мэтанакіраванае атрыманне хім. рэчываў з інш. (звычайна больш простых) рэчываў шляхам іх хім. ператварэнняў. С.х. неарганічных злучэнняў (неарган. сінтэз) і арганічных злучэнняў (арган. сінтэз) з’яўляецца асн. метадам атрымання індывід.хім. рэчываў. Ажыццяўляюць на прамысл. прадпрыемствах (гл.Хімічная прамысловасць) і ў навук. лабараторыях.
Прамысл. многатанажная вытв-сцьарган. рэчываў наз.асноўным арганічным сінтэзам, прадуктамі якога з’яўляюцца нізкамалекулярныя злучэнні, у т. л. растваральнікі, манамеры для атрымання высокамалекулярных злучэнняў, фарбавальнікі. Малатанажная вытв-сць складаных арган. злучэнняў (лек. прэпаратаў, вітамінаў, хім. сродкаў аховы раслін і інш.) — тонкі арганічны сінтэз, заснаваны на паслядоўным ажыццяўленні некалькіх (часам дзесяткаў) хім. ператварэнняў (стадый сінтэзу) з вылучэннем і ачысткай прамежкавых рэчываў. Неарган. сінтэзам у прамысл. маштабах атрымліваюць мінер. к-ты (азотную, серную, фосфарную, саляную), асновы (аміяк, гідраксіды), некат. солі металаў. Асн. паказчык рацыянальнасці прамысл. С.х. — найб. эфектыўнасць вытв-сці пры мінім. экалагічнай шкодзе і найменшых сыравінных, энергет., працоўных і фін. затратах. Гэтаму спрыяе ажыццяўленне С.х. ва ўмовах, што прыводзяць да паскарэння рэакцый хімічных, павышэння іх выбіральнасці. Лабараторны С.х. значна ўплывае на развіццё хім навукі, дазваляе атрымліваць новыя злучэнні, з’яўляецца найважн. крытэрыем правільнасці вызначэння будовы прыродных і інш. злучэнняў складанай структуры. У 1828 Ф.Вёлер ажыццявіў сінтэз арган. рэчыва — мачавіны з неарган. цыяніду амонію, што лічыцца пачаткам арган. сінтэзу. Найб. значныя вехі яго развіцця — сінтэзы воцатнай к-ты (Г.Кольбе; 1845), камфоры (Компа; 1889), глюкозы (Э.Фішэр; 1890), трапінону (Р.Робінсан; 1917), геміну (Г.Фішэр; 1929), хларафілу (Р.Вудвард; 1960), гена аланінавай т-РНК (Х.Карана; 1970), вітаміну B12 (Вудвард; 1971), палітаксіну (І.Кішы; 1994), брэветаксіну (К.С Нікалау; 1997). У 1960-я г.амер. хімік Э.Коры распрацаваў прынцыпы планавання сінтэзу злучэнняў складанай структуры — рэтрасінт. аналіз, заснаваны на ўяўным раздзяленні паводле пэўных правіл мэтавай малекулы на больш простыя фрагменты, якім адпавядаюць рэчывы, здольныя пры ўзаемадзеянні прывесці да пабудовы запланаванай малекулярнай структуры. Сучасны стан арган. сінтэзу характарызуецца шырокім выкарыстаннем спектральных (ядзерны магн. рэзананс, інфрачырв. і ультрафіялетавая спектраскапія) і інш.фіз.-хім. метадаў аналізу і раздзялення хім. рэчываў (дыстыляцыя, крышталізацыя, храматаграфія, мембранныя метады раздзялення і інш.), многаварыянтнасцю сінт. метадаў, што робіць асабліва важным выкарыстанне хім. ператварэнняў, якія дазваляюць атрымліваць прадукты з пэўнай прасторавай арыентацыяй атамаў у малекуле з высокай выбіральнасцю.
На Беларусі многатанажны С.х. ажыццяўляецца на прадпрыемствах Наваполацкага вытворчага аб’яднання «Палімір», Магілёўскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно», Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот», на Гомельскім хімічным заводзе. Даследаванні па тонкім арган. сінтэзе праводзяцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.
Літ.:
Лебедев Н.Н. Химия и технология основного органического и нефтехимического синтеза. 4 изд. М., 1988;
Бочков А.Ф., Смит В.А. Органический синтез. М., 1987;
Руководство по неорганическому синтезу: Пер. с нем. Т. 1—6. М., 1985—86;
Титце Л., Айхер Т. Препаративная органическая химия: Пер. с нем. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯНІ́ЗМ (ад назвы ўзгорка Сіён у г. Іерусалім),
ідэалагічны і паліт. рух, разгалінаваная сістэма арг-цый, дзейнасць якіх накіравана на рэалізацыю ідэі адзінай сусветнай яўрэйскай нацыі; у вузкім сэнсе — афіц. палітыка дзяржавы Ізраіль. Сіянісцкі рух актывізаваўся ў 2-й пал. 19 ст., калі ў Еўропе і Паўн. Амерыцы ўзніклі першыя палесцінафільскія арг-цыі: «Сусветны саюз ізраэлітаў» (1860, Парыж), «Камітэт за эміграцыю яўрэяў Расіі» (1882, Парыж), «Таварыства для распаўсюджвання асветы сярод яўрэяў Расіі» (1863, С.-Пецярбург з аддзяленнямі ў Адэсе і Рызе) і інш. З 1880-х г. сіянісцкія групы дзейнічалі ў Кіеве, Львове, Палтаве, Кракаве. У 1882 у Расіі створана група «Ховеве-Цыён» («Сябры Сіёна») з аддзяленнямі ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У ЗША сіяністы стварылі масонскі ордэн «Бнай Брыт» («Сыны Запавету», 1843), «Саюз амерыканскіх іудзейскіх кангрэгацый» (1873), «Цэнтральную канферэнцыю амерыканскіх рабінаў» (1889), «Федэрацыю яўрэйскіх жаночых арганізацый» (1896) і інш. арг-цыі і фонды. У 1897 існавала больш за 450 сіянісцкіх арг-цый у 28 краінах свету, выдавалася больш за 100 газет і часопісаў. У 1897 у г. Базель (Швейцарыя) адбыўся 1-ы сіянісцкі кангрэс, на якім створана Сусветная сіянісцкая арганізацыя, распрацаваны і зацверджаны яе статут і структура, выбраны кіраўнічыя органы, абвешчана праграма, дзе ў якасці першачарговай задачы выступала стварэнне яўр. дзяржавы ў Палесціне. Ідэйным ядром С. з’яўляецца канцэпцыя міру і адзінства ўсіх яўрэяў, незалежна ад іх сац. становішча і месца пражывання, а таксама ідэі «богавыбранасці» і «выключнасці» яўр. народа. Сіяністы выступаюць супраць асіміляцыі яўр. народа, у т. л.шляхам шлюбу з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей. У межах сваіх канцэптуальных ідэй С. дапускае пэўны ідэалагічны плюралізм, чым абумоўлена неаднароднасць і шматварыянтнасць сіянісцкай ідэалогіі. У С. вылучаюцца кансерватыўная, ліберальная, дэмакратычная, сацыял-дэмакратычная, сацыяліст., камуніст. ідэйна-паліт. плыні, а таксама экстрэмісцкія кірункі: артадаксальна-клерыкальны, расісцкі. Валоданне велізарнымі капіталамі, кантроль над фінансамі, банкамі, страхавымі кампаніямі, вытв-сцю ўзбраення, інфармацыйна-вылічальнай тэхнікі і інш. галінамі прам-сці і сродкамі масавай інфармацыі, а таксама ўваходжанне ў склад паліт. эліты дазваляе прадстаўнікам С. ўплываць на развіццё сусв. эканомікі, эканам.міжнар. адносін. Вядучымі цэнтрамі эканам. і паліт. актыўнасці С. з’яўляюцца ЗША і Ізраіль. У 1975 С. асуджаны ААН як адна з форм расізму, у 1991 гэта рэзалюцыя скасавана.
На Беларусі з пач. 20 ст. дзейнічалі такія сіянісцкія партыі, як Паалей-Цыён (1906), Сіянісцка-сацыялістычная партыя (1904), Яўр.с.-д. рабочая партыя (1905), Мізрахі (сіянісцкая рэліг.арг-цыя, 1902) і інш. З канца 1920 — пач. 1930-х г. дзейнасць сіянісцкіх арг-цый у СССР была забаронена.
Літ.:
Идеология и практика международного сионизма. М., 1978;
Бегун В.Я. Вторжение без оружия. 3 изд. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),
нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз.т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн.тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.
Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.
Літ. тв.: Рус.пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.
Літ.:
Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;
Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч.М., 1953. Т. 2;
Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;
Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;
Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;
Галь Г. Брамс;
Вагнер;
Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;
Рихард Вагнер: Сб. ст.М., 1987;
Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;
Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;
Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;
Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;
Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henri),
імя правіцеляў сярэдневяковай Германіі і «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Генрых I Птушкалоў (каля 875—2.7.936), герцаг Саксоніі (Генрых; з 912) і герм. кароль (у 919—936), заснавальнік Саксонскай дынастыі. Выбраны каралём пасля смерці Конрада I. Шляхам кампрамісаў ліквідаваў мяцяжы герцагаў Швабіі (919) і Баварыі (921). Стабілізаваў каралеўскую ўладу, пабудаваў мноства крэпасцей (бургаў), стварыў моцнае коннае войска. Далучыў Латарынгію (925), перамог венграў каля Рыядзе на р. Унструт (933), намагаўся абкласці данінай палабскіх славян, заснаваў марку (пагран. вобласць) у Шлезвігу (935). Яго пераемнікам стаў старэйшы сын (гл.Атон I).
Генрых II Святы (6.5.973, г. Бад-Абах, Германія — 13.7.1024), герцаг Баварыі (Генрых IV; з 995), герм. кароль (з 1002), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1014—24). З Саксонскай дынастыі. У 1007 заснаваў епіскапства Бамберг. Умацаваў панаванне імперыі ў Паўн. (1004) і Паўд. (1021/22) Італіі. Праз падтрымку царквы клапаціўся пра ўмацаванне сваёй улады. У 1146 кананізаваны царквой.
Генрых III (28.10.1017—5.10.1056), герцаг Баварыі (з 1027), герм. кароль (з 1028), герцаг Швабіі, Карынтыі і кароль Бургундыі (з 1038), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (у 1046 — 56). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Конрада II. Самастойна правіў з 1039. У час паходу ў Італію (1046—47) скінуў рым. пап, якія сапернічалі паміж сабой; пазней неаднаразова прызначаў кандыдатаў на папскі прастол. Дамогся прызнання залежнасці ад імперыі Венгрыі і Багеміі (Чэхіі).
Генрых IV (11.11.1050, г. Гослар, Германія — 7.8.1106), кароль з 1056, імператар у 1084—1106 (каранаваны як імператар у Рыме антыпапам Кліментам III). З Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха III. Самастойна правіў з 1065. Задушыў Саксонскае паўстанне 1073—75. З 1076 на працягу больш як 20 гадоў вёў з рым. папамі (Грыгорыем VII і інш.) барацьбу за інвестытуру, адным з эпізодаў якой было т.зв. «хаджэнне ў Каносу».
Генрых V (11.8.1086 — 23.5.1125), кароль з 1106, імператар у 1111—25 (нашчадак прастола з 1098). Апошні з Франконскай (Салічаскай) дынастыі. Сын Генрыха IV. Пры жыцці бацькі зблізіўся з яго праціўнікамі — рымскім папам і часткай ням. курфюрстаў. Стаўшы правіцелем, аднавіў барацьбу з папствам за інвестытуру, якая завяршылася Вормскім канкардатам (1122).
Генрых VI (1165, г. Німвеген, цяпер г. Неймеген, Нідэрланды — 28.9.1197), германскі кароль (з 1190) і імператар (у 1191—97), кароль Сіцыліі (з 1194). З дынастыі Гогенштаўфенаў (гл.Штаўфены). Сын Фрыдрыха I Барбаросы. У 1186 ажаніўся са спадчынніцай сіцылійскага прастола Канстанцыяй. Падтрымаў франц. караля Філіпа II у яго барацьбе супраць англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца (восенню 1192 паланіў Рычарда і пратрымаў яго ў палоне каля 2 гадоў). У 1194 захапіў Сіцылію. Апантаны ідэяй стварэння «сусв. манархіі» Гогенштаўфенаў, пачаў падрыхтоўку да вайны супраць Візантыі; у час прыгатаванняў і памёр.
Генрых VII (1274 ці 1275—24.8.1313), кароль з 1308, імператар у 1312—13 (каранаваны як імператар у Рыме). З дынастыі Люксембургаў. Сын Генрыха III Люксембургскага. Выбраны каралём большасцю курфюрстаў. У 1310 праз дынастычны шлюб дамогся перадачы чэш. прастола свайму сыну Іагану (Ян Люксембургскі). Пазней, намагаючыся зноў падпарадкаваць імперыі Італію, здзейсніў туды паход.
Да арт.Генрых (германскія правіцелі). Генрых II Святы (злева) і Генрых VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБЫ́ (Mycota),
група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЗА́ЙН (ад англ. design задума, праект, чарцёж, малюнак),
від творчай дзейнасці па праектаванні і фарміраванні эстэт. і функцыян. якасцей прадметнага асяроддзя; вынік праектнай дзейнасці. Асн. аб’екты Д. — прадметна-прасторавае асяроддзе: яго кампаненты, рэчы і сувязі паміж імі, якія ўзяты ў адносінах да людзей і разглядаюцца ў разнастайных сістэмных сувязях з сацыякультурным асяроддзем. Мэта Д. — задавальненне матэрыяльных і духоўных патрабаванняў чалавека шляхам праектавання розных аб’ектаў: прамысл. вырабаў, элементаў візуальнай камунікацыі, адзення і інш.; фарміраванне гарманічнага прадметнага асяроддзя. Мае розныя галіны: Д. прамысловы, графічны, інтэр’ера і інш. З ім звязаны паняцці «тэхнічная эстэтыка» (тэорыя Д.) і «мастацкае канструяванне» (праектная практыка Д.).
Д. пачаў фарміравацца з развіццём масавай вытворчасці ў высокаразвітых прамысл. краінах (з 1754 Каралеўскае т-ва мастацтва ў Вялікабрытаніі пачало прысуджаць прэміі за лепшыя праекты прамысл. вырабаў). Развіццё Д. ў сучасным разуменні пачалося з 1-й пал. 20 ст. (нямецкі Веркбунд, 1907; Баўгауз, 1919—33; Вышэйшыя дзярж.маст.-тэхн. майстэрні ў Расіі, 1918—30). Важную ролю ў станаўленні Д. адыгралі Дж.Рэскін, У.Морыс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ і інш., якія прапагандавалі прынцыпы функцыяналізму, стварэнне тыповых, але старанна распрацаваных формаў. У 1959 на 1-й ген. асамблеі Міжнар. савета арг-цый прамысл. Д. прыняты тэрмін industrial design (індустрыяльны дызайн; прафес. скарачэнне — дызайн).
У Беларусі Д. развіваецца з канца 1910. Гэтаму спрыяла дзейнасць аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва», створанага ў рамках Віцебскага маст.-практычнага ін-та па ініцыятыве К.Малевіча (існаваў да 1923). Новы ўздым Д. пачынаецца ў 1960-я г., асабліва ў вытв-сці трансп. сродкаў, быт. тэхнікі, мэблі, адзення і інш. У 1987 створаны Саюз дызайнераў Беларусі. Дызайнерская дзейнасць ажыццяўляецца ў Нацыянальным дызайн-цэнтры, дызайн-студыях Бел. саюза дызайнераў, на вытв. прадпрыемствах. З 1995 на Беларусі існуе Аддзяленне Міжнар. асацыяцыі «Саюз дызайнераў». Дызайнераў рыхтуюць Бел.АМ і Еўрапейскі гуманітарны ун-т.
Літ.:
Безмоздин Л.Н. Художественно-конструктивная деятельность человека. Ташкент, 1975;
Глазычев В.Л. О дизайне. М., 1970;
Лазарев Е.Н. Дизайн машин. Л., 1988;
Нестеренко О.И. Краткая энциклопедия дизайна. М., 1994;
Селезнев И.Ф. Дизайн. Мн., 1978.
Ф.Р.Вількін, Я.Ю.Ленсу.
Да арт.Дызайн. 1. Ю.Жуцяеў, С.Паланевіч, В.Сонца, С.Хлебародава. МАЗ-2000. 1994. 2. В.Сямёнаў. Цяжкавоз БелАЗ-7924. 1997. 3. Трактар «Беларусь». 4. Т.Кузюкова, А.Пастухоў, А.Цэхановіч. Мікраскоп. 1993. 5. Двухкамерны халадзільнік «Атлант». Мадэль 152-01. 6. А.Дольнікаў. Бінокль. 1997. 7. Г.Шакавец. Пыласос. 1995. 8. Т.Лісавенка. Калекцыя адзення «Мадыльяні». 1994.Да арт.Дызайн. 1,2. С.Саркісаў. Рэкламна-інфармацыйная графіка да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. 1989. 3. Т.Гардашнікава, Дз.Сурскі. З серыі плакатаў «Эканомія ў быце». 1991. 4. Э.Жакевіч. Знакі-інфарматары да выдання У.А.Чантурыя «Гісторыя архітэктуры Беларусі». 1977.Да арт.Дызайн. 1. У.Цэслер, С.Войчанка. Лагатып фірмы. 1992. 2. Л.Мялоў, С.Саркісаў. Лагатып Целяханскай лыжнай фабрыкі 1985. 3. Я.Круглоў. Лагатып транспартнай фірмы. 1988.Да арт.Дызайн. В.Мінько, А.Хількевіч. Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі. Разварот кнігі. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЛАВІ́ЗМ,
ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г.аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав.нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв.Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.І.Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.Ф.Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн.чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч.дзярж. (граф М.П.Ігнацьеў, кн. У.А.Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.Дз.Скобелеў, Р.А.Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.Ф.Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.М.Каяловіч і іх прыхільнікі І.А.Катовіч, П.М.Жуковіч, В.В.Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-васлав. узаемнасці на чале з М.А.Хамяковым, У.Л.Маклаковым, Б.А.Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.
Літ.:
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВААБАРО́НЧЫ РУХ У СССР у 1960—80-я г., непалітычны грамадскі рух у абарону правоў чалавека ў б.СССР. Яго ўдзельнікі — пераважна інтэлігенцыя. Асн. прынцыпы дзейнасці: легальнасць, галоснасць, адмова ад паліт. барацьбы. Сярод перадумоў узнікнення П.р. — прыняцце Ген. асамблеяй ААН Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека (1948), афіц. асуджэнне паліт. рэпрэсій 1930 — пач. 50-х г. на XX з’ездзе КПСС (1956). Асн. напрамак дзейнасці — абарона асабістых і паліт. правоў грамадзян СССР, у т. л. на паліт. іншадумства і апазіц. дзейнасць. У адрозненне ад інш.дысідэнтаў удзельнікі П.р. паслядоўна стаялі на глебе права, г.зн. апіраліся ў сваёй дзейнасці на міжнар. дакументы па правах чалавека, а таксама на Канстытуцыю і законы СССР, якія тэарэтычна прызнавалі большасць з гэтых правоў. Пачатак П.р. адносяць да 1965—66, калі адбыліся выступленні ў абарону пісьменнікаў А.Д.Сіняўскага і Ю.М.Даніэля, арыштаваных (1965) і прыгавораных (лют. 1966) да пазбаўлення волі адпаведна на 7 і 5 гадоў за публікацыю за мяжой сваіх сатыр. твораў. 5.12.1965 на Пушкінскай плошчы ў Маскве адбылася дэманстрацыя пратэсту. У вышэйшыя сав. і парт. органы былі накіраваны лісты і петыцыі, на карысць пісьменнікаў і іх сем’яў праводзіўся збор ахвяраванняў. З гэтага часу асн. формамі дзейнасці сав. праваабаронцаў сталі мітынгі, дэманстрацыі, асабістыя і калект. звароты да сав.-парт. улад, у ААН і інш.міжнар. арг-цыі, матэрыяльная дапамога арыштаваным, пашырэнне праваабарончай інфармацыі і л-ры шляхам «самвыдату». У 1968—83 выходзіў «самвыдацкі» бюлетэнь «Хроника текущих событий» (выйшлі 64 выпускі), у якім канстатаваліся (без ацэнак) выпадкі парушэння правоў чалавека і праваабарончыя выступленні ў Маскве і рэспубліках СССР. У 1969 створана Ініцыятыўная група абароны правоў чалавека ў СССР, якая накіравала ў ААН ліст з пералікам парушэнняў правоў чалавека, у 1974 — сав. аддзяленне Амністыі міжнароднай. Падпісанне Сав. Саюзам (1.8.1975) і публікацыя Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкскі акт), гуманіт. артыкулы якога прадугледжвалі захаванне правоў чалавека, сталі пачаткам т.зв. Хельсінкскага перыяду П.р. (1976—81). Летам 1975 створана Маскоўская Хельсінкская група, якая збірала матэрыялы пра парушэнні ў СССРгуманіт. аспектаў Хельсінкскіх пагадненняў і накіроўвала справаздачы ўрадам усіх краін-удзельніц пагаднення. У 1976 узніклі Хельсінкскія групы ў Літве і Украіне, у 1977 — у Грузіі і Арменіі. Сабраныя праваабаронцамі звесткі пра парушэнні правоў чалавека шырока выкарыстаны ЗША і інш.зах. краінамі ў ідэалаг. вайне супраць СССР. У канцы 1970 — пач. 80-х г. у выніку ганенняў практычна спыніўся адкрыты і легальны П.р. у СССР. Віднымі дзеячамі П.р. ў розныя гады былі У.К.Букоўскі, А.Л.Салжаніцын, А.Дз.Сахараў, П.Р.Грыгарэнка, С.А.Кавалёў, К.Ф.Арлоў і інш. Удзельнікі руху асн. вынікам сваёй дзейнасці лічаць фарміраванне ў нетрах сав. грамадства сіл, якія ў сярэдзіне 1980-х г. ініцыіравалі перабудову ў СССР.
Літ.:
Богораз Л., Голицин В., Ковалев С. Политическая борьба или защита прав? // Погружение в трясину. М., 1991;
Алексеева Л.М. История инакомыслия в СССР. Новейший период. Вильнюс;
М., 1992;
Котляр И.И. Права человека. 3 изд. Брест, 1996;
Яго ж. Права человека в современной Беларуси: состояние, проблемы, перспективы. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1941—44,
баявыя дзеянні сав. войск і сіл флоту па абароне Ленінграда ад ням. і фінл. войск і іх разгроме 10.7.1941—9.8.1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі войскі Паўн., Паўн.-Зах., Ленінградскага, Волхаўскага, Карэльскага і 2-га Прыбалтыйскага франтоў, Балтыйскі флот, Ладажская і Анежская ваен. флатыліі, якім дапамагалі жыхары Ленінграда і партызаны. Для кіравання войскамі франтоў 10.7.1941 Дзярж.к-т абароны стварыў Гал. камандаванне Паўн.-Зах. напрамку на чале з К.Я.Варашылавым, якому падпарадкаваў Паўн., Паўн.-Зах. франты, Паўн. і Балтыйскі флаты. У ліп.—вер. 1941 група ням. армій «Поўнач» (4-я танк. група, 16-я і 18-я арміі) разам з фінл. войскамі (Карэльская і Паўд.-Усх. арміі) разгарнулі наступленне на Ленінград. Маючы колькасную і тэхн. перавагу над сав. войскамі (напр., па тэхніцы і ўзбраенні ў 5—6 разоў), ням. часці ў вер. 1941 прарваліся да ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага воз., выйшлі да ўскраін Ленінграда і поўнасцю акружылі яго з сушы (з 8.9.1941 да 18.1.1943). У ходзе 30-месячнай блакады горада войскі Ленінградскага фронту (камандуючыя з 12.9.1941 Г.К.Жукаў, з 10.10.1941 І.І.Фядзюнінскі, з 26.10.1941 ген.-лейт. М.С.Хозін, з 9.6.1942 Л.А.Говараў), сілы Балтыйскага флоту (віцэ-адм. У.П.Трыбуц) і Ладажскай ваен. флатыліі (контр-адм. В.С.Чарокаў) адбілі атакі праціўніка. Каля 500 тыс. ленінградцаў будавалі абарончыя рубяжы. У ліп.—вер. 1941 сфарміравана 10 стралк. дывізій нар. апалчэння, 16 артыл.-кулямётных батальёнаў, 6 знішчальных палкоў, каля 200 партыз. атрадаў. Дастаўка матэрыяльных сродкаў забеспячэння горада і войск ажыццяўлялася па пракладзенай у ліст. 1941 па лёдзе Ладажскага воз.аўтамаб. дарозе, якую называлі «дарогай жыцця». Гэтым шляхам да крас. 1942 эвакуіравана ў глыб СССР больш за 500 тыс. ленінградцаў, у горад дастаўлена 361 тыс.т грузаў. Абарону Ленінграда аблегчылі контрнаступленне сав. войск пад Ціхвінам (ліст.—снеж. 1941), актыўныя дзеянні Волхаўскага фронту і партызан у тыле праціўніка. 18.1.1943 войскі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў прарвалі кальцо блакады на Пд ад Ладажскага воз. і ўтварылі калідор у 8—10 км, дзе былі пракладзены аўтамаб. дарога і чыгунка. У выніку Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі (14.1—1.3.1944) ліквідавана пагроза Ленінграду, праціўнік адкінуты на 220—280 км. 10—20.6.1944 сав. войскі разбілі фінл. аператыўную групу «Карэльскі перашыек», 21 чэрв. — 9 жн. — групу «Алонец» і замацаваліся на сав.-фінл. мяжы. У выніку бамбардзіровак і артыл. абстрэлаў у Ленінградзе разбурана каля 14 тыс. будынкаў, у т. л. помнікі культуры, ад голаду ў выніку Ленінградскай блакады загінула ад 600. да 900 тыс.чал. Абаронцы горада стрымлівалі да 15—20% ням.узбр. сіл ад іх агульнай колькасці на сав.-герм. фронце. У баях за Ленінград вызначыліся і многія воіны-беларусы, у т. л. камандуючы эскадрай караблёў віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-лейт. артылерыі У.П.Свірыдаў, Герой Сав. Саюза, снайпер Ф.А.Смалячкоў, камандзір звяна знішчальнага авіяпалка Дз.Я.Аскаленка, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка У.А.Шыманскі, які накіраваў свой падбіты самалёт на варожую дальнабойную гармату.
Літ.:
Битва за Ленинград, 1941—1944. М., 1964;
Краснознаменный Балтийский флот в битве за Ленинград, 1941—1944 гг.: [Сб. ст.). М., 1973;
Еругин Н.П. О тех, кто выстоял: Зап. фронтовика. 2 изд. Мн., 1989;
Адамович А., Гранин Д. Блокадная книга. 5 изд. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц.дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц.нац. элітамі.