АМЕРЫКА́НСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ — КАНГРЭ́С ВЫТВО́РЧЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (American Federation of Labor-Congress of Industrial Organizations АФП—КВП),
найбольшае прафс. аб’яднанне ў ЗША. Створана ў 1955 у выніку зліцця Амерыканскай федэрацыі працы і Кангрэса вытворчых прафсаюзаў. Да 1969 уваходзіла ў Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў. Штаб-кватэра ў г. Вашынгтон. З’яўляецца асн. сацыял-рэфармісцкай сілай у краіне, на прэзідэнцкіх выбарах у асноўным падтрымлівае Дэмакр. партыю. У сваёй дзейнасці зыходзіць з ідэі, што рабочыя павінны мець права на забастоўку, выкарыстоўвае метады калект. торгу (для дасягнення калект. дагавору з работадаўцам) і паправак да закону (паляпшэнне існуючых законаў); кіраўніцтва АФП—КВП выступае супраць левага радыкалізму і свабоднай рыначнай стыхіі. Аб’ядноўвае (1994) 98 найбуйнейшых прафсаюзаў краіны: рабочых буд. прам-сці, транспартнікаў, партовых грузчыкаў усх. ўзбярэжжа і інш.; больш за 14,5 млн.чл. Старшыні АФП—КВП: Дж.Міні (1955—79), Л.Керкленд (з 1979). Друкаваныя органы: штотыднёвік «AFL—CIO News» («Навіны АФП—КВП») і штомесячны час. «American Federationist» («Амерыканскі федэрацыяніст»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЬХО́Й, Аньхуэй,
правінцыя на У Кітая, у нізоўях рэк Янцзы і Хуанхэ. Пл. каля 140 тыс.км². Нас. 56 млн.чал. (1990). Адм. ц. — Хэфэй. Гал. парты: Уху, Юйцыкоў, Банбу. На Пн — нізінная тэр.Вял. Кітайскай раўніны. Зах. і паўд. часткі — сярэдневышынныя горы (макс.выш. больш за 1800 м). Клімат субтрапічны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да +4 °C, ліп. 24—28 °C, ападкаў 600—1500 мм за год з летнім максімумам. Лясы хваёвыя і шыракалістыя. Бязлесная раўніна з урадлівымі карбанатнымі алювіяльнымі глебамі амаль цалкам распрацавана. Густая гідраграфічная сетка, аснову якой складае р. Хуанхэ з прытокамі, мноства дробных азёраў. Разбуральныя паводкі р. Хуанхэ ліквідаваны пры дапамозе пабудаваных вадасховішчаў. Аньхой — адзін з асноўных с.-г. раёнаў краіны (рыс, чай, проса, тытунь, пшаніца, соя, батат, кукуруза, бавоўнік). Развіты свінагадоўля, развядзенне рыбы. Здабыча каменнага вугалю (Хуайнанскі бас.), жал. руды (у Данту), медзі (у Тунгуаньшані), серы, фасфарытаў. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Металургічная, маш.-буд., хім., папяровая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв.валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.
Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сцьсінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.
Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш.краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр. Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КАДА́СТР,
сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсахкраіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж. воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр. Беларусі.
Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ (ВСЭ),
буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс.арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс.арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс.арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ВАЛЕ́РА ((De Valera) Іман) (14.10.1882, Нью-Йорк — 29.8.1975),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Ірландыі. Скончыў Дублінскі ун-т (1904). З 1908 чл.Гэльскай лігі, з 1913 — патрыят. арг-цыі «Ірл. валанцёры». Адзін з кіраўнікоў Ірландскага паўстання 1916, за што зняволены і прыгавораны да смерці, але амнісціраваны. З 1917 лідэр паліт. арг-цыі Шын фейн і «Ірл. валанцёраў». У 1919 абраны прэзідэнтам Ірл. рэспублікі, не прызнаў англа-ірландскі дагавор 1921. У 1922 адмовіўся ад пасады прэзідэнта і ў грамадз. вайну 1922—23 узначаліў апазіцыю, якая дамагалася поўнага суверэнітэту і цэласнасці краіны. У 1923 заснаваў партыю «Фіяна файл», пасля яе перамогі на выбарах узначальваў у 1932—48 урад і быў міністрам замежных спраў. Імкнуўся да поўнай паліт. і эканам. незалежнасці Ірландыі ад Вялікабрытаніі. У 1932 узначальваў сесію Савета Лігі Нацый, у 1938 — Асамблею Лігі Нацый. У 2-ю сусв. вайну захаваў нейтралітэт Ірландыі. У 1951—54, 1957—59 зноў кіраўнік урада, у 1959—73 прэзідэнт Ірландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш. краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВА,
у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.