1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.