ВЭ́ГА КА́РПІО ((Vega Carpio) Лопэ Фелікс дэ [вядомы як Лопэ дэ Вэга) (Lope de Vega); 25.11.1562, Мадрыд — 27.8.1635], іспанскі драматург, паэт, празаік, буйнейшы прадстаўнік ісп. Адраджэння. У 1614 прыняў сан свяшчэнніка. Аўтар каля 2 тыс. п’ес (вядомыя 500),
раманаў «Аркадыя» (1598), «Вандроўнік у сваёй айчыне» (1604), «Даратэя» (1632), больш як 20 паэм, навел, містэрый, трактатаў. Стварыў нац. драму, заснаваную на нар. традыцыях. Народны т-р Вэга Карпіо аб’яднаў ідэалы гуманізму і нар. культуру, адлюстраваў жыццё ўсіх слаёў ісп. грамадства — ад сялян да арыстакратаў. У трактаце «Новае майстэрства пісаць камедыі ў наш час» (1609) сфармуляваў асн. прынцыпы сваёй драматургіі. Дынамічнае развіццё сюжэта (3 акты замест 5), дасціпны дыялог, афарыстычная жывая размоўная мова, яркія вобразы, спалучэнне камічнага і трагічнага ў яго п’есах разумна ўраўнаважваюць густы гледачоў і памкненні аўтара. Найб. значныя драмы на гіст. тэмы: «Фуэнтэ Авехуна» («Авечая крыніца», 1619) пра барацьбу сялян за сваю чалавечую годнасць і грамадз. правы ў перыяд Рэканкісты, «Вялікі герцаг Маскоўскі» (1617), «Зорка Севільі» і «Кроў невінаватых» (абедзве 1623). У шматлікіх камедыях («Настаўнік танцаў», 1593; «Сабака на сене», 1618; «Дзяўчына са збаном», выд. 1646, і інш.) дасягнуты майстэрскі кампраміс паміж рэнесансавай канцэпцыяй героя і саслоўна-іерархічнай ідэалогіяй грамадства. На бел. мову яго камедыі «Раба свайго каханага» і «Дурнічка» пераклалі А.Вярцінскі і П.Макаль (1981). П’есы Вэга Карпіо трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. т-раў: «Дурная для іншых, разумная для сябе» (БДТ-1, 1940), «Сабака на сене» (Рускі драм. т-р, 1940; БДТ-1, 1943), «Дзяўчына са збаном» (т-р імя Я.Коласа, 1950), «Настаўнік танцаў» (тамсама, 1952), «Дурнічка» (тамсама і Рускі драм. т-р, 1968), «Раба свайго каханага» (т-р імя Я.Коласа, 1974), «Валенсіянскія вар’яты» (т-р імя Я.Купалы, 1983).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1962—65.
Літ.:
Плавскин З. Лопе де Вега, 1562—1635. Л.;
М., 1960;
Лопе де Вега: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. 1735—1961. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,
польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).
Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:
Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя І, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.
Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.
Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.
Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГЕНДА́РНЫЯ КА́ЗКІ,
пераходны жанр ад рэліг.легенды да казкі, у якіх фантастыка звязана з вобразамі Бога, Хрыста, святых, анёлаў, чарцей і падпарадкавана пераважна асэнсаванню сац.быт. адносін ці супярэчнасцей; від казачнага эпасу. Частка ўзыходзіць да некананічных твораў хрысціянскай л-ры на тэмы Старога і Новага запаветаў, напр., казкі «Цар Саламон (салдат, каваль) ратуецца з пекла», «Чорт у Ноевым каўчэгу» і інш. У бел. рэпертуары каля 500 сюжэтаў Л.к., ва ўкраінскім — 196, у рускім — 56. Найб. папулярныя бел. сюжэты «Хто з’еў просвірку» (11 бел., 22 укр., 10 рус.апубл. тэкстаў), «Несцерка, або залатое стрэмечка» (12 бел. і рус., 9 укр.апубл. тэкстаў), «Праведнік у царкве» (12 бел., 10 укр., 5 рус.апубл. тэкстаў) і інш. Грані паміж Л.к. і казкамі інш. жанраў часта ледзь улоўныя. Бел. Л.к. цесна звязаны з чарадзейнымі казкамі і бытавымі. Большасць з іх накіравана супраць рэліг. міфаў і догмаў. Бог у іх падаецца як несправядлівы і жорсткі, святыя — амбітныя, зайздросныя, ілжывыя, помслівыя; ім проціпастаўляюцца справядлівыя людзі.
Нярэдка ў адпаведнасці з нар. светапоглядам святыя гаспадарлівыя, праніклівыя, дзейнічаюць на карысць працаўніка-селяніна. Так, у казцы са зб. У.Дабравольскага «Суддзя праведны» герой выкрывае несправядлівасць Бога і святых, якія абараняюць багатых. Сумненні героя ў праведнасці Бога і бескарыслівасці святых пераходзяць у іронію над царк. вучэннем і пратэст супраць грамадскай несправядлівасці. Напр., у казцы «П’яніца» просты п’яніца высмейвае ашуканства святых Пятра, Паўла, Іаана-евангеліста і г.д. У сатырычных Л.к. высмейваюцца біблейскія міфы аб стварэнні Богам зямлі, чалавека, жывёл, нярэдка ў іх сатырычна абмаляваны і святары. Л.к. адлюстравалі супярэчнасці ў светапоглядзе сялян, у іх разуменні Бога і святых, свяшчэннага пісання.
Публ.: Чарадаейныя казкі. Ч. 2. Мн., 1978; Легенды і паданні. Мн., 1983.
Літ.:
Малорусские народные предания и рассказы: Свод М.Драгоманова. Киев, 1876;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;
Сравнительный указатель сюжетов: Восточнославянская сказка. Л., 1979. С. 185—217.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НАЎ (Леанід Максімавіч) (31.5. 1899, Масква — 8.8.1994),
расійскі пісьменнік. Акад.АНСССР (1972). Герой Сац. Працы (1967). Засл. дз. маст. Расіі (1949). Друкаваўся з 1915. У апавяданнях, аповесцях 1920-х г., раманах «Барсукі» (1924), «Злодзей» (1927, 2-і варыянт 1959) драм. падзеі і трагічныя вынікі рэв. барацьбы, крытыка мяшчанства. Раман «Рускі лес» (1953; Ленінская прэмія 1957) пра падабенства рус. характару з рус. прыродай і згубнасці для народа яе бяздумнага пакарэння; рамант. патэтыка мяжуе часам з рыторыкай, а ўзвышаныя персанажы з ідэалізацыяй. Аўтар аповесцей «Evgenia Ivanovna» (1938, апубл. 1963), «Узяцце Велікашумска» (1944), раманаў «Соць» (1930), «Дарога на акіян» (1935), п’ес «Нашэсце» (1942, 2-я рэд. 1964; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Залатая карэта» (1946, 3-я рэд. 1964), кінааповесці «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1961, аднайм. фільм 1976; Дзярж. прэмія СССР 1977), літ.-крытычных артыкулаў (зб-кі «Літаратура і час», 1964; «Літаратурныя выступленні», 1966) і інш.Асн. рысы яго твораў — напружаная філас.-этычная праблематыка, шырыня сац.-гіст. абагульненняў, псіхал. глыбіня, маляўнічасць і метафарычнасць стылю. Быў знаёмы з Я.Купалам. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі М.Стральцоў, У.Ягоўдзік. П’есы ставіліся ў т-рах Беларусі: «Скутарэўскі» (1934), «Палаўчанскія сады» (1938), «Звычайны чалавек» (1955) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Нашэсце» (1943), «Лёнушка» (1975) у т-ры імя Я.Коласа; «У мяцеліцу» (1966), «Залатая карэта» (1971) у т-ры імя Я.Купалы і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1981—84;
Публицистика. М., 1987;
Пирамида: Роман-наваждение. Ч. 1—3. М., 1994;
Бел.пер. — Дарога на акіян. Мн., 1938.
Літ.:
Леонид Леонов — мастер художественного слова. М., 1981;
Леонид Леонов и современность. Саратов, 1983;
Леонид Леонов: Творч. индивидуальность и лит. процесс. Л., 1987;
Верность человеческому: Нравств.эстет. и филос. позиция Л.Леонова. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,
група дыятанічных ладоў (гл.Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн.гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл.Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел.нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, І.Стравінскі, Б.Бартак, Э.Грыг, К.Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.Мяскоўскі, С.Пракоф’еў, Г.Свірыдаў, Ю.Шапорын, Дз.Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, С.Бельцюкоў, Я.Глебаў, В.Залатароў, П.Падкавыраў, В.Помазаў, Ф.Пыталеў, Дз.Смольскі, Р.Сурус, Я.Цікоцкі, Л.Шлег і інш.
Ва ўсх.нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).
Літ.:
Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;
Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;
Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;
Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАІ́МАЎ (Іван Васілевіч) (8.3.1894, г. Анесі, Францыя — 2.12.1981),
рус. фізік, стваральнік навук. школы па фізіцы цвёрдага цела і нізкіх тэмператур. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1915). З 1919 у навук. установах Петраграда, Харкава, Масквы. Навук. працы па фізіцы крышталёў, оптыцы і оптатэхніцы. Распрацаваў метад вырошчвання монакрышталёў з расплаваў, заклаў асновы нізкатэмпературнай спектраскапіі, сканструяваў шэраг спектральных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
О приложении френелевой дифракции для физических и технических измерений. М.; Л., 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЁЎ (Сяргей Іванавіч) (17.11.1886, Масква — 20.12.1951),
рус. заолаг. Д-рбіял. н. (1935), праф. (1930). Засл. дз. нав. Расіі (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). Заснавальнік маскоўскай школы тэрыёлагаў (даследчыкаў млекакормячых). Вывучаў птушак Белавежскай пушчы. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных кніг. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.
Тв.:
Звери СССР и прилежащих стран: (Звери Восточной Европы и Северной Азии). Т. 1—7. М.; Л., 1928—50;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група чэркескай падгрупы), блізкая да кабардзінскай мовы. Пашырана ў Адыгеі, а таксама ў Лазараўскім і Туапсінскім р-нах Краснадарскага краю. Мае 4 дыялекты: абадзехскі, бжэдугскі, тэміргойскі (аснова літаратурнай мовы) і шапсугскі.
Паводле ладу аглюцінатыўная мова з рысамі полісінтэтызму. Фанетыка характарызуецца багатай сістэмай зычных (да 70 фанем) і простай — галосных (2 фанемы), сінтаксіс — наяўнасцю эргатыўнай канструкцыі. Пісьменства створана ў 1918 на аснове араб., у 1927 — лац., у 1938 — рус. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДАВА (Алена Васілеўна) (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж.маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.Ахрэмчыка, П.Гаўрыленкі, В.Цвіркі, пра Дзярж.маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІКАЎ (Пётр Марцінавіч) (12.7.1914, в. Крывель Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.6.1965),
рус. кінаакцёр. Скончыў Ін-тсцэн. мастацтваў у Ленінградзе (1935). З 1932 здымаўся ў кіно. Яго героі — абаяльныя маладыя хлопцы, нястомныя гумарысты, адданыя сябры, добрыя і высакародныя: Малібога («Сямёра смелых»), Пётр Алейнікаў («Камсамольск»), Ваня Курскі («Вялікае жыццё»), Саўка («Трактарысты»), танкіст («Беларускія навелы») і інш. Творчаму шляху Алейнікава прысвечаны фільм «Пётр Марцінавіч і гады вялікага жыцця».
П.М.Алейнікаў.П.М.Алейнікаў (у цэнтры) у ролі Малібогі (фільм «Сямёра смелых»).