у беларускім нар. календары свята ачышчэння з дапамогай агню. Яго адметнасць — асаблівы чын асвячэння стрэчанскіх свечак, якія ў народзе называюць грамнічнымі. У хрысціянстве з’явіліся ў 6 ст. на тэр. Рымскай імперыі і трактуюцца як своеасаблівая повязь Старога запавету з Новым. Усталявана ў памяць аб сустрэчы (царкоўна-слав. — «стрэчанне») немаўляці Ісуса Хрыста (носьбіта Новага запавету) з прадстаўнікамі Старога запавету старцам Сімяонам і Ганнай-прарочыцай у Іерусалімскім храме. Паводле старазапаветнага закону на саракавы дзень пасля нараджэння першынца-хлопчыка бацькі павінны былі прынесці дзіця ў храм, што і зрабілі Божая маці і Іосіф. У праваслаўі святкуецца 15 лютага, у каталіцызме — 2 лютага (мае назву Дзень Грамнічнай Божай Маці або Ахвяраванне Гасподняе). У дзень грамніц асвячаюць васковыя свечкі, якімі карыстаюцца як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах, для варажбы. Лічыцца, што спальванне свечак адпужвае ад чалавека нечысць, ахоўвае ад ведзьмаў і чарадзеяў, ад навальніцы і маланак, дапамагае пры хваробе, абараняе жывёлу. Беларусы запальваюць свечкі на Дзяды, Каляды, Вадохрышча, Купалле, Вялікдзень. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у інш. сям’ю, нават родным і сваякам. З грамніцамі звязаны шэраг метэаралагічных прыкмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас.імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЧЫ,
вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Галбіца, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на У ад Паставаў, 223 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. ст. Варапаева. 793 ж., 334 двары (1997).
Упамінаецца ў 1473 як уладанне кн. А.Ю.Гальшанскага. У 1556 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У 1567—77 належалі М.К.Радзівілу, пазней Я.Дз.Долмат-Ісайкоўскаму і яго нашчадкам. У 1624 у Д. заснаваны драўляны, у 1684 — мураваны касцёлы, у 1683 — дамініканскі кляштар. З 1793 у Рас.імперыі, у Віленскім пав. У 1800—564 ж., 101 двор. З 1861 — цэнтр воласці, у канцы 19 ст. каля 900 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр Дунілавіцкага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Дунілавіцкага раёна. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Д. 828 чал., спалілі больш за палову дамоў. З 1950 цэнтр сельсавета, з 1954 вёска ў Дунілавіцкім, з 1960 у Глыбоцкім, з 1962 у Пастаўскім р-нах. 781 ж., 246 двароў (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Дунілавіцкі Троіцкі касцёл дамініканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я РЭФО́РМА 1870—75,
рэформа гар. кіравання ў Рас.імперыі. Ажыццёўлена паводле Гарадавога палажэння ад 16.6.1870. Спачатку праводзілася ў гарадах рас. губерняў Еўрап. Расіі і Сібіры. На нац. ускраінах уводзілася з вял. асцярожнасцю. На тэр. Беларусі і ў Літве пачала дзейнічаць у крас. 1875, у Латвіі і Эстоніі — у сак. 1877, на польскія губерні, Фінляндыю і Сярэднюю Азію зусім не пашыралася. У Беларусі рэформай уводзіўся новы бессаслоўны орган гар. самакіравання — гарадская дума. Пры выбарах членаў (гласных) думы права голасу атрымлівалі гараджане з 25-гадовага ўзросту, якія валодалі пэўным маёмасным цэнзам і не мелі запазычанасці па гар. зборах. Выканаўчым органам гар. думы была гарадская ўправа. Сістэма выбараў гар. гласных забяспечвала большасць прадстаўнікам буйнога капіталу. Выбаршчыкі падзяляліся на 3 курыі, кожная з якіх выбірала ⅓ частку ўстаноўленай колькасці гласных. Большасць насельніцтва горада, якое не мела ўстаноўленага маёмаснага цэнзу (чорнарабочыя, рамеснікі, дробныя служачыя і г.д.), не дапускалася да выбараў. Органы гар. самакіравання залежалі ад царскай адміністрацыі і з’яўляліся дадатковымі органамі мясц. улад. Рэформа спрыяла ўмацаванню пазіцый буржуазіі ў дзяржаве, садзейнічала паляпшэнню гар. гаспадаркі. Аднак прыгонніцкія перажыткі не давалі магчымасці выкарыстаць рэформу ў поўнай меры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас.імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,
1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас.імперыі. Створаны па ініцыятыве М.М.Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).
2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.
3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт.Нар. Рэспубліцы.
4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.
5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас.імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс.чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1870 кн. Ф.І.Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас.імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял.Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары нар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦЫ,
горад, цэнтр Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., у вярхоўі р. Бярэзіна. За 200 км ад Віцебска, 12 км ад чыг. ст. Параф’янава на лініі Маладзечна—Полацк. Аўтадарогамі злучаны з Вілейкай, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем. 7,4 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1407. Належалі Манівідам, Гальшанскім, Радзівілам, Кішкам і інш. З 1621 мястэчка. З 1793 у Рас.імперыі, цэнтр Докшыцкага павета. З 1795 горад. У 1796 Д. атрымалі герб: у зялёным полі 2 узгоркі, на якіх ляжаць збаны, з іх гарлавін цякуць сярэбраныя крыніцы. З 1797 у Барысаўскім пав. У канцы 19 ст. ў Д. больш за 5,6 тыс.ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 3,6 тыс.ж. З 15.1.1940 горад, цэнтр Докшыцкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 9.7.1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Д. і раёне загубілі 4931 чал. У Д. размяшчаўся вял. гарнізон ворага, які неаднаразова быў разбіты партызанамі (гл.Докшыцкі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943). 2,2 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Глыбоцкім раёне.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),
качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаўПаўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх.Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах.Рым.імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.
В.С.Пазднякоў.
Да арт.Гуны. Гунскі меч з залатым дзяржаннем 4—5 ст. з раскопак на Украіне.