ПАЎГРО́Ш,

медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.​Валошыным, С.​Рак-Міхайлоўскім, Б.​Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.

В.​П.​Ласковіч.

т. 12, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРАДСМЯРО́ТНЫ РАЗГАВО́Р ПУСТЭ́ЛЬНІКА ПЯТРА́»,

«Перэдсьмертный розговор Пустэльніка Петра, каторый жыў у пушчы дзевецьдзесят лет, а памёр маючы сто сорок лет», бел. агітацыйная брашура. Надрукавана лацінкай на бел. мове ў невядомай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. Мае памету: «Друкавана ў Кіеве». Складаецца з 16 старонак невял. фармату; уяўляе сабой празаічную гутарку — зварот выдуманага пустэльніка Пятра да шляхты і мужыкоў падтрымаць паўстанне «палякаў» супраць царызму. Ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда». У канцы надрукаваны бел. пераклад-пераробка патрыят. гімна «Божа, што Польшчы...». Мяркуючы па рэаліях гімна (Тураў, Петрыкаў), брашура прызначалася для распаўсюджвання ў паўд. частцы Беларусі.

Літ.:

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЁЛАЧНІК, ястраб-перапёлачнік,

ястраб малы (Accipiter nisus),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі гняздуецца, трапляецца на пралётах і зрэдку зімой. Жыве на яловых, ялова-альховых, хваёвых узлесках; гнёзды на дрэвах. Нар. назвы: карагольчык, каршачок, малы шуляк, шулёнак, шулячок.

Даўж. да 43 см, маса да 300 г. Самцы значна драбнейшыя за самак. Апярэнне спіны цёмна-шэрае або цёмна-бурае, цемя чарнаватае; брыво белае; на брушку белаватае або вохрыстае з бурым або рыжым папярочным малюнкам. Дзюба сінявата-бурая, радужына аранжава-жоўтая, васкавіца і ногі жоўтыя. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Нясе да 6 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Перапёлачнік: 1 — самка, 2 — самец.

т. 12, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЭЛЬМА́Н (Тэадор Львовіч) (30.9.1933, Мінск — 12.10.1974),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі (з 1963 заг. лабараторыі), адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі цеплаправоднасці, цеплафізіцы, стат. фізіцы. Распрацаваў (разам з А.В.Лыкавым) тэарэт. асновы спалучаных задач цеплаабмену пры знешнім абцяканні цел і метады іх рашэння. Даследаваў асаблівасці працэсаў пераносу пры сублімацыі цвёрдых цел у вакуум.

Тв.:

Тепло- и массообмен в процессах сублимации в вакууме. М., 1973 (разам з Дз.​П.​Лебедзевым);

Диффузия в сложных молекулярных структурах. Мн., 1974 (разам з С.​Г.​Галакціёнавым, Р.​В.​Нікіфаровічам);

Физика биологических мембран. М., 1976 (у сааўт.).

М.​М.​Далгіх.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КМАН (Ізраіль Цурыелевіч) (20.2.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1990),

бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1942). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Працаваў пераважна ў дакумент. кіно. Аператарскай манеры ўласцівы псіхалагізм у стварэнні партрэтных характарыстык, тонкае адчуванне светлавой гамы. Рэжысёрская творчасць адметная публіцыстычнасцю. Выступаў і як сцэнарыст. Сярод фільмаў: дакумент. «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. і аператар у сааўт.), «Пастух» (1969, сцэн. у сааўт.), «Мы — сіняблузнікі» (1970), «Пакуль не загрыміць гром» (1973), «Прытча пра кола і біясферу» (1974; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Варна, Балгарыя), «Чырвоны сшытак» (1980); маст. «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959, аператар з А.​Аўдзеевым). З 1990 у ЗША.

В.​І.​Смаль.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КУЛЬ (Міхаіл Іванавіч) (н. 5.7.1946, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікі плазмы і тэхналогіі мікраэлектронікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1976), праф. (1994). Скончыў Харкаўскі ун-т (1968). З 1970 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1995 у Мінскім ін-це кіравання (з 1997 прарэктар). Навук. працы па плазменнай тэхналогіі. Распрацаваў метады вызначэння параметраў плазмы металаў, тэхнал. працэсы вытв-сці вырабаў мікраэлектронікі з выкарыстаннем дасягненняў у галіне фізікі плазмы. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1996.

Тв.:

Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1983 (у сааўт.);

Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з А.​П.​Дастанкам, А.​А.​Хмылем);

Конструирование и технология производства ЭВМ. Мн., 1996 (разам з І.​М.​Русаком, М.​А.​Цыральчуком).

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),

род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НТАЛЬ (Станіслаў Францавіч) (10.4.1894, г. Білгорай Люблінскага ваяв., Польшча — 10.12.1937),

удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935). З 1915 у арміі. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. У 1918—20 у Чырв. Арміі, удзельнік баёў на Зах. фронце, камісар па польскіх справах Зах. вобл. З 1920 у органах дзярж. бяспекі: з 1921 нам. старшыні ЧК БССР, у 1923—24 старшыня ДПУ БССР, потым у АДПУ СССР. Канд. у чл. ЦБ КП(б)Б у 1923—24. Канд. у чл. ў 1922—24 і чл. ЦВК БССР у 1924. 19.7.1937 арыштаваны, 9.12.1937 неабгрунтавана прыгавораны да расстрэлу за прыналежнасць да т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай». Рэабілітаваны 7.3.1956.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМЯНКО́Ў (Алесь) (Аляксандр Уладзіміравіч; н. 25.2.1957, в. Бялынкавічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1980). У 1974—75 працаваў у касцюковіцкай раённай газеце, у 1980—82 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». з 1999 яго гал. рэдактар, у 1982—99 у час. «Полымя». Друкуецца з 1974. Аўтар паэт. зб-каў «Белы камень» (1983), «Чытаю зоры» (1998, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі), «Планіда» (1994), «Вершы» (1997, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1998), «Журавель над студняй» (1998), «Я не памру, пакуль люблю» (2000), у якіх асэнсаванне гіст. мінулага народа, паэтызацыя роднай зямлі, філас. заглыбленасць, тэма кахання. Піша нарысы, эсэ, вершы, казкі для дзяцей (кн. «Заўзятары», 1993; «Ласуны-веселуны», 1997).

Л.​В.​Календа.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)