КАРДЗЕ́ХІН Андрэй, разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маск. Крамля. У 1682—83 разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў для царскага дома ківоты, крэслы і інш.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫКУ́ША Андрэй, бел. майстар разьбярнай і сталярнай справы 17 ст. Працаваў у Аружэйнай палаце Маск. Крамля, дзе разам з інш. майстрамі-беларусамі рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. рэчы для царскага дома.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СТРЫКАЎ (Юрый Георгіевіч) (н. 8.4.1937, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1966). З 1965 саліст Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Валодае моцным, выразным голасам шырокага дыяпазону, выконвае лірычныя і драм. партыі. Сярод роляў: у бел. рэпертуары — Андрэй («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Максім Багдановіч («Зорка Венера» Ю.​Семянякі), Ладавіка («Джардана Бруна» С.​Картэса), Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана); у класічным — Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Напалеон («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева).

т. 2, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 3.7.1931, г. Кацельнікава, Расія),

бел. спявак (драм. барытон). Брат А.М.Генералава. Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1963). З 1966 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Сярод лепшых партый у нац. операх: Андрэй («Андрэй Касценя» М.​Аладава), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Варона («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Дзій («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Аманасра («Аіда» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), а таксама Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Томскі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.​Тактакішвілі).

Літ.:

Ракава А. Адданасць // Тэатр. Мінск. 1987. №1.

Р.​І.​Сергіенка.

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Андрэй, майстар разьбярскай і сталярнай справы 17 ст. Родам з Беларусі. У 2-й пал. 17 ст. працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 «са таварышчы рабілі крэслы вялікай гасударыні, ларцы і паднасныя сталы».

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (11.4.1968, г. Магілёў — 8.1.1988),

Герой Сав. Саюза (1988). Скончыў Магілёўскае ПТВ № 1 (1986). У Сав. Арміі з 1986, з крас. 1987 служыў у складзе сав. войск у Афганістане. Загінуў у баі пры абароне вышыні.

А.А.Мельнікаў.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (н. 16.7.1969),

бел. спартсмен (гандбол). Майстар спорту міжнар. класа (1992). Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). У складзе каманды СКА (Мінск) уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1990). З 1993 у Германіі (гандбольны клуб «Ленцынггаўзен»).

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ,

удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.

Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв. Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.​К.​Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РСКІЯ,

княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш. Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.​Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.​Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 14, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНАРО́ЎСКІ (Андрэй) (?—1740),

украінскі казацкі старшына, удзельнік змовы Мазепы. Пляменнік Мазепы. Пасля разгрому шведаў у Палтаўскай бітве 1709 разам з Мазепам уцёк за мяжу. Арыштаваны ў Гамбургу па патрабаванні рус. ўрада. Сасланы ў Якуцк, дзе і памёр. Вобраз Вайнароўскага створаны ў аднайм. паэме К.​Ф.​Рылеева.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)