неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.
Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА«Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл.Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Пад с.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім.прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для выдалення камянёў пры ачыстцы с.-г. угоддзяў, буд-ве дарог, гідратэхн. збудаванняў і інш. Бываюць прычапныя і паўпрычапныя. навясныя і паўнавясныя, цыклічнага і бесперапыннага дзеяння.
Буйныя і сярэдняга памеру камяні выдаляюць карчавальнікамі, карчавальнікамі-збіральнікамі, машынамі са сківічным захопам, бульдозерамі, валуны — ланцуговымі або тросавымі прыстасаваннямі. Камяні сярэдніх памераў і часткова дробныя ўбіраюць паўпрычапной аднавосевай машынай з грабеньчатым рабочым органам (агрэгатуецца з трактарам «Беларусь»), Збіранне камянёў робяць прачэсваннем верхняга слоя глебы. Паднятыя грэбенем камяні скідваюцца ў бункер, а потым у прычэп ці на пляцоўку складзіравання. Дробныя камяні (дыям. да 30 см) выбіраюць машынамі з грабеньчатымі, ротарнымі, барабаннымі, элеватарнымі, грохатнымі, дыскавымі і камбінаванымі рабочымі органамі. Ёсць таксама К.м. для адначасовай уборкі і драблення камянёў. Камяні ў трансп. сродкі грузяць каўшовымі, грэйфернымі і інш. пагрузчыкамі, з поля вывозяць рознымі прычэпамі-самазваламі, лыжамі-самазваламі і інш.
І.І.Леановіч.
(Каменяўборачныя машыны: а — навясная з пярэднім сківічным захопам (1 — трактар, 2 — зубы, 3 — верхнія захопы, 4 — гідрацыліндры, 5 — заднія зубы); 6 — прычапная (1 — гідрасістэма павароту бункера, 2, 3 — хадавыя колы, 4 — грэбень; I — збіранне камянёў, II — пагрузка іх у бункер, III — выгрузка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́Т ПА СПРА́ВАХ ЗАХО́ДНІХ ГУБЕРНЯЎ,
вышэйшы дарадчы орган пры цару Мікалаю I для выпрацоўкі законапалажэнняў і мерапрыемстваў па аслабленні польскага і ўмацаванні рус. ўплыву ў адносінах да Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны. Існаваў у 1831—48. Створаны ў сувязі з паўстаннем 1830—31. Пачаў работу 28.9.1831. На першым пасяджэнні к-та Мікалай I даручыў яму прыняць меры, «каб губерні, ад Польшчы далучаныя, прыведзены былі да таго парадку, які для кіравання ў іншых расійскіх губернях існуе». У к-т уваходзілі міністры і вышэйшыя дзярж. саноўнікі. Старшынямі к-та былі старшыні Дзярж. савета і К-та міністраў. Разглядаў праекты адм. і паліт. мерапрыемстваў, якія паступалі ад мін-ваў, губернатараў і ген.-губернатараў і падаваў іх на зацвярджэнне цару. Паводле рэкамендацый к-та на Беларусі было спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 і ўведзена агульнарас. заканадаўства. ажыццёўлены мерапрыемствы па прадухіленні шляхецкіх выступленняў, у сістэме асветы і дзярж. справаводства польская мова заменена рускай, прымаліся меры па змяншэнні ўплыву каталіцызму. К-т займаўся сял. пытаннем, разглядаў справы аб канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстання 1830—31, пытанні аб адм. уладкаванні краю. Спыніў дзейнасць 31.1.1848, яго функцыі перададзены К-ту міністраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50°паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЭМІ́Р (Дзмітрый Канстанцінавіч) (5.11.1673, г. Ясы, паводле інш. звестак с. Сіліштэ або г. Фэлчыў, Румынія — 1.9.1723),
малдаўскі і рас. дзяржаўны дзеяч, гісторык, філосаф, пісьменнік музыказнавец і кампазітар. Чл. Берлінскай АН (1714). Святлейшы князь (1711), сенатар, тайны саветнік (з 1721). Малодшы сын малд. гаспадара (правіцеля) Канстанціна К. У 1688—91 вучыўся ў Канстанцінопалі. З 1693 (з перапынкамі) прадстаўнік малд. гаспадара пры двары тур. султана. У 1710—11 гаспадар Малдовы; у крас. 1711 заключыў з рас. царом Пятром I дагавор аб саюзе супраць Турцыі і ўваходжанні Малдовы на правах аўтаноміі ў склад Расіі, удзельнік Пруцкага паходу 1711. Са жн. 1711 у Расіі: дарадца Пятра I па ўсх. пытаннях, удзельнік Персідскага паходу 1722—23. Аўтар гіст. прац «Гісторыя ўзвышэння і заняпаду Атаманскай імперыі» (1714—16, класічнае даследаванне, перакладзена на англ., ням., франц. мовы), «Апісанне Малдавіі» (1716), «Сістэма, або Стан мухамеданскай рэлігіі» (1719), філас. твораў «Метафізіка» (1700), «Даследаванне прыроды манархій» (1714) і інш., рамана «Іерагліфічная гісторыя» (1705), муз. трактата (1704), у якім даў нотную сістэму тур. музыкі, і больш як 30 твораў тур. класічнай музыкі.
Літ.:
Бабий АИ. Дмитрий Кантемир. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Дз.К.Кантэмір. З партрэта невядомага мастака. Каля 1720.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВЫ́ САКРАТАРЫЯ́Т ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1924—37 (у 2-й пал. 1920-х г. называўся Краявое бюро ЦККПЗБ). Працаваў у падполлі. Фактычна быў часткай Цэнтральнага Камітэта КПЗБ з 3—4 яго членаў, якія пастаянна знаходзіліся на нелегальнай рабоце ў Вільні, з канца 1920-х г. — у Варшаве. У склад сакратарыята зрэдку ўваходзілі кандыдаты ў чл.ЦККПЗБ. Працаваў пад кіраўніцтвам Бюро ЦККПЗБ, агульнае паліт. кіраўніцтва яго дзейнасцю ажыццяўляў Краявы сакратарыят ЦК КПП (знаходзіўся ў Варшаве). Кіраваў Цэнтр. краявой рэдакцыяй, Цэнтр. тэхнікай (падп. друкарні, распаўсюджванне л-ры), акр. к-тамі КПЗБ, ЦК КСМЗБ, ЦК МОПР Зах. Беларусі, некаторымі цэнтрамі бел.нац.-вызв. руху і іх легальнымі выданнямі, вёў парт. касу; падтрымліваў канспіратыўную сувязь з Прадстаўніцтвам ЦККПЗБпрыЦККП(б)Б у Мінску. У розны час К.с. ЦККПЗБ узначальвалі члены Бюро ЦК А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.Т.Мілер, Л.М.Янкоўская; у яго склад уваходзілі члены Бюро і канд. ў чл.ЦККПЗБ Я.С.Бабровіч, Р.Д.Вольф, М.І.Гурын-Маразоўскі, Г.М.Дуа, А.У.Канчэўскі, С.М.Малько, М.Л.Перавалоцкі, Ф.Б.Пірышка, А.Х.Раф, Л.І.Родзевіч, А.М.Розенштайн і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУКІ́, знамёны, стаўпы,
знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст.бел.муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 20.9.1937, в. Машчаліна Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Д-рфілал.н. (1991), канд.гіст.н. (1971).
Скончыў БДУ (1961). Акадэмію грамадскіх навук прыЦККПСС (1971). З 1954 на культ.-асв. і камсамольскай рабоце. У 1971—79 і 1983—87 у Ін-це эканомікі сусв.сацыяліст. сістэмы АНСССР, у 1979—82 прадстаўнік Саюза сав. т-ваў дружбы і культ. сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы. З 1987 гал. рэдактар час. «Советское славяноведение», з 1989 у Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага Расійскай АН. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, сав.-польскіх адносін. З канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нац. самасвядомасці, творчасці Ф.Скарыны, Я.Купалы, К.Езавітава, І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.М.Улашчыка і інш. Укладальнік літ.навук. штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Тв.:
Польша: Отечество и социализм. М., 1977;
Тут мой народ: Францішак Скарыпа і бел.літ. XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;
Жывом! М.;
Мн., 1997;
Будам жыць! Пра тое самае. Мн.;
М., 1998;
Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.