ПЛАВІ́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ для плаўкі. У П.п. матэрыялы награваюць да т-ры, якая перавышае т-ру плаўлення (у адрозненне ад награвальнай печы). Працуюць на цвёрдым, вадкім, газападобным паліве. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці чыгуну (гл. Доменная печ, Вагранка), сталі, каляровых металаў і сплаваў (гл. Бесемераўскі працэс, Мартэнаўскі працэс, Тамасаўскі працэс), варкі шкла, пераплаўкі базальту і інш.
т. 12, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТНІК,
1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.
2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІЗА́ТАРСКАЯ ПРАПАНО́ВА,
тэхнічнае рашэнне па новай і карыснай змене канструкцыі ці матэрыялу вырабаў, тэхналогіі вытв-сці і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і інш. У адрозненне ад вынаходства з’яўляецца прапановай па ўдасканаленні і больш рацыянальным выкарыстанні ўжо вядомых тэхн. сродкаў. Аўтар Р.п. мае права на аўтарства, узнагароду і інш. правы і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Гл. таксама Вынаходніцкае права, Вынаходніцтва.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАБІЯЦЭНО́З,
аграцэноз (ад агра... + біяцэноз), біялагічнае згуртаванне пасяўных культур, пустазелля, жывёл і мікраарганізмаў, створанае ў выніку с.-г. дзейнасці чалавека. У адрозненне ад натуральнага біяцэнозу мае абмежаваны склад раслінных і жывёльных кампанентаў (у аснове культываваныя чалавекам расліны), слаба выяўленае самарэгуляванне, але большую біял. прадукцыйнасць. Комплексы інш. арганізмаў фарміруюцца ў выніку натуральнага адбору і рэгулявальнай дзейнасці чалавека. Аграбіяцэнозы займаюць каля 10% усёй паверхні сушы.
т. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКШТА́ЙТЫ,
група балцкіх плямёнаў, якая вылучылася ў 1-м тыс. нашай эры на тэр. Літвы. Упершыню згадваюцца ў Дузбургскай хроніцы ў сувязі з падзеямі 1294—1300. У сярэднявеччы аўкштайтамі наз. паўд.-ўсх. плямёны літоўцаў у адрозненне ад заходніх — жэмайтаў. Цяпер аўкштайты — этнагр. група літоўцаў, якія жывуць пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Літоўскай Рэспублікі, гавораць на аўкштайцкім дыялекце літоўскай мовы. Гл. таксама Аўкштайція.
т. 2, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),
сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУМА́ЦЫЯ (англ. inhumation inhumo, ingumare пакрываць зямлёй) у археалогіі, пахаванне нябожчыка паводле абраду трупапалажэння ў грунтавой магіле, а таксама пад курганом на гарызонце, у яме або на падсыпцы ў курганным насыпе ў адрозненне ад абраду крэмацыі (трупаспалення). Упершыню ў беларускамоўным археал. выданні тэрмін І. выкарыстаны ў 1928 А.М.Ляўданскім пры апісанні пахавальнага абраду ў Заслаўскіх курганных могільніках.
Г.В.Штыхаў.
т. 7, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЕЛІ́РАВАННЕ (ад франц. coupelle раздзяляльная печ, літар. кубачак),
купеляцыя, ачыстка высакародных металаў ад свінцу і інш. прымесей акісляльнай плаўкай у капелях (кубачках з вогнетрывалых матэрыялаў) або полымных печах. Заснавана на ўласцівасці свінцу і інш. звычайных металаў (у адрозненне ад высакародных) акісляцца кіслародам паветра. Выкарыстоўваецца ў прабірным аналізе (для ўстанаўлення пробы), металургіі (для вылучэння высакародных металаў, якія знаходзяцца ў сплаве са свінцом).
т. 9, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНІ́ЗМ (ад грэч. lakōnismos),
гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.
т. 9, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАМО́ДУЛЬ (ад мікра... + модуль) у электроніцы, мініяцюрны уніфікаваны функцыянальны вузел электроннай апаратуры. Канструкцыйна афармляецца ў выглядзе пячатнай платы з ушчыльненай упакоўкай малых (па памерах) дыскрэтных электронных элементаў (транзістараў, рэзістараў, кандэнсатараў і інш.). У адрозненне ад модуляў (гл. Модуль у электроніцы) маюць большую шчыльнасць упакоўкі (дзесяткі і сотні дэталей на 1 см³). Выкарыстоўваюцца ў выліч. і вымяральнай тэхніцы, радыёэлектронных апаратах і інш.
т. 10, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)