ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛУ́ЖЖА,

комплекс паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Падлужжа Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, верхнедняпроўскай культуры (5—3-е тыс. да н.э.) і сосніцкай культуры (1,5—1-е тыс. да н.э.). Знойдзены наканечнікі коп’яў, разцы, ножападобныя пласціны, скрэблы, нуклеусы, адшчэпы, фрагменты ляпнога посуду і інш.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ШКА,

металарэзны інструмент, якім наразаюць ці накатваюць вонкавую разьбу на балтах, шрубах або інш. дэталях машын. Да найб. пашыраных наразных П. адносяцца разразныя (круглыя, квадратныя, шасцігранныя), суцэльныя круглыя (леркі) і трубчастыя. Накатныя П. складаюцца з дзвюх прамавугольных прызмаў (ці двух ролікаў), профіль рабочай часткі якіх процілеглы профілю разьбы.

Круглая разразная плашка.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ХУ ПАРУШЭ́ННІ ў чалавека,

парушэнні рухальных функцый ад хвароб цэнтр. і перыферычнай нерв. сістэмы, хвароб касцей, суставаў і інш. Да Р.п. адносяцца атаксія, гіперкінезы, сутаргі, апраксія (парушэнні мэтанакіраваных рухаў). Мех. Р.п. бываюць ад хвароб мышцаў, суставаў, касцей. Гл. таксама Паралічы. У жывёл атаксія — сімптом многіх хвароб, напр., хваробы Аўескі, цэнурозу.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНЕТЫ́ЧНЫЯ АДЗІ́НКІ,

гукавыя з’явы, што служаць для ўвасаблення слоў і сказаў у матэрыяльную гукавую форму. Да Ф.а. адносяцца гукі мовы, склады, фанетычнае слова, моўны такт, фраза, а таксама інтанацыйныя канструкцыі, колькасна і якасна адрозныя ў кожнай мове, паколькі найважн. кампанентам маўлення ў яго вусна-гукавой форме з’яўляецца інтанацыя. А.​Я.​Міхневіч.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ТЭР (англ. flutter дрыжанне),

самаадвольныя незатухальныя пругкія ваганні (вібрацыя) крыла, апярэння, інш. элементаў лятальных апаратаў з хутка ўзрастаючай амплітудай. Адносяцца да аўтаваганняў, адбываюцца за кошт энергіі набягаючага патоку паветра. Могуць прывесці да разбурэння лятальнага апарата. Ф. прадухіляюць рацыянальным размеркаваннем масы ў канструкцыйных элементах самалётаў, верталётаў і інш., павышэннем іх жорсткасці.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯ́ЖКІЯ МЕТА́ЛЫ,

каляровыя металы са шчыльнасцю большай, чым у жалеза. Да іх адносяцца: свінец, медзь, цынк, нікель, кадмій, кобальт, сурма, волава, вісмут, ртуць. Большасць Ц.м. таксічныя. Антрапагеннае рассеянне Ц.м. у біясферы, у т. л. ў выглядзе солей, вядзе да назапашвання іх у глебе і раслінах і атручэння жывёл і чалавека.

т. 17, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,

квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій ​4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)