ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,
саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л.бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДНЕЎ (Ціхан Мікалаевіч) (5.4.1893, г. Задонск, Расія — 29.10.1982),
бел. фізіёлаг раслін, заснавальнік навук. школы па біясінтэзе хларафілу. Акад.АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-рбіял.н. (1935), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916) і працаваў у ім. З 1919 у Астраханскім ун-це, Іванава-Вазнясенскім політэхн. ін-це. З 1927 у БСГА, з 1935 у БДУ. У 1945—73 у Ін-це эксперым. батанікі і Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па біяхіміі раслінных пігментаў. Прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце, ператварыў протахларафіл у цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе. Прэмія імя Ціміразева АНСССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ТЫ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Лоша, на аўтадарозе Варняны—Жодзішкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 226 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Солы. 586 ж., 201 двор (1996).
Вядомы з 1-й пал. 16 ст. З 1563 мястэчка Віленскага пав.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі, у Варнянскай вол. Віленскага пав. У 19 — пач. 20 ст. ўласнасць Дамейкаў. У 1880-я г. 147 ж., 21 двор, касцёл. З 1922 у Польшчы, у Віленскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Смаргонскім р-не. У 1970 — 377 жыхароў.
2 сярэднія школы (бел. і літоўская). Культурна-асв. цэнтр, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкі касцёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГЕ́ВІЧ (Васіль Сямёнавіч) (н. 3.1.1947, в. Жыцькава Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў фіз.ф-т Харкаўскага ун-та (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1979). Працаваў выкладчыкам фізікі ў школе, на Барысаўскім шклозаводзе (1970—77), на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1979), у час. «Маладосць» (з 1981). З 1992 — у час. «Полымя». Друкуецца з 1972. Кнігі апавяданняў і аповесцей «Спелыя яблыкі» (1976), «Калі ласка, скажы» (1978), «Жыціва» (1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984). Аўтар раманаў (ад бытавога да сац.-фантастычнага) «Доказ ад процілеглага» (1985), «Мелодыі забытых песень» (1988), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1990), «Кентаўры» (1993). Напісаў (разам з А.Чарновым) навук.-дакумент. кнігу пра Чарнобыль «Сталі воды горкімі» (1991). Для яго творчасці характэрны псіхалагізм, філасафічнасць, умоўна-абагульненая форма маст. асэнсавання жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ДАШ ((Hidas) Антал) (18.12.1899, в. Гёдзёлё, Венгрыя — 1980),
венгерскі пісьменнік. У 1920 эмігрыраваў у Чэхаславакію, у 1925 у СССР, дзе ў 1938—44 быў рэпрэсіраваны; рэабілітаваны ў 1955. У 1959 вярнуўся ў Венгрыю. Аўтар зб-каў вершаў «На зямлі контррэвалюцыі» (1925), «Масква — Радзіма» (1934), «Вуліца Язміну» (1960), «Сумуем па табе» (1968), раманаў «Пан Фіцэк» (1936), «Мартан і яго сябры» (1959) і інш., кн. «Шандар Пецёфі» (1949). Паэтыцы Гідаша ўласцівы спалучэнне дэкламацыйна-агітацыйнага пачатку з лірыка-драматычным, рэалізму з элементамі экспрэсіянізму. На венг. мову перакладаў вершы Я.Купалы, а таксама рус. і ўкр. паэзію. На бел. мове выйшла яго кн. «Венгрыя спраўляе ўрачыстасць» (1933). Дзярж. прэмія імя Л.Кошута 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РАЎ (Міхаіл Іванавіч) (27.10.1899, Масква — 15.12.1981),
рускі акцёр. Нар.арт.СССР (1949). Герой Сац. Працы (1974). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1919. Працаваў у т-рах вандроўным франтавым, імя У.Меерхольда, Камерным т-рах. З 1938 у Малым т-ры. Стварыў яркахарактарныя, камедыйна-сатыр. і драм. вобразы: Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Варанцоў («Так і будзе» К.Сіманава) -і інш. З 1924 здымаўся ў кіно. Як і ў тэатры, камедыйная лёгкасць спалучалася ў яго выкананні з псіхал. глыбінёй; пры стварэнні адмоўных персанажаў найб. ярка праяўлялася сатыр. завостранасць: «Пуцёўка ў жыццё», «Пётр I», «Абарона Царыцына», «У імя Радзімы», «Выбаргская старана», «Вяртанне Максіма», «Вясковы дэтэктыў». Здымаўся ў бел. фільмах: «Мядзведзь», «Чалавек у футарале», «Чырвонае лісце». Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947. Аўтар успамінаў «Жыццё, тэатр, кіно» (1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛОБ,
тып бел.нар. лялечнага т-рабатлейка. Найб. быў пашыраны на Віцебшчыне ў 17—19 ст. Спалучаў статычную лялечную панараму з рухомым т-рам ценяў. Паказы адбываліся на Каляды, звязаны з рэліг. святам нараджэння Хрыста. На Віцебшчыне словам «Ж.» наз. яслі для кармлення жывёлы; паводле падання, Хрыстос у час пакланення вешчуноў ляжаў у яслях.
Знешне Ж. нагадваў макет 2-яруснай 3-купальнай царквы. Ніжні ярус меў 3 нішы-аддзяленні. У сярэдняй, са шклянымі дзверцамі. у час паказу запальвалі свечку і статычная лялечная мізансцэна адлюстроўвалася на задняй люстраной сценцы. Аддзяленні, дзе адбывалася дзеянне (верхні ярус і бакавыя нішы ніжняга), заклейваліся прамасленай паперай — экранамі, за якімі ставілі вяртушкі (рухала іх цяпло ад запаленай свечкі або батлейшчык) з сілуэтамі. Паказы нараджэння Хрыста і пакланення яму вешчуноў суправаджаліся спяваннем псальмаў і кантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЮ́К (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 27.10.1948, с. Багданаўка Цярнопальскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1971 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, высокай пеўчай культурай. Сярод партый: Рыка, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.Картэса), Леў Данілавіч («Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі), Раберт, Ялецкі («Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Маралес («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарплес («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні; прэмія на 1-м Міжнар. конкурсе оперных спевакоў імя С.Крушальніцкай, 1991, Львоў), Раеўскі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), сола барытона ў вак.-харэагр. прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз.К.Орфа. Выступае як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.І.Глінкі (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.