ЛІЦЬВІ́НКА Васіль Дзмітрыевіч (н. 7.12.1941, в. Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1970). Настаўнічаў, з 1966 працуе ў БДУ (з 1982 заг. н.-д. лабараторыі бел. фальклору). З 1991 старшыня Бел. саюза фалькларыстаў. Збірае і даследуе бел. фальклор і этнаграфію. Аўтар кніг «Зімовыя святкі», «Веснавыя святы і абрады» (абедзве 1995), «Святы і абрады беларусаў» (2-е выд. 1998). Сааўтар выданняў «Беларускі фальклор у сучасных запісах» (1973), «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (1978), «Узроўні фальклорных уплываў» (1982), «Песня на ўсё жыццё» (1983) і інш. Складальнік зб-каў прыказак і прымавак «Слова міма не ляціць» (1985, з Л.​Царанковым), «Калыханкі і забаўлянкі» (1992), «Песня — душа народа» (1993), «Дзіцячы спеўнік», «Песні і строі Піншчыны» (з М.​Раманюком і У.​Раговічам, абедзве 1994), «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (1995), фотаальбома «Рыгор Шырма» (1995). Выдае «Каляндар свят і абрадаў беларусаў» (з 1994). Вядучы фальклорнай тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі» (з 1978).

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯГКО́ВА Людміла Міхайлаўна (н. 26.4.1929, С.-Пецярбург),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Жонка У.С.Мурахвера. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (з 1973 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творы вылучаюцца багаццем пластычных і колеравых вырашэнняў, стылізацыяй класіцыстычных форм і дэкораў, выяўл. вобразнасцю; выразнымі сілуэтнымі лініямі пасудзін. Аўтар набораў «Квахтуха» (1964), «Народны» (1966), «Бурштын» (1971), «Юбілейны» (1972), «Птушыны двор» (1980), кампазіцый «Казка «Царэўна Жаба» (1971), «Вясна» (1975), «Фанфары», «Ляціце галубы» (абедзве 1977), «Вецер» (1981), «Кветкі на асфальце» (1983), «Вечна жывым», «Партызанская вясна», «Кветкі лугавыя» (усе 1984), «Жыццё перамагае», «Беражыце мір» (абедзве 1985), «Веснавая песня»; «Ёлкі», «Дэкаданс», «Ахвяры» (усе 1989), «Перазвон» (1989—99), «Рэнесанс» (1990), «Антык» (1992—99), «Тайга» (1993), «Туманная раніца», «Асноўныя колеры», «Іней» (усе 1999), сервізаў «Чырвона-белы» (1982), «Беларускі» (1986), «Манастырскі» (1989), ваз, дэкар. графінаў, бутляў і інш. Сярэбраны медаль АМ СССР (1990).

М.​М.​Яніцкая.

Л.Мягкова. Кветкі лугавыя. 1984.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛЯДО́ВІЧ Аляксандра Ануфрыеўна (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.​Панчанкі, 1963; А.​Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.​Коласа, 1962; «Кацярына» Т.​Шаўчэнкі, 1964) і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;

Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.

А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́ВІЧ Барыс Барысавіч (н. 28.6.1948, г. Коркіна Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы, манум. жывапісе, іканапісе і скульптуры. Аўтар ілюстрацый да кніг: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» (абедзве 1973), «Завеі, снежань» (1978) І.​Мележа, «Дзве аповесці» В.​Казько (1977), «Пушча» В.​Карамазава (1979), «Марат Казей» П.​Броўкі (1980), зб. вершаў і паэм «Песня свабоды» Я.​Купалы на малд. мове (1982), «Летуценнік», «Смутак белых начэй» (абедзве 1985) І.​Навуменкі, «Ля крыніцы: Аповесці» Я.​Брыля (1986), «Зеніт» І.​Шамякіна (1987) і інш.; графічных серый «Памяці Брэста» (1975), «Поры года» (1978), «Салдацкім удовам прысвячаецца» (1981), «Мае аднавяскоўцы» (1982), «Сялянскі накцюрн» (1983), «Тыя, хто перанёс вайну» (1985), «Хроніка з нататкамі на палях» (1986), серыі помнікаў ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў у Вілейскім р-не Мінскай вобл., размалёўкі царквы ў г. Вілейка (2002—03), абразоў. Адзін са стваральнікаў і мастак-пастаноўшчык (з 1975) Нарачанскага ўзорнага дзіцячага т-ра «Ялінка».

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРО́ХІН Станіслаў Фёдаравіч (н. 4.10.1929, г. Яраслаўль, Расія),

бел. этнограф, гісторык. Скончыў БДУ (1965). З 1957 працаваў у мед. установе на Брэстчыне, у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1971 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў. Сааўтар кніг «Бортніцтва на Беларусі» (1980) і «Занятак спрадвеку высакародны» (1987, абедзве з У.​Гурковым). Аўтар раздзелаў у калект. зб-ках і манаграфіях «Пытанні этнаграфіі і фалькларыстыкі», «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (абедзве 1979), «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» і «Палессе: Матэрыяльная культура» (абодва 1988).

Тв.:

Охота в Белоруссии. Мн., 1986;

Мядовы бунт. Мн., 1987;

У фокусе канкрэтнага факта: Праўда і мана пра ап’яняльныя напіткі. Мн., 1988;

Славутыя адвагай на вайне. Мн., 1991;

Перунова цяпельца. Мн., 1993;

Многія прыйдуць пад імем маім. Мн., 1995.

т. 17, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ САЛІ́Х (1.6.1908, с. Шардэн, каля г. Мары, Туркменістан — 26.12.1964),

туркменскі паэт. Народны паэт Туркменістана (1939). Заснавальнік жанру байкі ў туркм. л-ры («Леў і лісіца», 1945; «Смех гарбуза», «Шакал і певень», абедзве 1955). Аўтар зб-каў вершаў «Натхненне» (1947), «Лірыка і сатыра» (1957). Асн. тэмы творчасці — калгаснае будаўніцтва, абарона краіны, дружба народаў і інш.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ Уладзімір Данатавіч (1.2.1842, Кіеў — 19.2.1914),

украінскі жывапісец-пейзажыст. У 1861—68 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1874 яе акадэмік, з 1878 прафесар. Удасканальваў майстэрства ў Францыі, Германіі, Швейцарыі, Італіі. Пісаў рамант. пейзажы з эфектамі асвятлення: «Крымскі пейзаж» (1868), «У стэпе» (1874), «Сенакос», «На моры перад навальніцай» (абедзве 1878), «Зацішша» (1890) і інш.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДА́ШАЎ Садых Алекпер аглы (15.4.1905, Баку —24.12.1946),

азербайджанскі архітэктар. Акад. АН Азербайджана (1945), засл. дз. маст. Азербайджана (1940). Скончыў Азерб. політэхн. ін-т у Баку (1929). Асн. творы ў Баку (разам з М.​А.​Усейнавым); кінатэатр «Нізамі» (1934), Мін-ва харч. прам-сці і кансерваторыя (абедзве 1937—39), Музей Нізамі (1930—40-я г.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎ Аляксандр Уладзіміравіч (н. 17.10.1959, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1978). У жывапісных творах распрацоўвае сюррэалістычны кірунак вобразна-выяўл. трактоўкі: «Рэквіем» (1993), «Імгненне вечнасці», «Натура, якая сыходзіць» (абедзве 1995) і інш. Сярод работ у плакаце: серыі экалагічная (1988) і палітычная (1989), «Быццё» (1990). Працуе таксама ў тэхніцы графічнага дызайну.

А.​Л.​Атраховіч.

А.Даманаў. Натура, якая сыходзіць. 1995.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЖБЕ, Ашбе (Ažbè) Антон (30.5.1862, г. Даленчыцэ, Славенія — 6.8.1905), славенскі жывапісец і педагог. Вучыўся ў Венскай і Мюнхенскай акадэміях мастацтваў. Творчасць пазначана пошукамі колеравай выразнасці, пераходам ад акадэмізму да пленэрнага жывапісу («Галава селяніна», каля 1890; «У гарэме», «Негрыцянка», абедзве каля 1895). У 1891 адкрыў у Мюнхене ўласную маст. студыю, дзе вучыліся В.​Кандзінскі, А.​Мурашка, І.​Грабар.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)