МАТЭ́РЫЯ (лац. materia рэчыва),

філасофская катэгорыя, якая абазначае аб’ектыўнае (незалежнае ад чалавечай свядомасці) існаванне свету; сукупнасць разнастайных аб’ектаў і з’яў, а таксама іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Паняцце «М.» ўзнікла ў стараж. філасофіі (грэч., кіт. і інш.), азначала пэўны першасны пачатак усіх рэчаў і з’яў, але ў той жа час не атаясамлівалася з ніводнай з іх. Побач з роляю субстрату ўсіх матэрыяльных аб’ектаў М. надзялялася і некаторымі фундаментальнымі ўласцівасцямі: працягласцю, рухам, інертнасцю, існаваннем у часе і інш. Т.ч., ужо ў старажытнасці сфарміраваўся акрэслены погляд на М. як на нешта вечнае, нязменнае, непадзельнае. Яскравым увасабленнем гэтага погляду з’явілася вучэнне Дэмакрыта аб атамах, якія адпавядалі найб. характэрным рысам першасных матэрыяльных элементаў і ў гэтай якасці ўдзельнічалі ў пабудове ўсіх матэрыяльных аб’ектаў і з’яў; разнастайнасць апошніх тлумачылася колькасцю атамаў і спосабамі іх спалучэння. Атамістычны погляд на М. трымаўся ў філасофіі і прыродазнаўчых навуках на працягу тысячагоддзяў і быў абвергнуты толькі на мяжы 19 і 20 ст. на падставе дасягненняў фізікі, якая даказала і факт падзельнасці атама, і бясконцасць М. Гэта датычыць і інш. вучэнняў, якія абапіраліся на палажэнне аб існаванні нейкай рэчыўнай субстанцыі, з якой пачынаецца М. ва ўсіх яе канкрэтных праявах і формах. Сучаснае навук. разуменне М. падкрэслівае адзіную істотную яе рысу — уласцівасць быць аб’ектыўнай рэчаіснасцю і існаваць незалежна ад чалавечай свядомасці; пры гэтым катэгорыя М. не звязваецца з уяўленнямі аб яе ўнутр. структуры. У розных філас. інтэрпрэтацыях (матэрыялізм і ідэалізм) паняцці М. і свядомасці выступаюць у якасці антыподаў у залежнасці ад таго, чаму надаецца першаснае значэнне: М. або абсалютызаванай чалавечай свядомасці (духу). У рэчаіснасці М. і свядомасць чалавека ўзаемазвязаны: прызнанне першаснасці М., напр., не дае падстаў да адмаўлення актыўнасці чалавечага духу. Быццё М. адбываецца ў акрэсленых усеагульных формах, якімі выступаюць прастора і час. Матэрыяльныя аб’екты падпарадкоўваюцца прынцыпу сістэмнай арганізацыі і аб’ядноўваюцца ў шматлікія прыродныя, касм., сац. сістэмы. М. можа існаваць таксама ў выглядзе рэчыва і фізічнага поля.

Літ.:

Энгельс Ф.​Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;

Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14. (Полн. собр. соч. Т. 18);

Мелюхин С.Т. Материя в ее единстве, бесконечности и развитии. М., 1966.

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,

мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац. дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна з найб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — з франц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.

Сучасная літ. беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел. літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г. бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст. л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ. бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.

Літ.:

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.

А.​А.​Лукашанец.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ХАРА́КТАР,

сукупнасць асн. устойлівых псіхал. якасцей, якія сфарміраваліся ў нацыі ў канкрэтных гіст., сац.-культ. і прыродных умовах яе развіцця. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (ням. пунктуальнасць, англ. традыцыяналізм, яп. працавітасць, бел. талерантнасць і інш.). Але Н.х. ў асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхал. якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нац. супольнасцей. Першапачаткова паняцце «Н.х.» выкарыстоўвалася падарожнікамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзін, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў. Першыя спробы даследавання Н.х. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. ў Германіі прадстаўнікамі кірунку «псіхалогіі народаў» (В.​Вунт, М.​Лацарус, Г.​Штайнталь і інш.). У сярэдзіне 19—1-й пал. 20 ст. рабіліся спробы даследавання рус. (М.​Данілеўскі, К.​Кавелін, М.​Лоскі, М.​Бярдзяеў, Г.​Шпет і інш.) і бел. (П.​Шпілеўскі, А.​Багдановіч, М.​Доўнар-Запольскі, І.​Канчэўскі, У.​Самойла) Н.х. У розных тэарэт. канцэпцыях Н.х. разглядаецца як нешта прыроджанае, прадвызначанае генетычна, або як абумоўленае сац.-гіст. і культ. фактарамі і звязанае з пашыранасцю тыповых псіхал. якасцей сярод асобных прадстаўнікоў нацыі і іх суадносінамі з агульначалавечымі якасцямі. Прадстаўнікі амер. культ. (псіхалагічнай) антрапалогіі (Ф.​Боас, Р.​Бенедыкт, М.​Мід, А.​Кардынер, Р.​Лінтан, К.​Дзюбуа і інш.) лічылі, што ў кожнай культуры складваецца спецыфічны, адносна ўстойлівы тып асобы, выяўленне якога (а значыць, і Н.х.) магчыма дзякуючы вывучэнню асаблівасцей першаснай сацыялізацыі дзяцей. Яны вызначалі асаблівасці Н.х., зыходзячы з канцэпцый «базавай структуры асобы» (комплекс тыповых псіхал. якасцей, уласцівых прадстаўнікам адной нац. культуры) і «мадальнай асобы» (найб. распаўсюджаны ў дадзенай культуры тып асобы). Адсюль атаясамліванне Н.х. з ідэяй адзінай для грамадства структуры асобы, абсалютызацыя міжкульт. і недаацэнка ўнутрыкульт. адрозненняў паміж індывідамі. Н.х. нярэдка разглядаецца ў рамках даследавання праблемы менталітэту. У апошні час псіхал. адметнасці розных народаў даследуюцца праз выяўленне базавых каштоўнасцей, этнічных стэрэатыпаў і ўяўленняў, якія вывучаюцца ў межах этнічнай псіхалогіі. У даследаваннях Н.х. выкарыстоўваюцца этнаграфічныя метады збору інфармацыі, псіхааналіз як спосаб асноўнай інтэрпрэтацыі, а таксама псіхал. тэсты.

Літ.:

Кон И.С. К проблеме национального характера // История и психология. М., 1971;

Дейкер Х.П.Й., Фрейда Н.Х. Национальный характер и национальные стереотипы: Пер. с англ. // Современная зарубежная этнопсихология. М., 1979;

Стефаненко Т.Г. Этнопсихология. М., 1999;

Kardiner A. The psychological frontiers of society. New York, 1946.

Э.​С.​Дубянецкі, Л.​І.​Навуменка.

т. 11, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАКЛІ́МАТЫ (ад палеа... + клімат),

кліматы мінулых геал. эпох. Рэканструкцыю іх ажыццяўляюць паводле розных ускосных прыкмет: рэчыўнага складу і тэкстурных асаблівасцей асадкавых горных парод, выкапнёвых рэшткаў флоры і фауны, адбіткаў гадавых кольцаў дрэў, суадносін хім. элементаў і ізатопаў кіслароду ў ракавінах выкапнёвых арганізмаў, рэжыму ўвільгатнення, становішча геагр. шырот у мінулым і інш.

Змены кліматычных паказчыкаў у значнай ступені залежаць ад трансгрэсіі мораў, размеркавання сушы і мора, працэсаў гораўтварэння, размяшчэння тэрыторыі ў пэўных шыротах (у сувязі з рухам кантынентальных пліт), змены ледавіковага покрыва, вышыні над узроўнем мора, напрамку акіянічных цячэнняў, складу атмасферы, характару занальнасці і інш. Вывад аб характары П. грунтуецца на параўнанні кліматычных паказчыкаў мінулага з іх сучаснымі аналагамі. Найб. надзейныя вынікі даюць рэканструкцыі, заснаваныя на комплексным метадзе даследавання, Вывучае П. палеакліматалогія.

Для тэр. Беларусі на працягу большай ч. геал. часу было характэрна панаванне гарачага субтрапічнага клімату. У археі клімат быў гарачы і засушлівы. У познім рыфеі, калі частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займаў мелкаводны марскі басейн, клімат быў цёплы і сухі. У пач. венду наступіла моцнае пахаладанне і ўся яе тэрыторыя была ўкрыта магутнымі льдамі покрыўнага зледзянення, пасля якога зноў пацяплела. Цёплы і вільготны клімат быў у палеазойскай эры, сухі — на працягу большай ч. дэвону і пермі, пераважна вільготны — у кембрыі, ардовіку, сілуры і карбоне, цёплы (у 1-й палавіне сухі, у 2-й — вільготны) — у мезазойскай эры. У кайназойскай эры паступовае пахаладанне прывяло да магутных зледзяненняў у антрапагене. У пач. і сярэдзіне палеагену Пд Беларусі быў у зоне субтрапічнага клімату, на Пн клімат быў блізкі да ўмеранага; у сярэдзіне перыяду пачалося пахаладанне, якое працягвалася і ў неагене. У антрапагенавым перыядзе характэрна чаргаванне значных пахаладанняў і перыядаў развіцця ледавіковых покрываў (гл. Ледавікі) з міжледавікоўем, калі клімат станавіўся блізкім да сучаснага або больш цёплым. Найб. вывучаны П. антрапагенавага перыяду. Мінім. па сваіх памерах апошняе (паазерскае) зледзяненне адзначалася найб. пашырэннем холаду, узнікненнем шматгадовай мерзлаты, макс. замярзаннем акіянаў. Пасля яго раставання, каля 10 тыс. г. назад, пачаўся пасляледавіковы (галацэнавы) час з макс. пацяпленнем у атлантычны перыяд (5—8 тыс. г. назад), калі сярэднегадавыя т-ры паветра былі на 1,5—2 °C вышэй за сучасныя.

Я.​К.​Яловічава.

т. 11, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.​Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.​Люстыг (з 1812), А.​Ляндэс (з 1814), Р.​Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал. Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.​Цытовіч, П.​Гаўрыловіч, І.​Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.

Літ.:

Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;

Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 12, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.

2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.​Карскага, І.​Насовіча, М.​Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.​Барычэўскі, Ю.​Бярозка, А.​Вазнясенскі, У.​Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.​Грынчыка, В.​Рагойшы, І.​Ралько, М.​Янкоўскага, А.​Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.

Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).

2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.

3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец. фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), М.​В.​Шыманскі (музыка).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 ў Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.​Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена ​1/3 с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг. нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.​Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла да К-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр, паўстання ў Вене (гл. Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.​Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч. тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн. венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг. дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.

Літ.:

Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;

Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГУ́ШКІ,

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паходзілі ад Фёдара Альгердавіча (? — каля 1431), які меў сына Сангушку (памяншальны варыянт імя Аляксандр, Васіль або Сямён), родапачынальніка С. Валодалі маёнткамі ў асн. на Валыні. Ад сыноў Сангушкі Аляксандра і Міхаіла пайшлі лініі Сангушкі-Кашырскія і Сангушкі-Ковельскія. У 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ і Польшчы. Напачатку вызнавалі праваслаўе, з 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З Беларуссю найб. звязаны:

Васіль (?—1557?), сын Міхаіла Сангушкавіча. У 1543 перадаў каралеве Боне Ковельскі маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны і Абольцы ў Віцебскім ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусі; трымаў Свіслацкую дзяржаву. Андрэй Міхайлавіч (?—4.10.1560), сын Міхаіла Аляксандравіча, маршалак гаспадарскі ў 1522—53, спраўца Кіеўскага ваяв. ў 1540—42, староста луцкі ў 1542—59. Аляксандр (каля 1508—1565), сын Андрэя Міхайлавіча, дзяржаўца гомельскі ў 1535—36, маршалак гаспадарскі з 1547. Раман (каля 1537—12.5.1571), сын Фёдара, староста жытомірскі з 1557, ваявода брацлаўскі з 1566, адначасова гетман дворны (польны) ВКЛ з 1569, староста рэчыцкі з 1568. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ? — ліст. 1638), сын Андрэя, маршалак аршанскі ў 1620, кашталян мсціслаўскі ў 1620—21 і віцебскі ў 1621—26, ваявода віцебскі з 1626. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл. Смалянскі замак). Казімір Антоній (1677—30.5.1706), сын Гераніма, маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 і маршалак вялікі ў 1703. Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Гераніма, стольнік ВКЛ у 1708—09, падскарбі дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 і маршалак вялікі з 1734. У 1733 прэтэндэнт на трон Рэчы Паспалітай. Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля, мечнік ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750-60. Юзаф Паўлін Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля, староста крамянецкі ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 і вялікі з 1768. Геранім Януш (4.3.1743—4.9.1812), сын Паўла Караля, ген.-паручнік войска ВКЛ (1775), мечнік ВКЛ у 1775, ваявода валынскі з 1775. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў чын ген.-паручніка рас. арміі (1793). Удзельнічаў у паўстанні 1794, у Гродне прыняў камандаванне над войскам ВКЛ і прывёў яго на абарону Варшавы.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ГЕРМА́НІІ (СДПГ; ням. Sozialdemokratische Partei Deutschlands),

адна з вядучых паліт. партый (належыць да левага кірунку) у ФРГ. Засн. ў 1869 В.​Лібкнехтам і А.​Бебелем на кангрэсе ў г. Айзенах (адсюль неафіц. назва членаў партыі — айзенахцы) як С.-д. рабочая партыя; ідэалогія — марксізм. У 1875 на з’ездзе ў г. Гота аб’ядналася з ласальянскім (гл. ў арт. Ф.​Ласаль) Усеагульным герм. рабочым саюзам у адзіную Сацыяліст. рабочую партыю; з 1890 наз. Германская с.-д. партыя. У 1878—90 праследавалася ўладамі Герм. імперыі паводле выключнага закону супраць сацыялістаў. З 1890 прадстаўлена ў парламенце. У 1890—1913 старшынёй партыі быў Бебель, з 1913 — Ф.Эберт. У канцы 19 — пач. 20 ст. перайшла на пазіцыі рэвізіянізму і рэфармізму. Гэтыя ідэі распрацоўвалі Э.​Бернштэйн, К.​Каўцкі і інш. Уваходзіла ў 2-і Інтэрнацыянал. У 1917 з партыі вылучылася Незалежная сацыял-дэмакратычная партыя Германіі. Удзельнічала ў Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Значна ўплывала на паліт. жыццё Веймарскай рэспублікі, сярод прэзідэнтаў якой ад партыі быў Эберт (1919—25), а канцлерамі — Г.​Баўэр (1919—20), Б.​Мюлер (1920, 1928—30). У 1933—45 забаронена нацыстамі; частка членаў партыі зняволена або загінула ў канцлагерах, іншая ч. дзейнічала ў эміграцыі (у 1933—37 у Празе, з 1938 у Парыжы, у 1940—45 у Лондане). Пасля 2-й сусв. вайны адноўлена пад сучаснай назвай (у зах. акупац. зонах Германіі пад старшынствам К.​Шумахера), у сав. акупац. зоне ў 1946 на базе мясц. с.-д. арг-цый утворана Сацыялістычная адзіная партыя Германіі. У ФРГ (з 1990 аб’яднанай) у 1949—66 і 1982—98 апазіц. партыя, у 1966—82 утварала кааліцыйныя ўрады на чале з В.​Брантам (1969—74) і Г.​Шмітам (1974—82). Прынятыя ў 1959 і 1989 парт. праграмы (Бад-Годэсбергская і Берлінская) аформілі яе канцэпцыю дэмакр. сацыялізму. У кастр. 1998 урад ФРГ узначаліў сацыял-дэмакрат Г.​Шродэр (з крас. 1999 старшыня партыі). Прэзідэнтам ФРГ ад партыі стаў у ліп. 1999 І.​Рау. Друкаваны орган — час. «Neúe Gesellschaft» («Новае грамадства»). Уваходзіць у Сацыяліст. інтэрнацыянал.

Літ.:

Миллер С., Поттхоф Х. Краткая история СДПГ, 1848—1990: Пер. с нем. М., 1990;

Брандт В. Демократический социализм: Ст. и речи: Пер. с нем. М., 1992.

Н.​Г.​Клюева.

т. 14, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,

сацыялагічная тэорыя, змест якой складаюць законы і катэгорыі, што вызначаюць працу як неабходную ўмову жыццядзейнасці індывіда і грамадства. Аб’ектам С.п. з’яўляецца праца як з’ява і як працэс у іх сац. накіраванасці на чалавека, які працуе. Прадмет С.п. — сац.-тыповыя працэсы, якія адлюстроўваюцца ў адносінах чалавека да працы, яго прац. актыўнасці. Тыповым для С.п. з’яўляецца аналіз установак і паводзін чалавека ў залежнасці ад зместу і характару працы. У працэсе навукова-тэхн. прагрэсу тэхніка і тэхналогія вытв-сці ўдасканальваюцца. Гэта выклікае змены прац. функцый чалавека, суадносін ручной, механізаванай і аўтаматызаванай, а таксама фіз. і разумовай працы, ускладненне яе арг-цыі. Якасныя зрухі ў змесце працы ствараюць перадумовы для змены яе характару, што ў сваю чаргу ўплывае на змест працы, запавольвае або садзейнічае яе развіццю. Закон адпаведнасці вытв. адносін узроўню развіцця прадукц. сіл (К.​Маркс) праяўляецца ў сферы працы ў выглядзе закону адпаведнасці яе характару і зместу; з’яўляецца адным з асн. законаў С.п. і стварае катэгарыяльны апарат дадзенай тэорыі.

С.п. развівалася пад уздзеяннем праблем, звязаных са зменай спосабу вытв-сці і адпаведнай зменай прац. адносін. Яе законы функцыянавалі і да ўзнікнення С.п. як навукі. Напр., закон падзелу працы ўзнік у рабаўладальніцкім грамадстве, эвалюцыйна развіваўся ў перыяд феадалізму і рэвалюцыянізаваў у 1950-я г. на этапе навукова-тэхн. рэвалюцыі. У працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай пачаў развівацца закон перамены працы, які рэвалюцыянізаваў амаль адначасова з законам падзелу працы. У капіталіст. вытв-сці пашырыў свае функцыі закон канкурэнцыі як асн. закон вытв-сці, які стымулюе развіццё законаў падзелу і перамены працы. З пачаткам фарміравання рыначнай сістэмы гаспадарання ў постсавецкіх грамадствах (1990-я г.) С.п. звязваецца з паводзінамі работадаўцаў і наёмных работнікаў у адказ на дзеянне эканам і сац. стымулаў да працы. Асн. акцэнт робіцца на эканам. стымулы, якія рэгулююць прац. паводзіны сац.-прафес груп. Большая ўвага аддаецца метадам аналізу і вырашэння прац. канфліктаў, сістэме сац. гарантый у сферы працы, сац. ін-там і механізмам сац. абароны работнікаў.

Літ.:

Штольберг Р. Социология труда: Пер. с нем. М., 1982;

Социология труда. М., 1993;

Маркович Д.Ж. Социология труда: Пер. с сербскохорв. М., 1997;

Адамчук В.В., Ромашов О.В., Сорокина М.Е. Экономика и социология труда. М., 1999;

Ромашов О.В. Социология труда. М., 1999;

Соколова Г.Н. Социология труда. Мн., 2000.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)