БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (Леанід Аляксандравіч) (н. 6.4.1912, г. С.-Пецярбург),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1970), праф. (1972). Скончыў ун-т імя Стафана Баторыя ў Вільні (1938). З 1944 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядзернай фізіцы, вывучэнні імавернасцяў забароненых радыяцыйных пераходаў атамаў, ядраў і электроннай канверсіі гама-выпрамянення. Распрацаваў рэлятывісцкую тэорыю элементарнай часціцы, якая можа знаходзіцца ў адвольных спінавых станах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз.донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь B-H-B у боравадародах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЛЕ́Р ((Kastler) Альфрэд) (3.5.1902, г. Гебвілер, Францыя — 7.1.1984),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1964). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1926). У 1931—41 ва ун-тах Бардо і Клермон-Ферана, у 1941—68 у Вышэйшай нармальнай школе. Навук. працы па оптыцы, атамнай спектраскапіі і квантавай электроніцы. Даследаваў (разам з інш.) узбуджаныя станы атамаў, адкрыў метад аптычнай пампоўкі (1952). Працы К. ляглі ў аснову стварэння мазераў і лазераў. Нобелеўская прэмія 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРУПО́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне сістэм зараджаных часціц, абумоўленае квадрупольным момантам гэтых сістэм (гл.Квадруполь). Істотнае для сістэм, кожная з якіх мае поўны эл. зарад і дыпольны момант, роўныя нулю, напр. для двухатамных малекул, што складаюцца з аднолькавых атамаў. Квадрупольны момант (вылічваецца метадамі квантавай механікі) маюць таксама многія атамныя ядры, у эл. зарадзе якіх адсутнічае сферычная сіметрыя. У ядз. фізіцы К.ў. ўлічваецца пры ўзбуджэнні ядраў (з нулявым дыпольным момантам) кулонаўскім полем часціц, якія налятаюць на іх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ РАДЫ́ў хіміі,
гомалагічныя шэрагі (ад грэч. homologos адпаведны, падобны), паслядоўнасць арган. злучэнняў з аднолькавымі функцыян. групамі і аднатыпнай будовай, кожны член якой адрозніваецца ад суседняга на пастаянную структурную адзінку (гомалагічная рознасць), найчасцей метыленавую групу —CH2—. Члены гомалагічных радоў наз. гамолагамі. Вядомыя гомалагічныя рады алканаў CnH2n+2 (агульная ф-ла), дзе n — колькасць атамаў вугляроду ў малекуле, алкенаў CnH2n, аднаасноўных насычаных спіртоў CnH2n+1OH і карбонавых к-т Cn H2n+1COOH і інш.
У гомалагічных радах фіз. ўласцівасці мяняюцца параўнальна заканамерна (для вышэйшых гамолагаў розніца ва ўласцівасцях паступова памяншаецца). Гамолагі маюць агульныя хім. ўласцівасці і спосабы атрымання, але ўласцівасці некаторых з іх (найчасцей першых членаў гомалагічных радоў) могуць значна адрознівацца ад тыповых. Вядомыя таксама ізалагічныя рады — паслядоўнасць злучэнняў, якія маюць аднолькавыя функцыян. групы, але адрозніваюцца ўзрастаючай ненасычанасцю (напр., ізалагічны рад этану: этан CH3—CH3, этылен CH2=CH2, ацэтылен CH≡CH); генетычныя рады, якія маюць злучэнні з аднолькавай колькасцю атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі (напр., этан, этылхларыд CH3—CH2Cl, этанол CH3—CH2OH, ацэтальдэгід CH3—CHO, воцатная к-та CH3—COOH). Паняцце гомалагічных радоў і блізкія да іх ізалагічныя і генет. рады выкарыстоўваюць для сістэматызацыі і класіфікацыі злучэнняў у арган. хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,
з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).
Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл.Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш.атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл.Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл.Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.
Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л.геам. (гл.Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл.Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,
штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану 235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш. яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэннем ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУЗІЙНАЯ ЗВА́РКА,
зварка металаў, пластмас і інш. матэрыялаў, заснаваная на выкарыстанні дыфузіі. Звычайна робіцца ў вакууме, часам у атмасферы ахоўных газаў (аргону, вадароду, гелію), вадкіх асяроддзях.
Пры Д.з. дэталі змяшчаюць у зварачную герметычную камеру з разрэджаннем 10—1 кПа, награюць да 600—800 °C (без расплаўлення кантаў) і сціскаюць. Пры гэтым у паверхневых слаях дэталей, што кантактуюць, адбываецца інтэнсіўная ўзаемная дыфузія атамаў, за кошт якой матэрыялы злучаюцца. Д.з. выкарыстоўваецца ў электроннай і паўправадніковай прам-сці, дакладным машынабудаванні і інш.