польскі корпус). За ўдзел у баях супраць немцаў узнаг. залатой «Зоркай Італіі». З 1947 у Канадзе. У Таронта арганізаваў Згуртаванне беларусаў Канады (1948, першы яго старшыня), рэдагаваў газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54). Рэдагуе час.бел. ветэранаў «Зважай». У трылогіі «Гараватка» («Дзярлівая птушка», 1965; «Закрываўленае сонца», 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», 1981) праз гісторыю бел. вёскі з сімвалічнай назваю Гараватка імкнуўся паказаць гіст. лёс Беларусі — гераічнай і мужнай краіны, якая здолела вытрымаць выпрабаванні розных акупацый яе чужынцамі. Раманы «Змагарныя дарогі» (1962), «За волю» (1991) пераважна аўтабіяграфічныя, прысвечаныя лёсу бел. моладзі ў складаных даваен., ваен. і пасляваен. умовах на Беларусі і за мяжою, яе шляху да нац. самасвядомасці. У зб. «Усякая ўсячына» (Таронта, 1984) увайшла проза, паэзія, драматургія Акулы, яго аўтабіягр. абразкі.
Тв.:
Змагарныя дарогі. Мн., 1994.
Літ.:
Арлоў У. Беларус з берагоў Антарыё // Полымя. № 6. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЭРСА А́РМІЯ,
агульнавайсковыя злучэнні польскага Лонданскага эмігранцкага ўрада ў складзе Польскіх узбр. сіл на Захадзе ў 2-ю сусв. вайну. Камандуючы ген. У.Андэрс. Створана на тэр.СССР у жн. 1941 — сак. 1942 як Польская армія ў СССР паводле польска-савецкіх пагадненняў 1941 для сумесных дзеянняў на сав.-герм. фронце. Фарміравалася ў асн. з польскіх ваеннапалонных, рэпрэсіраваных і дэпартаваных у глыб СССР жыхароў б.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, бежанцаў з Польшчы, што апынуліся на тэр.СССР, і інш. Да жн. 1942 аператыўна падпарадкоўвалася камандаванню Чырв. Арміі, складалася з 6 пяхотных дывізій і інш. часцей і службаў (у сак. 1942 налічвала 66 тыс.чал.). У сак.—крас. і жн. 1942 са згоды Сав. ўрада эвакуіравана ў Іран і Ірак. У выніку аб’яднання з Войскам Польскім на Сярэднім Усходзе створана Польская армія на Усходзе, якая дзейнічала на тэр. Ірака. У чэрв. 1943 з яе складу вылучаны Другі польскі корпус, які ўдзельнічаў у аперацыях саюзнікаў у Паўн. Афрыцы, Італьянскай кампаніі 1943—45. Пасля 2-й сусв. вайны многія салдаты-беларусы з Андэрса арміі склалі частку бел. эміграцыі.
Літ.:
Прибылов В.И. Почему ушла армия Андерса // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991.
бел.нац.арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст.этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл.Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн.чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн.чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт.Беларусы, Этнічная тэрыторыя.
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.