ЕНДРЫХО́ЎСКІ (Jędrychowski) Стэфан (н. 19.5.1910, Варшава),
польскі дзярж. дзеяч, удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Віленскі ун-т. Д-р права. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Студэнцкай лявіцы «Фронт» у Віленскім ун-це, якая знаходзілася пад уплывам КПЗБ і КПП, рэдактар (разам з Г.Дэмбінскім) і супрацоўнік яе двухтыднёвіка «Poprostu» («Папросту»), газ. «Karta» («Карта») у 1935—36. Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 асуджаны на 4 гады. З 1939 y СССР. У Вял.Айч. вайну адзін з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў у СССР і 1-й дывізіі імя Т.Касцюшкі. З 1944 працаваў у Польскім к-це нац. вызвалення. З 1945 у складзе ўрада ПНР, у 1968—74 міністр замежных спраў, фінансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ Пётр Уладзіміравіч (15.10.1874, г. Гомель ? — 13.4.1917),
удзельнік бел. і рас.рэв. руху. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, Маскоўскім (1895—96), Тартускім (1898—99), Берлінскім (1899—1901) ун-тах. У 1896—98 вёў рэв. агітацыю ў Гомелі і Нясвіжы. Адзін з арганізатараў Гомельскага к-таРСДРП. У лют. 1901, калі даведаўся пра рашэнне рас. улад аддаць у салдаты студэнтаў Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў, якія ўдзельнічалі ў студэнцкіх хваляваннях, смяротна параніў міністра асветы М.П.Багалепава; асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1907 уцёк, уступіў у Пецярбургу ў Баявую арг-цыю партыі эсэраў, стаў пам. Е.Ф.Азефа. Пасля выкрыцця Азефа (1908) адышоў ад парт. спраў, эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Загінуў пры вяртанні ў Расію на судне, патопленым герм. падводнай лодкай у Паўн. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМО́ВІЧ Адольф (1900, в. Клюшчані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 24.11.1970),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Пражскі ун-т (1928). Удзельнік Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Адзін з арганізатараў выдання час. «Маладое жыццё». У час вучобы ў Празе кіраўнік аддзела міжнар. зносін Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый. У 1932—39 рэдактар час. «Самапомач», у 1939—40 удзельнічаў у выданні газ. «Беларуская крыніца». Дзеяч Бел.хрысц. дэмакратыі. Выкладаў у Бел. ін-це гаспадаркі і культуры, Віленскай бел. настаўніцкай семінарыі. У Вял.Айч. вайну ў Бел.нар. самапомачы (г. Ліда). У 1952 арыштаваны органамі НКУС, асуджаны. З 1956 у Вільні, склаў біягр. слоўнік бел.культ. і паліт. дзеячаў (рукапіс у Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКІ Мікалай Фаміч (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),
бел.тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.Караленкі.
Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЬ (Nagy) Імрэ (7.6.1896, г. Капашвар, Венгрыя — 16.6.1958),
венгерскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну трапіў у рас. палон (1916), уступіў у партыю бальшавікоў (1917). У 1921—28 у венг.сял. руху. З 1930 у СССР. У 1944—45 міністр сельскай гаспадаркі Венгрыі, правёў зямельную рэформу (бязвыплатнае адчужэнне буйнога землеўладання). З канца 1940-х г. адзін з лідэраў кіруючай Венг. партыі працоўных (ВПП), узначальваў парт. апазіцыю курсу групоўкі 1-га сакратара ЦК ВПП М.Ракашы. У 1953—55 і ў час Венг. паўстання 1956 (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Венгрыя) прэм’ер-міністр. Пасля паражэння паўстання вывезены ў Румынію, у 1958 вернуты ў Венгрыю, асуджаны на закрытым працэсе і пакараны смерцю. У 1989 рэабілітаваны, перапахаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛАШЫ́СТЫ,
у 1938—45 члены венг.фаш. партыі «Nylaskereszt párt» («Скрыжаваныя стрэлы»; ад імя лідэра Ф.Салашыназ. таксама салашыстамі). Партыя Н. утворана членамі забароненай урадам М.Хорці «Венг. нацыянал-сацыялісцкай партыі — хунгарысцкі рух» (засн. ў 1937). У вер. 1940 аб’ядналі апазіцыйныя ўраду ўсе фаш. партыі і групы Венгрыі. Патрабавалі ўзмацнення праследавання Камуніст. і Сацыял-дэмакр. партый, устанаўлення ў краіне таталітарнага рэжыму і больш цеснага супрацоўніцтва з фаш. Германіяй. Актывізавалі дзейнасць пасля ўступлення Венгрыі ў вайну супраць СССР (чэрв. 1941). Пасля адстаўкі Хорці з 15.10.1944 да 27.3.1945 узначальвалі ўладу на акупіраванай ням.-фаш. войскамі ч. Венгрыі. Партыя Н. забаронена паводле пастановы часовага нац. ўрада аб роспуску фаш. арг-цый ад 26.2.1945, а яе лідэры асуджаны як ваен. злачынцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,
забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г.Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.Прынцыпам і Д.Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЬВЯСТРО́ВІЧ Станіслаў (31.1.1833, Гродзенская губ.? — 1910),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Дэрпцкі ун-т (1855). Быў блізкі да рэв. арг-цыі К.Каліноўскага і В.Урублеўскага. З 2-й пал. 1862 як акруговы начальнік кіраваў падрыхтоўкай паўстання ў паўн. частцы Гродзенскага пав. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Гродзенскага пав., з чэрв. — начальнік ваяводства. 30.7.1863 арыштаваны, 8 месяцаў яго трымалі ў гродзенскай, з крас. 1864 дамініканскай турме ў Вільні. Пры допытах Асобай следчай камісіяй даў падрабязныя паказанні, якія сёння з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі паўстання на Гродзеншчыне. Асуджаны на 8 гадоў катаргі ў Сібіры.
Літ.:
Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛЯ́Р (Abélard) П’ер (1079, Пале каля г. Нант, Францыя — 21.4.1142),
французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус.пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАДЗЬЕ́ (Daladier) Эдуар (18.6.1884, г. Карпантра, Францыя — 10.10.1970),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат.Чл.Рэспубліканскай партыі радыкалаў і радыкал-сацыялістаў, у 1927—31, 1935—38, 1957—58 яе старшыня. Дэп. парламента (1919—40, 1946—58). Ваен. міністр (1932—34), міністр абароны (1936—40). Прэм’ер-міністр Францыі ў 1933, 1934, 1938—40. Адзін з заснавальнікаў Нар. фронту (1936). У знешняй палітыцы прыхільнік кампрамісу з фаш. Германіяй (гл.Мюнхенскае пагадненне 1938). Удзельнік Маскоўскіх перагавораў 1939. 3.9.1939 урад Д. абвясціў Германіі вайну. Пасля капітуляцыі Францыі арыштаваны (1940) і асуджаны (1942) урадам «Вішы». У 1943—45 інтэрніраваны ў Германіі. У 1947—54 кіраваў дзейнасцю «Аб’яднання левых рэспубліканцаў». Выступаў супраць калан. вайны Францыі ў Індакітаі (1946—54), стварэння «Еўрапейскага абарончага супольніцтва». Пасля ўстанаўлення ў Францыі Пятай рэспублікі (1958) адышоў ад палітыкі.