ГЕМБІ́ЦКІ (Ібрагім Рафаілавіч) (17.10.1900, Мінск — 1.1.1974),
бел. графік. Скончыў Маскоўскі ін-т выяўл. мастацтва (1938), вучань У.А.Фаворскага. Працаваў у тэхніках ксілаграфіі і каляровай лінагравюры. Сярод твораў выкананыя ў тарцовай гравюры ілюстрацыі да аповесці Я.Коласа «Дрыгва» (1938), серыі «Разгром белапольскіх акупантаў у 1920 г.» (1939—40), «Будынак політэхнічнага інстытута ў Мінску» (1953), «Мінскі жалезабетонны завод» (1958), «Мінскі камвольны камбінат» (1960) і інш. каляровыя лінагравюры «Выган жывёлы на Усход у час вайны», «Веснавая сяўба» (абедзве 1948), «Уборка ўраджаю» (1952). Творы Гембіцкага вылучаюцца ўраўнаважанасцю кампазіцыі, танальным багаццем гравіроўкі.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ТРАКТА́Т 1783,
дагавор паміж Расіяй і Картлі-Кахецінскім царствам (Усх. Грузія), заключаны 4 жн. ў Георгіеўску (Паўн. Каўказ). Паводле Георгіеўскага трактата груз. цар Іраклій II прызнаваў пратэктарат Расіі і адмаўляўся ад самаст. знешняй палітыкі. Кацярына II гарантавала Грузіі поўную аўтаномію, непарушнасць яе тэр. і абарону на выпадак вайны; прывілеяваныя саслоўі Грузіі прыраўноўваліся да адпаведных рускіх. Георгіеўскі трактат аслабіў пазіцыі Ірана і Турцыі ў Закаўказзі і падрыхтаваў далучэнне Грузіі да Расіі ў 1801.
Літ.:
Брегвадзе А.И. Славная страница истории: Добровольное присоединение Грузии к России и ею социально-экон. последствия. М., 1983.
т. 5, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963,
Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.
т. 5, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.
В.М.Чарнатаў.
т. 5, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШЫ́ (сапр. Грыгаран) Ашот Багдасаравіч
(22.5.1910, Баку — 28.2.1973),
армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў паэзіі «Разам з народам» (1938), «Арфа вайны» (1942), «Пад зоркай братэрства» (1949), «Песня па свеце ляціць» (1952), «Сястра сонца» (1972), «Крыніца жураўлёў» (апубл. 1976) і інш. Асн. тэматыка творчасці — жыццё і стваральная праца суайчыннікаў, змаганне за мір. Яго паэзія адметная жыццесцвярджальным пафасам, лірызмам, грамадзянскасцю. Пераклаў на арм. мову асобныя творы М.Танка, А.Ставера. Творы Грашы на бел. мову перакладалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, С.Дзяргай, Х.Жычка, Ю.Свірка, В.Шымук.
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦАВЕ́Ц (Сяргей Іванавіч) (6.7.1909, в. Бараўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.9.1939),
двойчы Герой Сав. Саюза (22.2 і 29.8.1939). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1932), школу паветр. бою (1936). Лётчык-знішчальнік, камандзір авіязвяна, атрада, знішчальнага авіяпалка. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39 (збіў больш за 30 самалётаў ворага), у 1939 баёў на р. Халхін-Гол (збіў 12 самалётаў праціўніка, у адным з баёў выратаваў камандзіра авіяпалка). Загінуў у авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Мінску, Баранавічах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавіцкага р-на яму пастаўлены помнікі.
т. 5, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ГЕЛЬ (Адольф Самойлавіч) (н. 3.6.1915, Вена),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1976). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940). Аўтар тэматычных карцін «Ідуць на фронт» (1943), «Кастусь Каліноўскі» (1958, з Р.Кудрэвіч), «Восеньскі роздум» (1982), «Партызанам Беларусі прысвячаецца» (1984, з Кудрэвіч), «Дзеці вайны» (1985), пейзажаў «Вясна ў Вязынцы» (1985), «Тут быў млын» (1988), «Восень у Лошыцы» (1995), нацюрмортаў «Півоні» (1963), «Вясновы» (1992), «Сланечнікі» (1995), партрэтаў «Калгасны пастух» (1960), «Італьянка» (1994), «На яснай паляне» (1996) і інш. Творы адметныя трывалай кампазіцыйнай пабудовай, дакладнасцю малюнка і тыпажу, дынамікай колеру.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЧАНКА (Людміла Маркаўна) (н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),
расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.
т. 5, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Віктар Міхайлавіч) (30.1.1909, Масква — 23.1.1944),
рускі паэт і драматург. Асн. тэма зб-каў вершаў «Паход рэчаў» (1929), «Слова брыгадзіра» (1932), «Сыны дыктатуры» (1934) і інш. — пафас працы. Аўтар папулярных песень «Полечка-поле», «Як за Камай за ракой» і інш., п’есы ў вершах «Слава» (1936), камедый «Дружба» (1938), «Вясна ў Маскве» (1941), кінасцэнарыяў «Свінарка і пастух» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946). Бываў на Беларусі, перакладаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа і інш.
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1955;
Пьесы. М., 1959.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫЯ́Н (Іван Якаўлевіч) (27.4.1913, в. Какошчыцы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.1.1970),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. КПЗБ з 1933. У 1935 сакратар падп. Чамяроўскага раённага, Слонімскага і Навагрудскага акр. к-таў КСМЗБ, чл. ЦК КСМЗБ. Дэлегат II (1935) з’езда КПЗБ. У ліст. 1935 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ў 1939 дэп. Нар. сходу. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў партыз. руху на Слонімшчыне, камісар партыз. атрада імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага. Пасля вайны на сав. і гасп. рабоце ў Слоніме.
т. 5, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)