ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,

камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.​М.​Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.​Д.​Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.​Брэслава, Я.​Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЙТ,

1) асоба, якая ўзначальвала мясц. (гарадское або сельскае) кіраванне ці самакіраванне на тэр. Германіі, Польшчы, Беларусі, Украіны і Літвы ў 15—18 ст. Прызначаліся каралямі ці феадаламі або выбіраліся з заможных феадалаў ці мяшчан. У ВКЛ войта прызначаў вял. князь. У гарадах, дзе існавала самакіраванне (пераважна на У Беларусі), пасада войта ўводзілася да ўстанаўлення магдэбургскага права. Увядзенне пасады войта пры адначасовым наданні гораду магдэбургскага права (у цэнтр. частцы і на З Беларусі) азначала стварэнне прадугледжаных гэтым правам органаў кіравання. Класічнае магдэбургскае права зводзіла ролю войта да старшынства на войтаўска-лаўніцкім судзе. Паступова на Беларусі войт набыў правы вышэйшай адм. улады і войтаўскага суда.

2) Асоба, якая наглядала за працай прыгонных сялян і выкананнем імі павіннасцей. Войт, які кіраваў часткай (ключом) маёнтка, называўся ключ-войтам.

3) Кіраўнік гміны ў Польшчы да 1950 і ў Зах. Беларусі ў 1921—39.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЯ,

1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл. Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.​Вунт, Н.​Ах, І.​Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш. псіхал. фактараў і з’яў (І.​Ф.​Гербарт, Г.​Эбінгаўз, Э.​Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).

2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́МУШАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

вылучэнне электрамагнітных хваль квантавымі сістэмамі (напр., атамамі) пад уздзеяннем знешняга (вымушанага) выпрамянення і тоеснымі з ім частатой, фазай, палярызацыяй і напрамкам распаўсюджвання. Паняцце вымушанага выпрамянення ўведзена з агульных тэрмадынамічных меркаванняў А.Эйнштэйнам (1917) для сістэмы многіх часціц. Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваль (гл. Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).

Поўная магутнасць вымушанага выпрамянення пры ўзаемадзеянні актыўнага асяроддзя са знешнім эл.-магн выпрамяненнем выражаецца формулай P = ε ωmn (Nm − Nn) , дзе ε = (Em − En) — энергія выпрамененага (паглынутага) фатона; Em і En — энергія электрона на больш высокім і больш нізкім узроўнях; ωmn — імавернасць выпрамянення (паглынання); Nm і Nn — заселенасць больш высокага і больш нізкага ўзроўняў. Актыўнае асяроддзе мае інверсную заселенасць узроўняў Nm>Nn і P>0; у раўнаважных сістэмах Nm<Nn, і таму сістэма паглынае знешняе выпрамяненне (P<0).

Л.​М.​Арлоў.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАЯ СТРУКТУ́РА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

сукупнасць падраздзяленняў прадпрыемства з усталяванымі паміж імі ў працэсе выпуску прадукцыі сувязямі. Кожная стадыя вытв. працэсу афармляецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне. Першасная структурная вытв. адзінка — рабочае месца. Рабочыя месцы аб’ядноўваюцца ў вытв. ўчасткі, якія ўтвараюць асн. структурныя падраздзяленні — цэхі. На буйных прадпрыемствах цэхі аб’ядноўваюцца ў карпусы. У залежнасці ад складу вытв. падраздзяленняў прадпрыемства мае цэхавую, бясцэхавую (толькі ўчасткі) і мяшаную структуру. Паводле ролі ў вытв. працэсе адрозніваюць цэхі асн. (нарыхтоўчыя, апрацоўчыя і зборачна-аддзелачныя), дапаможныя (інстр. вытв-сць, энергет. і рамонтная гаспадаркі) і абслуговыя (складскія, транспартныя, энергасеткі і інш. камунікацыі). Канструктарска-тэхнал. падраздзяленні займаюцца праектаваннем вырабаў і падрыхтоўкай вытв-сці, органы кіравання прадпрыемствам арганізоўваюць, накіроўваюць і рэгулююць ход вытв-сці ў цэлым. Вытворчая структура прадпрыемства залежыць ад формы ўласнасці і кіравання, галіновай прыналежнасці прадпрыемства і звычайна перабудоўваецца пры асваенні новай прадукцыі, замене тэхналогіі і абсталявання.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 4, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЧА́ЛЬНАЯ ПЕЧ, трубчастая печ,

прамысловая гарызантальная або крыху нахіленая печ цыліндрычнай формы, якая верціцца вакол падоўжнай восі. Прызначана для награвання матэрыялаў з мэтай іх фіз.-хім. апрацоўкі. Бывае на пылаватым, кавалкавым, вадкім ці газавым паліве, з эл. нагрэвам. Даўж. да 230 м, дыяметр да 7,5 м, прадукцыйнасць да 150 т/гадз гатовай прадукцыі.

Сыравіна або вырабы награюцца ў печы (прамым нагрэвам, праз сценку муфеля або камбінаваным спосабам), перамяшчаюцца пры вярчэнні яе корпуса і выгружаюцца. У награвальных вярчальных печах метал. загатоўкі падрыхтоўваюць да коўкі і штампавання; у тэрмічных праходзяць тэрмічную апрацоўку; у абпальных абпальваюць клінкер, руды, нярудныя матэрыялы, жалезарудныя акатышы і інш. Вярчальныя печы выкарыстоўваюць ў металургіі (напр., вельц-печы), цэментнай і хім. прам-сці і інш.

Схема вярчальнай печы: 1 — сістэма ачысткі газаў; 2 — фарсункі для падачы шыхты (пульпы); 3 — цеплаабменныя прыстасаванні; 4 — зубчастая перадача; 5 — металічны барабан, 6 — фарсункі для паліва.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТРО́Ў (Іван Дзмітрыевіч) (9.10.1905, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1986),

партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Засл. юрыст БССР (1972), засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940), Ваенна-юрыд. акадэмію Сав. Арміі (1952). З 1925 на сав. і парт. рабоце на Беларусі. У 1940—41 пракурор БССР. З ліп. 1942 прадстаўнік ЦК КП(б)Б і БШПР на Зах. фронце, з жн. 1943 1-ы сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б, адначасова ў вер. 1943—сак. 1944 камандзір Палескага партыз. злучэння. У 1944—49 пракурор БССР, у 1953—60 міністр юстыцыі БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1940—49. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—63, дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50. Аўтар мемуараў.

І.​Дз.Вятроў.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады, якія працуюць на цеплавой энергіі, што вылучаецца пры спальванні гаручага газу. Выкарыстоўваюцца ў жылых і грамадскіх будынках для прыгатавання страў, награвання вады, ацяплення памяшканняў і інш.

Складаюцца звычайна з гарэлкі газавай з падвадным цеплаправодам, цеплаабменніка, сродкаў аўтаматызацыі і прыстасавання для выдалення прадуктаў згарання. Падзяляюцца на бытавыя (газавыя кухонныя пліты, праточныя і ёмістасныя воданагравальнікі), ацяпляльныя (ёмістасныя воданагравальнікі, газавыя каміны, ацяпляльныя апараты з вадзяным контурам і ацяпляльна-варачныя, ацяпляльнікі канвекцыйнага і выпраменьвальнага абагрэву; гл. Газавае ацяпленне), газавыя прылады прадпрыемстваў грамадскага харчавання (рэстаранныя пліты, страваварачныя катлы, духавыя шафы, прыстасаванні для смажання, кіпяцільнікі), прылады для спец. мэт (гарэлкі лабараторныя і інфрачырвонага выпрамянення). Характарызуюцца цеплавой нагрузкай, прадукцыйнасцю (колькасцю цеплаты, якая выкарыстоўваецца), ккдз (звычайна 56—83%). Вырабам газавых прылад на Беларусі займаецца брэсцкі з-д «Газаапарат».

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

Да арт. Газавыя прылады. Газавая пліта на прыродным газе з магчымасцю прыстасавання для свяцільнага газу і прапан-бутану.

т. 4, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬКА,

абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.

В.​П.​Кісель.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКА́Я ЎПРА́ВА,

выканаўчы орган гар. думы ў Рас. імперыі. Складалася з 2—3 асоб, выбраных думай. Узначальваў управу гарадскі галава (адначасова быў і старшынёй гар. думы). Члены ўправы лічыліся на дзярж. службе і атрымлівалі заработную плату, якую ўстанаўлівала гар. дума з фонду гар. даходаў. Гарадская ўправа мела пастаянную канцылярыю, якая падзялялася на шэраг аддзелаў, адпаведных функцыям гар. самакіравання. Пры ёй ствараліся пастаянныя і часовыя камісіі. Гарадскія ўправы займаліся пытаннямі гаспадаркі і добраўпарадкавання гарадоў, супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, ажыццяўлялі нагляд за развіццём мясц. гандлю і прам-сці, кіравалі гар. медыцынай і нар. адукацыяй. Не валодалі прымусовай уладай, падпарадкоўваліся губернатару і міністру ўнутр. спраў, якія маглі накласці вета на любое рашэнне ці пастанову гарадской управы. У Беларусі, дзе гар. даходы былі меншыя за расходы, гарадскія ўправы выбіраліся пераважна ў губ. гарадах. У большасці пав. гарадоў функцыі гарадской управы выконваў гар. галава.

А.​М.​Люты.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)