навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.
Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.
На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац.АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),
галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш.Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),
навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб.вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.
З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.Рэя, швед. К.Лінея, франц. Ж.Бюфона і Ж.Б.Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.М.Бэра, А.А. і У.А.Кавалеўскіх, І.І.Мечнікава, К.Ф.Рулье, А.М.Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.
На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст.Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.І.Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.М.Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.У.Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.Ц.Арзамасава, Г.А.Галкоўскай, Г.Г.Вінберга, М.С.Долбіка, П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, І.К.Лапаціна, В.І.Мержаеўскай, М.М.Пікуліка, Л.М.Сушчэні, І.М.Сяржаніна, Э.І.Хацько, Н.М.Хмялёвай і інш.Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.
Літ.:
Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;
Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЦЕ́ПЛА- І МАСААБМЕ́НУ ІМЯ́ А.В.ЛЫ́КАВА,
Акадэмічны навуковы комплекс Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Засн. ў 1952 у Мінску на базе энергет. сектара (існаваў з 1946) Ін-та торфу АН Беларусі. У 1952—63 Ін-т энергетыкі, з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, з 1990 — Акадэмічны навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА). З ін-та вылучыліся: Ін-тядз. энергетыкі (цяпер АНК «Сосны»), Ін-т водных праблем (цяпер Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў), Бел. філіял Энергет. ін-та імя Г.М.Кржыжаноўскага (з 1986 Бел.н.-д. цеплаэнергет. ін-т). У складзе АНК ІЦМА (1998): 22 лабараторыі, канструктарска-тэхнал. падраздзяленні, доследная вытв-сць. Ін-т выдае «Инженерно-физический журнал», пры ім рэдакцыі ад СНД міжнар.час. «Heat and Mass Fransfer» і амер.час. «Цеплаперанос». Аспірантура з 1952, дактарантура з 1991.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: цепла- і масаперанос у капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных неаднародных патоках, нізкатэмпературнай плазме і пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам; тэхналогія і тэхніка сушкі; плазменныя тэхналогіі; энергазберагальныя цепламасаабменныя тэхналогіі, прылады і сістэмы дыягностыкі цеплавых і гідрагазадынамічных працэсаў; навук. асновы энергазберажэння і энергетыкі; спальванне цвёрдых паліваў і адходаў; высокадакладнае паліраванне оптыкі і керамікі; цеплавыя працэсы ў біял. аб’ектах і ў дачыненні да задач навук. і практычнай медыцыны; мембранны масаперанос; цеплаабменнікі на цеплавых трубах, цеплавыя помпы, халадзільнае абсталяванне; цеплафіз. ўласцівасці рэчываў; працэсы ў нераўнаважных сістэмах; ачыстка газавых выкідаў і вадкіх асяроддзяў; прамочванне шпал і драўніны; распрацоўка навук. асноў цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў, геліятэхнікі і геліяэнергетыкі. У канцы 1950 — пач. 1960-х г.даследаванні ін-та былі зарыентаваны на патрэбы касм. і авіяц. тэхнікі, энергетыкі, у т. л. атамнай, на стварэнне цепламасаабменных тэхнал. працэсаў і апаратаў шырокага прызначэння для нар. гаспадаркі. Праведзены тэарэтыка-эксперым.даследаванні ўзаемазвязанага цепла- і масаабмену ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, аэратэрмааптычных прыстасаваннях і генератарах нізкатэмпературнай плазмы. Сфармулявана сістэма ўраўненняў, якая апісвае працэсы пераносу энергіі і рэчыва ў асяроддзі пры фазавых і хім. пераўтварэннях, разнастайных знешніх уздзеяннях і ва ўмовах плыні. Пастаўлены і разгледжаны спалучаныя задачы цеплаабмену; прапанавана сістэма дыферэнцыяльных ураўненняў узаемазвязанага цепламасапераносу, якая выкарыстоўваецца для аналізу і апісання кінетыкі хіміка-тэхнал. працэсаў, праектавання новых высокаінтэнсіўных тэхналогій. Атрыманы вынікі ў вывучэнні і апісанні заканамернасцей з’яў і працэсаў пераносу энергіі і рэчыва. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1980) і ў галіне навукі (1992), прэміямі СМСССР (1982, 1983). У Ін-це працавалі праф. І.П.Валошын (дырэктар у 1952—56), акад.АН Беларусі А.В.Лыкаў, М.А.Ельяшэвіч, А.К.Красін, Р.І.Салаухін, чл.-кар. С.С.Забродскі, Б.М.Смольскі; працуюць акад.Нац.АН Беларусі А.Р.Мартыненка (дырэктар з 1987), Б.А.Калавандзін, А.Г.Шашкоў, чл.-кар. Н.М.Дарожкін, М.У.Паўлюкевіч. Ін-т узнагароджаны ордэнам Прац.Чырв. Сцяга (1969), Ганаровай Граматай Вярх. Савета БССР (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал.даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал.даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаваннібел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал.даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕНЕ́РА»,
назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс.км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
Да арт.«Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт.Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Баспор,
дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г.Пантыкапей (цяпер г.Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж.мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.
Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст.даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ, біяпатэнцыялы,
электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.
Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЛЕСАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад агра... + лес + меліярацыя),
тэорыя і практыка правядзення лесаводчых (у спалучэнні з агранамічнымі і інж.) мерапрыемстваў па прадухіленні неспрыяльнага для с.-г. вытв-сці дзеяння прыродных фактараў. Асн. мэта агралесамеліярацыі — стварэнне ахоўных лесанасаджэнняў, якія прадухіляюць або памяншаюць эрозію глебы, замацоўваюць яры, схілы, пяскі, выконваюць ветраахоўную і снегазатрымальную функцыі, паляпшаюць мікраклімат, павышаюць вільготнасць глебы. У значных маштабах ахоўным лесаразвядзеннем займаюцца ў многіх краінах б.СССР і свету (ЗША, Данія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Канада, Балгарыя, Венгрыя і інш.). На Беларусі яно ажыццяўляецца ў складзе мерапрыемстваў па меліярацыі зямель.
Навук. асновы агралесамеліярацыі ў Расіі закладзены працамі В.В.Дакучаева, А.І.Ваейкава, Г.М.Высоцкага ў канцы 19 ст. У распрацоўку агралесамеліярац. мерапрыемстваў вял. ўклад зрабілі рус. і бел. вучоныя-лесаводы Г.Ф.Марозаў, М.С.Несцераў, М.І.Сус, А.С.Казменка, А.Р.Мядзведзеў, І.К.Якушэнка, А.І.Саўчанка, В.К.Паджараў і інш.
Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1950-я г., вядуцца ў Ін-це лесу АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, н.-д. ін-тах глебазнаўства і аграхіміі, меліярацыі і лугаводства. Распрацаваны спосабы аблясення пяскоў, стварэння полеахоўных лясных палос на асушаных тарфяніках, лясных палос на схілах, разараных пясках і супесках, аблясення яроў, агратэхн. прыёмаў барацьбы з эрозіяй.