від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).
Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЭ́Н, Ле Нэн (Le Nain),
французскія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Лан (Францыя).
Антуан Л. (1588? — 25.5.1648); Луі Л. (1593? — 23.5.1648); Мацьё Л. (1607? — 20.4.1677). З канца 1620-х г. мелі агульную майстэрню ў Парыжы, часта працавалі разам. У 1648 прыняты ў Каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры. У творах сял. жанру («Наведванне бабулі», «Шчаслівая сям’я», «Кузня»), інтэр’ерных («Стары музыкант», 1644) і пленэрных («Павозка», 1641; «Сяляне на фоне пейзажа») сцэнах вызначылі рэаліст. тэндэнцыі ў франц. жывапісе. Пад уплывам галандскага мастацтва пануючы афіц. парадны тып партрэта трансфармавалі ў больш камерны, блізкі да жанравых сцэн («Маркіз дэ Трэвіль», «Партрэт сталай жанчыны», абодва 1644; групавыя партрэты «Кардэгардыя», 1643; «Збор аматараў» і інш.). Некаторыя карціны блізкія да караваджызму («Гульцы ў карты», «Бойка», каля 1640). Падзел твораў паміж братамі праблематычны. Звычайна Антуану прыпісваюць карціны з дзецьмі і невял. групавыя партрэты («Сямейны партрэт», 1642), Луі — пераважна псіхал.сял. сцэны («Сялянская сям’я», «Сям’я малочніцы», 1640-я г.), Мацьё — элегантныя групавыя партрэты («Гульцы ў трык-трак», 1640-я г.). Сярод манум. твораў: паліпціх «Гісторыя Марыі» (1630—32) для капэлы Пці-Агюстэн у Парыжы, 4 алтарныя карціны для сабора Парыжскай Божай маці.
Літ.:
Каган М. Братья А., Л. и М. Ле Нэн: [Альбом]. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНА-ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
грамадска-навуковая арг-цыя, якая вывучала муз. фальклор народаў Расіі. Існавала ў 1901—21. Засн. М.Янчуком (яе нязменны кіраўнік) пры этнагр. аддзеле Т-ва. аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. У рабоце камісіі ўдзельнічалі М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў, Дз.Аракішвілі, А.Грачанінаў, М.Іпалітаў-Іванаў, А.Кастальскі, Я.Лінёва, А.Лістападаў, М.Лысенка, М.Пятніцкі, Б.Яворскі і інш. Наладжвала песенныя экспедыцыі, рэгулярныя публічныя этнагр. канцэрты (выконваліся і бел. песні), выдавала «Працы...» (1906, 1907, 1911, 1912). Фалькларыстычную дзейнасць спалучала з грамадска-асветнай (арганізацыя хар. гурткоў для рабочых, Нар. кансерваторыі, 1906; Муз. вучылішча пад кіраўніцтвам А.Маслава, час. «Музыка и жизнь», 1908—12). Пастаянна цікавілася лёсам бел.нар. музыкі; заахвочвала збіральнікаў фальклору, рэцэнзавала песенныя зборнікі (у т. л.вып. «Беларускага зборніка» Е.Раманава, 1910), стымулявала стварэнне апрацовак бел.нар. песень, публікавала іх у сваіх «Працах». Сабрала каля 700 бел. напеваў; з 1909 дапамагала муз. матэрыяламі арганізатарам бел. канцэртаў у Вільні. На аснове камісіі створана этнагр. секцыя Дзярж. ін-та муз. навукі.
Літ.:
Янчук Н.А. Записка об изучении народной песни и музыки и о деятельности Московской музыкально-этнографической комиссии. М., 1905;
Нісневіч С. Да гісторыі збірання, вывучэння і выкарыстання беларускіх народных напеваў // Музыка нашых дзён. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-вааматараўрас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЯ́РСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.
На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст.н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).
На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс.пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс.т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).
П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс.т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс.т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс.т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс.т мёду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕМІДО́ВІЧ (Павел Пятровіч) (10.7.1871, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 7.3.1931),
бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1890), Віленскі настаўніцкі ін-т (1897). З 1890 настаўнічаў на Міншчыне і Навагрудчыне, з 1915 у Віцебску. З 1908 чл.-супрацоўнік аддз. этнаграфіі Т-вааматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. З 1919 у Мінску, арганізатар і заг. 13-й бел. школы (з вер. 1919 рэарганізавана ў Мінскую бел. гімназію). У 1920—21 інструктар і заг. школьнага аддзела Наркамасветы БССР. З 1921 выкладчык і заг. аддзялення Мінскага ін-та нар. адукацыі, выкладчык у школах Мінска. З 1925 чл.этнагр. секцыі Інбелкульта. Вывучаў сямейны побыт, вераванні, абрады і звычаі беларусаў. Збіраў бел.нар. паданні, легенды і гутаркі (апубл. «Гутарку Паўлюка» ў газ. «Виленский вестник» 1898, № 173). У нарысе «З галіны вераванняў і паданняў беларусаў» (1896) апісаў нар. вераванні пра нячыстую сілу, ведзьмаў, ваўкалакаў, заклятыя мясціны, знахароў, прывёў замовы з Навагрудскага і Мінскага пав. Супрацоўнічаў з М.А.Янчуком і М.В.Доўнар-Запольскім. Апошняму перадаў частку свайго збору фальклорна-этнагр. матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,
від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.
Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.Камінскі (1976), А.Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.Колюшаў (1965, 1967), В.Быкаў (1967, 1969), В.Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.Ісаеў (1976, 1980), Л.Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,
Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб.шыр. 4,7 км, найб.глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн.м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.
Г.С.Жукоўская.
Заслаўскае вадасховішча.Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́БСЕН ((Ibsen) Генрык) (20.3.1828, г. Шыен, Нарвегія — 23.5.1906),
нарвежскі драматург. З 1851 рэжысёр і драматург Бергенскага нац.т-ра, з 1857 кіраўнік Нарвежскага т-ра ў Крысціяніі (Осла). У 1864—91 жыў за мяжой, пераважна ў Італіі і Германіі. Пачынаў як паэт у 1848, як драматург дэбютаваў п’есай «Катыліна» (1850). Аўтар п’ес «Норма, або Каханне палітыка» (1851), «Камедыя кахання» (1862), цыкла гісторыка-рамант. драм «Курган волатаў» (1850), «Фру Інгер з Эстрата» (1854), «Ваяўнікі ў Хельгеландзе» (1857), «Барацьба за прастол» (1863). Вядомасць І. прынеслі філас. драмы «Бранд» (1866) і «Пер Гюнт» (1867). Драма «Пер Гюнт» прасякнута фальклорна-казачнымі матывамі, з фальклору ўзяты і вобраз гал. героя, фантазёра і летуценніка, які шукаў для сябе лёгкіх шляхоў, часам грэбуючы маральнымі законамі і чужымі лёсамі. Эстэт. эвалюцыя І. адлюстравалася ў п’есах «Стаўпы грамадства» (1877), «Лялечны дом» («Нора», 1879), «Здані» (1881), «Вораг народа» (1882), у якіх рамант. тэндэнцыі саступаюць месца сатырычным, а самі п’есы пазначаны глыбейшым псіхалагізмам, насычаны рэаліст. сімволікай. Познія п’есы І. «Дзікая качка» (1884), «Росмерсхальм» (1886), «Жанчына з мора» (1888), «Геда Габлер» (1890), «Калі мы, мёртвыя, абуджаемся» (1899) сведчылі пра імкненне абагульнена-філас. ўвасаблення жыцця, ускладненасць падтэксту і сімволікі. Спектакль «Нора» («Лялечны дом») у 1903—05 ішоў на сцэне Мінскага т-вааматараў прыгожых мастацтваў. Ставіліся п’есы «Здані» ў т-ры імя Я.Коласа (1940) і Рус.драм. т-ры (1983), «Нора» і «Жанчына з мора» ў т-ры імя Я.Купалы (1954 і 1984). У бел. т-ры оперы і балета пастаўлены балет «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1956—58.
Літ.:
Адмони В.Г. Генрик Ибсен: Очерк творчества. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,
навуковая і культ.-асв.арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук.пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-тнар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш.навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.