МАЁМАСЦЬ у праве,
1) сукупнасць рэчаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ва ўласнасці фіз. або юрыд. асобы, дзяржавы, або належаць арг-цыі на правах гасп. вядзення ці аператыўнага кіравання. У склад М. ўваходзяць таксама грошы і каштоўныя паперы.
2) Маёмасныя правы на атрыманне рэчаў або маёмаснага задавальнення ад інш. асоб (актыў). З) Сукупнасць рэчаў, маёмасных правоў і абавязкаў, якія характарызуюць маёмаснае становішча іх носьбіта (актыў і пасіў). З гэтым разуменнем М. звязана універсальнае правапераемства (пераход ад адной асобы да другой актыву і пасіву — правоў і абавязкаў) пры атрыманні ў спадчыну і спыненні юрыд. асоб у выніку рэарганізацыі.
т. 9, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАЯ АБАРО́НА ў крымінальным праве,
насільныя дзеянні супраць асобы, якая ўчыняе небяспечны проціпраўны замах на інтарэсы дзяржавы, грамадства або асобу і правы таго, хто абараняецца, ці інш. асобу. З’яўляецца акалічнасцю, якая выключае злачыннасць дзеяння, і паводле арт. 34 КК Рэспублікі Беларусь не цягне за сабой крымін. адказнасці. Права на Н.а. маюць усе асобы незалежна ад іх прафес. або інш. спец. падрыхтоўкі, службовага становішча і незалежна ад магчымасці пазбегнуць замаху якім-н. інш. шляхам. Шкода, якая прычыняецца ў выніку Н.а., павінна адпавядаць характару і ступені небяспекі і акалічнасцям, пры якіх небяспека ўстаранялася.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТЛЬМЕ́НТ (англ. settlement паселішча),
у перыяд каланіялізму асобы раён горада (звычайна ў паўкаланіяльнай краіне, як, напр., Кітай) для пражывання замежных грамадзян, які не падлягаў юрысдыкцыі мясц. улад.
т. 14, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАНЕМЕ́НТ (франц. abonnement),
права юрыдычнай ці фізічнай асобы (абанента) на часовае карыстанне чым-н. (напр., тэлефонам, месцам ў тэатры, кнігамі ў б-цы), а таксама дакумент, які забяспечвае гэта права.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХАВА́ННЕ,
дзейнасць па перадачы новым пакаленням грамадска-гіст. вопыту; фарміраванне пэўных установак, паняццяў, прынцыпаў, каштоўнасных арыентацый, стварэнне неабходных умоў для паўнацэннага развіцця асобы, падрыхтоўкі яе да грамадскага жыцця і прадукцыйнай працы. Арганізацыя выхавання накіроўвае развіццё суб’ектыўнага свету чалавека, садзейнічае свядомаму прыняццю ім грамадскіх каштоўнасцей, дазваляе арыентаваць пед. практыку на фарміраванне ў выхаванцаў самастойнасці, адказнасці, прынцыповасці, пачуцця ўласнай годнасці, творчай актыўнасці, крытычнага мыслення. Пры гэтым важна адзінства грамадскага і сямейнага выхавання, што дазваляе карэкціраваць адхіленні ў развіцці і паводзінах асобы (гл. таксама Дашкольнае выхаванне).
Літ.:
Харламов И.Ф. Теория нравственного воспитания. Мн., 1972;
Чэчат В.У. Педагогіка сямейнага выхавання. Мн., 1995.
С.У.Кукушкін.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІ́ДЫУМ (ад лац. praesidere сядзець наперадзе, старшынстваваць),
1) выбарны орган, які кіруе сходам, нарадай, канферэнцыяй, а таксама асобы, якія ўваходзяць у такі орган.
2) Кіруючы орган некат. арг-цый і ўстаноў.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ЗА,
наўмысная знявага гонару і годнасці асобы, выказаная ў непрыстойнай форме. Можа наносіцца вусна, у пісьмовай форме або дзеяннем, публічна, у прысутнасці пацярпелага або завочна. Паводле КК Рэспублікі Беларусь з’яўляецца крымін. злачынствам.
т. 1, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НА ПЕРЭ́НА,
у рымскай міфалогіі багіня надыходзячага новага года. Святкаванне ў гонар Ана Перэны прыпадала на 15 сак., дзярж. і прыватныя асобы прыносілі ёй ахвяраванні, баляванне праходзіла ў свяшчэнным гаі на Тыбры.
т. 1, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР’Е́РА (ад італьян. carriera бег, жыццёвы шлях, поле дзейнасці),
высокае становішча асобы ў грамадстве, дасягнутае дзейнасцю ў якой-н. галіне; вядомасць, слава, напр., бліскучая К. Род дзейнасці, прафесія, занятак, напр., К. настаўніка, артыстычная К.
т. 8, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.
Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.А.Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.П.Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.І.Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.У.Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.М.Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.М.Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.А.Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад. Нац. АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).
В.А.Кліменка.
т. 7, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)