раслінны алей з насення бавоўніку. Вадкасць ад светла-жоўтага (рафінаваны баваўняны алей) да карычневага колеру, тэмпература застывання ад 5 да -6 °C, шчыльн. 0,918—0,932∙103кг/м³. Нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках (акрамя метылавага і этылавага спіртоў). Мае 22—25% тлустых насычаных кіслот (C10—C20), 23—35% алеінавай, 34—57% лінолевай кіслот. Атрымліваюць прасаваннем насення ці яго экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Баваўняны алей — сыравіна ў вытв-сці тлустых кіслот, гліцэрыны, мыла, кампанент змазачных матэрыялаў, пакостаў, алкідных смолаў; рафінаваны — харч. прадуктаў (напр., маргарыну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТЫЛЯВА́НАЯ ВАДА́,
вада, ачышчаная ад раствораных у ёй мінер. солей, арган. рэчываў і інш. прымесей шляхам дыстыляцыі. Мае pH 5,4—6,6, удзельнае эл. супраціўленне 2105Омм (не менш) пры 20 °C; сухі астатак пасля выпарэння 1 л Д.в. 5±0,0002 мг (не больш). Іонаабменным метадам атрымліваюць дэмінералізаваную ваду, якая адпавядае патрабаванням да Д.в., але мае больш арган. рэчываў, што акісляюцца перманганатам калію. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. сродкаў, прадуктаў харчавання, у прам-сці для атрымання чыстых рэчываў, электралітаў, у хім. лабараторыях. Гл. таксама Бідыстылят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮРЦ ((Wurtz) Шарль Адольф) (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),
французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКТА́МЫ,
арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя аміды амінакіслот. Маюць у цыкле групоўку —C(O)—NR— (R — атам вадароду H ці арган. радыкал). Паводле колькасці атамаў у цыкле адрозніваюць α-Л. (3 атамы), β-Л. (4 атамы), γ-Л. (5 атамаў) і г.д. Л. — крышт. рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках (гл.Капралактам). Паводле хім. уласцівасцей падобныя да амідаў карбонавых кіслот. Многія Л. — біялагічна актыўныя рэчывы (напр., β-Л. ўваходзяць у састаў лактамных антыбіётыкаў, у прыватнасці пеніцылінаў). У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліамідных валокнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
металаарганічныя злучэнні, у якіх атам магнію непасрэдна злучаны з вугляродам. Асн. тыпы М.з. маюць агульныя ф-лы: RMgX і R2Mg, дзе R — арган. радыкал, X — пераважна галаген.
Найб. важныя М.з., т.зв.рэактывыГрыньяраRMgX — бясколерныя крышталі або вязкія вадкасці, устойлівыя да 100—150 °C. Раскладаюцца пад уздзеяннем вады, спіртоў, кіслот. Узаемадзейнічаюць з галагенамі, серай, вуглякіслым газам (утвараюць солі карбонавых кіслот). Атрымліваюць узаемадзеяннем галагеналканаў з магніем у эфірным растворы. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (гл.Грыньяра рэакцыя) і для атрымання металаарган. злучэнняў; у прам-сці — як каталізатары полімерызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́КІ (ад грэч. mastichē смала масцікавага дрэва) у будаўніцтве, матэрыялы ў выглядзе пластычных сумесяў арган.вяжучага рэчыва і танкамолатага напаўняльніка. Бываюць бітумныя, гумава-бітумныя, дзёгцевыя, палімерныя і інш.; гарачыя, якія перад выкарыстаннем разаграюць, і халодныя, якія разводзяць арган. растваральнікамі або вадой.
Дахавыя М. — бітумныя (руберойдавыя) і дзёгцевыя (толевыя) выкарыстоўваюць для прыклейвання рулонных дахавых матэрыялаў, гідраізаляцыйныя — для прыклейвання гідраізаляцыйных матэрыялаў, для абмазачнай ізаляцыі; М. на падлогу — бітумныя, для прыклейвання паркету, лінолеуму да асновы; герметызавальныя — для ўшчыльнення стыкаў зборных канструкцый. М. павінны быць цеплаўстойлівыя, з высокай клейкасцю, пластычнасцю і даўгавечнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),
сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКМЕ́С (тур.),
канцэнтраваны (упараны) сок вінаграду. Мае цукар, арган. к-ты і вітаміны. Выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, вінаробстве, таксама як пажыўны і лячэбны прадукт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,
клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.
Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш.арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.
Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш.арган. рэчываў.