МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.), мікулінскае міжледавікоўе (Расія),
эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ ПАВЕ́ТРАНАЯ, аэранавігацыя,
прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).
Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэмфіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).
Літ.:
Воздушная навигация: Справ. М., 1988;
Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТУ, Апорта (Porto, Oporto),
горад на ПнЗ Партугаліі. Адм. ц. акругі Порту. 302,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн.ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт пры ўпадзенні р. Дуэра ў Атлантычны ак.Міжнар. аэрапорт. Другі па эканам. значэнні і насельніцтве (пасля Лісабона) цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр., тэкст., маш.-буд. (суднабуд., эл.-тэхн. і інш.), вінаробная, рыбакансервавая, хім., шкляная, папяровая, гарбарна-абутковая, швейная. Каляровая металургія, апрацоўка кары коркавага дубу. Ун-т. Сабор (1113—36, перабудаваны ў 17—18 ст.), шматлікія гатычныя рэнесансавыя і барочныя будынкі. Турызм.
У 1 ст. да н.э. на тэр. сучаснага П. існавала рым. калонія пад назвай Портус-Кале (адсюль назва Партугаліі). У канцы 5 ст.н.э. ўладанне свеўскіх каралёў, з 540 — вестготаў, у 716—997 — арабаў. У часРэканкісты шмат разоў пераходзіў з рук у рукі. У 1095 цэнтр Партугальскага графства. З 12 ст. П. — адзін з найважнейшых партоў краіны і цэнтр гандлю вінамі. Пасля заключэння ў 1703 англа-партуг.Метуэнскага дагавора П. — калонія брыт. маракоў і гандляроў вінамі. У 1820 адзін з цэнтраў антыбрыт. паўстання. У 1832 гараджане падтрымалі Педру IV і Марыю II да Глорыя (гл.Мігелісцкія войны). У 1891 у П. адбылося рэсп. паўстанне, у 1927 — паўстанне супраць ваен. дыктатуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ПІН Аляксандр Мікалаевіч (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),
рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл.кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.Г.Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.Д.Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел.нар. творчасці, этнографаў П.В.Баброўскага, І.І.Насовіча, Ю.Ф.Крачкоўскага, Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.
Літ.:
Сакулин П.Н. А.Н.Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУШКЕ́ВІЧ Якаў Уладзіміравіч (14.4.1902, г. Рокішкіс, Літва —28.10.1941),
савецкі военачальнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1939). Ген.-лейт. авіяцыі (1940). Вучыўся ў БДУ (1923—25), скончыў Качынскую школу ваен. лётчыкаў (1932), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1937). З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 на Зах. фронце, удзельнік сав.-польскай вайны 1920, баёў пад Баранавічамі, узяцця Смаргонскага ўмацаванага раёна. З 1922 у авіяцыі: камісар эскадрыллі (Мінск), камісар, нач. палітаддзела, камандзір авіябрыгады ў Віцебску (1926—36). Удзельнік баёў у Іспаніі 1936—37 на баку рэспубліканцаў. З чэрв. 1937 нам.нач.ВПСРСЧА. У 1939 камандаваў авіягрупай у час баёў на р. Халхін-Гол. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З ліст. 1939 нач.ВПСРСЧА, са жн. 1940 ген. інспектар ВПСРСЧА, са снеж. 1940 пам.нач.Ген. штаба па авіяцыі. Канд. у чл.ЦКВКП(б) у 1939—41. чл.ЦККП(б)Б у 1932—34. Чл.ЦВКБССР у 1935—36. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. У чэрв. 1941 арыштаваны. 28.10.1941 пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1954.
Літ.:
Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;
Зильманович Д.Я. На орбите большой жизни. Вильнюс, 1971;
Водопьянов М.В., Григорьев Г.К. Летать рожденный. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАВЕ́РСТВА,
рэлігійная плынь, якая ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку расколу ў Рускай праваслаўнай царкве і адмовы часткі насельніцтва прызнаць царк. рэформы патрыярха Нікана. Па рэліг. дагматыцы стараверы не адрозніваліся ад рэфармаванай правасл. царквы, але захоўвалі старую абраднасць: 8-канцовы крыж, 2-пальцавае хрышчэнне, двайная (сугубая) алілуя і інш., а таксама стары побыт. Падзяляліся на 2 буйныя галіны — папоўцаў і беспапоўцаў. Больш радыкальныя беспапоўцы адмовіліся ад ін-та свяшчэнства, таму афіцыйная правасл. царква лічыць гэтую плынь ератычнай, якая нібыта трапіла пад уладу антыхрыста. Прычынамі рознагалосся паміж галінамі сталі спрэчкі па пытаннях культу і адносін да ўлад. На Беларусь стараверы сталі перасяляцца ў 1650-я г. з Памор’я і Ноўгарада. Беспапоўцы аселі пераважна на паўн. землях (Лепель, Полацк, Віцебск, Сянно і інш.), папоўцы пасяліліся на ПдУ Беларусі (Магілёў, Чэрыкаў, Гомель, Ветка). Апошнія былі пераважна заможныя сяляне, рамеснікі, купцы. Найбольшым пасяленнем папоўцаў і ўвогуле старавераў на Беларусі было мяст. Ветка. Царскія войскі двойчы іх адтуль выганялі. У сав.час адносіны да С. былі такімі ж, як і да інш. канфесій. На 1.1.2001 зарэгістраваны 34 абшчыны старавераў (каля 20 тыс.чал.). У 1998 зарэгістраваны Цэнтральны савет Дрэўлеправаслаўнай паморскай царквы ў Рэспубліцы Беларусь.
Літ.:
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX стст. Брэст, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,
песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.
Публ.:
Веснавыя песні. Мн., 1979.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в.М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫТУНЯВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем тытуню і махоркі для атрымання тытунёвых вырабаў, а таксама некат. арганічных рэчываў. Вырошчваюць тытунь культурны, або курыльны, і махорку. Нягледзячы на пэўную небяспеку для здароўя, тытунь і махорка карыстаюцца вял. попытам. Тытунь патрабуе высокіх т-р паветра (24—28 °C) для прарастання насення, росту і развіцця раслін; значнай вільгаці, вял. колькасці пажыўных рэчываў у глебе. Лепшыя глебы для вырошчвання тытуню — чарназёмы, шэразёмы і каштанавыя. Вырошчванне, уборка і сушка тытуню — працаёмкія працэсы. Т. здаўна існавала ў карэннага насельніцтва Амерыкі, адкуль у канцы 15 — пач. 16 ст. прыйшло ў Іспанію і інш. краіны. На Беларусі яго пачалі вырошчваць з 17 ст.Сусв. плошчы пад пасевамі тытуню больш за 4 млн.га. Асн. вытворцы — Кітай, ЗША, Індыя, Бразілія і Турцыя; развіта Т. таксама ў краінах Зах. Афрыкі, у Аўстраліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Балгарыі, Кубе. У краінах СНД высакаякасны тытунь вырошчваюць у Малдове, на Украіне (Крым), на Пд Расіі, у Таджыкістане, Грузіі і Азербайджане; махорку — у Расіі. На Беларусі махорку раней вырошчвалі ў грамадскіх гаспадарках некат. раёнаў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. У наш час гэтую культуру ў невял. аб’ёмах вырошчваюць толькі ў асабістых гаспадарках расадным спосабам. Рабіліся спробы (2-я пал. 20 ст.) вырошчваць якасны тытунь у некат. грамадскіх гаспадарках Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯЛІ́НСКАЯ Ева Зыгмунтаўна (26.12.1793, в. Узнога Клецкага р-на Мінскай вобл. — 20.12.1859),
удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі, пісьменніца, мемуарыстка. У сярэдзіне 1830-х г. стварыла і ўзначаліла «Жаночае таварыства», філіял тайнай арг-цыі Ш.Канарскага «Садружнасць польскага народа». У 1838 зняволена ў Кіеўскую цытадэль, пазней саслана ў г. Бярозаў Цюменскай вобл. (1839-41), Саратаў (1841—44). У «Дзённіку...» часоў ссылкі (апубл. ў віленскім час.«Атэнэум», 1846) апісала свае ўражанні ад прыроды Зах. Сібіры, паўстанне хантаў і ненцаў пад кіраўніцтвам Ваулі Піетоміна, побыт і фальклор народаў Поўначы і Паволжа. Напісала і надрукавала ў Вільні ў 1852—53 на польск. мове ўспаміны пра свае «падарожжы» ў Сібір, жыццё ў Бярозаве і Саратаве (перакладзены на англ., франц. і дацкую мовы і ўспрыняты сучаснікамі як дакумент эпохі). У аповесцях «Герсылія» (1849), «Пан дэпутат» (1852), «Пляменніца і цётка» (1853), ва «Успамінах аб жыцці» (1856, 1859—60) і інш. творах паказала жыццё розных слаёў бел. грамадства, асабліва шляхты. «Успаміны...» з’яўляюцца каштоўным творам па гісторыі нораваў на Беларусі, Валыні і ў Літве канца 18 — пач. 19 ст.
Літ.:
Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986. С. 188—203;
Географы і падарожнікі Беларусі: [Альбом-атлас). Мн., 1999.