САНГУ́ШКІ,

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паходзілі ад Фёдара Альгердавіча (? — каля 1431), які меў сына Сангушку (памяншальны варыянт імя Аляксандр, Васіль або Сямён), родапачынальніка С. Валодалі маёнткамі ў асн. на Валыні. Ад сыноў Сангушкі Аляксандра і Міхаіла пайшлі лініі Сангушкі-Кашырскія і Сангушкі-Ковельскія. У 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. пасады ў ВКЛ і Польшчы. Напачатку вызнавалі праваслаўе, з 16 ст. пераходзілі ў каталіцтва. З Беларуссю найб. звязаны:

Васіль (?—1557?), сын Міхаіла Сангушкавіча. У 1543 перадаў каралеве Боне Ковельскі маёнтак узамен за Горваль каля Рэчыцы, Смаляны і Абольцы ў Віцебскім ваяв., стварыўшы буйную латыфундыю С. на Беларусі; трымаў Свіслацкую дзяржаву. Андрэй Міхайлавіч (?—4.10.1560), сын Міхаіла Аляксандравіча, маршалак гаспадарскі ў 1522—53, спраўца Кіеўскага ваяв. ў 1540—42, староста луцкі ў 1542—59. Аляксандр (каля 1508—1565), сын Андрэя Міхайлавіча, дзяржаўца гомельскі ў 1535—36, маршалак гаспадарскі з 1547. Раман (каля 1537—12.5.1571), сын Фёдара, староста жытомірскі з 1557, ваявода брацлаўскі з 1566, адначасова гетман дворны (польны) ВКЛ з 1569, староста рэчыцкі з 1568. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Самуэль Сямён (Шыман Самуэль; ? — ліст. 1638), сын Андрэя, маршалак аршанскі ў 1620, кашталян мсціслаўскі ў 1620—21 і віцебскі ў 1621—26, ваявода віцебскі з 1626. У Смалянах пабудаваў замак Белы Ковель (гл. Смалянскі замак). Казімір Антоній (1677—30.5.1706), сын Гераніма, маршалак дворны ВКЛ у 1702—03 і маршалак вялікі ў 1703. Павел Кароль (1680—14/15.4.1750), сын Гераніма, стольнік ВКЛ у 1708—09, падскарбі дворны ў 1711—13, маршалак дворны ў 1713—34 і маршалак вялікі з 1734. У 1733 прэтэндэнт на трон Рэчы Паспалітай. Януш Аляксандр (5.5.1712—13.9.1775), сын Паўла Караля, мечнік ВКЛ у 1735—50, маршалак дворны ў 1750-60. Юзаф Паўлін Ян Адам (20.6.1740—12.5.1781), сын Паўла Караля, староста крамянецкі ў 1752—80, маршалак дворны ВКЛ у 1760—68 і вялікі з 1768. Геранім Януш (4.3.1743—4.9.1812), сын Паўла Караля, ген.-паручнік войска ВКЛ (1775), мечнік ВКЛ у 1775, ваявода валынскі з 1775. Выступаў супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў чын ген.-паручніка рас. арміі (1793). Удзельнічаў у паўстанні 1794, у Гродне прыняў камандаванне над войскам ВКЛ і прывёў яго на абарону Варшавы.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)