МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш.). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМ (Roma),
горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс.ж. (1998). Гал.паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп. вузел унутр. і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл. кампаніі, праўленні многіх італьян. і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.
Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сцьчыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн.чал. штогод). Метрапалітэн.
Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э.Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн.чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс.чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.
Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.
Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст.тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал.арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл. Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.Б.Альберці ці Б.Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.Брэньё, з 1499 — Д.Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх. Б.Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх. Б.Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.Караваджа).
У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.Віньёла, Б.Аманаці, Дж.Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл.Св. Пятра (1657—63, арх. Л.Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.Понцыо, К.Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.
У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.Саконі, скульпт. А.Дзанелі, Э.К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.П’ячэнціні, Дж.Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.Мацоні, Э.Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх. Б.Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л.Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян.ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л.Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх.ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш.). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А.Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш.). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн. значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш.). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;
Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.
А.К.Лявонава, Э.А.Петэрсон.
Да арт.Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.Да арт.Скульптура. Г.Мур. Фігура ляжыць. 1935.Да арт.Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.Да арт.Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс.г. да н.э.Да арт.Скульптура. А.Глебаў. Ф.Скарына. 1954.Да арт.Скульптура. А.Анікейчык. Г.Ахматава. 1982.Да арт.Скульптура. А.Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.Да арт.Скульптура. А.Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.Да арт.Скульптура. А.Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.Да арт.Скульптура. А.Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА.
Да 1960-х г. галоўная роля ў перамяшчэннях насельніцтва Беларусі належала знешняй міграцыі. Беларусь інтэнсіўна страчвала частку свайго насельніцтва ў выніку абмену з РСФСР, Украінай, Казахстанам, рэспублікамі Прыбалтыкі. Па меры развіцця вытворчых сіл і павелічэння колькасці працоўных месц на працягу 1960—80-х г. знешняя міграцыя стала памяншацца і вядучае месца занялі перамяшчэнні ўнутры краіны — з вёсак у гарады і з дробных гарадоў у буйныя. Кардынальныя змены ў аб’ёмах, інтэнсіўнасці і накіраванасці міграцыйных патокаў адбыліся ў 1980-я — пач. 1990-х г., што звязана з пачаткам перабудовы ў эканам. і паліт. жыцці краіны, а таксама з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) і яе наступствамі. У першыя дні пасля катастрофы з найб. небяспечнай 30-кіламетровай зоны эвакуіравана 24,7 тыс.чал. У 1990—96 у чыстыя раёны краіны пераселена амаль 61 тыс.чал., самі выехалі 45,6 тыс.чал. (разам 40 тыс. сем’яў); з забруджаных радыенуклідамі раёнаў усяго выехала больш за 130 тыс.чал. З сярэдзіны 1990-х г. некаторыя сем’і пачалі вяртацца ў забруджаныя раёны. У 1999 на забруджаных тэрыторыях жыло каля 16% усяго насельніцтва краіны.
На змену тэндэнцыі міграцыйных працэсаў істотна паўплываў распад СССР, у выніку чаго міжрэспубліканская міграцыя насельніцтва ператварылася ў міжнародную. Рэзка паменшыліся аб’ёмы эканам., сваяцкіх, навучальных міграцый, затое выраслі аб’ёмы рэпатрыяцыйных патокаў, бежанцаў і перасяленцаў, выкліканых стрэсавымі сітуацыямі (эканам. і паліт. крызіс, ваен. канфлікты). У абмене насельніцтвам з іншымі дзяржавамі па гадах адзначаюцца істотныя адхіленні сальда міграцыі ў той ці іншы бок. Напр., сальда знешняй міграцыі на Беларусі ў 1985 было +0,2 тыс.чал., у 1986 -15,8, у 1989 +10,3, у 1990 -32, у 1992 +53,6, у 1993 +32,4, у 1994 -3,3, у 1998 +19,9, у 2002 +6,6 тыс.чал. Па ўсіх унутрыдзяржаўных патоках сальда міграцыі было дадатным для гарадоў і адмоўным для сельскай мясцовасці. Сальда міграцыі паміж Беларуссю і краінамі СНД і Балтыі было дадатным для гарадоў і для сельскай мясцовасці; сальда міграцыі з краінамі далёкага замежжа было адмоўным і для гарадоў, і для сельскай мясцовасці Беларусі.
Знешнюю міграцыю насельніцтва ўмоўна падзяляюць на міграцыю з краінамі СНД і Балтыі і міграцыю з іншымі дзяржавамі свету. Гэтыя патокі маюць розныя аб’ёмы і накіраванасць (гл.табл. 25, рыс. 4).
У 1990-я г. Беларусь мела дадатнае сальда міграцыі практычна з усімі былымі рэспублікамі СССР. З часам гэты міграцыйны абарот пастаянна зніжаецца (гл.табл. 26).
Асноўны міграцыйны абмен Беларусі адбываецца з Расіяй, Украінай і Казахстанам (91,5% ад усіх, хто прыбыў на Беларусь). Дынаміка міграцыйных патокаў з блізкім замежжам абумоўлена шэрагам фактараў. Стрымліваюць насельніцтва на месцах эканам. фактары (раз’яднанне валютных сістэм, недахоп сродкаў для пераезду, адсутнасць перспектыў набыцця жылля, занепакоенасць з прычыны магчымых цяжкасцей з працаўладкаваннем) і адміністрацыйныя (праблемы з грамадзянствам, з вылічэннем працоўнага стажу для атрымання пенсіі і інш.). Уплываюць таксама раздзяленне ўзбр. сіл і перавод ваеннаслужачых на службу па месцы прызыву і інш. прычыны.
У 1990 сальда міграцыі з краінамі Балтыі склала +4,6 тыс.чал. Сярод асоб, што прыбылі на Беларусь, пераважалі вяртанцы, якія выехалі з рэспублікі ў папярэднія гады (94,9% з іх — беларусы, рускія, украінцы, палякі, яўрэі). Сярод зарэгістраваных імігрантаў 40—50% склалі асобы тытульнай нацыянальнасці (з краін Балтыі больш за 50%). Рээміграцыя беларусаў пачалася ў канцы 1980-х г., у 1990-я г. яна стала асабліва інтэнсіўнай. За апошнія 12 гадоў з краін былога СССР на Беларусь вярнулася больш за 10% беларусаў, якія жылі за яе межамі. Максімальны прыток насельніцтва на Беларусь прыпадае на 1992. За перыяд 1989—99 з краін Закаўказзя выехаў кожны трэці беларус (з Арменіі амаль усе беларусы); з краін Балтыі — 14% беларусаў; з краін Сярэдняй Азіі — 11%; з Расіі — каля 12%; з Казахстана, Украіны, Малдовы адток беларусаў быў менш інтэнсіўны. Вяртанне на Беларусь беларусаў і іншых «рускамоўных» народаў з краін былога СССР пераважна звязана з невалоданнем імі тытульнай мовы гэтых дзяржаў, якая пры абвяшчэнні іх незалежнасці стала ў многіх з іх адзінай дзярж. мовай, а таксама з боязі страціць права на грамадзянства Рэспублікі Беларусь, на кватэру і пенсію.
Значная частка беларусаў пры выбыцці з неславянскіх дзяржаў асела ў Расіі і на Украіне, таксама як і многія рускія і ўкраінцы ў гэтыя гады пераехалі з іншых дзяржаў на Беларусь. Паток імігрантаў з Расіі пераважаў з рэгіёнаў Поўначы і Сібіры.
Асобы іншых нацыянальнасцей у агульным патоку зарэгістраванай іміграцыі складалі 5—6%. Працэнт імігрантаў з краін Закаўказзя, асабліва з Арменіі і з т.зв. гарачых кропак былога СССР у 1991 даходзіў да 70%.
Эміграцыя за межы былога СССР у 1986—90-я г. актывізавалася з-за пагаршэння сац.-эканам. і экалагічнай сітуацыі на Беларусі, а таксама з прычыны дазволу свабоднай этнічнай эміграцыі і спрашчэннем парадку выезду і ўезду. Паводле звестак МУС Рэспублікі Беларусь у 1989 з Беларусі ў краіны далёкага замежжа выехала 14,7 тыс.чал., у 1990—34,1, 1991—22, 1992—9,7, 1993—6,9, 1994—7, 1995—8,8, 1996—8,9, 2002—8 тыс.чал. У абмене з дзяржавамі далёкага замежжа Беларусь страчвала сваё насельніцтва. У час, калі выезд суайчыннікаў за мяжу быў выбарачным і абмежаваным, назіралася дадатнае сальда міграцыі. У патоку эмігрантаў з Беларусі ў 1989—95 пераважалі асобы яўрэйскай нацыянальнасці. Найб. долю ў аб’ёме эміграцыі займаюць Ізраіль, ЗША, Германія. Міграцыйны абарот (у 1991—2003) зменшыўся з 46,5 тыс.чал. у 1990 да 6,2 тыс.чал. у 2002. Гэта абумоўлена нармалізацыяй эміграцыйнага працэсу — свабодныя паездкі да сваякоў, аблегчаны выезд за мяжу ў асабістых мэтах на кароткі час і інш.
Найбольш актыўна эмігрыруюць у замежныя краіны людзі ў маладым працаздольным узросце (20—24 гады) і ўзросце найб.прафес. актыўнасці (30—49 гадоў). Больш за 90% асоб, якія ад’язджаюць за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Адбываюцца змены ў матывацыях выезду; калі раней пераважаў этналагічны характар, то цяпер — эканам.-сацыяльны. Ад’езд за мяжу ў краіны з больш высокім узроўнем жыцця разглядаецца як пошук нашымі суайчыннікамі лепшага матэрыяльнага становішча для сябе і сваёй сям’і.
Працоўная міграцыя (рэгіструемая) для Беларусі пакуль мае невялікія аб’ёмы. Рэформы ў паліт. і эканам. сферы стварылі ўмовы ўваходжання краіны ў міжнар. рынак працы. У наш час пераважае экспарт рабочай сілы над імпартам. Таму дзярж. інтарэсы патрабуюць узмацнення ўплыву на структуру эміграцыйна-іміграцыйных патокаў, удасканалення сістэмы органаў дзярж. кіравання, адказных за каардынацыю гэтай дзейнасці. Адсутнасць рэгулявання прытоку і адтоку рабочай сілы абумовіла стыхійны характар яе руху на міжнар. рынку працы, што прывяло да негатыўных наступстваў. Асноўныя дзяржавы для працаўладкавання працоўных-мігрантаў з Беларусі — Расія, Малдова, Чэхія, Украіна, Венгрыя. Пераважныя сферы дзейнасці для нашых грамадзян за мяжой — с.-г. вытворчасць (34,4%) і будаўніцтва (30,1%). Працоўная эміграцыя ахоплівае пераважна актыўныя групы насельніцтва з высокай кваліфікацыяй. З асоб, што выехалі на працу ў іншыя краіны на падставе афіцыйна падпісаных дагавораў і кантрактаў, пераважае моладзь ва ўзросце да 24 гадоў, большасць з якіх студэнты. Мае месца і нелегальная працоўная міграцыя, калі людзі ад’язджаюць у краіну па турыстычных або гасцявых візах, а потым уладкоўваюцца там на часовую або пастаянную працу.
У рэгуляванні міжнар. працоўнай міграцыі важнае месца належыць міжурадавым пагадненням па стварэнні дагаворна-прававых умоў па абмене рабочай сілы і іх сацыяльна-прававой абароне. Такія пагадненні Рэспубліка Беларусь падпісала з Расіяй, Малдовай, Украінай, Польшчай, Літвой і Казахстанам. Рост працоўнай эміграцыі з Беларусі стрымліваецца недастатковым валоданнем замежнымі мовамі, адсутнасцю вопыту ўзаемаадносін ва ўмовах рыначнага гаспадарання, нізкай канкурэнтаздольнасцю на сусветным рынку працы і абмежавальнай палітыкай шэрагу краін у адносінах да іміграцыі, а таксама эканам. санкцыямі нашай дзяржавы (рост цэн на транспарт, на візы, пашпарты і інш.).
Вымушаная міграцыя (бежанцы) — новая для Беларусі праблема, якая ў 1990-я г. набыла масавы характар. Вымушаныя перасяленцы мігрыруюць пад уплывам пагражальных або дыскрымінацыйных абставін на радзіме. За 1996—99 бел.дзярж. міграцыйная служба зарэгістравала каля 32 тыс. асоб з краін блізкага замежжа, якія прэтэндавалі на статус бежанца. Акрамя вымушаных мігрантаў з блізкага замежжа, на Беларусі павялічваецца колькасць бежанцаў — выхадцаў з краін далёкага замежжа: Афганістана (пераважная большасць), Эфіопіі, Ірана, Ірака, Пакістана, Шры-Ланкі, Самалі і інш. дзяржаў, якія вучацца ў бел. навучальных установах і не жадаюць вяртацца на радзіму па паліт. матывах.
Нелегальная міграцыя на тэр. Беларусі адбываецца з краін СНД, Азіі, Афрыкі, Блізкага і Сярэдняга Усходу. Паводле ацэнак розных спецыялістаў на нелегальным становішчы ў краіне знаходзіцца ад 100 да 300 тыс. асоб. Такія мігранты выкарыстоўваюць каналы турызму, транзітнага праезду, бязвізавага ўезду па службовых і асабістых справах, пераважна з парушэннямі правіл уезду. Часта нелегальныя мігранты прыбываюць на Беларусь пад выглядам бежанцаў; большасць з іх выкарыстоўваюць краіну, як транзітную тэрыторыю для наступнай нелегальнай эміграцыі ў краіны Зах. Еўропы. Жорсткае міграцыйнае заканадаўства заходнееўрапейскіх дзяржаў, ажыццяўленне імі мер па пераходзе да палітыкі нулявой міграцыі ствараюць перашкоды для эміграцыі на захад. У выніку на Беларусі асядаюць іншаземцы, якія не змаглі эмігрыраваць у дзяржавы Зах. Еўропы, і іх колькасць хутка расце. Павелічэнне колькасці нелегальных мігрантаў і асоб з нявызначаным статусам на тэр. Беларусі абвастрае крымінальнае становішча, бо яны не рэгіструюцца, вядуць антысацыяльны лад жыцця і ствараюць сур’ёзную пагрозу дзярж. бяспецы краіны.
Табліца 25 Дынаміка знешняй міграцыі насельніцтва, тыс.чал.
Год
Прыбыло
Выбыла
Міграцыйны прырост
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
Усяго
СНД і Балтыя
Іншыя краіны
1994
53,1
50,0
3,1
56,5
47,7
8,7
-3,3
2,3
-5,6
1995
34,9
33,3
1,6
35,1
26,1
9,0
-0,2
7,2
-7,4
1996
31,9
30,1
1,8
22,6
14,1
8,5
9,4
16,0
-6,7
1997
31,4
29,9
1,5
16,7
9,7
7,0
14,7
20,2
-5,5
1998
33,2
31,6
1,6
13,3
7,5
5,8
19,9
24,1
-4,2
1999
30,8
29,1
1,7
13,3
7,0
6,2
17,5
22,1
-4,5
2000
25,9
24,8
1,7
13,8
7,4
6,4
12,1
16,8
-4,7
2001
23,4
21,8
1,5
14,3
8,3
6,0
9,1
13,5
-4,4
2002
18,9
17,5
1,4
13,4
8,6
4,8
5,6
8,9
-3,4
Табліца 26 Дынаміка міждзяржаўнай міграцыі насельніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і былымі рэспублікамі СССР, тыс.чал.
Год
Іміграцыя з краін СНД і Балтыі
Эміграцыя ў краіны СНД і Балтыі
Сальда міграцыі
Міграцыйны абарот
1990
99,3
105,9
-6,6
205,2
1991
95,8
61,5
34,3
157,3
1992
117,7
50,8
66,9
168,5
1993
86,0
46,9
39,1
132,9
1994
50,0
47,7
2,3
97,7
1995
33,3
26,1
7,2
59,4
1996
30,1
14,1
16,0
44,2
1997
29,9
9,7
20,2
39,6
1998
31,6
7,5
24,1
39,1
1999
29,1
7
22,1
36,1
1990—1999
602,8
377,2
225,6
980
2000
24,8
7,4
17,4
32,2
2001
21,8
8,3
13,5
30,1
2002
17,5
8,6
8,9
26,1
2000—2002
64,1
24,3
39,8
88,4
Дынаміка паказчыкаў чыстай знешняй міграцыі насельніцтва па асноўных яе патоках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне
Фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на актывізацыю знешнепаліт. дзейнасці і пашырэнне міжнар. сувязей рэспублікі ў пасляваен. дзесяцігоддзі, пэўную эвалюцыю іх зместу і форм, яны не падняліся на якасна новую ступень, а іх узровень і практычныя вынікі не адпавядалі эканам., навукова-тэхн. і культурнаму патэнцыялу Беларусі, запатрабаванням яе сац.-эканам. і культурнага развіцця. Артыкул 28 Канстытуцыі БССР 1978 зацвердзіў, што рэспубліка «ў знешнепалітычнай дзейнасці кіруецца мэтамі, задачамі і прынцыпамі знешняй палітыкі СССР, вызначанымі Канстытуцыяй СССР». Канстытуцыя СССР 1977 адносіла да кампетэнцыі Саюза ССР устанаўленне агульнага парадку і каардынацыю адносін саюзных рэспублік з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прадстаўніцтва СССР у міжнар. адносінах, сувязі СССР з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, знешні гандаль і інш. віды знешнеэканам. дзейнасці на аснове дзярж. манаполіі. Закон СССР аб парадку заключэння, выканання і дэнансацыі міжнар. дагавораў 1978 канкрэтызаваў і пашырыў паўнамоцтвы саюзных рэспублік у рэалізацыі міжнар.-прававой кампетэнцыі Саюза ССР. Але ўвогуле прававыя асновы нац.-дзярж. будаўніцтва СССР у галіне міжнар. дзейнасці, закладзеныя ў 1944, закансерваваліся ў пасляваен. перыяд, не былі дапоўнены неабходнымі юрыд., палітыка-дыпламат. і арганізац.-практычнымі мерапрыемствамі. Пэўнае ажыўленне знешнепаліт. дзейнасці Беларусі адбылося ў час перабудовы. Гэта выявілася найперш у актывізацыі замежных сувязей з Польшчай і інш. дзяржавамі, развіцці знешнегандл., культурных і гуманітарных кантактаў з зах. краінамі, пастаноўцы Чарнобыльскай праблемы на форуме нацый, развіцці міжпарламенцкіх сувязей, павароце да бел. эміграцыі, дыпламат. намаганнях, скіраваных на рэалізацыю нац. інтарэсаў бел. народа. На міжнар. арэне БССР не выступала як самастойны суб’ект еўрап. і сусв. палітыкі, не набыла міжнар.-прававога прызнання як суверэнная і незалежная дзяржава. Рэспубліка не мела дыпламат. адносін ні з адной дзяржавай свету, а яе прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях фактычна з’яўляліся філіяламі агульнасаюзных прадстаўніцтваў. Толькі дасягненне рэальнага суверэнітэту адкрыла перад Беларуссю перспектыву ўваходжання ў сусв. супольнасць дзяржаў і правядзення знешняй палітыкі ва ўласных нац. інтарэсах.
Пасля абвяшчэння незалежнасці 25.8.1991 і дэнансацыі Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 10.12.1991 Саюзнага дагавора Беларусь выйшла на міжнар. арэну ў дзвюх якасцях: як новая незалежная дзяржава і як еўрап. краіна, якая мае глыбокія гістарычныя традыцыі дзяржаўнасці і знешняй палітыкі. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца спадкаемніцай дзяржаў, што існавалі на тэр. Беларусі. З набыццём незалежнасці пачаўся новы перыяд у гісторыі бел. дзяржаўнасці і знешнепаліт. дзейнасці Беларусі. Ён вызначаецца станаўленнем знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб дзярж. суверэнітэце, актамі аб самаліквідацыі СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) Вярх. Савет і ўрад Рэспублікі Беларусь заявілі аб будаўніцтве незалежнай дзяржавы і правядзенні самаст. унутранай і знешняй палітыкі. Канстытуцыя краіны замацавала абавязацельствы дзяржавы зыходзіць у сваёй знешняй палітыцы з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, якія абвешчаны прыярытэтнымі над нац. заканадаўствам. Канстытуцыйную сілу набылі палажэнні Дэкларацыі аб дзярж. суверэнітэце аб ператварэнні Беларусі ў нейтральную краіну і бяз’ядзерную зону.
Канстытуцыйна-прававую базу бел. знешняй палітыкі складалі: Дэкларацыя Вярх. Савета БССР «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» ад 27.7.1990, Заява Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь «Аб прынцыпах знешнепаліт. дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 3.10.1991, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15.3.1994, змененая і дапоўненая 24.11.1996, Канцэпцыя нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у ліп. 2001 (1-я рэдакцыя 1995), Ваен. дактрына Рэспублікі Беларусь, зацверджаная Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у студз. 2002 (1-я рэдакцыя 1992), інш. дакументы, прынятыя Прэзідэнтам, Вярх. Саветам і Нац. сходам Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць дзярж. органаў улады ў галіне знешняй палітыкі, а таксама агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнар. права, зафіксаваныя ў Статуце ААН, Хельсінкскім Заключным акце, Парыжскай хартыі для новай Еўропы і інш. дакументах АБСЕ. У адрозненне ад большасці замежных дзяржаў у Рэспублікі Беларусь пакуль што няма афіцыйна прынятай канцэпцыі знешняй палітыкі. У пач. 21 ст. сфарміраваліся асн. прынцыпы бел. знешняй палітыкі, да якіх адносяцца: адпаведнасць знешнепаліт. мэт нац. рэсурсам, прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнар. права, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, добраахвотнасць уваходжання і ўдзелу ў міждзярж. утварэннях, адданасць палітыцы паслядоўнай дэмілітарызацыі міжнар. адносін, адсутнасць тэр. прэтэнзій да памежных дзяржаў і непрызнанне тэр. прэтэнзій да Рэспублікі Беларусь. Стратэгічныя мэты знешняй палітыкі Беларусі: абарона суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, абарона інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, захаванне бяз’ядзернага статуса. Сярод асн. задач бел. знешняй палітыкі: стварэнне знешніх умоў для павышэння дабрабыту народа, умацавання паліт., эканам., культурнага і духоўнага патэнцыялу дзяржавы; раўнапраўная інтэграцыя Беларусі ў сусв.паліт., эканам., навук., культурную і інфармацыйную прастору; садзейнічанне пабудове стабільнага, справядлівага, дэмакр. светапарадку, заснаванага на прынцыпах міжнар. права; фарміраванне добрасуседскіх адносін з памежнымі дзяржавамі; абарона правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі за мяжой. Асн. прыярытэтныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь: развіццё ўзаемавыгадных адносін з Рас. Федэрацыяй; развіццё стабільных адносін з Еўрап. Саюзам і дзяржавамі — яго ўдзельніцамі; умацаванне супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД; удзел у Еўразійскім эканам. супольніцтве; падтрыманне і развіццё сяброўскіх адносін з суседнімі дзяржавамі; развіццё сяброўскіх адносін з усімі еўрап. дзяржавамі з мэтай дасягнення Беларуссю статуса раўнапраўнага ўдзельніка агульнаеўрап. інтэграцыйных працэсаў; развіццё раўнапраўных адносін з ЗША; развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з дзяржавамі Азіі (у першую чаргу з Кітаем, Індыяй, Японіяй), арабскага свету, Афрыкі; павышэнне ўзроўню паліт. і эканам. супрацоўніцтва з краінамі Лац. Амерыкі; садзейнічанне ўмацаванню кансалідуючай ролі ААН на глабальным і рэгіянальным узроўнях; удзел Беларусі ў шматбаковым супрацоўніцтве як фактару інтэграцыі краіны ў сусв. супольніцтва; развіццё шматбаковага супрацоўніцтва па пытаннях міжнар. бяспекі і раззбраення, прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; супрацоўніцтва з НАТО па пытаннях мер даверу і бяспекі ў ваен. сферы, забеспячэнне еўрап. бяспекі і стабільнасці, барацьбы з тэрарызмам, нелегальнай міграцыяй, аховы граніц, нац. бяспекі; падтрымка асн. падыходаў Руху недалучэння да праблем усеаг. і рэгіянальнай бяспекі, да выраўноўвання базавых умоў развіцця краін незалежна ад іх эканам. патэнцыялу.
Са снеж. 1991 пачаўся працэс міжнар. прызнання Рэспублікі Беларусь. Першымі дзяржавамі свету, якія прызналі незалежнасць Беларусі і ўстанавілі з ёй дыпламат. адносіны, былі Украіна і ЗША (27 і 28.12.1991 адпаведна). На працягу 1992 адбылося поўнае міжнар. прызнанне Рэспублікі Беларусь. На 1.7.2003 яна мела дыпламат. адносіны са 156 дзяржавамі свету. Краіну за мяжой прадстаўляюць 53 дыпламат. прадстаўніцтвы ў 46 краінах свету, у т. л. 44 пасольствы, 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арг-цыях, 6 ген. консульстваў, 1 консульства; 10 бел. паслоў акрэдытаваны па сумяшчальніцтве ў 16 краінах. За мяжой таксама функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Беларусі: 10 у рэгіёнах Рас. Федэрацыі, 1 у Боне (Германія), 1 у Алматы (Казахстан). На Беларусі дзейнічаюць 34 пасольствы, 13 консульскіх устаноў, 12 прадстаўніцтваў міжнар. арг-цый, у т. л. Выканаўчы к-т і Эканам. суд СНД; па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь акрэдытавана 80 паслоў замежных дзяржаў. Значна пашырылася дагаворна-прававая база міжнар. адносін Беларусі з замежнымі краінамі і міжнар. арг-цыямі. На 1.7.2003 Беларусь ажыццяўляе выкананне 2701 міжнар. дагавора, з іх 1378 двух- і 1323 шматбаковыя; падпісана 47 інвестыцыйных і 76 гандл.-эканам. пагадненняў. Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях.
У пач. 1990-х г. прыярытэтнымі кірункамі знешняй палітыкі Беларусі з’яўляліся: умацаванне рэальнага суверэнітэту і незалежнасці, супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД у развіцці паліт. і эканам. інтэграцыі на постсав. прасторы, наладжванне добрасуседскіх адносін з суседнімі дзяржавамі, ператварэнне краіны ў бяз’ядзерную і нейтральную дзяржаву, «вяртанне ў Еўропу» і развіццё сувязей з краінамі Захаду, міжнар. дапамога ў ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Да сярэдзіны 1990-х г. па гэтых кірунках дасягнуты значныя вынікі. Беларусь зрабіла істотны ўклад ва ўмацаванне міжнар. бяспекі ў галіне ядзернага раззбраення і кантролю над узбраеннямі. Яна атрымала ў спадчыну ад СССР самую вышэйшую ў свеце канцэнтрацыю ваенных: 1 ваенны на 43 цывільныя асобы. Спатрэбілася шмат сіл і сродкаў для скарачэння арміі са 160 да 80 тыс.чал. У адпаведнасці з Дагаворам аб звычайных узбр. сілах у Еўропе (ДЗУСЕ), да якога дзяржава далучылася ў 1992, Беларусь знішчыла каля 10% узбраенняў і тэхнікі, ліквідаваных усімі 30 дзяржавамі — удзельніцамі ДЗУСЕ. Да канца 1996 Беларусь выканала ўмовы дагавора, што патрабавала ад яе значных фін. сродкаў. У сувязі з гэтым у 1995 рэалізацыя ДЗУСЕ была часова прыпынена. Беларусь стала першай краінай, якая ратыфікавала Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ у 2000. У 1992 за межы краіны была выведзена тактычная ядзерная зброя. У 1993 бел. парламент ратыфікаваў Дагавор аб стратэгічных наступальных узбраеннях (СТАРТ-1) і Лісабонскі пратакол 1992, які прадугледжвае далучэнне Беларусі да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы. У 1993 Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю аб забароне хім. зброі, у 1996 — Дагавор аб усеаг. забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. У ліст. 1996 з тэр. Беларусі выведзена стратэгічная ядзерная зброя і яна дэ-факта стала бяз’ядзернай дзяржавай. Паслядоўная палітыка Беларусі ў сферы ядзернага раззбраення атрымала высокае міжнар. прызнанне. Яна з’яўляецца ўдзельнікам усіх асноўных дамоўленасцей у галіне нераспаўсюджвання: Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, Канвенцыі аб забароне хім. зброі, Канвенцыі аб забароне біял. і таксічнай зброі, Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў; у 1995 падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Прыняцце Беларусі ў Групу ядзерных пастаўшчыкоў у 2000 засведчыла поўную адпаведнасць бел. сістэмы экспартнага кантролю міжнар. нормам. У 2002 Беларусь стала ўдзельніцай Гаагскага кодэкса паводзін па прадухіленні распаўсюджвання балістычных ракет. У 1998 на 53-й сесіі Ген. Асамблеі па ініцыятыве бел. дэлегацыі прынята рэзалюцыя «Рэгіянальнае раззбраенне», у якой ухвалена бел. прапанова аб стварэнні ў Цэнтр. і Усх. Еўропе прасторы, свабоднай ад ядзернай зброі. У 2002 на 57-й сесіі Ген. Асамблеі Беларусь стала ініцыятарам праекта рэзалюцыі «Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі», прынятай без галасавання. У рамках Венскага дакумента 1999 перагавораў па мерах умацавання даверу і бяспекі (МДБ) у 2001 дасягнута паліт. дамоўленасць аб дадатковых МДБ з Літвой, падпісана міжурадавае пагадненне аб дадатковых МДБ з Украінай. У 2004 былі дасягнуты аналагічныя паліт. дамоўленасці з Латвіяй (4.3.2004) і Польшчай (21.7.2004). У 2001 Беларусь ратыфікавала Дагавор аб адкрытым небе. З 1994 бел. кіраўніцтва выступала супраць пашырэння НАТО на Усход і прасоўвання блока да межаў Беларусі, бо лічыла гэта вялікай гіст. памылкай Захаду; заяўляла, што існаванне НАТО пасля распаду Варшаўскага дагавора не выклікана гіст. неабходнасцю, і прапаноўвала альянсу самараспусціцца ці сур’ёзна рэфармавацца. Беларусь выступае за стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі без падзяляльных граніц і пры ўмацаванні каардынуючай ролі АБСЕ.
Пасля абрання ў ліп. 1994 прэзідэнтам дзяржавы А.Р.Лукашэнкі пачаўся новы этап у гісторыі суверэннай Беларусі і яе знешняй палітыкі. Значна зменены знешнепаліт. дактрына і механізм распрацоўкі і рэалізацыі бел. знешняй палітыкі. У 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь сфармуляваў наступныя знешнепаліт. прыярытэты дзяржавы: умацаванне суверэнітэту краіны; узмацненне шматбаковага і двухбаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі СНД пры паглыбленні адносін з Расіяй; развіццё адносін з дзяржавамі Захаду, у т. л.Цэнтр. і Усх. Еўропы; стварэнне спрыяльных умоў для супрацоўніцтва з міжнар. арг-цыямі. У канцы 1990-х г. быў абвешчаны курс на шматвектарную знешнюю палітыку, што праявілася ў актывізацыі сувязей з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі і ўступленні Беларусі ў 1998 у Рух недалучэння, а таксама вылучана канцэпцыя стварэння «пояса добрасуседства» вакол Рэспублікі Беларусь. Аднак паляпшэння адносін з Польшчай і краінамі Балтыі, як і нармалізацыі адносін з краінамі Еўрасаюза, ЗША і Захадам увогуле, дасягнуць не ўдалося. Фарміраванне пояса добрасуседства абумоўлена для Беларусі, якая знаходзілася ў складаных адносінах з Захадам, неабходнасцю працягвання палітыкі «прагматычнага рэалізму» з зах. суседзямі, выкарыстання трансп. калідораў суседніх краін у інтарэсах бел. эканомікі, аднаўлення і развіцця гандл.-эканам. і навук.-тэхн. кааперацыі краін-суседзяў, вырашэння экалагічных праблем, прыцягнення патэнцыялу бел. дыяспары з мэтай садзейнічання эфектыўнаму правядзенню знешнепаліт. і знешнеэканам. курса Беларусі адносна адпаведных краін. Бел. канцэпцыя фарміравання «пояса добрасуседства» па перыметры сваіх зах. і паўд. межаў дапаўняе і ўраўнаважвае рас. інтэграцыйны вектар знешняй палітыкі, накіраваны на ўсход і паўн. ўсход. Асн. кампанентамі гэтага пояса з’яўляюцца фарміраванне паліт., ваен., эканам., экалагічнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы бяспекі, супрацоўніцтва і стабільнасць у адносінах з зах. прыгранічнымі дзяржавамі, а таксама Украінай.
Пасля канстытуцыйнага рэферэндуму (ліст. 1996) адносіны з Захадам ускладніліся. АБСЕ, Савет Еўропы, Еўрап. Саюз, зах. дзяржавы не прызналі яго вынікі і ўвялі абмежавальныя меры ў адносінах да Рэспублікі Беларусь. Савет Еўропы прыпыніў статус спецыяльна запрошанай краіны, а Еўрасаюз — дзеянне Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. ЗША аб’явілі палітыку «выбарчага ўдзелу», якая прадугледжвае спыненне кантактаў з бел. кіраўніцтвам і падтрымку інстытутаў цывільнага грамадства на Беларусі. Пры гэтым Захад заявіў, што яго мэтай з’яўляецца не ізаляцыя Беларусі, а вяртанне яе ў сям’ю цывілізаваных еўрап. краін, на шлях дэмакратыі і рыначных рэформ.
Знешняя палітыка адыгрывала асаблівую ролю ў забеспячэнні ўнутранай трансфармацыі Беларусі. Ва ўмовах станаўлення нац. дзяржаўнасці, карэнных сац.-эканам. і паліт. пераўтварэнняў менавіта знешняя палітыка дзяржавы дэманстравала свету характар і накіраванасць перамен, якія адбываліся ў краіне. Гал. мэтай і нязменнай задачай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з моманту абвяшчэння незалежнасці была адаптацыя да сістэмы міжнар. зносін, што склаліся пасля «халоднай вайны» і распаду СССР. Такая адаптацыя адбывалася ў 3 узаемазвязаных кірунках: адукацыя, прафесіяналізацыя і міжнар.-паліт. сацыялізацыя новых кіруючых колаў і эліт Беларусі, першапачаткова амаль незнаёмых з міжнар. сферай; фарміраванне знешнепаліт. механізму і знешнепаліт. працэсу новай дзяржавы; упісанне Беларусі ў рэаліі постсав. свету на падставе набыцця ёю комплексу знешніх інтарэсаў, новай міжнар. ідэнтычнасці і адпрацоўкі ўзаемадзеяння з інш. суб’ектамі міжнар. адносін. Знешняя палітыка Беларусі, як і любой інш. дзяржавы, абумоўлена найперш прыродай сац. сіл, што яе фарміруюць, ідэалогіяй і канкрэтнымі зацікаўленасцямі, забеспячэнне якіх дасягаецца сувязямі народа і дзяржавы са знешнім светам. На працягу першага 10-годдзя незалежнасці ў краіне паступова складваліся новыя сац. структура, дзярж. ідэалогія, усведамленне і новае разуменне нац.-дзярж. інтарэсаў. Гэтыя працэсы яшчэ далёка не завершаны.
На Беларусі склаўся канстытуцыйна-прававы механізм распрацоўкі і прыняцця знешнепаліт. рашэнняў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі ажыццяўляе кіраўніцтва знешняй палітыкай краіны і прадстаўляе яе ў міжнар. зносінах. Савет Бяспекі ажыццяўляе падрыхтоўку рашэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне забеспячэння нац. бяспекі, аналіз узаемасувязей знешніх і ўнутраных пагроз нац. бяспецы і іх улік пры рэагаванні на гэтыя пагрозы. Нац. сход вядзе заканадаўчую работу па забеспячэнні знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы і выканання яе міжнар. абавязацельстваў. Практычная рэалізацыя знешнепаліт. і знешнеэканам. курсу дзяржавы ўскладзена на ўрад Рэспублікі Беларусь. Міністэрства замежных спраў з’яўляецца асн. органам выканаўчай улады, які ажыццяўляе знешнепаліт. курс, зацверджаны Прэзідэнтам; каардынуе знешнепаліт. дзейнасць і замежныя сувязі органаў дзярж. і мясц. кіравання. Больш чым 10-гадовы вопыт самастойнага існавання суверэннай Беларусі сведчыць, што яна ў значнай ступені здзейснілася як еўрап. дзяржава з уласнымі геапаліт. традыцыямі, нац. інтарэсамі і знешнепаліт. прыярытэтамі. Краіна прасунулася па шляху ўмацавання незалежнасці і даказала здольнасць бел. нацыі і яе дзярж. структур да самаст. існавання. Аднак на шляху станаўлення знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь застаюцца аб’ектыўныя цяжкасці і нявырашаныя праблемы. Яе геапаліт. становішча характарызуецца далейшымі пошукамі сваёй міжнар. ідэнтычнасці.
Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мінск.
Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Са жн. 1944, калі Сав. Саюз у Думбартан-Оксе (прыгарад Вашынгтона) упершыню ўнёс прапанову аб уключэнні ў склад Міжнар. арг-цыі бяспекі ўсіх 16 саюзных рэспублік, да мая 1945, калі Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска прыняла рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік заснавальнікаў новай міжнар. арг-цыі, вакол пытання аб членстве сав. рэспублік вялася напружаная дыпламат. барацьба паміж СССР і яго зах. саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі. Асн. вехі гэтай барацьбы — канферэнцыі ў Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. Сав. кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з вясны 1943, калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе 2-й сусв. вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваен. ўладкавання свету, якім займаліся зах. дзяржавы, перад СССР рэальнай станавілася небяспека апынуцца ў адзіноцтве ці ў лепшым выпадку мець толькі некалькі саюзнікаў і ў будучай Міжнар. арг-цыі бяспекі, і на канферэнцыях па пытаннях пасляваен. мірнага ўрэгулявання. Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнар. арэне, сав. кіраўніцтва вырашыла дамагацца т.зв. «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнар. арг-цыях і асамблеях. Першая такая спроба зроблена ў канцы 1943, калі сав. ўрад папрасіў прадаставіць асобнае членства ў Камісіі Аб’яднаных Нацый па ваен. злачынствах для 7 саюзных рэспублік, што панеслі найб. страты ў вайне (Украіны, Беларусі, Малдавіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Карэла-Фінскай ССР). Але ЗША і Вялікабрытанія адхілілі просьбу СССР, адмову яны матывавалі адсутнасцю ў рэспублік канстытуцыйных паўнамоцтваў для вядзення знешнепаліт. дзейнасці. Гэта падштурхнула сав. кіраўніцтва вярнуць рэспублікам знешнепаліт. паўнамоцтвы, якія яны дэлегавалі саюзнаму цэнтру пры ўступленні ў Саюз ССР. З улікам таго, што Вялікабрытанія магла разлічваць у міжнар. арг-цыях і на канферэнцыях на падтрымку дзяржаў — членаў Брытанскай Садружнасці нацый, а ЗША — абапірацца на галасы залежных ад іх краін Лац. Амерыкі, Сав. Саюз вырашыў таксама стварыць сабе шматгалосую падтрымку ў асобе саюзных рэспублік. Аднак ні Украінская ССР, ні Беларуская ССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, не з’яўляліся ў поўным сэнсе суверэннымі дзяржавамі, а былі састаўнымі часткамі сав. саюзнай дзяржавы і цалкам падпарадкоўваліся саюзнаму цэнтру і парт.-дзярж. кіраўніцтву. На Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастр. 1943) яе ўдзельнікі выказаліся за стварэнне ў пасляваен. перыяд Міжнар. арг-цыі бяспекі, заснаванай на прынцыпах суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў. Гэтыя рашэнні пацверджаны на Тэгеранскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (ліст.—снеж. 1943). У пач. 1944 разгарнулася праца па стварэнні новай міжнар. арг-цыі.
Юрыдычнай падставай для выхаду саюзных рэспублік на міжнар. арэну стаў закон Вярх. Савета СССР ад 1.2.1944 «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». Саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю СССР. Вярх. СаветБССР 24.3.1944 прыняў закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР была дапоўнена арт. 16 а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. На канферэнцыі прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (21.8.—28.9.1944 у Думбартан-Оксе), перад якой стаяла задача папярэдняга абмеркавання пытанняў, звязаных са стварэннем новай міжнар. арг-цыі, кіраўнік сав. дэлегацыі А.А.Грамыка выступіў з патрабаваннем уключэння ўсіх 16 сав. саюзных рэспублік у лік яе першапачатковых дзяржаў-членаў. Супраць сав. патрабавання катэгарычна выступілі прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт і дзярж. сакратар К.Хэл. У пасланні Рузвельта да І.В.Сталіна ад 1.9.1944 адзначалася, што такое сав. патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння міжнар. арг-цыі, і выказвалася гатоўнасць абмеркаваць гэта патрабаванне пасля таго, як яна пачне сваю працу. У адказе Сталіна Рузвельту ад 7.9.1944 падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надаваў савецкі кіраўнік гэтаму пытанню. У ім гаварылася, што такія сав. рэспублікі, як Украіна і Беларусь, па колькасці насельніцтва і па паліт. значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы, аднесеныя да ліку ініцыятараў стварэння новай арганізацыі. Сустрэўшы супраціўленне ЗША максімальнаму задавальненню сав. просьбы, Сталін паставіў Украіну і Беларусь у ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства ў арганізацыі. Збіраючыся на канферэнцыю ў Крым, Рузвельт у размове з сенатарамі заявіў, што ў выпадку просьбы Сталіна аб членстве 16 рэспублік, ён запатрабуе членства ўсіх 48 штатаў ЗША.
Да Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі (4—11.2.1945) урады СССР і ЗША падрыхтавалі кампрамісныя патрабаванні па працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі і першапачатковым членстве. Прапановы Вашынгтона па працэдуры галасавання ўлічылі пункт гледжання Масквы аб неабходнасці безумоўнага аднагалосся пастаянных членаў Савета Бяспекі па ўсіх найважнейшых пытаннях. Сав. ўрад, у сваю чаргу, адмовіўся ад патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў арганізацыі трох ці, па меншай меры, дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. Аргументуючы просьбу, В.М.Молатаў падкрэсліў, што гэтыя рэспублікі панеслі найвялікшыя страты ў вайне і былі першымі тэрыторыямі, якія падвергліся ням. агрэсіі. Уключэнне Літвы ў формулу «тры» ці дзве савецкія рэспублікі» мела для сав. кіраўніцтва мэтай празандзіраваць магчымасць прызнання Захадам інкарпарацыі прыбалтыйскіх краін у склад СССР. Але паколькі ЗША і Вялікабрытанія па-ранейшаму адмаўляліся прызнаваць уключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР, то яны адмоўна паставіліся да прапановы аб допуску Літвы ў першапачатковыя члены арганізацыі. У далейшым яе кандыдатура сав. урадам не прапаноўвалася. Рузвельт быў вымушаны пагадзіцца з сав. прапановай. Ён лічыў, што фактычная ўлада ў арганізацыі будзе належаць Савету Бяспекі; і таму не разглядаў як недарэчную прапанову Сталіна пра 2 дадатковыя галасы для Украіны і Беларусі. Рузвельт таксама пайшоў насустрач Сталіну, які гаварыў, што голас для Украіны неабходны для захавання «савецкага адзінства», г. зн. для захавання маналітнасці сав.шматнац. дзяржавы. Згода Рузвельта на допуск дзвюх сав. рэспублік у арганізацыю сустрэла незадавальненне шэрагу членаў дэлегацыі ЗША. Пад іх націскам прэзідэнт звярнуўся да У.Чэрчыля і Сталіна з просьбай даць таксама ЗША 2 дадатковыя галасы, на што тыя неадкладна пагадзіліся. Рузвельт і Чэрчыль пасля пэўных дэбатаў згадзіліся з просьбай Сталіна з улікам шырокага разумення міжнар. палітыкі. Яны палічылі сваім маральным абавязкам дапусціць у арганізацыю краіны, якія першымі прынялі на сябе ўдар фаш. Германіі, не скарыліся ворагу і зрабілі значны ўклад у агульную справу антыгітлераўскай кааліцыі. Дамоўленасць па Украіне і Беларусі па ініцыятыве Рузвельта і Чэрчыля была ўключана ў сакрэтны пратакол Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі. У пратаколе пасяджэння кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ад 11.2.1945 у раздзеле I «Сусветная арганізацыя» было запісана, што ўстаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый будзе склікана 25.4.1945 у ЗША; на яе павінны быць запрошаны Аб’яднаныя Нацыі па стане на 8.2.1945, а таксама нацыі, якія далучыліся да Аб’яднаных Нацый і аб’явілі вайну агульнаму ворагу да 1.3.1945. У час працы ўстаноўчай канферэнцыі дэлегаты Вялікабрытаніі і ЗША «падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а іменна Украіну і Беларусь».
У Сав. Саюзе пра рашэнні Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі па пытанні членства УССР і БССР у новай міжнар. арг-цыі ведала вузкае кола асоб. Украіна і Беларусь, якія, паводле сталінскай тэрміналогіі, кваліфікаваліся як «дзве асноўныя рэспублікі СССР», з’яўляліся аб’ектам дыпламат. гульні. У сак. 1945 урады УССР і БССР, якія не атрымалі запрашэнняў на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, па ўказанні з Масквы заявілі, што накіруюць на канферэнцыю свае дэлегацыі нават пры адсутнасці афіц. запрашэнняў. Гэты нечаканы ход сав. дыпламатыі абвастрыў рознагалоссі паміж СССР і зах. краінамі, распаліў атмасферу вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адміністрацыя ЗША пры падтрымцы брытанскага ўрада энергічна пярэчыла супраць такога кроку, адзначала, што рашэнне Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі не прадугледжвала ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі на Сан-Францыскай канферэнцыі. Аднак намаганнямі Молатава ўдалося дамагчыся згоды ад ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая падтрымаць на канферэнцыі сав. просьбу аб запрашэнні прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска. Перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША у канцы сакавіка стала вядома пра тайнае пагадненне адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. У краіне выбухнуў паліт. скандал. Праціўнікі Рузвельта з асяроддзя рэспубліканцаў адхілялі ў прынцыпе ідэю дадатковых галасоў, лічачы, што яна супярэчыць прыродзе міжнар. арг-цыі і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў. Палітыкі і аглядальнікі ўказвалі на тое, што Беларусь і Украіна не з’яўляюцца суверэннымі краінамі. Нават паплечнікі і сябры Рузвельта лічылі памылкай яго просьбу аб двух дадатковых галасах для ЗША. За тыдзень да смерці 5.4.1945 прэзідэнт Рузвельт на сваёй апошняй прэс-канферэнцыі падрабязна спыніўся на праблеме дадатковых галасоў для Украіны і Беларусі. Ён паведаміў, што яго ўрад не будзе прасіць у Сан-Францыска трох галасоў для ЗША, паколькі яны нічога не вырашаюць. 2.4.1945 ТАСС апублікавала паведамленне «Аб удзеле Украінскай ССР і Беларускай ССР у міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі». У ім гаварылася, што на Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі сав. ўрад паставіў пытанне аб удзеле ў стварэнні міжнар. арг-цыі гэтых дзвюх рэспублік у якасці першапачатковых членаў, якое было падтрымана ЗША і Вялікабрытаніяй.
Канчаткова пытанне аб членстве Украіны і Беларусі ў міжнар. арг-цыі бяспекі вырашана на Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (25.4—26.6.1945). Канферэнцыя 27.4.1945 аднагалосна прыняла рашэнне пра ўключэнне Украінскай і Беларускай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік першапачатковых членаў арг-цыі. Прапанову сав. ўрада, з якой выступіў кіраўнік дэлегацыі СССР Молатаў, падтрымалі кіраўнікі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Ірана, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі. 30.4.1945 таксама аднагалосна ўсе 47 краін-удзельніц канферэнцыі прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчы форум Аб’яднаных Нацый. За гэта рашэнне галасавалі і ўсе лацінаамерыканскія краіны ў абмен на дадзенае СССР абавязацельства падтрымаць запрашэнне Аргенціны. На 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый Кіруючага к-та 27 крас. ад імя ўрадаў УССР і БССР заявы зрабіў Молатаў. Заява ўрада БССР у адрас Сан-Францыскай канферэнцыі была падпісана Старшынёй СНКБССР П.К.Панамарэнкам і наркомам замежных спраў К.В.Кісялёвым (датавана 26.4.1945). У ёй гаварылася, што ўрад БССР, імкнучыся забяспечыць шчыры і эфектыўны ўдзел бел. народа ў дзейнасці Аб’яднаных Нацый, скіраванай на дасягненне міру і бяспекі, звяртаецца да канферэнцыі з заявай аб сваім жаданні далучыцца да міжнар. арг-цыі па падтрыманні міру і бяспекі ў якасці першапачатковага члена-заснавальніка і быць прадстаўленым на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адзначалася, што БССР як суверэнная дзяржава мае канстытуцыйныя прэрагатывы ў галіне міжнар. адносін, што дае ёй поўнае права і падставу прыняць удзел у міжнар. канферэнцыі Аб’яднаных Нацый. Падкрэсліваўся вялікі ўклад Беларусі ў барацьбу свабодалюбівых нацый супраць агульнага ворага — гітлераўскай Германіі. Заяўлялася, што БССР лічыць сваім правам і абавязкам удзельнічаць ва ўсеаг. арганізацыі бяспекі і канферэнцыі ў Сан-Францыска і што прынцыпу найб. поўнага і шырокага прадстаўніцтва ўсіх міралюбівых краін у гэтай арганізацыі былі б нанесены сур’ёзныя страты, калі б Бел. Рэспубліка не была прадстаўлена ў гэтай арганізацыі і на канферэнцыі, закліканай стварыць такую арганізацыю, і калі б вырашэнне праблем забеспячэння пасляваен. міру і бяспекі рабілася без удзелу прадстаўнікоў БССР.
1.5.1945 ген. сакратар Сан-Францыскай канферэнцыі А.Хіс накіраваў з Вашынгтона ў Мінск тэлеграму наркому замежных спраў Кісялёву, у якой паведамляў пра рашэнне канферэнцыі запрасіць БССР стаць паўнапраўным членам міжнар. арг-цыі, а яе прадстаўнікам неадкладна прыбыць для ўдзелу ў канферэнцыі. 30 крас. Прэзідыум Вярх. Савета БССР назначыў дэлегацыю БССР на Сан-Францыскую канферэнцыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік дэлегацыі), Г.І.Байдакова, А.Р.Жэбрака, У.М.Перцава, Ф.П.Шмыгава. Дэлегацыя атрымала паўнамоцтвы падпісаць канчатковы тэкст Статута Усеаг. міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі пры ўмове яго наступнай ратыфікацыі ў адпаведнасці з законамі БССР. 8.5.1945 урадавая дэлегацыя БССР прыступіла да работы Сан-Францыскай канферэнцыі і зрабіла канструктыўны ўклад у распрацоўку Статута ААН. Дэлегацыя Беларусі адстойвала права вета пастаянных членаў Савета Бяспекі, выступала за ўключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў і сац.-эканам. правах чалавека, забеспячэнні інтарэсаў каланіяльных і залежных народаў і краін, за дакладнае вызначэнне агрэсіі, строгае выкарыстанне санкцый да парушальнікаў Статута, пярэчыла допуску ў ААН франкісцкай Іспаніі. 23.5.1945 адбылася першая з моманту стварэння ў 1919 наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыя наркома замежных спраў рэспублікі. Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самастойную знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л.СССР, УССР і БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнар. суда і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ратыфікацыйная грамата БССР была здадзена на захаванне, як і ратыфікацыйныя граматы СССР і УССР. У гэты ж дзень Статут ААН набыў сілу. Устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска з’явілася першым міжнар. форумам 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове. Нягледзячы на тое, што бел. кіраўніцтва, вярх. органы ўлады рэспублікі не ставілі перад Сталіным, сав. кіраўніцтвам пытанне аб выхадзе на міжнар. арэну ці ўключэнні ў склад міжнар. арг-цыі, і тое, што яно было вырашана ў выніку дзейнасці сав. дыпламатыі, уваходжанне Беларусі ў склад першапачатковых членаў ААН мела вялікае гіст. значэнне, адпавядала нац. інтарэсам бел. народа. Подпіс БССР пад Статутам ААН азначаў, што сусв. супольніцтва фармальна прызнавала яе суверэннай і незалежнай дзяржавай. Рэспубліка атрымлівала ўсе прывілеі і імунітэты ААН, права выбірацца ў яе гал. органы, у т. л. ў Савет Бяспекі, магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні сусв. праблем, даводзіць сваю пазіцыю да ААН, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі. Больш за 40 гадоў ААН была для Беларусі адзіным акном у знешні свет. Рэспубліка Беларусь як адна з дзяржаў-заснавальніц ААН разглядае сваё членства ў ААН і яе спецыялізаваных установах і органах як велізарны паліт. капітал, адзін з прыярытэтных знешнепаліт. кірункаў дзейнасці дзяржавы, як важны кампанент інтэграцыі Беларусі ў сусв. супольнасць. У 2004 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 11 праграм, агенцтваў і арг-цый сістэмы ААН: Праграма развіцця ААН (ПРААН), Дэпартамент грамадскай інфармацыі, Дзіцячы фонд ААН, Міжнар.арг-цыя працы, Упраўленне вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу, Міжнар. валютны фонд, Сусв. банк, Міжнар.фін. карпарацыя, Сусв.арг-цыя аховы здароўя і фонд ААН у галіне народанасельніцтва. Міжнар. арг-цыі, акрамя фінансавання праектаў і праграм, садзейнічаюць прыцягненню ў Беларусь тэхн. дапамогі для рэалізацыі праектаў.
Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В.Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Беларусь і міжнародныя арганізацыі. Першая спроба ўстанаўлення адносін і ўдзелу Беларусі ў працы міжнар. канферэнцый і арг-цый адносіцца да перыяду мірнага ўрэгулявання пасля заканчэння 1-й сусв. вайны. Дэлегацыі БНР неафіцыйна ўдзельнічалі ў працы Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919—20) і Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях (1922). БССР, як і інш.сав. рэспублікі, даручыла прадстаўляць свае інтарэсы на Генуэзскай канферэнцыі дэлегацыі РСФСР. 10.5.1922 БССР падпісала пагадненне з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый па пытаннях аховы здароўя і разам з РСФСР і УССР стала яе членам. Дэлегацыя БССР прыняла ўдзел у канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска (крас.—чэрв. 1945) і падпісала Статут ААН. Беларусь у ліку 51 дзяржавы з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай, першапачатковым членам ААН. У жн. 1945 Беларусь уступіла ў Адміністрацыю Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні краін, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны (ЮНРРА). Пагадненне паміж ЮНРРА і ўрадам БССР падпісана ў Вашынгтоне 18.12.1945. Дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Міжнар. канферэнцыі па ахове здароўя (Нью-Йорк, 1946), якая заснавала Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). БССР далучылася да Статута СААЗ 7.4.1948. На 1-й сесіі СААЗ (1948) яна была абрана членам яе Выканаўчага к-та. У 1949 БССР разам з СССР і УССР, краінамі Усх. Еўропы спыніла актыўнае членства ў СААЗ на падставе неабгрунтаванага рашэння сав. кіраўніцтва. 13.5.1947 Беларусь уступіла ў Сусв. паштовы саюз (СПС), 16.5.1947 — у Міжнар. саюз электрасувязі (МСЭ), 12.4.1948 — у Сусв. метэаралаг. арг-цыю (СМА). У 1947 міністр замежных спраў БССР К.В.Кісялёў паставіў перад МЗССССР пытанне аб неабходнасці ўваходжання СССР, УССР і БССР у Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), якое аднак тады вырашыць не ўдалося. У 1954 БССР увайшла ў Міжнар. арг-цыю працы (МАП) і ЮНЕСКА, у 1957 — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), у 1970 — Сусв. арг-цыю інтэлектуальнай уласнасці (САІУ), у 1985 — Арг-цыю Аб’яднаных Нацый па прамысл. развіцці (ЮНІДО). У 1958 пачало працаваць пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1960-я г. адкрыліся пастаянныя прадстаўніцтвы БССР пры Аддзяленні ААН і інш.міжнар. арг-цыях у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы, у 1982 — пры міжнар. арг-цыях у Вене. БССР была абрана непастаянным членам Савета Бяспекі на 1974—75, неаднаразова выбіралася членам Эканам. і Сац. савета, прымала ўдзел у рабоце розных функцыянальных і дапаможных органаў ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення, дэкаланізацыі, эканам. і сац. супрацоўніцтва, правоў чалавека, інш. пытаннямі. Акрамя ААН і яе спецыялізаваных устаноў БССР з’яўлялася членам яшчэ 6 міжнар. міжурадавых арг-цый — Міжнар. архіўнага савета (з 1956), Міжнар. бюро выставак (з 1960), Пастаяннай палаты трацейскага суда (з 1962), Міжнар. арг-цыі марской спадарожнікавай сувязі (ІНМАРСАТ, з 1979). Як член ААН удзельнічала ў асобных канферэнцыях у рамках Міжнар. арг-цыі грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) і Міжнар. марской арг-цыі (ІМО), хаця і не была іх членам.
З 1990—91 пачаўся якасна новы перыяд дзейнасці Беларусі ў міжнар. арг-цыях. Рэспубліка Беларусь значна пашырыла свой удзел у міжнар. універсальных і рэгіянальных арг-цыях. Яна з’яўляецца дзяржавай — заснавальніцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). У 1992 уступіла ў Міжнар. валютны фонд, Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця (МБРР), Міжнар.фін. карпарацыю (МФК), Міжнар. агенцтва па гарантыях інвестыцый, Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця, аднавіла актыўнае членства ў СААЗ, атрымала статус назіральніка пры Ген. пагадненні па тарыфах і гандлі (ГАТТ), у 1993 стала членам ІКАО. У 1992 у Мінску было адкрыта 1-е на постсав. прасторы прадстаўніцтва ААН — Праграмы развіцця ААН (ПРААН). Беларусь з’яўляецца членам больш як 50 спецыялізаваных устаноў ААН і інш. міжурадавых арг-цый, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН на аснове спец. пагадненняў. Рэспубліка Беларусь дзейнічае ў ААН і яе спецыялізаваных установах у адпаведнасці са сваімі нац. інтарэсамі. Яна выступае за развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва з ААН, лічыць неабходным рэфармаванне і ўмацаванне сістэмы ААН і яе асн. органаў, каб павысіць эфектыўнасць гэтай вядучай міжнар. арг-цыі. У рамках ЮНЕСКА для Беларусі распрацоўваліся праграмы «Генетычная спадчына», «ЮНЕСКА — Чарнобыль», «Чалавек і біясфера». У краіне дзейнічае нац. Камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЮНЕСКА. Беларусь падпісала 44 канвенцыі МАП. Планамерна ідзе працэс далучэння Беларусі да Сусв.гандл. арг-цыі (СГА), пры якой краіна атрымала ў 1995 статус назіральніка. У крас. 1995 паміж Беларуссю і МАГАТЭ падпісана пагадненне аб прымяненні гарантый. Удзельная вага спецыялізаваных устаноў ААН у агульным аб’ёме замежнай дапамогі краіне складае нязначную частку. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў працы такіх функцыянальных органаў ААН, як Еўрап.эканам. камісія (ЕКЕ), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), ПРААН, Канферэнцыя Аб’яднаных Нацый па гандлі і развіцці (ЮНКТАД) і інш. У 1995 у Мінску адкрыта прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па бежанцах, у 1996 — пастаяннае прадстаўніцтва Міжнар. арг-цыі па мігрантах. У крас. 1994 Мінск з трохдзённым візітам наведаў Ген. сакратар ААН Б.Бутрас-Галі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка прымаў удзел у спец. урачыстым пасяджэнні Ген. Асамблеі, прысвечаным 50-годдзю ААН (1995) і Саміце Тысячагоддзя (2000). З 1998 Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН) і актыўна развівае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва па шэрагу кірункаў дзейнасці ААН з дзяржавамі — членамі гэтага найбуйнейшага міжнар. аб’яднання краін.
Рэспубліка Беларусь у 1992 прынята ў Арг-цыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) і Савет Паўн.-атлантычнага супрацоўніцтва (з 1997 Савет еўраатлантычнага партнёрства), атрымала статус спецыяльна запрошанай дзяржавы ў Савеце Еўропы (СЕ), а ў 1993 падала заяўку на прыём у гэтую арг-цыю. У 1995 дзяржава падпісала ’Дагавор аб партнёрстве і супрацоўніцтве (не набыў сілы), у 1996 — Часовае пагадненне па пытаннях гандлю з Еўрап. Саюзам (ЕС), у 1995 стала ўдзельнікам праграмы НАТО «Партнёрства дзеля міру», у 1996 уступіла ў Цэнтральнаеўрап. Ініцыятыву (ЦЕІ), у 1997 — у Арг-цыю па забароне хім. зброі. Рэспубліка Беларусь — паўнапраўны член больш як за 20 міжнар. міжурадавых арг-цый. Яна выступае за ператварэнне СНД у рэгіянальную арг-цыю з высокім узроўнем эканам. і паліт. інтэграцыі. Бел. прадстаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, працы каардынацыйных органаў СНД (Міжпарламенцкай Асамблеі, Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны, Міждзярж. эканам.к-та і інш.). Мінск з’яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Рэспубліка Беларусь падпісала і ратыфікавала найважнейшыя ўстаноўчыя дакументы СНД, у т. л. яго Статут. Беларусь выступае за павышэнне эфектыўнасці рэгіянальных інтэграцыйных аб’яднанняў на постсав. прасторы, у прыватнасці, за фарміраванне зоны свабоднага гандлю ў межах СНД, стварэнне мытнага саюза ў рамках Еўраазіяцкага Эканам. супольніцтва (ЕўрАзЭС), якое складаецца з 5 краін — членаў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Кіргызстана, Расіі, Таджыкістана). 23.2.2003 кіраўнікі Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны падпісалі Заяву аб фарміраванні Адзінай эканам. прасторы і стварэнні Арг-цыі рэгіянальнай інтэграцыі. Сумесна з Арменіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расіяй і Таджыкістанам Рэспубліка Беларусь вядзе работу па паглыбленні ваенна-паліт. інтэграцыі ў рамках Дагавора аб калектыўнай бяспецы 1992. У 2002 кіраўнікамі 6 згаданых дзяржаў падпісаны Статут Арг-цыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Пагадненне аб яе прававым статусе. З 18.9.2003 АДКБ пачала функцыянаваць як самастойная міжнар.арг-цыя (Статут АДКБ зарэгістраваны ў Сакратарыяце ААН 16.12.2003).
Развіваюцца эканам. і паліт. адносіны Беларусі з ЕС. У 1999 паміж бел. урадам і Еўрап. камісіяй падпісана Праграма TACIS «Развіццё грамадзянскай супольнасці» ў Беларусі, якая прадугледжвае выдзяленне 5 млн. еўра на развіццё няўрадавых арг-цый, сродкаў масавай інфармацыі і адукацыі; Еўрап. камісія выдзеліла 1,6 млн. еўра на фінансаванне гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца на Беларусі ў галіне мед. абслугоўвання і сац. рэабілітацыі. Выконваліся інш. праекты ў рамках праграмы тэхн. дапамогі TACIS на 2000—2003. Еўрасаюз з’яўляецца найбуйнейшым пасля Расіі знешнегандл. партнёрам Беларусі. На долю дзяржаў — членаў ЕС прыпадае каля 15% агульнага гандл. абароту Беларусі і больш за 40% гандл. абароту з краінамі далёкага замежжа. Развіццё эканам. адносін з Беларуссю ЕС увязвае з развіццём у краіне дэмакр. працэсу, забеспячэннем уладамі правоў чалавека, правядзеннем свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Гал. мэтай бел. знешняй палітыкі на еўрап. напрамку з’яўляецца стварэнне стабільнай сістэмы агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва вакол АБСЕ. У 1992 Беларусь падпісала Хельсінкскі заключны акт і Парыжскую хартыю для новай Еўропы. У час сустрэчы кіраўнікоў дзяржавы і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ у Будапешце (снеж. 1994) Беларусь, Вялікабрытанія, ЗША і Расія падпісалі Мемарандум аб гарантыях бяспекі Беларусі. Бел. дэлегацыі ўдзельнічалі ў сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін — удзельніц АБСЕ ў Лісабоне (1996) і Стамбуле (1999). У Стамбуле А.Р.Лукашэнка падпісаў Хартыю еўрап. бяспекі, Пагадненне аб адаптацыі ДЗУСЕ, Венскі дакумент 1999 па мерах умацавання даверу і бяспекі, Дэкларацыю Стамбульскага саміту. АБСЕ разам з ЕС і СЕ у межах «еўрапейскай тройкі» садзейнічае працэсу дэмакратызацыі Беларусі. У 1998—2001 у Мінску знаходзілася кансультацыйна-назіральная група АБСЕ, з 2002 дзейнічае офіс АБСЕ у Мінску. У 2003 Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала права Нац. сходу Рэспублікі Беларусь прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў Асамблеі. Беларусь зацікаўлена ў збалансаваным развіцці ўсіх кампанентаў агульнаеўрап. бяспекі і супрацоўніцтва і лічыць, што ваен., эканам. і экалагічнае вымярэнні АБСЕ заслугоўваюць больш актыўнага ўключэння ў парадак дня АБСЕ. У 1993 Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі, у 1994 — да Венецыянскай камісіі «Дэмакратыя праз правы» ў межах Савета Еўропы. У студз. 1997 на сесіі Парламенцкай Асамблеі СЕ прынята рашэнне аб прыпыненні для Беларусі дзеяння статуса «спецыяльна запрошанай» дзяржавы. Беларусь развівае супрацоўніцтва з ЦЕІ з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаў-членаў для арганізацыі гнуткай і прагматычнай рэгіянальнай кааперацыі. Яна зацікаўлена ў падключэнні да рэгіянальнага і субрэгіянальнага супрацоўніцтва ў балтыйска-чарнаморскім рэгіёне, у т. л. дамагаецца статуса назіральніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора (СДБМ) і Арг-цыі чарнаморскага эканам. супрацоўніцтва (АЧЭС).
Пасля распаду Варшаўскага дагавора і СССР перад рэспублікай узнікла праблема вызначэння адносін з ваенна-паліт. арг-цыяй НАТО. У 1992 краіну наведаў ген. сакратар НАТО М.Вернер. Ён заявіў, што захад і НАТО з павагай ставяцца да імкнення Беларусі стаць нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай і адзначыў іх зацікаўленасць у добрых адносінах з Беларуссю і яе суседзямі. У 1997 штаб-кватэрай НАТО ухвалена Індывідуальная праграма партнёрства (ІПП) Рэспублікі Беларусь з НАТО на 1997—99. У 1998 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры НАТО у Бруселі. Беларусь выканала ІПП з НАТО на 2000—01 і 2002—03, у якіх зроблены акцэнт на мерапрыемствы неваен. характару. Краіна зацікаўлена ў канструктыўным супрацоўніцтве з НАТО, прызнаючы яе важную ролю ва ўмацаванні еўрап. і міжнар. бяспекі.
Рэспубліка Беларусь — член «Інтэрспадарожніка», Еўрап. арг-цыі спадарожнікавай сувязі (ЕВТЕЛСАТ), Еўрап. вяшчальнага саюза, Сусв. энергетычнага савета, Міжнар. арг-цыі па эканам. і навук.-тэхн. супрацоўніцтве ў галіне электратэхн. прамысловасці (Інтэрэлектра), Міжнар. эпізаатычнага бюро, Міжнар. арг-цыі па стандартызацыі (ІСО), Міжнар. электратэхн. камісіі, Міжнар. арг-цыі па заканадаўчай метралогіі, Міжнар. арг-цыі па сертыфікацыі электраабсталявання на адпаведнасць стандартам бяспекі. Нац. арг-цыі Рэспублікі Беларусь, яе юрыд. асобы ўваходзяць у склад наступных міжнар. няўрадавых арг-цый: Міжнар. федэрацыю інвалідаў (з 1991), Міжнар. федэрацыю вышэйшых органаў (з 1992), Міжнар. арг-цыю крымінальнай паліцыі «Інтэрпол» (з 1993), Міжпарламенцкі саюз (з 1995), Сусв. федэрацыю глухіх (з 1995), шэраг міжнар.спарт. арг-цый і федэрацый, у т. л.Міжнар. алімпійскі к-т, Сусв. федэрацыю асацыяцый садзейнічання ААН. З мэтай пашырэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці ўдзелу краіны ў рабоце міжнар. арг-цый урад Рэспублікі Беларусь надае вял. значэнне гэтаму кірунку ў знешнепаліт. дзейнасці дзяржавы. У гэтай сувязі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь 19.5.1997 прыняў пастанову «Аб супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі арганізацыямі», паводле якой усе міжнар. арг-цыі, членам якіх з’яўляецца Беларусь, замацаваны за гал. мін-вамі і інш.рэсп. органамі дзярж. кіравання. Каардынацыю і кантроль за ўзаемадзеяннем Беларусі з міжнар. арг-цыямі ажыццяўляе Мін-ва замежных спраў.
Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ф.Маёр (злева) і прэм’ер-міністр Беларусі С.С.Лінг у час падпісання мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. Мінск. Верасень 1998.
Двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі. У пач. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь стала наладжваць сяброўскія адносіны з замежнымі краінамі. Прыярытэтным кірункам яе знешняй палітыкі было развіццё супрацоўніцтва з краінамі СНД, Еўропы і ЗША. На прасторы СНД гал. партнёрам Беларусі была Расія. У ходзе афіц. візіту ў Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Рас. Федэрацыі Б.М.Ельцына 21.2.1995 падпісаны двухбаковы дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве, які вызначыў адносіны Расіі і Беларусі як дачыненні дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-рас. адносіны выведзены на якасна новы ўзровень. 2.4.1996 А.Р.Лукашэнка і Б.М.Ельцын падпісалі ў Маскве дагавор пра стварэнне Супольнасці Расіі і Беларусі, 2.4.1997 — аб Саюзе Беларусі і Расіі. Да апошняга дагавора быў прыкладзены Статут Саюза Беларусі і Расіі, які пасля ўсенар. абмеркавання быў падпісаны прэзідэнтамі дзвюх краін 23.5.1997. У чэрв. 1997 Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон аб ратыфікацыі Статута і Дагавора. У снеж. 1998 у Маскве падпісаны Дэкларацыя аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі, дагавор аб роўных правах грамадзян і пагадненне аб стварэнні роўных умоў суб’ектам гаспадарання Беларусі і Расіі. У Дэкларацыі выказваўся намер «працягваць паэтапны рух да добраахвотнага яднання ў саюзную дзяржаву пры захаванні нацыянальнага суверэнітэту дзяржаў — удзельніц Саюза». 8.12.1999 прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і Праграму дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адпаведныя дакументы па збліжэнні бел. і рас. прававых, эканам., фін., мытных і інш. сістэм, фарміраванні міждзярж. структур улады ў перспектыве прадугледжваюць стварэнне Саюзнай дзяржавы. Пашырэнне супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічала наладжванню сувязей паміж прадпрыемствамі, дзелавымі коламі, грамадзянамі абедзвюх краін. Натуральнай з’явай у бел.-рас. адносінах сталі кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, рэгіянальных органаў улады, рас. і бел. парламентарыямі. Найб. значныя пытанні двухбаковых адносін разглядаюць Вышэйшы Дзярж. Савет і Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы, якія збіраюцца на рэгулярнай аснове. Парламентарыі Расіі і Беларусі сумесна працуюць у рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Да канца 1990-х г. Рэспубліка Беларусь і Рас. Федэрацыя мелі каля 200 міждзярж. і міжурадавых пагадненняў, працэс пашырэння дагаворна-прававой базы працягваўся і ў наступныя гады. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь і Расія пачалі ўмацоўваць супрацоўніцтва ў ваен. сферы. У 1995 Расія атрымала права выкарыстоўваць і ўтрымліваць на тэр. Беларусі свае ваен.-стратэг. аб’екты — сістэму папярэджання аб ракетным нападзе ў Баранавічах і РЛС у Вілейцы. 19.12.1997 Беларусь і Расія падпісалі дагавор аб ваен. супрацоўніцтве. Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў навейшых праграмах пераўзбраення рас. арміі, праводзіць мадэрнізацыю ўласнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У 2000 абвешчана пра стварэнне адзінай рас.-бел. ваен. групоўкі колькасцю да 300 тыс.чал. у выпадку ўзнікнення канфліктнай сітуацыі на зах. граніцах Саюза Беларусі і Расіі. Беларусь і Расія каардынуюць дзейнасць на міжнар. арэне. Расія неаднаразова падтрымлівала Рэспубліку Беларусь у міжнар. арг-цыях (ААН, АБСЕ, СЕ). У 2003 распрацоўваўся Канстытуцыйны Акт Саюзнай дзяржавы, абмяркоўваліся пытанні падпісання пагаднення аб увядзенні рас. рубля ў якасці адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Бел. бок лічыць, што аб’яднанне дзвюх дзяржаў павінна праводзіцца на аснове Саюзнага дагавора 1999 і пры захаванні суверэнітэту Беларусі і Расіі. Кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь неаднаразова падкрэслівала немагчымасць уваходжання Беларусі ў склад Рас. Федэрацыі на правах аднаго з яе суб’ектаў.
Важнае месца ў знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь займае супрацоўніцтва з Украінай. Бел.-ўкр. сувязі значна пашырыліся ў 2-й пал. 1990-х г. У ліп. 1995 адбыўся першы афіц. візіт на Беларусь прэзідэнта Украіны Л.Д.Кучмы. 17.7.1995 у Мінску падпісаны дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Украінай. У маі 1997 ва Украіне з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка. Гал. вынікам візіту стала падпісанне дагавора аб дзярж. граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай. Пазней кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаў, урадаў, міністрамі замежных спраў, кіраўнікамі мін-ва і ведамстваў дзвюх краін сталі нармальнай з’явай; пашырылася супрацоўніцтва паміж бел. і ўкр. парламентарыямі. Да пач. 21 ст. Украіна і Беларусь сфарміравалі развітую юрыд. базу міждзярж. ўзаемадзеяння (больш за 40 дагавораў, пагадненняў і інш. прававых дакументаў, якія ўрэгулявалі бел.-ўкр. адносіны ў розных сферах супрацоўніцтва). Павышаная ўвага аддавалася вырашэнню праблем вызначэння дзярж. граніцы і прыгранічнага супрацоўніцтва. У лют. 1997 Беларусь і Украіна ў асн. завяршылі работы па дэлімітацыі дзярж. граніцы, восенню 1997 пачалі яе дэмаркацыю. З 1.11.1997 на бел.-ўкр. граніцы быў уведзены пагранічны кантроль. У 1999 набыло моц пагадненне аб парадку перасячэння граніцы грамадзянамі, што пражываюць у пагранічных раёнах, якое спрашчала рэжым перасячэння граніцы грамадзянамі Беларусі і Украіны. Развіваецца супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі Беларусі і Украіны.
Сяброўскія адносіны Беларусь захоўвала ў 1992—2003 з інш. дзяржавамі СНД. Яе гал. партнёрамі былі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Малдова. На мяжы 20—21 ст. пашырылася супрацоўніцтва Беларусі з Туркменістанам, Арменіяй і Азербайджанам. Важнымі падзеямі ў развіцці двухбаковых адносін Беларусі з краінамі СНД сталі візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва Узбекістан (снеж. 1994), Малдову (вер. 1995), Казахстан (вер. 1997), Таджыкістан (крас. 2000), Арменію (май 2001), Туркменістан (май 2002). У 1995—2003 Рэспубліку Беларусь з візітамі наведвалі вышэйшыя дзярж. кіраўнікі Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Малдовай (21.12. 1992), Казахстанам (17.1.1996), Таджыкістанам (5.4.2000), Туркменістанам (15.5.2002).
Рэспубліка Беларусь імкнулася развіваць партнёрскія адносіны з Літвой і Латвіяй — яе непасрэднымі суседзямі на паўн.-зах. напрамку. 24.10.1991 Беларусь падпісала Дэкларацыю аб прынцыпах добрасуседскіх адносін з Літвой, 16.12.1991 — з Латвіяй. У 1-й пал. 1990-х г. адносіны Беларусі з Літвой і Латвіяй мелі дружалюбны характар. У лют. 1995 адбыўся афіц. візіт у Літву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21.2. 1994 падпісаны дагавор аб вызначэнні граніцы паміж Рэспублікай Беларусь і Латвіяй, 6.2.1995 — дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Літвой і дагавор аб бел.-літ. граніцы. З сярэдзіны 1990-х г. кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні істотна скараціліся, хоць Літва і Латвія выказвалі гатоўнасць весці дыялог з Беларуссю па пытаннях вызначэння граніц, развіцця пагранічнага супрацоўніцтва і рэадмісіі нелегальных мігрантаў, што траплялі на іх тэр. з Беларусі. У 1997 Беларусь пачала дэмаркацыю граніцы з Літвой. У 2001 у парламенце Літвы створана група па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Беларусь разглядае Літву і Латвію як найзручнейшы выхад да Балтыйскага мора, асабліва праз порт Вентспілс, які яшчэ з сав. часоў непасрэдна звязаны з Наваполацкім нафтаперапрацоўчым з-дам. На характар адносін Беларусі з Літвой і Латвіяй істотна ўплывала збліжэнне гэтых краін з ЕС і НАТО. З 2003 Літва і Латвія па рэкамендацыі ЕС узмацнілі рэжым на граніцы з Беларуссю.
Даволі актыўна ў 1-й пал. 1990-х г. развіваліся адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. У кастр. 1991 гэту краіну з афіц. візітам наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч, у чэрв. 1992 — Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч. У ліст. 1992 Рэспубліку Беларусь наведала з візітам прэм’ер-міністр Польшчы Х.Сухоцкая, у чэрв. 1993 — Прэзідэнт Польшчы Л.Валенса. У сак. 1996 у Брэсце адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Польшчы А.Лукашэнкі і А.Квасьнеўскага. Развівалася супрацоўніцтва паміж бел. і польскімі парламентарыямі. 23.6.1992 Беларусь і Польшча падпісалі дагавор аб добрасуседстве і дружалюбным супрацоўніцтве. У 2-й пал. 1990-х г.бел.-польскія адносіны на паліт. узроўні сталі больш стрыманымі, але з пач. 21 ст.паліт. сувязі зноў пашыраюцца. Даволі актыўна супрацоўнічаюць прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Польшчы. Польшча лічыць немэтазгоднай паліт. ізаляцыю Беларусі. У снеж. 2003 Мін-ва замежных спраў Польшчы прапанавала распрацаваць канцэпцыю «ўсходняга вымярэння» ЕС у адносінах да Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны. З улікам гэтай прапановы ў сак. 2003 падрыхтаваны дакумент ЕС «Пашыраная Еўропа» (Wider Europe), дзе вызначаны асновы палітыкі пашыранага ЕС у адносінах да яго ўсх. суседзяў. У кастр. 2003, выканаўшы патрабаванне ЕС, Польшча ўвяла паўнавартасны візавы рэжым у адносінах да Беларусі.
Да 1997 Рэспубліка Беларусь пашырала ўзаемадзеянне з краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы (Чэхія, Славакія, Венгрыя, Румынія, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна). У ліп. 1992 адбыўся візіт у Рэспубліку Беларусь Прэзідэнта Румыніі І.Іліеску. Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіч наведаў з візітамі Румынію (май 1993) і Балгарыю (кастр. 1993). Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Румыніяй (7.5.1993) і Балгарыяй (19.10. 1993). У 2-й пал. 1990-х г.паліт. дыялог Беларусі з краінамі гэтага рэгіёна быў згорнуты. Найб. схільнасць да захавання кантактаў з Беларуссю праяўляла Балгарыя, якая падтрымлівала сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У новым дзесяцігоддзі паліт. дыялог паміж Беларуссю і краінамі Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы зноў пачаў набываць дынаміку, але пакуль не стаў актыўным з той прычыны, што краіны гэтага рэгіёна аддаюць перавагу развіццю сувязей з еўрап. і еўраатлантычнымі арг-цыямі. У 2-й пал. 1990-х г.гал.паліт. партнёрам Беларусі ў рэгіёне стала Саюзная Рэспубліка Югаславія (СРЮ, з 2003 Сербія і Чарнагорыя). У сак. 1996 адбыўся афіц. візіт у Рэспубліку Беларусь прэзідэнта СРЮ З.Ліліча. 6.3.1996 Беларусь і СРЮ падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У студз. 1998 і крас. 1999 СРЮ наведаў з візітамі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вясной 1999 бел. парламент падтрымаў просьбу югаслаўскага кіраўніцтва аб прыёме Саюзнай Рэспублікі Югаславіі ў Саюз Беларусі і Расіі, аднак пасля перамогі ў СРЮ апазіцыі на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у кастр. 2000 пытанне аб далучэнні Югаславіі да саюза страціла актуальнасць і двухбаковыя адносіны набылі больш прагматычны характар.
Важным кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь пасля яе выхаду на міжнар. арэну ў 1991 стала развіццё адносін з краінамі Зах. Еўропы. У 1-й пал. 1990-х г. вельмі актыўна пашыралася супрацоўніцтва Беларусі з Аўстрыяй, Бельгіяй, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Італіяй, Нідэрландамі, Францыяй, Швейцарыяй. У сак. 1995 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь пабываў з афіц. візітам у Бельгіі, у ліп. 1996 — у Францыі, дзе 11.7.1996 падпісаны двухбаковы дагавор аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве (моцы не набыў, бо не ратыфікаваны франц. парламентам). У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з еўрап. краінамі пагоршыліся. Дзяржавы Зах. Еўропы не прызналі вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму ў Беларусі (ліст. 1996) і лічылі нелегітымным Нац. сход Рэспублікі Беларусь. У выніку практычна цалкам прыпыніліся кантакты на вышэйшым дзярж. узроўні. У пач. 2001 дыялог паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавамі Зах. Еўропы пачаў выходзіць са стану стагнацыі. Зах.-еўрап. краіны (Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Італія, Швейцарыя, Швецыя) праяўляюць цікавасць да пашырэння паліт. кантактаў з Беларуссю. У парламентах Вялікабрытаніі і Італіі створаны групы па развіцці супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. Працягваецца пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Аднак развіццё паўнавартаснага паліт. дыялогу, найперш на вышэйшым дзярж. узроўні, ставіцца ў залежнасць ад развіцця адносін Беларусі з вядучымі еўрап. арг-цыямі.
У 1-й пал. 1990-х г. паспяхова развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У ліп. 1993 ЗША наведаў з афіц. візітам Старшыня Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, у студз. 1994 у Рэспубліцы Беларусь упершыню з афіц. візітам пабываў Прэзідэнт ЗША У.Дж.Клінтан. З 1992 Беларусь і ЗША праводзілі сумесную працу па праграмах ліквідацыі стратэгічных наступальных узбраенняў. На правядзенне адпаведных мерапрыемстваў да канца 1996 Беларусь атрымала з боку ЗША каля 123 млн. долараў. У 2-й пал. 1990-х г. адносіны Рэспублікі Беларусь з ЗША пагоршыліся. У 1996 ЗША адмовіліся прызнаць вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму. У лют. 1997 амер. кіраўніцтва афіцыйна сфармулявала сваю пазіцыю ў адносінах да Беларусі, выказала намер падтрымліваць адносіны з бел. урадам на ўзроўні прадстаўніцтва, дастатковага для выканання задач ЗША, а гал. прыярытэтам зрабіць развіццё кантактаў з бел. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, незалежнымі СМІ і няўрадавымі арг-цыямі (у далейшым палітыка ЗША у адносінах да Беларусі атрымала назву «выбарачнае ўзаемадзеянне»). У кангрэсе ЗША у 2-й пал. 1990-х г. і ў пач. новага дзесяцігоддзя неаднаразова праходзілі слуханні па праблемах дэмакратыі на Беларусі, дзе жорсткай крытыцы падвяргалася ўнутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь. Заклікі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь весці раўнапраўны, добразычлівы дыялог на аснове прызнання ўнутрыбел. рэалій не знаходзілі ў ЗША належнага водгуку.
Важным. кірункам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца супрацоўніцтва з краінамі Азіі. У 1992—93 адбыліся візіты бел. кіраўнікоў у Кітай, Манголію, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Індыю, Кувейт. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітамі Турцыю (1996), Рэспубліку Карэя, В’етнам (1997), Сірыю (1998, 2003), Іран (1998), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (2000), Катар (2001), Кувейт, Бахрэйн (2002). У 1997—2002 Беларусь наведвалі прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Чан Дык Лыонг, прэм’ер-міністр Лівана Р.Харыры, міністры замежных спраў Сірыі, Лівана, М’янмы, Кувейта, Ірана, Манголіі, Лаоса. На мяжы 20—21 ст. актывізавалася супрацоўніцтва Беларусі з Іракам, аднак ваен. інтэрвенцыя ЗША і іх саюзнікаў супраць гэтай краіны ў 2003 перашкодзіла развіццю бел.-іракскіх сувязей. Рэспубліка Беларусь падпісала дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Турцыяй (24.7.1996) і В’етнамам (24.4.1997). Краіны Азіі прызнаюць бел. ўнутрыпаліт. рэаліі і імкнуцца да пашырэння сувязей з Беларуссю па парламенцкай лініі. На працягу 1997—2003 Нац. сход Рэспублікі Беларусь меў добрыя адносіны з парламентамі В’етнама, Ізраіля, Ірана, Кувейта, Турцыі. Плённым з’яўляецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі краінамі ў рамках міжнар. арг-цый (ААН, Рух недалучэння, Міжпарламенцкі саюз і інш.).
Адным з гал. партнёраў Беларусі ў Азіі з’яўляецца Кітай. Бел.-кітайскія сувязі захоўваюць дружалюбны характар, вызначаюцца ўзаемнай павагай бакоў адзін да аднаго і ўзаемаразуменнем па важнейшых пытаннях сучаснага жыцця. Умацаванню двухбаковых сувязей садзейнічалі візіты вышэйшых дзярж. кіраўнікоў Беларусі і Кітая. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў Кітай з афіц. і дзярж. візітамі ў 1995, 1997 і 2001, неаднаразова наведвалі Беларусь таксама і прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва КНР (у 1995 у Рэспубліцы Беларусь пабываў прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Пэн, у 2000 — нам. Старшыні КНР Ху Цзіньтао, у ліп. 2001 адбыўся візіт Старшыні КНР Цзян Цзэміня). Актыўна супрацоўнічаюць дэпутаты Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і Усекітайскага сходу нар. прадстаўнікоў, пашыраюцца сувязі на ўзроўні асобных рэгіёнаў дзвюх краін. У крас. 2001 Кітай сфармуляваў 4 прынцыпы адносін з Беларуссю. У прыватнасці, абвешчана, што Кітай з’яўляецца сябрам бел. народа, заўсёды падтрымліваў і будзе падтрымліваць унутраную палітыку бел. дзяржавы, лічыць прэзідэнцкія выбары ўнутранай справай Беларусі, выступае супраць умяшання ў яе ўнутраныя справы.
У адрозненне ад бел.-кітайскіх адносін супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Японіяй у 1990-я г. заставалася вельмі стрыманым. У 1996 Японія не прызнала вынікі бел. канстытуцыйнага рэферэндуму, хаця ў пач. новага дзесяцігоддзя стала праяўляць цікавасць да развіцця супрацоўніцтва з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У парламенце Японіі створана бел.-японская група міжпарламенцкага супрацоўніцтва. Даволі плённым у цяперашніх умовах з’яўляецца бел.-японскае ўзаемадзеянне на ўзроўні грамадскіх аб’яднанняў (у прыватнасці, цікавасць да развіцця сувязей з Беларуссю праяўляюць прадстаўнікі японскіх клубаў «Раторы»).
Дружалюбнасць і ўзаемаразуменне характарызуюць адносіны Рэспублікі Беларусь з Індыяй. У 1997 адбыўся афіц. візіт у Індыю Прэзідэнта Лукашэнкі. У 2001 Беларусь наведаў міністр замежных спраў Індыі А.Абдула. Бел.-індыйскія адносіны грунтуюцца на значнай дагаворна-прававой аснове. Канструктыўна супрацоўнічаюць бел. і індыйскія парламентарыі. Абедзве краіны маюць агульныя або падобныя падыходы да вырашэння многіх актуальных праблем сучаснасці і паспяхова супрацоўнічаюць у рамках ААН і інш.міжнар. арг-цый, што дазваляе ўзняць іх адносіны на больш высокі паліт. ўзровень.
У Лац. Амерыцы асн. партнёрам Рэспублікі Беларусь заставалася Куба. У 1-й пал. 1990-х г.бел.-кубінскі дыялог прыпыніўся, але ў 2-й пал. 1990-х г. адносіны зноў набылі сталы характар. У вер. 2000 Кубу з афіц. візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 3.9.2000 Беларусь і Куба падпісалі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Куба паважліва ставіцца да бел. ўнутрыпаліт. рэалій і падтрымлівае сувязі з Нац. сходам Рэспублікі Беларусь. У 2-й пал. 1990-х г. Беларусь пашырыла паліт. дыялог з інш. краінамі Лац. Амерыкі і Карыбскага рэгіёна. На працягу 1998—2001 адбыліся візіты вышэйшых службовых асоб Беларусі ў Аргенціну, Калумбію, Уругвай, Чылі, Перу, Коста-Рыку, Панаму, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Ямайку. Пашыраецца дагаворна-прававая база адносін з Аргенцінай, Бразіліяй, Мексікай, Перу, Уругваем, Чылі, Эквадорам.
У Афрыцы Беларусь вядзе актыўны паліт. дыялог з краінамі Магрыба (Паўн. Афрыка). У сак. 1998 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Лукашэнка наведаў з афіц. візітам Егіпет, у ліст. 2000 — Лівію. Развіваюцца кантакты Беларусі з Тунісам, Марока. У апошнія гады пашыраецца супрацоўніцтва Беларусі з Паўд.-Афрыканскай Рэспублікай і Анголай.
Будынак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі. У 1990-я г.эканам. сувязі Беларусі з замежнымі дзяржавамі набылі якасна новы характар. У 1994 Рэспубліка Беларусь падтрымлівала гандлёва-эканам. адносіны з 97 краінамі свету, у 2000 — са 153. Пытаннямі развіцця гандлёва-эканам. супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі займаліся Дзярж.к-т па знешніх эканам. сувязях (у 1994—98 Мін-ва знешнеэканам. сувязей), Бел. гандлёва-прамысл. палата, замежныя дыпламат. прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь. Беларусь удзельнічала ў міжнар. выстаўках і кірмашах, рабоце замежных арг-цый, праводзіць канферэнцыі і семінары, адкрывае свае гандл. дамы, сэрвісныя цэнтры і інш. У 2001 за мяжой дзейнічалі 169 аб’ектаў, праз якія вялася рэалізацыя бел. тавараў, з іх 135 у Рас. Федэрацыі, 11 у краінах СНД, 23 у краінах па-за межамі СНД. Распрацавана Нац. праграма развіцця экспарту на 2000—05, створаны Міжведамасны савет па развіцці экспарту, Каардынацыйны савет па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (у 2001 прынята рашэнне пра ўключэнне ў склад рабочых груп Каардынацыйнага савета буйнейшых замежных інвестараў з Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Расіі, Турцыі). У 2001 з мэтай актывізацыі крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва бел.Мін-ва замежных спраў падрыхтавала Інвестыцыйны атлас Рэспублікі Беларусь на рус. і англ. мовах. З шэрагам краін Беларусь стварыла спец. міжурадавыя камісіі па гандлёва-эканам. супрацоўніцтве (Арменія, Аўстрыя, В’етнам, Германія, Індыя, Ірак, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Польшча, Славакія, Турцыя, Узбекістан, Украіна, Швейцарыя і інш.), што дазваляе вызначыць перспектыўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і найб. эфектыўныя спосабы дасягнення пастаўленых мэт. Знешнегандл. абарот Рэспублікі Беларусь (у доларах ЗША) у 1995 склаў 10 367 млн., у 2000—15 823, у 2002—17 077,7 млн.; агульны аб’ём экспарту ў 1995 склаў 4803 млн., у 2000—7331, у 2002—8097,8 млн. долараў; імпарту ў 1995—5564 млн., у 2000—8492 млн., у 2002—8979,9 млн. долараў. У гандлі з замежнымі краінамі Рэспубліка Беларусь захоўвае адмоўнае сальда.
Асаблівую ўвагу бел. кіраўніцтва аддае развіццю эканам. сувязей у межах СНД. У 1995 створаны Мытны саюз паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. На сустрэчы ў Маскве ў сак. 1996 кіраўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана падпісалі дагавор аб паглыбленні эканам. інтэграцыі (у 1998 да «чацвёркі» далучыўся Таджыкістан). У 2000 Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан заснавалі новае інтэграцыйнае аб’яднанне — Еўра-Азіяцкую супольнасць (ЕўрАзЭС). У 2003 Беларусь, Казахстан, Расія і Украіна абмяркоўвалі пытанні стварэння адзінай эканам. прасторы, маючы на мэце ўмацаванне інтэграцыйных сувязей на постсав. прасторы і каардынацыю дзеянняў пры ўваходжанні ў сусв.гандл. арг-цыю. У 2000 Рэспубліка Беларусь экспартавала ў краіны СНД тавараў на 4453,4 млн. долараў (з іх у Расію — на 3710,1), у 2002 — на 4461,3 (з іх у Расію — на 3977,1). Бел. імпарт з краін СНД у 2000 склаў 6000,9 млн. долараў (у т. л. з Расіі — 5604,7), у 2002—6215,7 (у т. л. з Расіі — 5922,3). Экспарт у краіны па-за межамі СНД у 2000 склаў 2926,3 млн. долараў, у 2002—3636,5 млн. Імпарт у адпаведныя краіны ў 2000 склаў 2476,5 млн. долараў, у 2002—2764,2 млн.Асн. гандлёва-эканам. партнёрам Беларусі ў межах СНД на працягу 1992—2002 заставалася Расія. У 1995 гандл. абарот з гэтай краінай складаў 5150,3 млн. долараў, у 1996—6546,5, у 1997—9453,1, у 1998—9278,5, у 1999—6988,7, у 2000—9314,8, у 2001—9400,6, у 2002—9899,4, у 2003—12 458,0 млн. Другім па значэнні партнёрам Беларусі ў межах СНД заставалася Украіна, хаця ў адрозненне ад Расіі гандаль з ёй меў адмоўную дынаміку. У 1995 гандл. абарот Беларусі з Украінай складаў 1176,2 млн. долараў, у 2000—900,3, у 2002—562,3. У 2002 у агульным аб’ёме тавараабароту Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі (па-за межамі СНД) удзельная вага краін Еўропы склала 75,9% (4860,5 млн. долараў), Азіі — 11,1% (708,5), Амерыкі — 7,5% (481,7), Афрыкі — 1,7% (105,6). Гал. знешнеэканам. партнёрамі Беларусі былі Вялікабрытанія, Германія, Італія, Латвія, Літва, Польшча.
У таварнай структуры бел. экспарту ў 2002 пераважалі мінер. прадукты, трансп. сродкі, механічныя і электрычныя машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прамысловасці, тэкст. вырабы. На мяжы стагоддзяў пераважная частка экспарту прадукцыі высокай і сярэдневысокай навукаёмістасці (грузавыя аўтамабілі, трактары, падшыпнікі, халадзільнікі і маразільнікі, аўтадарожная і с.-г. тэхніка, рухавікі ўнутр. згарання, фарбы і лакі, шыны) накіроўвалася ў дзяржавы СНД, найперш у Расію. На рынкі краін Захаду пастаўлялася пераважна нізкатэхнал. прадукцыя з невысокай ступенню апрацоўкі (прадукцыя сельскай гаспадаркі, лесаматэрыялы, тэкст. вырабы, лом і адходы металаў, стальныя пруткі і дрот, калійныя ўгнаенні). Міжнар. абарот паслуг Рэспублікі Беларусь у 2002 склаў 1891,3 млн. долараў, у т. л. экспарт паслуг — 1218,9 млн.Найб. ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме экспарту паслуг у 2002 займалі трансп. паслугі, аб’ём якіх склаў 691,4 млн. долараў. Экспарт дзелавых паслуг у 2002 склаў 253,6 млн. долараў, паслуг сувязі — 61,4 млн. Станоўчае сальда ў гандлі паслугамі па выніках 2002 склалася ў памеры 546,5 млн. долараў і на 61,9% кампенсавала адмоўнае сальда ў знешнім гандлі таварамі.
У 1-й пал. 1990-х г. Рэспубліка Беларусь атрымлівала крэдыты ад Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Швейцарыі. Сродкі на правядзенне эканам. рэформ на Беларусі выдзялялі ЕС, Міжнар. валютны фонд (МВФ), Еўрап. банк рэканструкцыі і развіцця. У жн. 1994 Рэспубліка Беларусь атрымала замежных крэдытаў на суму 1049,5 млн. долараў. З 2-й пал. 1990-х г. памеры крэдытавання бел. эканомікі развітымі дзяржавамі Захаду скараціліся, поўнасцю спынілася крэдытаванне з боку МВФ. З 1997 Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі праграм па выпуску прадукцыі прамысловасці, фінансаванне якіх праводзіцца са сродкаў бюджэту Саюза Беларусі і Расіі («Развіццё дызельнага аўтамабілебудавання», «Арганізацыя серыйнай вытворчасці абсталявання для выпуску хімічных валокнаў» і інш.).
Новы імпульс у 1990-я г. атрымала практыка прыцягнення замежнага капіталу ў форме сумесных і замежных прадпрыемстваў. У 1992 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістравана 201 сумеснае і 8 замежных прадпрыемстваў, у 2000 — адпаведна 1816 і 1332. На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічалі 1396 сумесных і 1271 замежнае прадпрыемства. У пач. 21 ст.найб. прыцягальнымі для замежных інвестараў сталі сферы прамысл. вытворчасці, гандл. дзейнасць і транспарт. У прамысл. сектары асн. інвестыцыі прыпадалі на машынабудаванне, харчовую, лёгкую, дрэваапрацоўчую і хім. прамысловасць. Найбуйнейшыя прадпрыемствы створаны з удзелам інвестараў з Расіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Чэхіі ў сферы будаўніцтва, вытворчасці электраізалятараў, выдавецкай справы і паліграфіі, дрэваапрацоўкі і вытворчасці прадуктаў харчавання. Цікавасць у замежных інвестараў выклікала стварэнне на тэр. Беларусі ў 2-й пал. 1990-х г. свабодных эканам. зон «Брэст», «Гомель-Ратон», «Мінск» і «Віцебск». Беларусь развівае таксама кантакты з пагранічнымі дзяржавамі (Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй) у рамках еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман», «Азёрны край», «Белавежская пушча», «Дняпро».
Складанае становішча, у якое трапіла бел. эканоміка ў сувязі з разрывам сувязей, што склаліся ў сав. часы, паўплывала на характар яе гандлёва-эканам. дзейнасці. У 1990-я г. адмоўнай рысай гандлю Беларусі з замежнымі краінамі была вялікая ўдзельная вага безграшовых форм разліку, найперш бартэру. У 1999 бартэр у экспарце ў Расію дасягнуў 52,2% ад агульнай колькасці пастаўленай прадукцыі, у краіны па-за межамі СНД — 11,9%; у імпарце з Расіі доля бартэру склала 38,9%, з краін па-за межамі Расіі — 13,3%. У пач. 21 ст. доля бартэрных паставак у агульным аб’ёме бел. знешняга гандлю пачала скарачацца.
Культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму. Перабудова міжнар. адносін Беларусі ва ўмовах незалежнасці паўплывала на характар яе замежных сувязей у галіне навукі і культуры. У канцы 20 — пач. 21 ст. Рэспубліка Беларусь праводзіла навук. даследаванні і распрацоўкі разам са шматлікімі замежнымі навукова-даследчымі і навуч. ўстановамі. Актыўна ажыццяўлялася супрацоўніцтва з акадэміямі навук, інш.навук. ўстановамі. Да канца 1990-х г. міжурадавыя, міжакадэмічныя і міжінстытуцкія дагаворы і пагадненні заключаны з 60 краінамі свету. Толькі ў 2001 Нац.АН Беларусі мела 33 дагаворы і пагадненні, заключаныя на міжакадэмічным узроўні. На міжінстытуцкім узроўні выконваліся 302 дагаворы, праекты і кантракты з замежнымі навук. ўстановамі, фірмамі і арг-цыямі 38 краін, адбылося 780 навук. камандзіровак супрацоўнікаў АН Беларусі ў 50 краін далёкага замежжа і 245 прыёмаў замежных вучоных і спецыялістаў з 33 дзяржаў свету ў навук. установах Беларусі. Важным кірункам міжнар. супрацоўніцтва быў удзел АН Беларусі ў міжнар.навук. праграмах і праектах па лініі ЮНЕСКА, МАГАТЭ, Міжнар. навукова-тэхн. цэнтра, еўрап. праграмах INTAS і INCO-Copernicus. Значныя аб’ёмы даследаванняў і распрацовак выкананы па кантрактах з арг-цыямі Германіі, ЗША, Індыі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў, Югаславіі.
Міжнар. сувязі ў галіне адукацыі ажыццяўляліся шляхам падрыхтоўкі ў бел.ВНУ спецыялістаў для замежных краін, арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва паміж навуч. ўстановамі Беларусі і навуч. і навук. цэнтрамі замежных краін з мэтай навучання, павышэння кваліфікацыі, правядзення навук. даследаванняў. Так, у сярэдзіне 1990-х г.навуч. ўстановы Беларусі падпісалі каля 130 пагадненняў з навуч. ўстановамі, прадпрыемствамі і фірмамі краін Еўропы, Азіі і Амерыкі. У 1994 у адпаведнасці з міжнар. пагадненнямі, а таксама на аснове дагавораў у навуч. установах Беларусі вучылася больш за 2,5 тыс. студэнтаў з 93 краін далёкага замежжа. У сваю чаргу бел. вучоныя і студэнты маглі вучыцца і стажыравацца на прадпрыемствах і ў навук. цэнтрах замежжа.
Моцным сродкам збліжэння народаў заставаліся ўзаемаабмен дасягненнямі літаратуры, кіно, выяўл. мастацтва, арганізацыя муз. і тэатральных фестываляў. У 1993 Рэспубліка Беларусь далучылася да Еўрап. культурнай канвенцыі 1954. Якасна новы змест набылі Дні бел. культуры, дзе Беларусь стала заяўляць пра сябе як пра краіну з адметнай нац. культурай еўрап. ўзроўню. З 1992 у Віцебску праводзяцца штогадовыя міжнар.муз. фестывалі «Славянскі базар» з удзелам вядомых спевакоў, кампазітараў, музыкантаў з замежных краін. У 1-й пал. 1990-х г. актывізавалася дзейнасць па вяртанні на Бацькаўшчыну культурных каштоўнасцей, што знаходзіліся за межамі Беларусі (рэстытуцыі). У сярэдзіне 1990-х г. адпаведныя міжурадавыя пагадненні падпісаны ці падрыхтаваны да падпісання з большасцю краін СНД, Польшчай, Літвой, Германіяй, Чэхіяй, Славакіяй, ЗША. Умацаванню культ. сувязей спрыяла дзейнасць на Беларусі Культурна-адукац. цэнтра імя Гётэ (Германія), Франка-бел. інфарм. залы, Брытанскага савета, Інфарм. цэнтра пасольства ЗША.
Разнастайную палітру муз. праграм прадстаўлялі бел. прафесійныя калектывы за мяжой (у 1990-я г. гастролі праходзілі ў Бразіліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Італіі, Кітаі, Літве, Польшчы, Францыі, Швейцарыі, Японіі і інш.). Актыўную гастрольную дзейнасць ажыццяўлялі трупы бел. балета і оперы, Дзярж. акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзярж. ансамбль танца, Дзярж. акадэмічны нар. хор імя Г.І.Цітовіча, ансамбль салістаў «Класік-авангард» і інш.Бел. тэатральнае мастацтва было прадстаўлена на найб. прэстыжных творчых форумах свету, сярод якіх Эдынбургскія фестывалі ў Вялікабрытаніі, Шылераўскія фестывалі і Бонскае біенале ў Германіі, Шэкспіраўскія фестывалі ў Іспаніі і Польшчы, Чэхаўскія фестывалі ў Расіі, фестывалі тэатр. мастацтва ў Егіпце, Францыі і многія інш. Годна прадстаўлялі сваю творчасць за межамі краіны бел. мастакі, скульптары, кінематаграфісты. Толькі ў 2001 з гастролямі, канцэртнымі праграмамі, для ўдзелу ў міжнар. конкурсах, фестывалях, выстаўках па лініі Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь больш за 3 тыс. артыстаў і дзеячаў мастацтва выехалі ў 18 краін свету, у т. л. ў Германію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Кітай, Латвію, Нідэрланды, Польшчу, Расію, Турцыю, Украіну, Францыю. Мін-ва культуры забяспечвала міжнар. культурнае супрацоўніцтва з больш чым 30 краінамі свету на аснове 33 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, заключаных з гэтымі дзяржавамі, у т. л. 4 пагадненні з рознымі рэгіёнамі Рас. Федэрацыі.
Паспяхова развіваліся сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і ЮНЕСКА. У вер. 1998 Беларусь і ЮНЕСКА падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Пры дапамозе ЮНЕСКА адзначаліся 400-годдзе памяці гуманіста і філосафа С.Буднага, 100-годдзе з дня нараджэння бел. пісьменнікаў М.Багдановіча і М.Гарэцкага. Таксама ЮНЕСКА дапамагала Беларусі ў захаванні традыцыйнай культуры, мовы, фальклору, культурных і гіст. помнікаў, у вырашэнні праблем, звязаных з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986. Дзякуючы дапамозе гэтай арг-цыі, наладжана камп’ютэрная сетка ў АН Беларусі, разгорнута сістэма камп’ютэрных каталогаў у Нац. б-цы Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЮНЕСКА 2 помнікі бел. даўніны — Белавежская пушча і замкавы комплекс Мір — унесены ў Спіс сусв. культурнай і прыроднай спадчыны. Значную работу па ўмацаванні міжнар. сувязей Беларусі праводзяць Бел.т-ва дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, інш. арг-цыі. Працягваецца супрацоўніцтва паміж Беларуссю і замежнымі дзяржавамі ў рамках параднёных гарадоў. Пры дапамозе замежных краін і міжнар. арг-цый Беларусь паспяхова вырашала праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя; толькі ў 2002 рэалізавана 12 міжнар. экалагічных праектаў на суму больш за 4,8 млн. долараў.
У 1990-я г. на Беларусі актыўна развівалася сістэма міжнар. турызму, якая стала адной з форм знешнеэканам. дзейнасці дзяржавы. У 2002 пытаннямі міжнар. турызму займалася каля 500 бел. фірм. Гал. партнёрамі Беларусі ў сферы міжнар. турызму з’яўляюцца Расія, Украіна, Германія, Польшча, Вялікабрытанія, Турцыя, Чэхія, Славакія, Балгарыя, Швецыя, Нідэрланды, Літва. У 1992 за мяжой (без краін СНД) пабывала 312 258 турыстаў з Беларусі, у 1995—570 899, у 2000—1 181 570, у 2002—1 198 669. Колькасць замежных турыстаў, што наведалі Беларусь, павялічылася з 29 877 чал. у 1992 да 55 177 чал. у 2002. У Беларусь турысты пераважна прыбываюць з Польшчы, Вялікабрытаніі, Расіі, Латвіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Кіпра, Украіны. У 1996 у межах сумеснага праекта ўрада Рэспублікі Беларусь і ПРААН «Садзейнічанне сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь у пераходны перыяд» распрацаваны турыстычны маршрут «Залатое кальцо Беларусі». Планавалася, што ён аб’яднае ў адзіны турысцка-гасп. комплекс усе тэрыторыі і аб’екты краіны, якія маюць цікавасць як турысцка-экскурсійныя і рэкрэацыйныя аб’екты ці спартыўна-аздараўленчыя базы і зоны адпачынку.
Умацоўваюцца спарт. сувязі Беларусі з замежнымі краінамі. Бел. спартсмены паспяхова ўдзельнічалі ў летніх і зімовых Алімпійскіх гульнях у Барселоне (1992), Лілехамеры (1994), Атланце (1996), Нагана (1998), Сіднеі (2000), Солт-Лейк-Сіці (2002), інш.міжнар. спаборніцтвах. Напр., на XXVIII летніх Алімпійскіх гульнях у Афінах (2004) 153 спартсмены Беларусі спаборнічалі ў 23 відах алімпійскіх праграм і атрымалі 2 залатыя, 6 сярэбраных і 7 бронзавых медалёў. Неаднаразова міжнар.спарт. турніры праводзіліся і на бел. тэрыторыі. Рэспубліка Беларусь стала паўнапраўным членам К-та па развіцці спорту Савета Еўропы, прычым бел. прадстаўнік першы з краін Усх. Еўропы ўвайшоў у склад яго Выканкома.
Літ.:
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР с иностр. государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Броўка Ю.П. Да пытання аб удзеле Беларускай ССР у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1963. №2;
Яго ж. Международная правосубъектность БССР. Мн., 1967;
Переписка Председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.Т. 1—2. М.;
1976;
Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны, 1941—1945 гг.: Сб. док. Т. 3—5. М., 1978—84;
Белорусская ССР в международных отношениях: Многосторон. междунар. договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). Мн., 1983;
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986;
Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг.Мн., 1994;
Яго ж. «Мы, народы Объединенных Наций...»: Об участии Беларуси в деятельности ООН // Нёман. 1995. №10;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гт. Мн., 1997;
Яго ж. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2000. № 4;
Яго ж. Беларуская дзяржаўнасць і дыпламатыя ў XX ст. // Там жа. 2001. № 1;
Яго ж. Белорусско-российские отношения на рубеже столетий (конец 1999 — начало 2001 гг.) // Там жа. 2001. №2;
Яго ж. Беларусь в международных отношениях // История Беларуси: (Краткий очерк). Мн., 2002;
Запруднік Я. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996;
Белоруссия на перепутье: в поисках международной идентичности. М., 1998;
Национально-государственные интересы Республики Беларусь. Мн., 1999;
Смирнов В.С. Внешняя политика и дипломатия Республики Беларусь. Мн., 1999;
Розанов А. Внешняя политика Беларуси: новые очертания // Беларусь в мире. 1999. №2—3;
Суверенитет и многовекторность внешней политики Республики Беларусь в современных условиях. Мн., 2000;
Шадурский В.Г. Культурные связи Беларуси со странами Центральной и Западной Европы (1945—1990-е гг.). Мн., 2000;
Приоритеты внешней политики Республики Беларусь. Мн., 2001;
Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: Материалы междунар. науч. конф., 24—25 мая 2002 г.Мн., 2002;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 6. Мн., 2003;
Тихомиров А.В. Беларусь в международных отношениях, 1772—2002. Мн., 2003;
Качуровский Е., Астапченко Ю. Беларусь: новая торговая политика. Мн., 2003;
Мир и Беларусь. Аспекты устойчивого развития. Мн., 2003;
Беларусь і Польшча — Polska i Białorus. Warszawa, 2003;
Челядинский А.А. Внешнеполитические приоритеты и интересы Республики Беларусь // Бел. журнал междунар. права и междунар. отношений. 2003. №4;
Актуальные вопросы международных отношений и внешней политики Беларуси: Материалы науч. семинаров, янв.—дек., 2002 г.Мн., 2003;
Беларусь в современном мире. Мн., 2003.
У.Е.Снапкоўскі (фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, Беларусь — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Беларусь і міжнародныя арганізацыі), А.В.Ціхаміраў (двухбаковыя сувязі Рэспублікі Беларусь з замежнымі дзяржавамі, гандлёва-эканамічныя адносіны Рэспублікі Беларусь з замежнымі краінамі, культурныя і навуковыя кантакты, сувязі ў галіне спорту і турызму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ 1941—45
Напярэдадні вайны. З канца 1940 пагроза нападу фаш. Германіі на СССР усё больш нарастала. Міжнар. адносіны, а таксама сітуацыя на сав.-герм. мяжы былі напружанымі і нават пагражальнымі. Вясной 1941 Ген. штабам Чырв. Арміі сумесна са штабамі ваен. акруг і флатоў быў распрацаваны план абароны дзярж. граніцы. Асаблівая ўвага аддавалася ўмацаванню новай граніцы ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне. Вырашана пабудаваць там новыя ўмацаваныя раёны; на працягу 470 км пагранічнай паласы Беларусі прадугледжвалася буд-ва 550 дотаў і 990 умацаванняў палявога тыпу, новых і мадэрнізацыя старых аэрадромаў. На Брэсцкім напрамку пачалося буд-ва 15, на Беластоцкім — 12 аэрадромаў. Пашыраліся і мадэрнізаваліся стратэг. важныя чыг. вузлы і лініі. Дапамогу ваен. будаўнікам аказвалі дзярж. органы БССР, мясц. ўлады. Для буд-ва Брэсцкага ўмацаванага раёна ў сак.—крас. 1941 было накіравана 10 тыс.чал. цывільнага насельніцтва і 4 тыс. падвод, на буд-ве ваен. аэрадромаў, якое вялося сіламі Беларусі пад кіраўніцтвам ваен. інжынераў, працавалі 160 тыс. рабочых. Насельніцтва прыгранічных раёнаў рэспублікі сабрала і даставіла на буд. пляцоўкі ваен. аб’ектаў 707 тыс.м³ камянёў. 14.5.1941 ЦККП(б)Б заслухаў і абмеркаваў даклад каманд. войскамі Зах. асобай (Беларускай) ваен. акругі ген. арміі Дз.Р.Паўлава «Аб абставінах на граніцы і стане войск акругі» і прыняў рашэнне аб найхутчэйшым завяршэнні буд-ва 100 аэрадромаў, умацаваных раёнаў, устараненні недахопаў у справе прывядзення ў стан мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, калгасаў, МТС і насельніцтва, павышэнні ўвагі да патрэб войск.
Пачатак вайны. Вайна, якую развязала фаш. Германія супраць Сав. Саюза, працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 ням. паветраныя флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі. Усё гэта разам складала 5,5 млн.чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4300 танкаў і штурмавых гармат, 4980 баявых самалётаў і інш.СССР у 5 зах.ваен. акругах меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн.чал.), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1457 новых танкаў КВ і Т-34, 1570 баявых самалётаў новых тыпаў.
Вял. шкоду абараназдольнасці краіны нанеслі рэпрэсіі 1937—38, калі загінула ці была зняволена значная колькасць вопытных камандзіраў Чырв. Арміі, выдатныя канструктары ваен. тэхнікі, кіраўнікі ваен. прам-сці, інж.-тэхн. работнікі. Замест рэпрэсіраваных на высокія ваен. пасады прызначаліся маладыя камандзіры, у якіх не было неабходных ведаў і вопыту. Былі дапушчаны і стратэг. пралікі: найб. небяспечным напрамкам лічыўся паўд.-зах. — Украіна, а не зах. — Беларусь, на якім гітлераўскае камандаванне ў чэрв. 1941 увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і ваен.-паветр. сілы. Напярэдадні і ў пачатку вайны на тэр. Беларусі былі размешчаны 44 сав. дывізіі (з іх 18 танк. і матарызаваных), а на Украіне 80 дывізій (з іх 30 танк. і матарызаваных). Пры гэтым у кожнай ням. дывізіі налічвалася па 14—16 тыс.чал., а ў сав. дывізіях — па 8 і менш тыс. чалавек.
На досвітку 22.6.1941 фаш. Германія без абвяшчэння вайны напала на Сав. Саюз. Камандаванне яе ўзбр. сіл (вермахта) разлічвала магутнымі рассякальнымі ўдарамі буйных танкавых і матарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі і выйсці на лінію Архангельск—Волга, каб такім чынам за 1,5—2 мес закончыць вайну.
На тэр. Беларусі наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск — група армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок) у складзе 4-й і 9-й палявых (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус), 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот) і 2 матарызаваных брыгад. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот — 1600 самалётаў. Разам з пагранічнікамі ўдар гэтых сіл прынялі на сябе размешчаныя каля граніцы сав. арміі: 3-я (каманд.ген.-лейт. В.І.Кузняцоў) каля г. Гродна, 10-я (ген.-маёр К.Дз.Голубеў) у Беластоцкім выступе, 4-я (ген.-маёр А.А.Карабкоў) каля Брэста. На напрамках гал. удараў (Гродна і Брэст) праціўнік меў перавагу ў сілах і сродках у 3—5 разоў. Авіяцыя Германіі 22.6.1941 нанесла раптоўныя масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах, гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш., гэтым прычыніла цяжкія страты сав. войскам. ВПСЗах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не здолелі даць належны адпор ворагу, адбіць яго паветраныя налёты. У выніку масіраваных удараў па 26 аэрадромах на тэр. Беларусі ням. авіяцыі ўдалося знішчыць у першыя гадзіны вайны на зямлі 528 самалётаў. Яшчэ 210 сав. самалётаў былі за той жа дзень збіты ў паветр. баях над Беларуссю. Т.ч. 22.6.1941 сав.ВПС, размешчаныя на тэр. Беларусі, страцілі 41% сваіх самалётаў, у т. л. 408 з 500 самалётаў навейшых канструкцый, якія не саступалі нямецкім. Войскі Зах. фронту (утвораны 22.6.1941 на базе Зах. асобай ваен. акругі) з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту на чале з ген. арміі Дз.Р.Паўлавым страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе, ліквідаваць яго глыбокія прарывы.
Танкавыя злучэнні ворага 22—23 чэрв. прарвалі абарону сав. войск на абодвух флангах Зах. фронту (каля Гродна і Брэста) і да канца дня 25 чэрв. прасунуліся ў напрамку Вільнюс—Мінск на 180 км, у напрамку Баранавічы—Мінск — да 250 км. У выніку больш як 60 акруговых (франтавых) складоў і баз забеспячэння і ўзбраення былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час гаручага, боепрыпасаў, аўтабранятанкавай маёмасці, харчавання.
З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар прынялі дывізіі, якія размяшчаліся паблізу граніцы, і пагранічнікі. Бессмяротны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Мужна змагаліся з ворагам сав. лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лейтэнант Рабцаў тараніў варожы самалёт над Брэстам, малодшы лейтэнант Дз.В.Кокараў — у раёне г. Замбраў Беластоцкай вобл., старшы палітрук А.С.Данілаў — каля Гродна. 22 чэрв. маёр Б.М.Сурын збіў 4 самалёты праціўніка, старшы палітрук Сіроцін — 5, капітан М.Ф.Саўчанка — 9 самалётаў. За першы дзень вайны 235-ы артыл. полк 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі каля г.п. Дамачава Брэсцкай вобл. знішчыў 21 танк і бронетранспарцёр ворага, каля 600 гітлераўцаў. У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёнах Гродна і Беластока войскі 10-й і 3-й армій. Каля г. Ліда артылерысты 8-й асобнай артыл. процітанк. брыгады пад камандаваннем палк. І.С.Стральбіцкага на некалькі дзён затрымалі рух 12-й ням.танк. дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў. З 25 чэрв. цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе трымалі абарону 2-і і 44-ы стралк. карпусы 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Сілы былі няроўныя, і 28 чэрв.танк. групы ням.-фаш. генералаў Гота і Гудэрыяна захапілі Мінск (гл.Мінска абарона 1941). У выніку ў раёнах на З ад сталіцы Беларусі трапілі ў варожае акружэнне войскі 3-й, 10-й і часткова 13-й сав. армій (гл.Навагрудскі «кацёл»).
Мабілізацыя сіл на адпор ворагу. У складаных умовах, калі Чырв. Армія вымушана была адступаць, на Беларусі разгарнулася вял. работа па мабілізацыі сіл на адпор агрэсару. Усё жыццё ў рэспубліцы перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваен. часу. У чэрв.—ліп. 1941 у Чырв. Армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс.чал.Чырв. Арміі было перададзена каля 30 тыс. аўтамашын і трактароў, 18 тыс.т мяса, шмат жывёлы, 10 350 т збожжапрадуктаў, 10 тыс.т сена. На працягу першага тыдня вайны для арміі на Беларусі былі разгорнуты эвакашпіталі на 12 800 ложкаў, тысячы месцаў у бальніцах, арганізоўваліся медсанатрады. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліп. сфарміравана 78 (больш за 13 тыс.чал.) знішчальных батальёнаў. Ва ўсх. абласцях рэспублікі ў ліп.—жн. 1941 створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш як 33 тыс.чал.). На патрэбы фронту пачалі працаваць прамысл. прадпрыемствы. Гомельскія з-ды «Рухавік рэвалюцыі» і с.-г. машынабудавання наладзілі рамонт баявой тэхнікі і вытв-сць мінамётаў, з-д імя Кірава, Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты асвоілі вытв-сць процітанк. мін, Гомельская запалкавая фабрыка «Везувій» — выраб гранат. Чыгуначнікі Гомеля стварылі 30 перасовачных майстэрань для рамонту танкаў і трактароў, бабруйская прамысл. арцель «Чырвоны металіст», мазырская арцель «Молат», віцебскія арцелі «Молат» і «Металіст» асвоілі вытв-сць карпусоў ручных гранат. Неабходную фронту прадукцыю выпускалі таксама мех. майстэрня ў Магілёве, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, многія абутковыя і швейныя прадпрыемствы. Вял. дапамогу Чырв. Арміі аказвалі бел. сяляне.
Адной з найважнейшых задач з’яўлялася эвакуацыя людзей і матэрыяльна-вытв. каштоўнасцей ва ўсх. раёны СССР. Да канца жн. 1941 з Беларусі было вывезена больш за 1,5 млн.чал., звыш 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тыс. дзяцей), 124 буйныя прадпрыемствы саюзна-рэсп. падпарадкавання, больш як 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнал. абсталявання, а таксама шмат с.-г. тэхнікі, жывёлы, збожжа. Былі эвакуіраваны ўстановы навукі і культуры, у т. л.АН Беларусі, БДУ, тэатры і інш. (гл.Эвакуацыя).
Насельніцтва прыфрантавых раёнаў паўсюдна ўдзельнічала ў буд-ве абарончых умацаванняў. Толькі на рубяжы р. Дняпро на гэтых работах было занята больш як 500 тыс.чал., а ўсяго на абарончых збудаваннях на тэр. Беларусі — каля 2 млн. чал.
Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941. У пач.ліп. 1941 сав. камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Зах. Дзвіна і Дняпро. Каб спыніць ворага і не даць магчымасці яго арміям прарвацца на Маскоўскім напрамку, сюды былі кінуты з рэзерву 19-я, 20-я, 21-я і 22-я арміі. На р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў цяжкія баі з гітлераўцамі вялі часці 1-й Маскоўскай мотастралк. дывізіі (палк. Я.Р.Крэйзер), курсанты Барысаўскага танк. вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з-пад Мінска. У трохдзённых баях за Барысаў (захоплены ворагам 2 ліп.) і наваколле з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. Абаронцы Барысава знішчылі каля 70 варожых танкаў, больш за 2000 гітлераўцаў. Адыходзячы ўздоўж Маскоўскай шашы, 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія ўпарта змагалася з ворагам на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і ў інш. месцах. Раённы цэнтр Талачын 8—9 ліп. двойчы пераходзіў з рук у рукі. Воіны Маскоўскай дывізіі захапілі тут каля 800 палонных і сцяг 47-га Берлінскага танк. корпуса. 14.7.1941 пад Оршай свой першы ўдар па ворагу нанёс дывізіён рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава. Так упершыню ў баі былі выкарыстаны легендарныя «Кацюшы». Упартыя баі адбываліся за пераправу цераз Бярэзіну ў раёне г. Бабруйск (канец чэрв. — пач.ліп. 1941).
У пач. ліпеня 1941 баі разгарнуліся на Віцебскім напрамку. 20-я армія сіламі 2 механізаваных карпусоў 6—10 ліп. нанесла контрудар па 3-й танк. групе праціўніка і адкінула яго на 30—40 км у напрамку г. Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). Прыкрываючы Віцебск, 153-я стралк. дывізія палк. М.А.Гагена падбіла каля 50 варожых танкаў і знішчыла каля 500 гітлераўцаў (гл.Віцебска абарона 1941). Разам з Чырв. Арміяй Віцебск да 11 ліп. мужна абаранялі батальёны нар. апалчэння (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941).
Выключна напружаныя баі адбываліся на р. Дняпро, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні і часці 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі. Непасрэдна Магілёў да 26 ліп. (апошнія 10 дзён у акружэнні) абаранялі 172-я стралк. дывізія (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і атрады нар. апалчэння (гл.Магілёва абарона 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, Буйніцкае поле).
Гомельскі напрамак прыкрывала 21-я армія (каманд. ў чэрв.—жн. 1941: ген.-лейт. В.П.Герасіменка, ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-маёр В.М.Гардоў). У ліпені ў яе размяшчэнне выйшлі з акружэння часці 3-й арміі, якая потым да канца жніўня абараняла Палессе. 24.7.1941 для прыкрыцця Гомельскага напрамку ўтвораны асобны Цэнтральны фронт (каманд.ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, потым ген.-лейт. Яфрэмаў), у склад якога ўвайшлі 21-я і 13-я, а з 1 жніўня і 3-я арміі. 13 ліп. 63-і стралк. корпус (камкор, потым ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) нанёс контрудар на Бабруйскім напрамку, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў (гл.Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). Цяжкія баі адбываліся 12—19.8.1941 пад Гомелем, праз які 2-я ням.-фаш.танк. група прарывалася на Украіну (гл.Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 5 разоў пераходзіў з рук у рукі ў ліп.—жн. 1941 палескі раённы цэнтр Тураў.
Баявыя дзеянні на Беларусі з 10.7.1941 з’яўляліся часткай Смаленскай бітвы 1941, у ходзе якой сав. войскі на 3 мес затрымалі прасоўванне ням.-фаш. армій на Маскоўскім напрамку, але да пач.вер. 1941 былі вымушаны пакінуць усю тэр. Беларусі. 19 жніўня гітлераўскія войскі захапілі Гомель, 22 жн. — апошні абл. цэнтр рэспублікі г. Мазыр, 4 вер. (канчаткова 23 вер.) — апошні раённы цэнтр г.п. Лельчыцы. Беларусь на 3 гады апынулася пад ярмом ням.-фаш. акупацыі.
Падзеі на франтах вайны. Летам і восенню 1941 войскі ням. фашыстаў акупіравалі значную частку тэр.СССР, блакіравалі г. Ленінград, выйшлі на подступы да Масквы, захапілі Растоўна-Доне. Але ім не ўдалося ажыццявіць асн.стратэг. план — разбіць Чырв. Армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях сав.ўзбр. сілы нанеслі ням. арміі і ВПСвял. страты і захавалі сваю баяздольнасць. 5—6.12.1941 пад Масквой яны перайшлі ў контрнаступленне (гл.Маскоўская бітва 1941—42), якое перарасло ў агульнае наступленне Чырв. Арміі на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку вораг быў адкінуты на 150—400 км. У пач.лют. 1942 у ходзе наступлення 4-й ударнай арміі на Віцебскім напрамку 249-я стралк. дывізія ген.-маёра Г.Ф.Тарасава здзейсніла баявы рэйд па тэр. Суражскага і Віцебскага р-наў Беларусі, вызваліла шэраг населеных пунктаў. У выніку гэтых дзеянняў паміж ням.-фаш. групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач» утварыўся разрыў (Чырв. Армія замацавалася непадалёк ад паўн.-ўсх. граніцы Беларусі), праз які было наладжана ўзаемадзеянне паміж бел. партызанамі і сав. камандаваннем (гл.Віцебскія «вароты»).
У бітве пад Масквой сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі (разграмілі 38 яе дывізій) і развеялі міф аб непераможнасці вермахта. Фаш. план «Барбароса», у аснову якога была пакладзена ідэя «бліцкрыгу» («маланкавай вайны»), праваліўся. Але і сав. Стаўка Вярх. галоўнакамандавання пераацаніла свае сілы і магчымасці, паставіўшы перад сав. войскамі задачу за зіму—вясну 1942 акружыць і знішчыць асн. сілы ням.-фаш. груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942». Спробы здзейсніць гэты план (пад Вязьмай і на р. Волхаў) скончыліся няўдачай і суправаджаліся вял. стратамі. Былі заўчасна выкарыстаны сабраныя Стаўкай з вял. цяжкасцямі стратэг. рэзервы. У той жа час не спраўдзілася надзея сав. камандавання і парт.-дзярж. кіраўніцтва, што Германія вычарпае свае рэзервы да вясны 1942.
У маі 1942 становішча на сав.-герм. фронце зноў пачало змяняцца на карысць Германіі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у канцы чэрв.—пач.ліп. — Севастопаль. Катастрофай скончылася наступленне сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. У канцы чэрв.—пач.ліп. 1942 разгарнулася агульнае наступленне вермахта на Варонежскім, Сталінградскім і Каўказскім напрамках, якое ўдалося спыніць толькі позняй восенню. Гітлераўскія войскі выйшлі да Волгі і Дона, перавалаў Гал.Каўк. хрыбта, уварваліся ў Варонеж і Сталінград, але з-за ўпартага супраціўлення сав. войск не здолелі іх захапіць цалкам. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада наркома абароны СССР №227 ад 28.7.1942, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі без загаду. Пасля шматтыднёвай гераічнай абароны 19.11.1942 сав. войскі пад Сталінградам перайшлі ў магутнае контрнаступленне, акружылі і да 2.2.1943 цалкам разграмілі 330-тысячную групоўку ням.-фаш. войск (гл.Сталінградская бітва 1942—43). Гэта перамога стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе вайны. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць страчаную стратэг. ініцыятыву, выратаваць ад развалу фаш. блок, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл.Курская бітва 1943). Але і тут вораг быў разгромлены, страціў 30 дывізій, каля 500 тыс. чалавек.
Пачатак вызвалення Беларусі. Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырв. Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 на фронце шырынёй у 2 тыс.км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.9.1943 войскі 13-й арміі (ген.-лейт. М.П.Пухаў) Цэнтр фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) у час Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі г.п. Камарын. У жн.—вер. 1943 Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю, у выніку якой вызвалілі Смаленскую вобл., некаторыя раёны Віцебскай і Магілёўскай абл., выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту пасля вызвалення Бранска (17 вер.) таксама ўступілі на бел. зямлю і выйшлі да р. Сож. У ходзе наступнай асенне-зімовай кампаніі 1943—44 Чырв. Армія вызваліла яшчэ шэраг мясцовасцей і буйных населеных пунктаў Беларусі, у т. л.абл. цэнтры Гомель і Мазыр, гарады Гарадок, Рагачоў, Калінкавічы і інш. (гл.Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). Са снеж. 1943 у вызваленым Гомелі працавалі ЦККП(б)Б і СНКБССР. Усяго да вясны 1944 Чырв. Армія поўнасцю ці часткова вызваліла ад ням.-фаш. захопнікаў 36 раёнаў Беларусі са 188.
Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У складзе ўзбр. сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі інш.сав. народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л.М.Даватар, А.І.Лізюкоў, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка і інш.; у Сталінградскай бітве — А.Я.Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф.Я.Макавецкі, А.І.Пастрэвіч, М.П.Сыдзько, І.Я.Сяржантаў і інш. Пад Ленінградам снайпер Ф.А.Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. У час Курскай бітвы 1943 лётчык-знішчальнік А.К.Гаравец у адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр.-адм. В.Е.Ананьіч, ген. арміі А.З.Антонаў, ген.-лейт. Е.У.Дабравольскі, віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-палк. І.П.Камера, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, Маршал Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскі, ген.-лейт. А.Дз.Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайск. злучэннямі сухап. войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вял.Айч. вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 66 чал. сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П.Я.Галавачову, камандзірам танк. злучэнняў І.І.Гусакоўскаму, С.Ф.Шутаву, І.І.Якубоўскаму званне Героя Сав. Саюза прысвоена двойчы.
Гітлераўскі акупацыйны рэжым. З першых дзён фаш. акупацыі на тэр. Беларусі быў устаноўлены крывавы акупац. рэжым, які ажыццяўляўся войскамі вермахта, ням.-фаш.акупац. адміністрацыяй, службамі СД і СС, ваен.-палявымі і мясц. камендатурамі, паліцыяй і жандармерыяй. Маючы на мэце ліквідацыю нац. дзяржаўнасці Беларусі і ператварэнне яе ў калонію Германіі, фашысты расчлянілі тэр. Беларускай ССР: паўн.-зах. раёны Брэсцкай вобл. і Беластоцкую вобл. з гарадамі Гродна і Ваўкавыск далучылі да Усх. Прусіі (бецырк Беласток); паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл. — да рэйхскамісарыята «Украіна»; паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл. ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, б.ч. Гомельскай і ўсх. раёны Мінскай абласцей — у зону армейскага тылу. У склад генеральнай акругі Беларусі («Генеральбецырк Беларутэнія») увайшлі Баранавіцкая, Вілейская, Мінская (без усх. раёнаў), паўн. раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала 1/3тэр. Беларускай ССР. Гэтая тэр. была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» (цэнтр — г. Рыга) і падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Каб узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі з асобных яго прадстаўнікоў і эмігрантаў дапаможныя адм. ўстановы — раённыя, гар., валасныя ўправы, а пазней — шэраг беларускіх па назве, але калабарацыянісцкіх па сутнасці ваен.-паліцэйскіх фарміраванняў (гл.Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона), «грамадскіх арг-цый» (гл.Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі), «дзярж. устаноў» (гл.Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада).
Мэтай акупац. палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне бел. народа. Паводле плана «Ост» на Беларусі планавалася знішчыць ці выселіць у Сібір 75% насельніцтва, 25% беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці с.-г. рабоў. Каб скараціць 30-гадовы тэрмін выканання гэтага плана, фашысты імкнуліся знішчыць як мага болей людзей яшчэ ў час вайны. На тэр. Беларусі гітлераўцы стварылі 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных экспедыцый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі, ператвараючы цэлыя раёны ў «зоны пустыні» (гл.Карныя аперацыі). За час акупацыі захопнікі знішчылі на тэр. Беларусі каля 3 млн.чал., 380 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак.
Народная барацьба ў тыле ворага. Злачынны акупац. рэжым не зламаў волі бел. народа. Ён узняўся на сапраўдную вайну супраць захопнікаў. У ліку першых супраць акупантаў разгарнула барацьбу Мінскае падполле (гл.Мінскае патрыятычнае падполле). Актыўна дзейнічала патрыят. падполле ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і інш. гарадах і пасёлках. Вял. ролю ў барацьбе супраць акупантаў адыгрывалі антыфаш. арг-цыі ў зах. абласцях Беларусі (гл.Антыфашысцкія арганізацыі): у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Міёрскім, Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і інш. раёнах. Шырокая сетка падп. арг-цый і груп ахапіла практычна ўсю Беларусь. Падп.парт., камсамольскія, антыфаш. органы і арг-цыі адыгралі гал. ролю ў разгортванні масавага партыз. руху. У ліку першых на Беларусі пачалі дзейнічаць партыз. атрады пад камандаваннем В.З.Каржа, Ц.П.Бумажкова і Ф.Л.Паўлоўскага, М.П.Шмырова, А.І.Далідовіча, В.Ц.Меркуля, А.Дз.Сяргеева і інш. Бумажкову і Паўлоўскаму 6.8.1941 першым з сав. партызан прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Вял. ўплыў на развіццё партыз. руху зрабіла гіст. перамога Чырв. Арміі пад Масквой. Адразу пасля яе была наладжана пастаянная сувязь паміж бел. партызанамі і сав. тылам праз Віцебскія «вароты» і з дапамогай авіяцыі. З вясны 1942 партыз. рух станавіўся ўсё больш масавым. У маі 1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1-м сакратаром ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнкам, у вер. 1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з 2-м сакратаром ЦККП(б)Б П.З.Калініным. Цэнтралізацыя кіраўніцтва партыз. рухам дала магчымасць накіроўваць барацьбу партызан на максімальнае аказанне дапамогі Чырв. Арміі (гл.Дрысенская аперацыя 1942, Пціцкая аперацыя 1942, Слаўненская аперацыя 1942). Вял. размах набыла барацьба партызан Беларусі ў 1943. Яна вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела наступальны характар. Асн. ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» — адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый ворага ў час наступлення Чырв. Арміі 1943—44 (гл.«Рэйкавая вайна»), У іх выніку ў час Курскай бітвы (ліп.—жн. 1943) перавозкі праціўніка па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваен. перавозак суднаходныя рэкі, паралізавалі рух параходаў і баржаў па Зах. Дзвіне, Сажы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Дняпроўска-Бугскім канале. Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў. Да канца 1943 партызаны ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. Беларусі. Тут існавала больш за 20 партыз. зон — апорных плацдармаў, з якіх нар. мсціўцы наносілі ўдары па ворагу, дзе яны рыхтавалі свае рэзервы, прымалі самалёты з сав. тылу (гл.Партызанская зона, Партызанскі гарнізон). Вял. значэнне мелі партыз. рэйды, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення антыфаш. барацьбы ва ўсіх раёнах рэспублікі.
Партыз. рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні. Гітлераўцы рабілі ўсё, каб знішчыць партызан. Толькі ў 1943 яны правялі дзесяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын і дзяцей, рабавалі і палілі вёскі.
Партыз. барацьба з новай сілай разгарнулася восенню 1943, калі Чырв. Армія ўступіла на тэр. Беларусі. Многія партыз. брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі сав. войск пры вызваленні гарадоў і вёсак рэспублікі. Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, гітлераўцы зімой і вясной 1944 правялі супраць бел. партызан буйныя карныя экспедыцыі (гл.Полацка-Лепельская бітва 1944, Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 і інш.). Загінула шмат партызан і мірнага насельніцтва, але вораг не дасягнуў сваёй стратэг. мэты: партызаны захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўна дзейнічаць.
Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай бел. народа. Мясц. жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90%). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала ім зброю, якую знаходзіла на месцах баёў 1941, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала разам з партызанамі ў баявых аперацыях. Барацьба насельніцтва супраць паліт., эканам. і ваен. мерапрыемстваў акупантаў насіла масавы характар. Разам з беларусамі (71,1%) у радах бел. партызан і падпольшчыкаў змагаліся рускія (19,29%), украінцы (3,89%), літоўцы, латышы, грузіны, армяне, казахі, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі інш. народаў СССР, а таксама каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх інш.еўрап. народаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі змагаліся ў радах партызан Расіі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Бельгіі, Грэцыі і інш.еўрап. краін.
За 3 гады барацьбы ў тыле ворага з чэрв. 1941 да ліп. 1944 нар. мсціўцы Беларусі (больш за 374 тыс.чал., аб’яднаных у 213 партыз. брыгад і 258 асобных атрадаў; больш за 400 тыс.чал. скрытага партыз. рэзерву) знішчылі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 вайск. эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі і разбурылі 819 чыг. і 4710 інш. мастоў, перабілі больш за 300 тыс.чыг. рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлегр. ліній, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 варожых складоў. Захапілі вял. трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў больш за 140 тыс.бел. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
Працоўныя Беларусі ў савецкім тыле. Значны ўклад у перамогу над ворагам зрабілі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя ва ўсх. раёны СССР. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размясціліся гал. чынам у Паволжы (40 з-даў і фабрык), на Урале (24), у сярэдняй паласе Расіі (18), Зах. Сібіры (8). Яны ў сваёй масе зліваліся з мясц. прадпрыемствамі, аднароднымі па спецыялізацыі. Каля 20 бел. прадпрыемстваў захавалі ў эвакуацыі поўную самастойнасць. Сярод іх «Гомсельмаш», гомельская ф-ка «8 Сакавіка», віцебская аптычная фабрыка і інш. Рабочыя, інж.-тэхн. работнікі манціравалі абсталяванне прадпрыемстваў на новых месцах у самыя сціслыя тэрміны. У жн.—вер. 1941 уведзены ў дзеянне 15 бел. з-даў і фабрык, у кастр.—ліст. — яшчэ 20. Да лета 1942 абаронную прадукцыю ўжо давалі калектывы больш як 60 эвакуіраваных бел. прадпрыемстваў. Іх аднаўленне і ўвод у дзеянне станоўча паўплывалі на стан эканомікі СССР.
Вял. ролю ў гады вайны адыграў транспарт, у першую чаргу чыгуначны. Эвакуіраваныя чыгуначнікі Беларусі працавалі больш як на 40 Магістралях СССР. Званне Героя Сац. Працы ў ваен. гады прысвоена бел. чыгуначнікам А.В.Глебаву, М.А.Макараву, І.П.Петрушкевічу, А.М.Чухнюк, А.А.Янкоўскаму; многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гады вайны ў сав. тыле працавалі тысячы дзеячаў бел. навукі і культуры. На ўсход СССР эвакуіраваны калектывы 60 н.-д. ін-таў і лабараторый, больш як 20 бел.ВНУ і сярэдніх навуч. устаноў, 6 буйнейшых тэатраў Беларусі. У розных раёнах сав. тылу працавала каля 100 акадэмікаў і чл.-карэспандэнтаў АН Беларусі, дактароў і кандыдатаў навук, больш як 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары з Беларусі. Вучоныя АНБССР удасканальвалі тэхналогію вытв. працэсаў, вялі пошукі рэсурсаў сыравіны, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых, важнейшыя праблемы, звязаныя і з патрэбамі фронту, і з далейшым развіццём нар. гаспадаркі.
Супраць фашызму з першых дзён вайны сваім словам змагаліся бел. паэты, празаікі, драматургі. Баявым гімнам прагучаў верш нар. паэта Беларусі Я.Купалы «Беларускім партызанам». У газетах і часопісах «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Чырвоная звязда», «Звязда», «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка» актыўна супрацоўнічалі К.Крапіва, М.Лынькоў, К.Чорны, І.Гурскі, М.Танк, П.Панчанка і інш. Кампазітары Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, М.Аладаў, Р.Пукст і інш. стварылі шэраг муз. твораў. Творы бел. майстроў выяўл. мастацтва, створаныя ў ваен. час, экспанаваліся на выстаўках. «Мастакі Куйбышава ў дні Вялікай Айчыннай вайны» (1941), «Мастакі Сібіры» (1942), «Мастакі Свярдлоўска» (1942), «Тыл і фронт» (1942—44, у залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве). Перад воінамі Чырв. Арміі на франтах і параненымі ў шпіталях выступалі брыгады бел. артыстаў. Працоўныя Беларусі збіралі грошы і каштоўнасці на патрэбы абароны.
Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да лета 1944 большая частка Беларусі была яшчэ акупіравана гітлераўцамі, якія надавалі вял. значэнне ўтрыманню гэтай тэр., бо праз яе пралягаў прамы шлях да Усх. Прусіі і Берліна. Разумеючы гэта, сав. камандаванне рыхтавала тут магутнае наступленне. Менавіта гэтай задачы было ў значнай ступені падначалена аднаўленне гаспадаркі, якое пачалося ў вызваленых раёнах рэспублікі ў канцы 1943 — пач. 1944. Найперш аднаўляліся пры ўдзеле мясц. насельніцтва неабходныя для Чырв. Арміі шляхі зносін. Да 1.6.1944 былі адноўлены 1247 кмчыг. пуцей, 239 чыг. мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, на шашэйных і грунтавых дарогах пабудаваны 554 масты, у т. л. цераз р. Сож у Гомелі і р. Дняпро ў Рэчыцы.
Стварыўшы вял. колькасную і тэхн. перавагу над ворагам, Чырв. Армія 23—24.6.1944 пачала ў Беларусі найбуйнейшую наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Баграціён» (гл.Беларуская аперацыя 1944). Для яе правядзення Вярх. Галоўнакамандаванне выдзеліла больш за 2 млн.чал., больш за 31 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб’яднаны ў 4 франты: 1-ы Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), 3-і, 2-і і 1-ы Беларускія (ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі, ген.-палк. Г.Ф.Захараў, ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франты. У складзе 1-га Бел. фронту дзейнічала Дняпроўская ваен. флатылія (каманд. контр-адм. В.В.Грыгор’еў). Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў.
У першыя дні аперацыі войскі 1-га Прыбалт. і 3-га Бел. франтоў акружылі і знішчылі варожую групоўку ў раёне Віцебска, 26 чэрв. вызвалілі Віцебск, 27 — Оршу (гл.Віцебска-Аршанская аперацыя 1944). Войскі 2-га Бел. фронту 28 чэрв. штурмам авалодалі Магілёвам. Адначасова правае крыло 1-га Бел. фронту акружыла і разграміла бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрв. вызваліла Бабруйск (гл.Бабруйская аперацыя 1944). Развіваючы наступленне ў сустрэчных напрамках, войскі 1-га і 3-га Бел. франтоў пры ўдзеле 2-га Бел. фронту 3 ліп. вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск (3 ліп. святкуецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень Незалежнасці), 4—11 ліп. на ўсход ад Мінска акружылі і знішчылі 105-тысячную групоўку праціўніка (гл.Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»). Войскі 1-га Прыбалт. фронту разграмілі полацкую групоўку гітлераўцаў і 4 ліп. вызвалілі Полацк (гл.Полацкая аперацыя 1944), надзейна забяспечылі з Пн наступленне гал.стратэг. групоўкі сав. войск на Беларусі. 5 ліп. вызвалены гарады Маладзечна і Смаргонь, 8 ліп. — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 — Гродна. 28 ліп.сав. войскі штурмам авалодалі Брэстам і на гэтым закончылі выгнанне ням.-фаш. захопнікаў з тэр. Беларусі.
Пры правядзенні Бел. аперацыі Чырв. Арміі вял. дапамогу аказвалі партызаны і насельніцтва Беларусі. Да лета 1944 на акупіраванай тэр. рэспублікі дзейнічала 149 партыз. брыгад і больш за 80 асобных атрадаў. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па чыг. камунікацыях ворага, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыг. мастоў. У выніку гітлераўцы не змаглі выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніка, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы і плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў, вёсак, у ліквідацыі акружаных груповак ворага. Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу часцей Чырв. Арміі дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра. Ва ўмовах адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу Чырв. Арміі многія раённыя цэнтры — Узду, Старобін, Куранец, Астравец і інш. Разам з часцямі Чырв. Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў і гар. пасёлкаў Мінск, Вілейка, Барысаў, Докшыцы, Дунілавічы, Івацэвічы, Клічаў, Слуцк, Ліда, Лагойск, Любань, Маладзечна, Нясвіж, Навагрудак, Смалявічы, Асіповічы, Пінск, Плешчаніцы, Стоўбцы і інш. Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўцаў. Падпольшчыкі і інш.мясц. жыхары перадавалі сав. воінам звесткі пра варожую абарону, паказвалі замініраваныя будынкі, масты, мінныя палі, папярэджвалі пра варожыя засады, праводзілі праз водныя перашкоды і балоты, вылоўлівалі варожых салдат і дыверсантаў. Насельніцтва вызваленых раёнаў клапацілася аб параненых сав. воінах, збірала сродкі ў фонд Чырв. Арміі, у фонд дапамогі шпіталям інвалідаў вайны, сем’ям франтавікоў і партызан. З вызваленай тэр. Беларусі ў Чырв. Армію мабілізавана больш за 600 тыс.чал., у т. л. каля 180 тыс.б. партызан. Паўсюдна ў гарадах і вёсках Беларусі адбываліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню, гал. з іх адбыўся 16.7.1944 у Мінску з удзелам вышэйшага кіраўніцтва БССР і завяршыўся вял.партыз. парадам (гл.Партызанскі парад 1944).
У выніку Бел. аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь, б.ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёны Польшчы. Чырв. Армія падышла да граніц Усх. Прусіі. У ходзе аперацыі сав. войскі разграмілі ням.-фаш. групу армій «Цэнтр»: 17 дывізій і 3 брыгады знішчаны поўнасцю, 50 дывізій страцілі больш за палову асабістага складу. За вызваленне Беларусі больш як 1600 сав. генералаў, афіцэраў і салдат удастоены звання Героя Сав. Саюза, больш за 402 тыс. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 747 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі бел. гарадоў.
У Бел. аперацыі (23.6—29.8.1944) вял. страты панеслі і сав. войскі. 3 Беларускія і 1 Прыбалт. франты страцілі 765 815 салдат і афіцэраў, з іх незваротныя страты склалі 178 507 чал. Непасрэдна пры вызваленні бел. зямлі з 23 чэрв. і да канца ліп. 1944 усе 4 франты страцілі 440 879 чал., з іх 97 232 чал. забітымі.
Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Разгром ням.-фаш. войск на тэр. Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для інш. наступальных аперацый, у выніку якіх Чырв. Армія ў 2-й пал. 1944 выгнала ворага з тэр.СССР (акрамя ч. Латвіі, вызваленай у маі 1945) і пачала вызваленне народаў Еўропы ад фаш. няволі. У студз. 1945 сав. войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат, каб канчаткова разграміць ням.-фаш. армію і разам з саюзнікамі прымусіць фаш. Германію да капітуляцыі. 16.4.1945 яны пачалі Берлінскую аперацыю — адну з найбуйнейшых у Вял.Айч. вайне, якая мела вырашальнае значэнне для перамогі над Германіяй і вызвалення самога ням. народа ад гітлераўскай тыраніі. 26.4.1945 сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна, 30 крас. авалодалі будынкам рэйхстага, над якім быў узняты чырв. Сцяг Перамогі (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у берлінскім прадмесці Карлсхорст прадстаўнікі вышэйшага ням.-фаш. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
Ва ўсіх бітвах завяршальнага перыяду Вял.Айч. вайны актыўны ўдзел прымалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да падзей жн. 1945 на Д. Усходзе. Чырв. Армія з удзелам войск Манголіі разграміла тут яп. Квантунскую армію ў паўн.-ўсх. Кітаі і Паўн. Карэі (гл.Савецка-японская вайна 1945).
Вынікі вайны. Вял. Айч. вайна была для сав. народа і яго ўзбр. сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але сав. народ і яго ўзбр. сілы на сваіх плячах вынеслі асн. цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной — 27 млн. чалавечых жыццяў — заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам — гэта нац. і ваен. гордасць бел. народа, як і ўсіх народаў былога СССР.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—45: Энцыкл.Мн., 1990;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) Мн., 1987;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;
История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—44). Мн., 1995;
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;
Памяти павших: Великая Отечественная война, 1941—1945. М., 1995;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 г.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2]. Мн., 1980—90.
У.І.Лемяшонак.
Вызначэнне савецка-польскай мяжы ў 1944—45. З пачаткам вайны пытанне «вольных ад Сталіна рэспублік» было знята з парадку дня берлінскай палітыкі. Дэкрэт Гітлера ад 17.7.1941 прадугледжваў стварэнне рэйсхкамісарыятаў, што азначала адмову фюрэра ад ідэі пераўтварэння гэтых абшараў у васальныя тэрыторыі і пераход на пазіцыі поўнай іх каланізацыі. 27.6.1944 Бел.цэнтр. рада з дазволу фаш. улад склікала ў Мінску 2-і Усебел. з’езд. Дэлегаты заявілі аб непрызнанні бел. дзяржаўнасці ў форме БССР, абвясцілі аб канчатковым разрыве з Расіяй, падкрэсліўшы, што «голас Масквы і СССР у беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы». З’езд аб’явіў несапраўднымі дагаворы і аднабаковыя рашэнні СССР і Польшчы адносна тэр. Беларусі.
Польскі эміграцыйны ўрад, створаны ў кастр. 1939 у Францыі, не прызнаваў законнасць дагавораў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, у т. л. ўключэння тэр.Зах. Украіны і Зах. Беларусі (разам з Віленшчынай) у склад СССР. Вялікабрытанія і ЗША, хоць і не прызнавалі законнасць уключэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны ў склад СССР і новай граніцы паміж СССР і Польшчай, але схіляліся да прызнання «лініі Керзана» ў якасці сав.-польскай граніцы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прызналі «лінію Керзана» ў якасці будучай сав.-польскай граніцы. У заяве сав. ўрада ад 11.1.1944 выказвалася гатоўнасць унесці змены ў граніцы 1939 на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. У сак. 1944 на 6-й сесіі Вярх. Савета БССР Старшыня яго Прэзідыума Н.Я.Наталевіч папрасіў сав. ўрад пры вызначэнні граніцы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне бел. народа аб’яднаць усе спрадвечныя бел. землі ў адзіную Бел.сав. дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаны сав. кіраўніцтвам. 27.7.1944 у Маскве падпісана сакрэтнае пагадненне паміж СССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) аб сав.-польскай граніцы. У яго аснову была пакладзена «лінія Керзана» з адступленнямі на карысць Польшчы на бел. участку граніцы Беластоцкай вобл. і часткі Белавежскай пушчы. Польскі эмігранцкі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць «лінію Керзана» і заключанае ПКНВ з СССР пагадненне аб граніцы. Аб гэтым сведчылі перагаворы ў Маскве прадстаўнікоў СССР з дэлегацыяй польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм’ер-міністрам С.Мікалайчыкам, якія адбыліся ў жн. і кастр. 1944. У мемарандуме польскага ўрада ад 29.8.1944 гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-сав. граніцы павінен зацвердзіць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесці добраахвотны абмен насельніцтвам (польскім, беларускім і ўкраінскім). Лонданскі польскі ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельніцтвам, заключаных Украінай, Беларуссю і Літвой з ПКНВ, падкрэсліваючы, што ўрады сав. рэспублік робяць спробы змяніць на сваю карысць этнічны склад тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Канчаткова пытанне аб сав.-польскай граніцы было вырашана ў 1945.
Літ.:
Ленхард Х. «Жизненное прострачство на Востоке»: Немцы в Беларуси, 1941—1944 // Нёман. 1993. №5;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй Мн., 1993;
Яго ж. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) // Спадчына. 1997. №3;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Яго ж. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2000. №1;
Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі. Зб. дакументаў і матэрыялаў Т. 3—4. Мн., 2000—01.
У.Е.Снапкоўскі.
Гараць фашысцкія танкі, падбітыя савецкімі воінамі каля в. Паперня Мінскага раёна Чэрвень 1941.Савецкія артылерысты адбіваюць атаку фашысцкіх танкаў. Наваколле Мінска. Чэрвень 1941Аб’явы нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад.Вёска Хорастаў Ленінскага раёна Пінскай вобл., спаленая гітлераўцамі.Нямецка-фашысцкія карнікі паляць вёску ў партызанскай зоне.Разбураны гітлераўскімі захопнікамі раён Мінска. 1944.Партызаны брыгады імя С.М.Кірава Пінскай вобл. на баявой аперацыі. 1943.Партызаны брыгады імя С.М.Будзённага Пінскай вобл. ідуць на баявое заданне. 1943.Прарыў. Карціна П.С.Крахалёва. 1975.Наступленне савецкіх танкаў і пяхоты на Мінск. 1944.Партызанская сям’я: селянін Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. Н.Ц.Рыдлеўскі з дочкамі.Фарсіраванне войскамі 3-га Беларускага фронту р. Лучоса каля Віцебска. Чэрвень 1944.Салют савецкіх воінаў—вызваліцеляў Віцебска. 26.6.1944.Узняцце чырвонага сцяга над Домам урада ў вызваленым Мінску. 3.7.1944.Мінск. 3 ліпеня 1944 года. Карціна В.Волкава. 1954—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ ПАСЛЯ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (2-я палова 1940-х—1950-я г.)
Народная гаспадарка. З пачатку вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў неабходна было за кароткі тэрмін ліквідаваць вынікі спусташальнай вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё нар. гаспадаркі, знайсці рэсурсы для паляпшэння жыцця людзей. Людскія страты Беларусі за гады Вял.Айч. вайны (1941—44) склалі каля 3 млн.чал., што было больш за 11% ад агульных страт СССР. На катаржныя работы акупанты вывезлі каля 380 тыс.чал. У выніку ў 1945 у гаспадарцы рэспублікі рабочых і служачых было на 474 тыс. (на 53,3%) менш, чым у 1940. Толькі прамыя нар.-гасп. страты дасягалі 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Знішчана больш за палавіну нац. багацця Беларусі (страты па СССР складалі каля 30% нац. багацця). Па некаторых важных галінах (прамысловасць, энергетыка) эканоміка Беларусі была адкінута да ўзроўню 1913, а па агульным узроўні развіцця — да 1928. За гады вайны на Беларусі знішчана 209 (з 270) гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 сёл і вёсак, разбурана больш за 10 тыс. прадпрыемстваў (85% даваен. фабрык і заводаў).
Пасля вызвалення дзейнічалі толькі 2% даваен. энергетычных магутнасцей. Асабліва вял. страты панёс транспарт. У сельскай гаспадарцы захопнікі разрабавалі і спустошылі 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з 1940 на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — прыблізна на 2/3, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%.
З вызваленнем усх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943 пачаліся аднаўленчыя работы. Аднак гэты працэс ускладняўся тым, што яшчэ больш як 1,5 года ішла вайна Сав. Саюза супраць фаш. Германіі і значная частка сродкаў накіроўвалася на патрэбы фронту. У гэтай сувязі гал. ўвага аддавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне сав. войск. У пач. 1944 адраджэнне эканомікі пачалося ў 36 вызваленых раёнах Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абл. У маі 1944 уведзены ў дзеянне гомельскія паравозарамонтны і цагельны з-ды, у жніўні — з-д «Гомсельмаш». У вызваленым 3.7.1944 Мінску ў пач. жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў. Хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік у Мінск прыйшоў на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 маш.-буд. прадпрыемстваў, у т. л. 18 буйных, якія выраблялі ваен. матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамашыны і інш. тэхніку для патрэб фронту. Да мая 1945 пачалі працаваць каля 12 тыс.прамысл. аб’ектаў, у т. л. 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцелей і майстэрань. З поўным вызваленнем рэспублік ад акупацыі пачаўся наступны этап адраджэння эканомікі Беларусі. У 1945 выраблена прамысл. прадукцыі ў 3,7 раза больш, чым у 1944; але яе аб’ём за гэты перыяд складаў каля 20% (па СССР — 92%), выпрацоўка электраэнергіі — 16, металарэзных станкоў — 3, фанеры і абутку — па 5%. Да канца 1945 адноўлена 2574 кмгал. чыгуначных пуцей. Больш марудна адраджалася харч. прамысловасць. Да канца 1945 на Беларусі працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18% валавой прадукцыі даваен. ўзроўню. У сельскай гаспадарцы вясной 1945 пасяўныя плошчы дасягнулі 73,8% даваенных. Валавы збор збожжа ў 1945 складаў каля 50% ад даваеннага, слаба развівалася грамадская жывёлагадоўля. Цяжкія вынікі вайны, захаванне пазаэканам. прымусу, адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання абумовілі нізкія тэмпы аднаўлення агр. вытворчасці.
Пасля завяршэння вайны аднаўленчыя работы ў рэспубліцы яшчэ больш актывізаваліся. Матэрыяльная база аднаўлення фарміравалася за кошт цэнтралізаваных фін. асігнаванняў, паставак саюзнага ўрада, рээвакуацыі абсталявання бел. прадпрыемстваў і мат.-тэхн. каштоўнасцей з сав. тылу, дапамогі сав. рэспублік. Некаторай кампенсацыяй страт гаспадаркі Беларусі былі рэпарацыйныя пастаўкі з былых краін гітлераўскага блока. Падтрымку бел. народу аказвала міжнар. грамадства. На працягу 1945—47 Беларусь атрымала пэўную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, абутку, мед. абсталявання, лекаў і інш. аб’ёмам каля 142 тыс.т на суму амаль 61 млн. долараў ЗША па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА).
Закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1946—50 гал. задачай ставіў аднаўленне нар. гаспадаркі ў межах даваен. ўзроўню і яе далейшае развіццё. Значную ролю ў яго выкананні адыгрывалі энтузіязм насельніцтва, парт. прапаганда ў спалучэнні з цвёрдым вытв. рэжымам, што захаваўся ад ваен. часу, сацыяліст. спаборніцтва. Найб. ўвага аддавалася цяжкай прамысловасці, найперш машынабудаванню. Ужо ў 1946 у параўнанні з папярэднім годам аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 1,5 раза, павысілася прадукцыйнасць працы. Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 здабыча торфу складала 116,6% ад узроўню 1940. Да пач. 1949 агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3% даваен. ўзроўню. Змянялася структура прамысл. вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харч., лясной, дрэваапрацоўчай галін, затое расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём машынабудавання і металаапрацоўкі вырас амаль у 2,4 раза, у т. л. машынабудавання ў 3/4 раза. З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысл. вытворчасці больш хуткімі тэмпамі ішло эканам. развіццё зах. абласцей БССР, дзе аб’ём валавой прадукцыі ў 1950 павялічыўся ў параўнанні з 1940 амаль удвая. Доля зах. абласцей у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці рэспублікі вырасла амаль да 15%. Марудна аднаўлялася вытворчасць тавараў нар. ўжытку. Лёгкая прамысловасць у 1950 у параўнанні з даваен. узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 33, бялізнавага трыкатажу 31,6%. Адставала і вытворчасць харч. прадукцыі. У канцы 4-й пяцігодкі мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65% прадукцыі ў параўнанні з 1940, вытворчасць макаронных вырабаў склала 73, хлебабулачных — 57,3%.
На аднаўленні сельскай гаспадаркі неспрыяльна адбілася засуха 1946 (не выкананы планы сяўбы збожжавых і развіцця жывёлагадоўлі). Нізкія тэмпы развіцця с.-г. вытворчасці былі абумоўлены адсутнасцю матэрыяльнага стымулявання працы ў калгасах, непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Асаблівасці аднаўлення зах.-бел. вёскі выяўляліся ў пераводзе прыватнаўласніцкіх гаспадарак на «калектыўны шлях развіцця». Да канца 1946 там арганізаваны 133 калгасы (0,6% усіх сял. гаспадарак). Пасля некаторых падрыхтоўчых мерапрыемстваў у 1949 пачалася прымусовая масавая калектывізацыя, без уліку вопыту 1930-х г. Да канца 1950 пераважная частка сялян зах. абласцей Беларусі ўцягнута ў калгасы, якія аб’ядналі каля 84% гаспадарак. Разбурэнне традыцыйнага сялянскага ўкладу прывяло там да істотнага скарачэння пагалоўя жывёлы: буйн. раг. жывёлы прыкладна ў 8 разоў (у т. л. кароў — больш чым у 9), свіней — у 8 разоў. У цэлым за 4-ю пяцігодку ў агр. сектары Беларусі адбыліся пазітыўныя змены. Вытворчасць збожжа павялічылася на 12%, бульбы — на 15, ільновалакна — на 36%, цукр. буракоў — у 2,5 раза. Аднак па шэрагу важных галін сельская гаспадарка не выканала заданняў. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 пасяўныя плошчы складалі 94,3%, валавы збор збожжа — 98,4, бульбы — 80,3, пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 96,6, коней — 62, свіней — 64,4, авечак — 54,7%.
У 5-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі БССР на 1951—55 пастаўлены задачы павышэння матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця насельніцтва, актыўнага ўключэння ў навукова-тэхн. рэвалюцыю. Ажыццяўленню іх садзейнічаў перагляд эканам. палітыкі ў бок змяшчэння акцэнтаў у нар.-гасп. развіцці на карысць вытв-сці тавараў нар. ўжытку, павелічэння капіталаўкладанняў у лёгкую і харч. прамысловасць, сельскую гаспадарку. У 1-й пал. 1950-х г. уведзены ў дзеянне заводы падшыпнікавы, гадзіннікавы і буд. матэрыялаў у Мінску, цукровы ў Скідзелі, швейных машын у Оршы, шаўкаткацкая ф-ка ў Віцебску і інш. За 1951—55 пабудавана 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, аб’ём прамысловасці Беларусі павялічыўся больш чым у 2 разы, а колькасць прадпрыемстваў — толькі на 9%. Павялічыўся асартымент прамысл. вырабаў, наладжаны серыйны выпуск трактароў, грузавых аўтамабіляў, металарэзных станкоў. Пераадолена адставанне лёгкай і харч. прамысловасці, што дазволіла павялічыць амаль удвая вытворчасць тавараў нар. ўжытку. У гэты перыяд праведзены шэраг мерапрыемстваў, скіраваных на аднаўленне матэрыяльнага стымулявання, удасканаленне планавання с.-г. вытворчасці, павышэнне яе самастойнасці: павышаны нарыхтоўча-закупачныя цэны, адменены абавязковыя пастаўкі з уласнай дапаможнай гаспадаркі і інш. У агр. сектары ўпершыню за пасляваен. гады адбыліся пэўныя зрухі, больш стала буйн.-раг. жывёлы, пабольшаў валавы збор с.-г. культур, пашырыліся механізацыя і электрыфікацыя. У параўнанні з 1950 вытворчасць мяса ў калгасах павялічылася на 41%, малака — на 28%, пасяўныя плошчы расшыраны на 540 тыс.га, магутнасць трактарнага парка вырасла ў 2 разы, колькасць збожжавых камбайнаў — у 4,8, грузавых аўтамабіляў — у 2,6 раза. Аднак карэнных змен у развіцці сельскай гаспадаркі не адбылося. Заданні 5-га пяцігадовага плана не былі выкананы па ўсіх асн. паказчыках, а па вытворчасці збожжа, бульбы, пагалоўі кароў, свіней, авечак не быў дасягнуты даваен. ўзровень. У 1958 для павышэння эфектыўнасці агр. вытворчасці былі ліквідаваны МТС, на іх базе створаны станцыі па рамонце с.-г. тэхнікі, а тэхніка перададзена калгасам за выкуп. Але неадкладны выкуп зношанага парка МТС паставіў шматлікія эканамічна слабыя калгасы ў цяжкае фін. становішча.
Грамадска-палітычнае жыццё. Гал. асаблівасцю сав.паліт. сістэмы, якая складалася з Камуніст. партыі, сав. дзяржавы, прафсаюзаў, камсамола, каап. аб’яднанняў, грамадскіх арг-цый, быў яе замкнуты характар. Ядром з’яўлялася Камуніст. партыя. Усе грамадска-паліт. арг-цыі дзейнічалі пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.
ВКП(б) (потым КПСС).была не столькі палітычнай, колькі дзярж. арг-цыяй, мела ўсе функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. КП(б)Б з’яўлялася яе састаўной часткай. У 1945—46 пярвічныя парт. арг-цыі створаны на большасці прадпрыемстваў, у шэрагу калгасаў і саўгасаў. На 1.1.1946 у БССР было 48,2 тыс. членаў партыі, а ў пач. 1958—172,7, тыс.Парт. к-ты займаліся падборам і расстаноўкай кадраў. Пад гэты прынцып падпадала выбарчая сістэма ў саміх парт. органах, Саветах, усіх грамадскіх арг-цыях. Выбары павінны былі дэманстраваць поўную згоду мас з парт. ўстаноўкамі. Усе кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся са згоды і па рэкамендацыі парт. органаў.
Паводле Канстытуцыі СССРгал. функцыі дзярж. кіраўніцтва і арганізацыі грамадскага жыцця належалі Саветам. У 1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР (абраны 371 дэпутат), у 1948 — у мясц. Саветы (абрана 65 тыс. дэпутатаў). У задачы Саветаў уваходзіла аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне гарадоў і вёсак, развіццё культуры і адукацыі, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Але яны не з’яўляліся сапраўднымі органамі народаўладдзя, а знаходзіліся на службе парт. апарату, які праз камуністаў праводзіў у жыццё свае рашэнні і дырэктывы. Колькасць членаў партыі ў мясц. Саветах пастаянна павялічвалася. Так, у 1948 пасля выбараў у мясц. Саветах Беларусі камуністы складалі 26,68%, у 1950—30,4, у 1953—35,6, у 1955—40,79%. З сярэдзіны 1950-х г. рабіліся спробы павысіць ролю Саветаў у кіраўніцтве краінай і грамадствам. У выніку роля рэсп. і мясц. Саветаў у кіраўніцтве эканомікай і грамадска-паліт. жыццём вырасла, актывізавалася заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР. Ствараліся новыя камісіі па кіраўніцтве гасп. дзейнасцю ў мясц. Саветах.
Прафесійныя саюзы ў пасляваен. гады займаліся ў асн. арганізацыяй працоўных на выкананне вытв. планаў, сац. абарона рабочых і служачых ажыццяўлялася недастаткова. У 1946 у БССР налічвалася больш за 350 тыс. членаў прафсаюзаў (каля 70% агульнай колькасці працаўнікоў). Была адроджана ўся структура прафес. органаў (фабрычна-заводскія і мясц. к-ты, якія арганізоўвалі спаборніцтва працоўных, наладжвалі работу клубаў, дамоў культуры, садзейнічалі тэхн. творчасці, клапаціліся пра жыллёва-быт. ўмовы і інш.). У 1948 створаны Бел.рэсп. савет прафсаюзаў, абласныя саветы і к-ты, гар. і раённыя к-ты прафсаюзаў, адначасова дзейнічалі і галіновыя к-ты. Такім чынам, у будове прафсаюзаў спалучаліся галіновы і вытв.-тэр. прынцыпы, што адпавядала структуры парт. арг-цый. У адпаведнасці з рашэннямі снежаньскага (1957) пленума ЦККПСС прадугледжваліся меры па павышэнні ролі прафсаюзаў у жыцці сав. грамадства, кіраўніцтве вытворчасцю, абароне правоў і інтарэсаў працоўных. Пад кіраўніцтвам прафсаюзаў на прадпрыемствах сталі дзейнічаць вытв. нарады. Але ўдасканаленне структуры, форм і метадаў іх дзейнасці адбывалася ў рамках адм.-каманднай сістэмы кіравання, якая выключала самастойнасць прафсаюзаў.
У жыцці моладзі вызначальную ролю адыгрываў камсамол (у СССР — ВЛКСМ, у БССР — ЛКСМБ), які займаўся пытаннямі патрыят. выхавання моладзі, яе шэфствам над новабудоўлямі і інш. Спробы перабудовы работы камсамола ў 2-й пал. 1950-х г. не выходзілі за межы структурных змен і ўмацавання ўлады бюракратычнага апарату над моладдзю. У Беларусі існавалі і інш. грамадскія арг-цыі тыпу ДТСААФ, ДНД, дваровыя і вулічныя к-ты, культ., навук.-спарт. і інш. аб’яднанні. Такім чынам, у першыя пасляваен. гады ў СССР і Беларусі захоўвалася паліт. сістэма, якая склалася ў 1920—30-я г. Прыкметай таго, што яна стала менш жорсткай, быў і ўказ Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.3.1947 аб скасаванні ў краіне смяротнага пакарання. На працягу 1948—49 у СССР не было вынесена ніводнага смяротнага прысуду. Аднак у студз. 1950 выйшаў новы ўказ, паводле якога смяротнае пакаранне зноў аднаўлялася. Відаць, гэта было звязана з пачаткам працэсаў па т.зв. «ленінградскай справе», па якой больш за 200 парт. і сав. работнікаў асудзілі, а некаторых прыгаварылі да расстрэлу. Актывізаваліся рэпрэсіі і ў Беларусі. Як і ў перадваен. час, да ліст. 1951 іх арганізатарам быў міністр дзярж. бяспекі БССР Л.Ф.Цанава. У канцы 1940-х г. ён паспрабаваў расправіцца з С.В.Прытыцкім, які ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦККП(б)Б, найперш яго 1-га сакратара М.С.Патолічава, Прытыцкага здолелі абараніць. Шырокую агалоску ў 1951 атрымала т.зв. «справа Саевіча». Міністр асветы БССР П.В.Саевіч быў абвінавачаны ў змове з «югаслаўскімі рэвізіяністамі», трацкізме, нацыяналізме, «валютных махінацыях». Ваен. трыбунал БВА прыгаварыў яго да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У пасляваен. гады былі зноў рэпрэсіраваны бел. пісьменнікі А.Александровіч, У.Дубоўка, А.Звонак, П.Пруднікаў. Усяго ў студз. 1953 у лагерах СССР знаходзіліся 2 468 524 вязні. Пры гэтым асуджаныя па паліт. матывах складалі 21%.
Адукацыя, навука, культура. За гады вайны на Беларусі было знішчана каля 7 тыс. будынкаў навучальных устаноў, што значна ўскладніла працэс аднаўлення сістэмы адукацыі. Аднак ужо ў 1945/46 навуч.г. ў рэспубліцы працавала амаль 11 тыс.навуч. устаноў (1,3 млн. вучняў), з якіх 82% былі пачатковымі, 15% — сямігадовымі і толькі 3% — сярэднімі. На бел. мове заняткі вяліся ў 96,5% школ (у Мінску ў 50%). Больш за 40% навуч. устаноў размяшчаліся ў часовых і прыстасаваных памяшканнях. Адраджалася сістэма вячэрняй адукацыі (у 1951 дзейнічала 230 школ рабочай і 714 сельскай моладзі). На працягу 1949—52 уведзена абавязковае сямігадовае навучанне з пераводам выкладання на двухмоўную аснову. Значныя сродкі выдзяляліся на развіццё сярэдняй спец. адукацыі (у сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі былі 123 тэхнікумы і вучылішчы). У 1950-я г. істотна скарацілася колькасць пачатковых школ пры адначасовым пашырэнні сярэдніх і сямігадовых навуч. устаноў. У 1955/56 навуч.г. ў рэспубліцы было 11,4 тыс. школ з 1,2 млн. вучняў, але ў гарадах практычна не засталося беларускамоўных школ.
Да канца вайны працу аднавілі 12 ВНУ (з 25), у іх было 600 выкладчыкаў, 5 тыс. студэнтаў. Цэнтрам вышэйшай адукацыі БССР быў Мінск, дзе акрамя 8 даваен. ВНУ (БДУ, ін-ты — пед., мед., політэхн., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры, кансерваторыя) у 1945 адкрыты лесатэхн. (з 1961 тэхналагічны) і тэатральны (з 1953 тэатральна-мастацкі) ін-ты. Асаблівая ўвага звярталася на стварэнне пед. ін-таў, якіх у 1953 у БССР налічвалася 11 — у Гродне (1944), Брэсце (1950), Полацку (1953) і інш. Пры заснаванні новых ВНУ у 1-е пасляваен. дзесяцігоддзе перавага аддавалася спецыяльнасцям, неабходным для развіцця нар. гаспадаркі. Былі адкрыты Гродзенскі с.-г.ін-т (1951), Гомельскі ін-т інжынераў чыг. транспарту (1953), Мінскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1954). Недахоп выкладчыкаў вымушаў запрашаць на працу ў айч.ВНУ спецыялістаў з інш. рэспублік, што паскорыла русіфікацыю бел. вышэйшай школы, вяло да заняпаду вывучэнне нац. гісторыі і культуры (у БДУ нават часова была скасавана кафедра гісторыі Беларусі). Пры гэтым у 1950-я г. 1 студэнт у БССР прыпадаў на 550 чал. (у Украіне на 300).
Нягледзячы на амаль поўнасцю разбураную за час акупацыі доследна-эксперыментальную базу айч.навук. устаноў, ужо ў 1944 у Мінску аднавілі дзейнасць ін-ты гісторыі, эканомікі і сельскай гаспадаркі АН Беларусі. У 1946 працавала 38 навук. устаноў, у т. л. 21 НДІ. Запрашэнне на працу ў АН Беларусі спецыялістаў з вядучых навук. цэнтраў СССР дазволіла істотна павялічыць колькасны склад навук. супрацоўнікаў. У 1955 у 76 навук. установах рэспублікі працавала 4,1 тыс.чал. (125 дактароў і 1354 канд. навук). Былі адкрыты ін-ты філасофіі і права (1947), энергетыкі (1952), фізіялогіі (1953), фізікі і матэматыкі (1955), мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (1957). Паводле новага (1957) статута АН Беларусі падзялялася на 5 аддзяленняў: грамадскіх, фізіка-тэхн., фізіка-матэматычных, біял., хім. і геал. навук; было 38 акадэмікаў і 28 член-карэспандэнтаў, пад кіраўніцтвам якіх распрацоўвалася 258 навук. тэм (60 мелі агульнасаюзнае значэнне). Навук. праца шэрагу бел. вучоных была высока ацэнена: Дзярж. прэмію СССР атрымалі Г.В.Багамолаў (1947, 1952) і П.І.Альсмік (1951). За крытыку «лысенкаўскага» кірунку ў развіцці сав. біялогіі і абарону генетыкі ў кастр. 1947 зняты з пасады прэзідэнт АН Беларусі А.Р.Жэбрак; член-карэспандэнт А.М.Жырмунскі падвергся праследаванню за выступленне на Міжнар. кангрэсе геолагаў.
Актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР. Новы этап знешнепаліт. дзейнасці Беларускай ССР пачаўся ў 1944, калі Вярх. СаветСССР прыняў 1 лютага Закон «Аб прадастаўленні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў у галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым Народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны камісарыят». У выніку саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Адначасова прыняты законы аб стварэнні вайсковых фарміраванняў саюзных рэспублік, аб скасаванні ўпраўленняў упаўнаважаных НКЗС СССР пры СНК саюзных рэспублік. На Беларусі такое ўпраўленне, створанае ў 1923 замест ліквідаванага тады рэсп. НКЗС, фактычна спыніла сваю дзейнасць у пач. 1930-х г. У сак. 1944 6-я сесія Вярх. Савета БССР, якая сабралася ў нядаўна вызваленым ад акупантаў Гомелі, абмеркавала пытанне аб стварэнні саюзна-рэсп. наркаматаў замежных спраў і абароны. У дакладзе Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР Н.Я.Наталевіча падкрэслівалася, што пашырэнне правоў саюзных рэспублік у галіне абароны і знешніх зносін з’яўляецца важным крокам у развіцці бел. дзяржаўнасці, адзначалася вялікае практычнае значэнне выхаду Беларусі на міжнар. арэну. Ён вылучыў 3 асноватворныя прынцыпы будучай знешнепаліт. дзейнасці рэспублікі: БССР выходзіць на міжнар. арэну як самастойная дзяржава ў складзе Саюза ССР; у сваёй знешняй палітыцы яна будзе абапірацца на ўзрастаючую гасп., паліт. і культурную моц усяго СССР; на міжнар. арэне Беларусь зойме належнае ёй месца, бо па ўзроўні прамысловай і с.-г. вытворчасці, культурнага развіцця, багатай гіст. мінуўшчыны, колькасці насельніцтва і тэрыторыі яна з поспехам вытрымлівае параўнанні з многімі дзяржавамі Еўропы і інш. кантынентаў. Наталевіч сфармуляваў бліжэйшыя мэты і задачы знешняй палітыкі Беларусі: рабіць усё магчымае для хутчэйшай перамогі над фашызмам і рыхтаваць рахунак Германіі за страты, якія Беларусь панесла ў гады вайны; умацоўваць палітыку міру, наладжваць і пашыраць сувязі з усімі свабодалюбівымі краінамі, найперш з дзяржавамі, саюзнымі па антыгітлераўскай кааліцыі; усталяваць дружалюбныя і добрасуседскія адносіны з Польшчай. У дакладзе былі вызначаны прынцыпы, мэты і задачы знешнепаліт. дзейнасці, якімі рэспубліка збіралася кіравацца ў перыяд заканчэння вайны і пасляваен. гады. 24.3.1944 Вярх. СаветБССР прыняў Закон «Аб стварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР». У адпаведнасці з ім Канстытуцыя БССР 1937 дапоўнена арт. 16а, паводле якога рэспубліка атрымала права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі. Змены, што тычыліся знешнепаліт. паўнамоцтваў вышэйшых органаў дзярж. улады, былі ўнесены і ў інш. артыкулы Канстытуцыі БССР. 30.3.1944 нам. Старшыні СНКБССР К.В.Кісялёў прызначаны наркомам замежных спраў Беларусі. У 1946 НКЗС перайменаваны ў Мін-ва замежных спраў БССР. Гал. прычынай прадастаўлення, а дакладней вяртання, саюзным рэспублікам знешнепаліт. правоў былі разлікі тагачаснага сав. кіраўніцтва атрымаць у асобе 16 саюзных рэспублік СССР дадатковыя галасы ў Арг-цыі Аб’яднаных Нацый (ААН) і на пасляваен. міжнар. канферэнцыях.
Першы этап знешнепаліт. дзейнасці БССР пасля аднаўлення НКЗС ахоплівае 1944—53. Гэта час другога (пасля 1918—22) выхаду Беларусі на міжнар. арэну, фарміравання асн. кірункаў дыпламат. актыўнасці Беларусі, станаўлення яе дыпламат. школы. У апошнія ваен. і першыя пасляваен. гады знешнепаліт. дзейнасць БССР была асабліва актыўная і прыкметная. Дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала ў працы Падрыхтоўчай камісіі ААН у Лондане (ліст.—снеж. 1945), 1-й і наступных сесій Ген. Асамблеі ААН, была абрана ў 1946 у члены Эканам. і Сац. Савета. Па ініцыятыве бел. дэлегацыі ў лют. 1946 прынята адна з першых рэзалюцый Ген. Асамблеі — аб выдачы і пакаранні ваен. злачынцаў. На працягу 1946—48 Беларусь прынята ў 4 спецыялізаваныя ўстановы ААН: Міжнар. саюз электрасувязі, Сусв. паштовы саюз, Сусв. метэаралагічную арг-цыю, Сусв. арг-цыю аховы здароўя (СААЗ). Аднак актыўнага ўдзелу ў іх працы не прымала, а з пачаткам «халоднай вайны» засяродзілася на канфрантацыі з зах. дзяржавамі. У 1949 дэлегацыі СССР, УССР, БССР і інш. краін Усх. Еўропы па распараджэнні саюзнага кіраўніцтва пакінулі СААЗ і працягвалі ўдзельнічаць толькі ў 3 з 11 спецыялізаваных устаноў ААН. У 1948 бел. дэлегацыя ўстрымалася ў ліку 8 дэлегацый у час прыняцця Усеаг. дэкларацыі правоў чалавека, у 1950 байкатавала працу Ген. Асамблеі і астатніх органаў і камітэтаў ААН. Пазіцыя БССР па ўсіх пытаннях парадку дня Ген. Асамблеі і інш. органаў ААН дыктавалася неабходнасцю строгага выканання дырэктыў Палітбюро ЦКВКП(б)—КПСС і асабіста І.В.Сталіна.
У 1946—53 дэлегацыя БССР унесла ў розныя органы ААН 21 прапанову, з якіх, аднак, былі прыняты толькі 3. У прыватнасці адхілены неаднаразовыя бел. прапановы па праблемах бежанцаў, перамешчаных асоб, апатрыдаў (асоб без грамадзянства) і беспадданых, якія прадугледжвалі прымусовую рэпатрыяцыю грамадзян Беларусі і асоб бел. нацыянальнасці. СССР, УССР і БССР галасавалі супраць стварэння Міжнар. арг-цыі па справах бежанцаў і Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў, адмовіліся ўдзельнічаць у іх працы і падпісаць Канвенцыю аб статусе бежанцаў ад 25.7.1951. Да канца 1950-х г.БССР падпісала 54 міжнар. дагаворы, канвенцыі і пагадненні, у т. л. Канвенцыю аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго (1948), Жэнеўскія канвенцыі аб абароне ахвяр вайны (1949). Амаль усе яны былі шматбаковымі і заключаліся ў рамках ААН і яе спецыялізаваных устаноў.
8.2.1947 Кісялёў выступіў з заявай урада БССР па германскім пытанні на нарадзе намеснікаў Савета Міністраў замежных спраў (СМЗС) у Лондане. У заяве патрабавалася ад Германіі выплаціць рэпарацыю на карысць Беларусі ў суме 1,5 млрд. долараў, што складала не больш за 10% ад агульнай сумы яе страт у гады вайны. Бел. ўрад выступаў за дэмілітарызацыю, дэмакратызацыю і дэнацыфікацыю Германіі, супраць яе расчлянення, але за ўстанаўленне кантролю над яе паліт. і эканам. жыццём з боку 4 дзяржаў-пераможцаў. У парадку разлікаў па рэпарацыях з Германіі на Беларусь вывезены 182 прадпрыемствы (больш за 30 тыс. адзінак абсталявання). 16.4.1948 Кісялёў выступіў на нарадзе намеснікаў СМЗС з заявай урада БССР па пытанні аб былых італьянскіх калоніях.
Статус паўнапраўнага члена ААН дазволіў Беларусі прыняць удзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі (29.7—15.10.1946), прысвечанай распрацоўцы мірных дагавораў дзяржаў-пераможцаў з былымі саюзнікамі фаш. Германіі (Італіяй, Румыніяй, Балгарыяй, Венгрыяй і Фінляндыяй). У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі дэлегацыі 21 дзяржавы, якія зрабілі найб. ўклад у перамогу над фаш. кааліцыяй, у т. л.СССР, УССР і БССР. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі 7 паўнамоцных дэлегатаў (Кісялёў — кіраўнік, А.Г.Бондар, П.В.Лютаровіч, А.А.Чыжоў, Ф.П.Шмыгаў, Г.Г.Навіцкі, В.І.Фясько) і 2 прадстаўнікі (Н.П.Новак і У.М.Яшумаў). Бел. дэлегацыя, якая дзейнічала ў адпаведнасці з агульнасаюзнай лініяй і падзелам працы паміж 3 сав. дэлегацыямі, падтрымлівала праекты мірных дагавораў і выступала са сваімі прапановамі і заўвагамі. Члены дэлегацыі ўдзельнічалі ў рабоце 10 камісій, зрабілі 50 выступленняў у камісіях і на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. Беларусь была абрана ў склад мандатнай камісіі, а Кісялёў узначальваў камісію па паліт. і тэр. пытаннях для Балгарыі і выступаў у абарону яе інтарэсаў. У італьянскай камісіі бел. дэлегацыя прапанавала свой варыянт італа-югаслаўскай граніцы, які прадугледжваў адыход да Югаславіі спрэчных тэрыторый са слав. насельніцтвам, аднак большасцю галасоў «беларуская лінія» была адхілена. Не прайшла і бел. папраўка аб удакладненні мяжы паміж Югаславіяй і Трыестам. Бел. дэлегацыя выказалася ў падтрымку ’рэпарацыйных патрабаванняў сав. ўрада да былых саюзнікаў фаш. Германіі, аднак не ставіла пытанне пра задавальненне рэпарацый непасрэдна на карысць Беларусі. У атмасферы вострай паліт. і дыпламат. барацьбы паміж сав. і зах. блокамі прадстаўнікі БССР часам праяўлялі спрошчаны, прапанаваны з Масквы, падыход да вырашэння канкрэтных пытанняў мірнага ўрэгулявання, выступалі супраць выкарыстання Міжнар. суда для вырашэння спрэчак адносна тлумачэння ці выканання мірных дагавораў з былымі саюзнікамі Германіі. У час канферэнцыі і пасля яе завяршэння кіраўніцтва Балгарыі і Югаславіі выказвала падзяку дэлегацыі Беларусі за адстойванне інтарэсаў гэтых дзяржаў. Тэксты гэтых мірных дагавораў канчаткова ўзгоднены ў ліст.—снеж. 1946 на сесіі СМЗС — СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў Нью-Йорку. 10.2.1947 міністр замежных спраў БССР Кісялёў падпісаў у Парыжы мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Італіяй і Фінляндыяй. 13.9.1947 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў іх.
Членства БССР у ААН дазволіла рэспубліцы атрымаць міжнар. дапамогу з боку Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), якая ў 1943—47 дзейнічала з мэтай аказання дапамогі ў аднаўленні эканомікі краінам, што пацярпелі ад дзяржаў фаш. «восі» ў выніку 2-й сусв. вайны. 18.12.1945 у Вашынгтоне падпісана пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА аб пастаўках тавараў, абсталявання і харчавання ў Беларусь на суму 61 млн.дол. да 30.6.1946 (пазней яго тэрмін прадоўжаны да 31 снежня). Праграма паставак ЮНРРА для Беларусі выконвалася з канца 1945 да 31.3.1947 (некаторыя тавары паступалі і пасля яе заканчэння). Беларусь атрымала тавараў на суму 60 820 000 дол. агульнай вагой каля 142 тыс.т. На падставе пагаднення ў Мінску дзейнічала місія ЮНРРА, якая назірала за размеркаваннем паставак. Асн. катэгорыямі паставак былі харч. тавары, прамысл. і с.-г. абсталяванне, адзенне і абутак, мед. абсталяванне і лекі. Большую частку складалі тавары з ЗША. Памер атрыманай Беларуссю дапамогі складаў 2,6% паставак ЮНРРА для Еўропы ў доларах і 0,9% у вазе. Дапамога ЮНРРА, нягледзячы на ўсю яе эканам. і маральна-паліт. значнасць, задавальняла толькі самыя неабходныя патрэбы рэспублікі.
Яскравай праявай знешнепаліт. дзейнасці Беларусі было пагадненне паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. Беларусі. Яго падпісалі старшыні СНКБССР П.К.Панамарэнка і ПКНВ Э.Асубка-Мараўскі. Пагадненне датычылася рэпатрыяцыі бел. і польскага насельніцтва ў сувязі са зменай савецка-польскай граніцы ў выніку падпісання адпаведнага дагавора 16.8.1945. У адпаведнасці з пагадненнем рэпатрыяцыі падлягалі ўсе грамадзяне бел., укр., рус. і русінскай нацыянальнасцей, што пражывалі на тэр. Польшчы (на З ад «Керзана лініі») і жадалі перасяліцца на Беларусь, а таксама ўсе палякі і яўрэі, якія былі ў польскім грамадзянстве да 17.9.1939, пражывалі ў Зах. Беларусі і жадалі перасяліцца ў Польшчу. Асн. хваля рэпатрыяцыі адбылася ў 1944—46. У 1944—48 у Польшчу з СССР перасяліліся 1 417 583 чал., у т. л. з Украіны амаль 788 тыс. (каля 52%), Беларусі 274 163 (18%). Пераважная частка перасяленцаў накіроўвалася на зах. землі Польшчы, якія яна атрымала за кошт тэр. Германіі паводле Патсдамскіх пагадненняў 1945. Паміж урадамі СССР і Польшчы 6.7.1945 падпісана пагадненне аб праве на выхад з сав. грамадзянства асоб польскай і яўр. нацыянальнасцей, што пражывалі ў СССР, аб іх эвакуацыі ў Польшчу і аб праве на выхад з польскага грамадзянства асоб рус., укр., бел., русінскай і літоўскай нацыянальнасцей, якія пражывалі на тэр. Польшчы, і аб іх выездзе ў СССР. Гэта пагадненне датычыла гал. чынам палякаў і яўрэяў, дэпартаваных у аддаленыя раёны СССР у 1939—41. Усяго ў Польшчу, паводле падліку бел. эмігранцкага гісторыка М.Волаціча, у 1944—49 пераселена 674 тыс. выхадцаў з бел. этнічнай тэрыторыі (з улікам Віленшчыны і тых, хто пераехаў з інш. краін), у т. л. 120 тыс. палякаў, 469 тыс. беларусаў (пераважна католікаў, якія падалі сваю нацыянальнасць як польскую), 85 тыс. яўрэяў. З Польшчы ў СССР за перыяд з вер. 1944 да снеж. 1946 перасялілася 518 219 чал., у т. л. ў БССР 35 961 чал. Кіраўніцтва БССР аддавала значную ўвагу пытанням перасялення. У 1944—46 на пасяджэннях бюро ЦККП(б)Б яны разглядаліся 16 разоў, прынята 5 сумесных пастаноў СНКБССР і ЦККП(б)Б. Парт.-дзярж. кіраўніцтва БССР неаднаразова звяртала ўвагу парт. і сав. органаў на сур’ёзныя недахопы ў правядзенні перасяленчай кампаніі, у т. л. на рэгістрацыю беларусаў-католікаў на выезд у Польшчу, факты безгаспадарнасці і бяздушныя адносіны да беларусаў, якія прыбывалі з Польшчы. Пасля заканчэння рэпатрыяцыі ў СССР засталося каля 680 тыс.т.зв. «забужанскіх» палякаў, у т. л. 250 тыс. жыхароў Беларусі. 25.3.1957 у Маскве падпісана пагадненне аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці.
Сав. ўрад выказаў гатоўнасць садзейнічаць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, якія мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог скарыстацца правам на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР.
Паводле дагавора паміж СССР і Польшчай аб сав.-польскай дзярж. граніцы ад 16.8.1945 сав. ўрад перадаў Польшчы са складу БССР Беластоцкую вобл. і частку Белавежскай пушчы. Ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобл. з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Ад Беларусі была адрэзана тэрыторыя плошчай 14,3 тыс.км² з насельніцтвам каля 638 тыс.чал. (паводле польскага перапісу 1946). Дэмаркацыя граніцы завяршылася ў крас. 1947. Да 1955 бел.-польская граніца, паводле рашэнняў сав. ўрада, перасоўвалася на У 4 разы. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі зроблены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў Беларусі, чые інтарэсы ён непасрэдна закранаў. Беларусь і Украіна не мелі дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі. У 1945 сав. ўрад не падтрымаў прапанову польскага боку пра адкрыццё консульстваў Польшчы ў Кіеве, Мінску і Вільнюсе.
Пасля смерці Сталіна і прыходу да ўлады новага кіраўніцтва, асабліва пасля XX з’езда КПСС (1956) знешнепаліт. дыктат цэнтра ў адносінах да саюзных рэспублік аслабеў, пашырыліся магчымасці ўдзелу Беларусі ў міжнар. жыцці. У 1958 адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ААН у Нью-Йорку, у 1962 — пры Еўрап. аддзяленні ААН у Жэневе, пры ЮНЕСКА у Парыжы; пашырылася і кола спецыялізаваных устаноў ААН, у якія разам з СССР і Украінай уступіла Беларусь. У 1954 яна стала членам Міжнар. арг-цыі працы і ЮНЕСКА, у 1957 — МАГАТЭ, пачала ўдзельнічаць у праграмах тэхн. дапамогі ААН слабаразвітым краінам. Аднак для знешнепаліт. дзейнасці БССР было ўласціва прамаруджванне ў далучэнні да асобных міжнар. пактаў ці іх ратыфікацыі, неадпаведнасць рэсп. заканадаўства пэўным палажэнням міжнар. пактаў (асабліва па правах чалавека). У 1953 пры Савеце Міністраў БССР створана Упраўленне па замежным турызме. У 1955 Беларусь наведалі першыя групы іншаземных турыстаў, больш за 100 яе пасланцоў пабывалі за мяжой. Пачало функцыянаваць Бел. аддзяленне Усесаюзнай гандл. палаты. Аднак гандл. сувязі былі невялікія па памерах і асартыменце. Экспартныя пастаўкі з Беларусі ў гэты час уключалі 15—18 таварных пазіцый, большасць якіх прыпадала на сыравіну. Толькі з сярэдзіны 1950-х г. у экспарце павялічылася доля машын і абсталявання. Напр., Фінляндыя ў 1955 набыла 25 трактароў Мінскага з-да; у 1956 больш за 100 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялі сваю прадукцыю ў 47 краін. Асн. частка прадукцыі бел. прадпрыемстваў накіроўвалася краінам — членам Савета Эканам. Узаемадапамогі (СЭУ), прыкладна 1/3 яе — усім астатнім дзяржавам.
З сярэдзіны 1950-х г. развіваліся сувязі прыгранічных, а пазней — і ўнутраных абласцей, краёў, гарадоў, раёнаў на аснове дагавораў аб супрацоўніцтве з аналагічнымі адм.-тэр. адзінкамі краін — членаў СЭУ. У 1956 Гродзенская і Брэсцкая вобл. першыя заключылі пагадненні з прыгранічнымі Беластоцкім і Люблінскім ваяв. Польшчы. Па лініі мясц. органаў улады новы імпульс набылі сувязі параднёных гарадоў СССР, у т. л. і БССР, і замежных дзяржаў. Першымі былі Мінск і Нотынгем (Вялікабрытанія), якія сталі пабрацімамі ў 1957. Актывізацыі міжнар. кантактаў насельніцтва садзейнічала стварэнне новых грамадскіх арг-цый. К-т маладзёжных арг-цый БССР, засн. ў 1958, наладзіў сувязі з саюзамі і аб’яднаннямі моладзі больш як 20 краін свету. Падтрымліваючы міжнар. рух прыхільнікаў міру, Бел.к-т абароны міру (засн. ў 1951) і працоўныя рэспублікі сталі ўдзельнікамі многіх акцый, што праводзіліся на тэр. рэспублікі: мітынгаў, міжнар. сустрэч, кангрэсаў. Пашырыліся функцыі і сац. база Бел.т-ва культурных сувязей з заграніцай (засн. ў 1952, у 1958 рэарганізавана ў Бел.т-ва дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі). Хоць сфера знешнепаліт. дзейнасці БССР (як і УССР) была шырэйшая, чым інш. саюзных рэспублік, але практычна ўсе пытанні адносін з замежнымі дзяржавамі, міжнар. арг-цыямі вырашаліся сав. урадам і саюзнымі органамі.
Расшырэнне правоў БССР. У першыя пасляваен. гады дзейнасць заканадаўчых органаў засяроджвалася найперш на адраджэнні нар. гаспадаркі рэспублікі. У гэтых умовах грамадзянскае права было скіравана на ўмацаванне дзярж. уласнасці, планавага пачатку ў нар. гаспадарцы, удасканаленне прававых форм эканам. сувязей паміж гасп. арг-цыямі. Напр., пытанні, звязаныя з устанаўленнем дагаворных адносін, урэгуляваны пастановай Савета Міністраў СССР ад 21.4.1949 «Аб заключэнні гаспадарчых дагавораў», дзе падкрэслівалася неабходнасць заключэння дагавораў, па якіх прадпрыемствы абавязваліся афармляць гасп. сувязі па пастаўках прадукцыі. З 1950 гэтыя дагаворы заключаліся ў нарматыўна ўстаноўленыя тэрміны.
Было некалькі пашырана права асабістай уласнасці. У адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР «Аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў» ад 26.8.1948, грамадзяне маглі купіць або пабудаваць 1 - ці 2-павярховы дом з 1—5 пакоямі. У сувязі з тым, што гэты дакумент устанаўліваў адзіную норму для ўсяго СССР, Прэзідыум Вярх. Савета БССР указам ад 4.3.1949 прыняў нормы Грамадзянскага кодэкса БССР аб праве грамадзян на куплю і будаўніцтва жылога дома. У вер. 1953 забаронена адм. высяленне грамадзян з ведамасных дамоў, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам.
Адбыліся змены і ў грамадзянска-працэсуальным заканадаўстве. Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 24.7.1946 удакладнены правамоцтвы нар. судоў. З гэтага часу разгляду нар. суда падлягалі ўсе справы па спрэчках, што ўзнікалі з грамадзянскіх адносін: калі адным ці абодвума бакамі былі прыватныя асобы; дзярж. і грамадскіх арг-цый паміж сабой па камунальных паслугах; калгасаў паміж сабой і з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі (акрамя зямельных спрэчак калгасаў), аб працоўных канфліктах рабочых і служачых. Адпаведныя змены ў 1955 унесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс. Цяпер па спрэчках паміж дзярж., каап. (акрамя калгасаў) і інш. грамадскімі арг-цыямі нар. суды разглядалі толькі справы, што вынікалі з дагавораў аб карыстанні камунальнымі паслугамі на суму больш за 100 руб., а з дагавораў перавозак — на суму ад 100 да 1000 руб.
На аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 8.4.1946 Дзярж. арбітраж рэспублікі праводзіў абследаванне і інструктаж мясц. органаў, інструктаваў ведамасныя арбітражы. Органы арбітражу ўзмацнілі барацьбу з парушэннямі фін., планавай і дагаворнай дысцыпліны ў дзейнасці гасп. арг-цый, паведамлялі Савету Міністраў, аблвыканкомам, мін-вам і ведамствам пра выяўленыя недахопы ў рабоце дзярж. органаў і прадпрыемстваў, уносілі прапановы па іх устараненні, у неабходных выпадках даводзілі да ведама органаў пракуратуры аб парушэннях закона для прыцягнення вінаватых да адказнасці.
Зямельнае права рэгулявалася рэсп. заканадаўствам і тычылася гал. чынам сферы с.-г. землекарыстання. З пач. узбуйнення дробных калгасаў у 1950 устаноўлена, што зямельныя ўгоддзі аб’яднаных с.-г. арцелей злучаюцца ў адзіны зямельны масіў. У сувязі з масавай калектывізацыяй сельскай гаспадаркі ў зах. абласцях Беларусі ўдакладнялася прававое рэгуляванне прысядзібнага землекарыстання калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў. У 1955 уведзены абавязковы дзярж. ўлік наяўнасці і размеркавання зямлі па ўгоддзях і землекарыстальніках, дзярж. рэгістрацыя ўсіх землекарыстанняў па адзінай агульнасаюзнай сістэме. Уліку падлягалі ўсе землі, якія знаходзіліся ў карыстанні калгасаў, саўгасаў, гарадоў і вёсак, дзярж., каап. і грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арг-цый, аднаасобных сял. гаспадарак і асобных грамадзян, а таксама землі дзярж. зямельнага запасу і дзярж. ляснога фонду.
Крымінальнае заканадаўства Беларусі значна ўзмацняла барацьбу з цяжкімі злачынствамі і павышала крымінальную адказнасць за іх учыненне, адначасова звужала сферу крымінальных рэпрэсій за дробныя правіннасці. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 26.5.1947 адменена смяротная кара, а ў якасці вышэйшай меры пакарання прадугледжвалася зняволенне на 25 гадоў у папраўча-працоўны лагер. Аднак 12.1.1950 смяротнае пакаранне адноўлена ў адносінах да здраднікаў радзімы, шпіёнаў і дыверсантаў, а ў 1954 пашырана і на асоб, што ўчынілі наўмысныя забойствы пры абцяжваючых абставінах. У 1950-я г. пачалося звужэнне сферы крымінальнай адказнасці. Так, у 1955 адменена крымінальная адказнасць за самавольны праезд у таварных цягніках, за продаж, абмен і водпуск на бок кіраўнікамі прадпрыемстваў і арг-цый абсталявання і матэрыялаў; у 1956 — у адносінах да рабочых і служачых за самавольнае пакіданне прадпрыемстваў і ўстаноў, прагул без уважлівай прычыны. 25.12.1958 Вярх. СаветСССР прыняў Асновы крымінальнага заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, у якім рэгламентаваліся найб. важныя пытанні сав. крымінальнага заканадаўства. Такім чынам, у пасляваенны перыяд заканадаўства развівалася ў рэчышчы ўмацавання пазіцый дзяржавы ва ўсіх сферах праваадносін. Галоўным у тагачаснай заканадаўчай палітыцы было аднаўленне нар. гаспадаркі і скасаванне шэрагу законаў ваен. часу.
У вер. 1946 Вярх. СаветБССР зацвердзіў 1-ы пасляваен. пяцігадовы план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі на 1946—50, а таксама ўказы Прэзідыума Вярх. Савета «Аб пераўтварэнні Савета Народных Камісараў БССР у Савет Міністраў БССР», «Аб утварэнні новых саюзна-рэспубліканскіх міністэрстваў» і інш. 9.2.1947 адбыліся выбары ў Вярх. СаветБССР, які адпаведна выбраў новы Прэзідыум Вярх. Савета, стварыў урад і Вярх. суд рэспублікі, рэдакцыйную камісію па ўнясенні змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларускай ССР, прыняў 55 розных актаў, у т. л. 15 законаў, 27 пастаноў па пытаннях фарміравання цэнтр. органаў дзярж. улады. У ліп. 1947 Вярх. Савет прыняў Закон «Аб змяненні і дапаўненні тэксту Канстытуцыі БССР», у адпаведнасці з якім за вышэйшымі органамі дзярж. улады замацавана права на прыняцце заканадаўства аб шлюбе і сям’і, зацвярджэнне справаздачы аб выкананні дзяржбюджэту БССР, унясенне ўдакладненняў у гарантыі правоў грамадзян на адпачынак, адукацыю і інш. Актыўную работу праводзіў Прэзідыум Вярх. Савета БССР, у складзе якога дзейнічалі канцылярыя Прэзідыума, прыёмная Старшыні Прэзідыума, а таксама аддзелы: інфармац.-статыстычны, юрыд., па ўліку і рэгістрацыі ўзнагароджаных, па падрыхтоўцы да разгляду хадайніцтваў аб памілаванні, фін.-гаспадарчы. На працягу 1946—55 ён кіраваў арганізац.-масавай работай мясц. Саветаў, зацвярджаў палажэнні аб выбарах, прымаў указы аб парадку іх правядзення, вырашаў пытанні адм.-тэр. падзелу ў рэспубліцы, ратыфікаваў міжнар. дагаворы, вырашаў міжнар.-прававыя пытанні і інш.
Пасля XX з’езда КПСС (лют. 1956) праца вышэйшых органаў дзярж. улады Беларусі актывізавалася. Прэзідыум Вярх. Савета стаў склікаць сесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канстытуцыі — не радзей як 2 разы на год. У яго заканадаўчай дзейнасці пачала выяўляцца агульнасаюзная тэндэнцыя пашырэння правоў саюзных рэспублік у вырашэнні пытанняў гасп. і сац.-культ. будаўніцтва. Пашырыліся кантрольна-наглядная і гасп. функцыі Вярх. Савета БССР, створаны новыя камісіі: заканадаўчых прапаноў, па замежных справах, мандатная; у 1957 — па нар. адукацыі і культ.-асв. рабоце, ахове здароўя і сац. забеспячэнні, жыллёвым будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР на кожнай сесіі Вярх. Савета новага склікання фарміраваўся склад урада — Савета Міністраў БССР. Гал. звёнамі яго апарату былі групы па галінах нар. гаспадаркі і сац.-культ. будаўніцтве (13 у 1949), 5 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, ваенны, прававы, кадраў, агульны) і сакратарыяты; у крас. 1949 арганізаваны групы па штатах і кантролі, у 1950 — па ўзнагароджанні перадавікоў сельскай гаспадаркі. У студз. 1955 у апараце Савета Міністраў БССР замест груп створаны 15 галіновых аддзелаў. 18.7.1955 апарат Савета Міністраў рэарганізаваны: галіновыя аддзелы скасаваны, замест іх створана рэферантура па мін-вах і ведамствах. У 1957 у краіне ажыццёўлена перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам. У адпаведнасці з Законам СССР ад 10.5.1957 «Аб далейшым удасканаленні арганізацыі кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам» з мэтай больш аператыўнага кіравання нар. гаспадаркай на Беларусі створаны эканам.-адм. раён, кіраўніцтва нар. гаспадаркай рэспублікі ад саюзна-рэсп. мін-ваў і ведамстваў перайшло да Савета нар. гаспадаркі БССР.
Асновай судовай сістэмы з’яўляліся нар. суды, на якія былі ўскладзены задачы па ахове сацыяліст. уласнасці, правоў і законных інтарэсаў грамадзян, умацаванні законнасці і правапарадку. На Беларусі нар. суды дзейнічалі ў кожным адм. раёне (горадзе), у буйных раёнах і гарадах стваралася некалькі ўчасткаў нар. судоў. У ліп. 1947 Савет Міністраў БССР зацвердзіў 262 участкі нар. судоў; да 1.11.1948 дадаткова створана 11 участкаў. Нар. суды разглядалі большасць крымінальных і грамадзянскіх спраў. Значна пашыраны паўнамоцтвы абласных судоў і Вярх. суда рэспублікі. У 1948 пры Вярх. судзе БССР створана калегія, якая разглядала справы аб дысцыплінарных парушэннях старшынь і членаў абласных судоў. У 1954 у Вярх. судзе ўтвораны прэзідыум, які ў парадку нагляду разглядаў крымінальныя і грамадзянскія справы па пратэстах Ген. пракурора СССР, Старшыні Вярх. Савета СССР, пракурора і старшыні Вярх. суда БССР на прыгаворы судовых калегій Вярх. суда БССР. 12.2.1957 Вярх. СаветСССР прыняў палажэнне аб Вярх. судзе СССР, паводле якога павышалася роля Вярх. судоў саюзных рэспублік у ажыццяўленні нагляду за разглядам спраў судамі рэспублік. У адпаведнасці з Палажэннем аб пракурорскім наглядзе ў кастр.—ліст. 1955 на Беларусі створаны міжраённыя пракуратуры, якія дзейнічалі на тэр. 2—3 адм. раёнаў. У канцы 1958 на Беларусі дзейнічалі раённыя, міжраённыя, гар. пракуратуры, пракуратура Мінска, абл. пракуратуры, пракуратура рэспублікі. Такім чынам, у пасляваен. перыяд заканадаўчая дзейнасць Вярх. Савета БССР і распарадчыя функцыі Савета Міністраў рэспублікі актывізаваліся. Але яны будаваліся на аснове заканатворчасці Саюза ССР. Суд і пракуратура выконвалі тыя пастановы, якія зыходзілі ад вышэйшых агульнасаюзных органаў: ЦККПСС, Вярх. Савета СССР, Вярх. суда СССР, Ген. пракуратуры СССР.
Літ.:
Купрэвіч В.Ф. Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1958;
Белорусская ССР в международных отношениях: Междунар. договоры, конвенции и соглашения Бел. ССР с иностр государствами (1944—1959). Мн., 1960;
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады. Мн., 1974;
Киселев К.В. Записки советского дипломата. М., 1974;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 5. Мн., 1975;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 2. Мн., 1976;
Снапковский В.Е. Белорусская ССР в ООН (1945—1985 гг.). Мн., 1985;
Яго ж. Путь Беларуси в ООН, 1944—45 гг.Мн., 1994;
Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
На пороге кризиса: нарастание застойных явлений в партии и обществе. Мн., 1990;
Осипов А.Г. Крах административно-командной системы, М., 1990;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Яго ж. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Нарысы гісторыі Беларусі, Ч. 2. Мн., 1995;
Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 4—5. Мн., 2001—02;
История Беларуси. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.
Ю.Л.Грузіцкі (народная гаспадарка), І.І.Гвардзееў (грамадска-палітычнае жыццё, расшырэнне правоў БССР), А.Ф.Самусік (адукацыя, навука, культура), У.Е.Снапкоўскі (актывізацыя знешнепалітычнай дзейнасці БССР).
Прадукцыя Мінскага аўтамабільнага завода: МАЗ-200 (уверсе) і 1-ы 40-тонны самазвал 1950.Сустрэча генеральнага сакратара ААН Д.Хамаршэльда ў Мінскім аэрапорце. Чэрвень 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні. У шырокім сэнсе ў С. ўключаюцца таксама навук. і папулярныя публікацыі, маст. творы (літ. і выяўл. мастацтва, кінафільмы, тэатр. пастаноўкі, паштовыя маркі і г.д.), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам, асэнсаванне яго ролі ў развіцці айч., еўрап. і сусв. культуры ад сярэдневякоўя да сучаснасці.
Першыя звесткі пра кнігі Скарыны занатаваны яшчэ пры яго жыцці (віленскі святар Мацвей, 1522; пратэстанцкі біскуп Прусіі П.Сператус, каля 1530; італьян. мовазнавец Т.А.Альбанезі, 1539, і інш.). Дзейнасць Скарыны прыцягвала ўвагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў 16—17 ст. найперш з-за біблейскай тэматыкі, моўных, рэд., перакладчыцкіх і друкарскіх своеасаблівасцей яго выданняў. Ў часы Адраджэння, Рэфармацыі і пазней выданні Скарыны неадназначна ўспрымаліся паліт. і культ. дзеячамі (С.Будны, І.Фёдараў, А.Курбскі, Ш.Старавольскі), іерархамі розных канфесій, прадстаўнікамі поліэтнічнай інтэлігенцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Звесткі італьян. публіцыста П.П.Вергерыя (Верджэрыо) пра «рус. Біблію», якую ён бачыў у Вільні ў 1550-я г., паўтораны Ж.Ле Лонгам (1709), І.-П. Колем (1729), Я.-Д.Гофманам (1740). У сярэдзіне 18 ст.ням. даследчык С.В.Рынгельтаўб адзначаў кнігі Скарыны толькі як адну з крыніц больш позніх пратэстанцкіх перакладаў Бібліі Буднага. Станаўленне рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў Расіі ў канцы 18—пач. 19 ст. (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) паставіла пытанне пра пашырэнне гіст. і культуралагічных славяназнаўчых даследаванняў у новых этнатэрытарыяльных межах, што дало пазітыўныя вынікі і ў вывучэнні спадчыны Скарыны. У працах І.Р.Бакмейсцера, І.Г.Штрытэра, П.А.Аляксеева апісаны асобныя кнігі Скарыны, прыведзены фрагментарныя звесткі з яго біяграфіі, высвятляліся аспекты яго рэдакцыйна-перакладчыцкай дзейнасці ў параўнанні з маскоўскімі выданнямі і зах.-еўрап. традыцыямі. Чэшскі славіст і асветнік І.Добраўскі першы адзначыў, што кнігі Скарыны прызначаліся «простым русінам», а «літоўская мова яго выданняў значна адрознівалася ад традыцыйных царкоўнаславянскіх рукапісаў». Ён даказаў, што Скарына пры перакладзе Бібліі карыстаўся чэшскім перакладам Вульгаты, а яго Біблія друкавалася ў чэшскай, а не варшаўскай Празе. У сярэдзіне 19 ст.рас. мастацтвазнавец Дз.А.Равінскі адзначаў арыгінальнасць, высокі ўзровень і якаснае тэхн. выкананне фігурных гравюр у пражскай Бібліі, апісаў іх тэматыку. На яго думку, гравюры Скарыны не маюць аналагаў у еўрап. кнігадрукаванні. Ён высока ацаніў партрэт Скарыны, «падпісаны невядомым майстрам». Лічыў, што віленскае кнігадрукаванне не дасягнула ўзроўню пражскіх выданняў. У.В.Стасаў звярнуў увагу на маст. вартасць, дасканаласць і «тонкасць» віленскіх ініцыялаў і заставак. Гэтыя асаблівасці малых кніжак Скарыны (разам з вельмі добрым шрыфтам) робяць іх падобнымі да слав. «эльзевіраў». Стасаў выказаў меркаванне, што ў пражскай друкарні Скарыны працавала некалькі гравёраў, у т. л. «славянскага племені», што ў гравюрах «адчуваецца славянскі тып твару і адзення». На думку археографа А.Я.Віктарава, пражскі Псалтыр 1517 найб. адпавядаў рэліг. і кніжна-асветніцкім патрэбам «рускага» насельніцтва. Ён крытыкаваў сцвярджэнні некат. даследчыкаў (Я.Ф.Галавацкага, В.Копітара) адносна каталіцкіх або рэфармацыйных поглядаў Скарыны. Найб. грунтоўна наяўныя на той час выданні Скарыны апісаў В.С.Сопікаў. Поўнае і разгорнутае апісанне ўсіх вядомых пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны зрабіў І.П.Каратаеў у бібліягр. працах 1878 і 1883. Больш плённы перыяд у С. пачаўся з выхадам у свет доктарскай дысертацыі славіста П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), якая адкрывалася гістарыяграфічным даследаваннем. Дзейнасць Скарыны ён разгледзеў на фоне «маральна-рэлігійнага і духоўнага» жыцця ВКЛ і падкрэсліў важную яго ролю ў стварэнні духоўных перадумоў для культ. і грамадска-паліт. актыўнасці мяшчанства, для пашырэння кантактаў з краінамі Цэнтр. і Зах. Еўропы, для эвалюцыі кніжнага пісьменства, пранікнення нар. мовы ў л-ру. Па дакумент. крыніцах ён узнавіў жыццёвы шлях Скарыны, адзначыў яго «заходнярускае» паходжанне, сувязі з родным Полацкам, спрабаваў звязаць дзейнасць Скарыны з культ. развіццём «заходнярускіх» зямель канца 15 — пач. 16 ст., прааналізаваў амаль усе вядомыя на той час спісы выданняў Скарыны, асабліва рэдкія рукапісы, якія, магчыма, данеслі да нас тэксты нявыдадзеных або страчаных кніг Скарыны. Значная частка Гэтай працы прысвечана характарыстыцы мовы скарынаўскіх перакладаў, друкарскіх і маст. асаблівасцей выданняў. На яго думку, «руская» (беларуская) мова Скарыны найб. выразна адчуваецца ў пражскіх кнігах. Праблему мовы Скарыны «ўзору беларускай гутаркі пачатку 16 ст.» першы навукова паставіў Ф.Буслаеў. Падобнай думкі прытрымліваліся А.Аганоўскі, Уладзіміраў, М.Мурко, М.Драгаманаў, чэшскі філолаг І.Первольф, польскія вучоныя С.Ліндэ, М.Вішнеўскі, А.Брукнер, Л.Васілеўскі. За разнавіднасць польскай выдавалі мову Скарыны П.Кепен, В.Бадзянскі, Галавацкі. З поглядамі пра «рускі» (беларускі) характар скарынавых твораў не пагаджаўся А.Сабалеўскі, які лічыў яе царкоўнаславянскай. Значны ўклад у С. зрабіў Я.Ф.Карскі, які разгледзеў дзейнасць Скарыны на агульным фоне развіцця бел. культуры, мовы, асветніцтва. На мяжы 19—20 ст. і пазней у т.зв. нашаніўскі перыяд пачынаецца ўласна бел. С.: публікацыі А.Кіркора, М.Доўнар-Запольскага, А.Ельскага, А.Сапунова, І.Луцкевіча, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, Л.Гмырака, Р.Зямкевіча, пасля М.Гарэцкага, У.Ігнатоўскага, М.Янчука, М.Шчакаціхіна і інш. У 1921 выйшла філасофска-публіцыст. эсэ І.Абдзіраловіча (І.Канчэўскага) «Адвечным шляхам», у якім нац.-асветніцкі ідэал Скарыны прадстаўлены ўзорнай дамінантай на гіст.-цывілізацыйным шляху самабытна-творчага самасцвярджэння бел. супольнасці пры яе неадназначным геапаліт. становішчы паміж візант. Усходам і рыма-каталіцкім Захадам. У 1925 у Вільні выйшаў навук.-папулярны нарыс А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі», у 1926 у Коўне — манаграфія Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». На думку Ластоўскага, выдавецкую дзейнасць Скарыны падтрымлівалі віленскае і полацкае купецтва, кнігі друкаваліся «па магчымасці на зразумелай народу мове», усталёўвалі «жыццёвую мудрасць» — ідэі патрыятызму, маральнага ўдасканалення, спрыялі развіццю свецкіх навук. На яго думку, процідзеянне Скарыне аказвала правасл. і каталіцкае духавенства, што ў значнай меры паслужыла і прычынай спынення яго друкарскай дзейнасці.
Усе манаграмы і крыптанімы ў пражскіх і віленскіх выданнях Скарыны даследчык прыпісваў мясц. майстрам«русінам». З нагоды 400-гадовага юбілею віленскіх выданняў Скарыны ў 1926 у Мінску выдадзены навук.зб. артыкулаў бел. даследчыкаў «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (аўтары І.Воўк-Левановіч, В.Дружчыц, М.Любаўскі, У.Перцаў, У.Пічэта, М.Піятуховіч, Шчакаціхін, Дз.Ягораў, А.Ясінскі). Гал. яго тэмы: умовы развіцця ВКЛ, Чэхіі, Італіі і гісторыя бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 16—17 ст., Адраджэнне на Беларусі, літ. дзейнасць і мова выданняў Скарыны. Навук. узроўнем вылучаліся артыкулы Пічэты «Скарыніяна» і Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны», дзе ўпершыню сістэматызаваны мастацка-стылявыя рысы 45 гравюр з выданняў Скарыны. Шчакаціхін паставіў таксама пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». На яго погляд, яна надрукавана ў Вільні каля 1530. М.В.Доўнар-Запольскі працэс станаўлення бел. кнігадрукавання разглядаў у непарыўнай сувязі з «вял. гаспадарчай перабудовай» як у Зах. свеце, так і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Пічэта, разглядаючы творчасць Скарыны як з’яву рэнесансавай культуры, упершыню ў навук. плане паставіў пытанне пра бел. Адраджэнне. У канцы 1920-х — 1930-я г.навук. даследаванне творчасці Скарыны амаль поўнасцю спынілася.
У 1958 М.А.Алексютовіч у манаграфіі «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» разгледзеў асн. праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця Беларусі ў 1-й пал. 16 ст., жыццё і дзейнасць Скарыны, яго сац. і культ.-асветныя, гуманістычныя погляды, уплыў яго творчай спадчыны на развіццё ўсх.-слав. пісьменства. У пач. 1960-х г. у сувязі з 400-годдзем рус. кнігадрукавання да вывучэння «пражскага ўрока» звярнуўся рас. мастацтвазнавец А.А.Сідараў. Літоўскі гісторык Л.І.Уладзіміраў лічыў, што фарміраванне бел. кнігадрукавання абумоўлена развіццём духоўнай культуры ВКЛ, патрэбамі мяшчан, шляхты, дзярж. органаў, каталіцкай і правасл. царквы. Ён выказаў гіпатэтычнае меркаванне, што папярэднікам Скарыны быў малавядомы лонданскі кнігавыдавец канца 15 ст. Дж.Літвін. Бел.літ.-знавец А.Ф.Коршунаў у 1969 выдаў прадмовы і пасляслоўі Скарыны (перавыдадзена з дапаўненнямі ў 1990), мастацтвазнавец Л.Баразна падрыхтаваў альбом гравюр Скарыны з гіст.-мастацтвазнаўчым экскурсам (1972, 2-е выд. 1990). Праблемы маст. афармлення кніг Скарыны ў рэчышчы еўрап. і ўласна бел. традыцый узняты ў манаграфіях бел. мастацтвазнаўца В.Ф.Шматава «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст.» (1984) і «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны» (1990). Ён прапанаваў новую маст.-стылістычную класіфікацыю пражскіх гравюр і інш. кампанентаў афармлення выданняў Скарыны (ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, наборны арнамент, паліграф. арганізацыя тэксту); абгрунтаваў іх маст. асаблівасці ў параўнанні з зах.-еўрап. і ўласна бел.выяўл. традыцыямі. У шматлікіх публікацыях прааналізаваны тыпалагічныя асаблівасці выданняў Скарыны, іх тыпаграфіка, гіст. лёс, этапы развіцця С. Кнігазнаўчае апісанне большасці кніг Скарыны з асвятленнем іх паходжання, уладальнікаў, маргінальных запісаў і інш. далі Я.Л.Неміроўскі, В.І.Лук’яненка, Ю.А.Лабынцаў, І.В.Паздзеева, Г.Я.Галенчанка. Апісанне ўсіх пражскіх экзэмпляраў (без пазней знойдзенага канвалюта, набытага Лонданскай б-кай імя Скарыны) з поўным падборам факсімільных рэпрадукцый гравюр і арнаментыкі змешчана ў 8-томным апісанні кірылічных выданняў, падрыхтаванага Неміроўскім у рамках агульнаеўрап. праекта даследавання слав. кірылічнай кнігі («Зводны каталог старадрукаў кірылаўскага шрыфту». Бадэн-Бадэн, 1998. Т.З). Выданні Скарыны ў рэтраспектыве ўсяго бел. кірылічнага кнігадрукавання 16—18 ст. апісаў Галенчанка ў зводным каталогу «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986). У 1990—91 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» апубл. выданне факсімільнага тыпу, куды ўвайшла пражская Біблія Скарыны 1517—19 (складанне і навук. падрыхтоўка Галенчанкі, прадмова А.Л.Петрашкевіча). «Слоўнік мовы Скарыны (т. 1—3, 1977—94) выдаў У.В.Анічэнка. У 1991 фрагменты «Малой падарожнай кніжкі» апубл. Лабынцаў у выданні «Зерцало жития...»: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны», У.Г.Кароткі — «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Скарыны». Вынікі шматгадовых даследаванняў падсумаваны ў працы Неміроўскага «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка» (1990). У манаграфіі Галенчанкі «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) асн. ўвага звернута на асвятленне грамадска-паліт. і культ. фактараў узнікнення бел. кнігадрукавання, выяўленне этнасац. і дзярж.-геагр. арэала пашырэння яго кніг, уздзеянне творчай спадчыны Скарыны на выдавецкую дзейнасць яго пераемнікаў (Буднага, В.Цяпінскага, брацкіх кнігавыдаўцоў і інш.). Паглыблены прафесіяналізм, дыферэнцыяцыя і рознабаковасць прац па С. 1960—90-х г. сведчылі пра фарміраванне адпаведных гіст.-культ., лінгвістычна-філас., літ.-знаўчай, кнігазнаўчай, гіст.-маст. школ ці тэматычных кірункаў. Агульны гіст. фон, філас., грамадска-паліт., этычныя, эстэтычныя погляды Скарыны, рэнесансава-гуманістычныя, дэмакр. тэндэнцыі ў яго творчасці разгледжаны ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968). Дзейнасць Скарыны на фоне паліт., сац.-эканам. і культ. развіцця ВКЛ, яе міжнар. аспекты даследаваны ў зб. «Скарына і яго эпоха» (1990), у публікацыях В.К.Зайцава, В.У.Чапко, А.П.Грыцкевіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына. Падокшын у манаграфіі «Францыск Скарына» (1981) даследаваў гнасеалагічныя, анталагічныя, сац.-паліт., эстэтычныя погляды Скарыны, падкрэсліў некананічнасць яго біблейскіх перакладаў. Філасофскія, этычныя, грамадска-паліт. погляды Скарыны і яго паслядоўнікаў разгледжаны ў манаграфіях Падокшына «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974) і «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990). Літ., перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасці Скарыны з выкарыстаннем новых матэрыялаў прысвечаны даследаванні Лабынцава «Пачатае Скарынам» (1990) і «Зерцало жития...», працы В.А.Чамярыцкага, А.В.Мальдзіса, М.М.Грынчыка, А.А.Лойкі. Значэнне скарынаўскіх ідэй і яго творчасці ў новай бел. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. раскрыта ў кн. А.К.Каўкі «Тут мой народ» (1989). Своеасабліва інтэрпрэтуе спадчыну Скарыны ў рэчышчы ўсх.слав. Адраджэння А.А.Яскевіч у кн. «Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова» (1995). Моўнае наватарства, бел. і кніжнаслав. рысы тэкстаў і перакладаў Скарыны і яго паслядоўнікаў характарызуюцца ў працы А.І.Жураўскага «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1. 1967), калектыўнай працы А.М.Булыкі. Жураўскага. У.М.Свяжынскага «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), у даследаваннях Анічэнкі, А.Я.Баханькова, А.А.Парукава, Л.М.Шакуна і інш. Творчасць Скарыны як пачынальніка арыгінальнага бел. вершаскладання, яго гімнаграфічныя творы даследуюцца ў працах В.Тумаша, А.А.Турылава, Грынчыка, Яскевіч, у манаграфіі І.В.Саверчанкі «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.» (1992), кн. Лойкі «Старабеларуская літаратура» (2001). Свае падыходы да біяграфіі і творчасці Скарыны выклаў У.У.Агіевіч у працы «Сімволіка гравюры Скарыны» (1999). Новы ўзровень С. ў канцы 1980—90-х г. звязаны з дзейнасцю АН Беларусі, дзе распрацоўвалася юбілейная праграма скарыназнаўчых даследаванняў, а таксама выд-ваў «Навука і тэхніка» (з 1996 «Беларуская навука») і «Беларуская Энцыклапедыя». У 1991 створаны Навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, які таксама распачаў даследаванні па С. Распрацоўкай праблем С., выяўленнем новых крыніц займаліся бел., рас., укр. даследчыкі: В.І.Дарашкевіч, В.Н.Дышыневіч, Я.Дз.Ісаевіч, Г.П.Лебедзеў, А.С.Мыльнікаў, М.В.Нікалаеў, В.Р.Пуцко, Шакун, С.Шупа і інш.Вял. матэрыял абагульнены і сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988).
Да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны выдадзены навук.-тэматычныя зб-кі і навук.-папулярныя і літ. творы У.А.Калесніка, Каўкі, Лойкі, А.К.Клышкі, Петрашкевіча і інш. Для замежных чытачоў па заказе ЮНЕСКА Галенчанка, Чамярыцкі і Шматаў апубл. ў Парыжы навук.-папулярную кн. «Францыск Скарына» (у 1979 на франц., у 1980 на англ. мовах). Паводле пастановы ЮНЕСКА 1990 год быў аб’яўлены годам Скарыны. Скарынаўскія чытанні і навук. канферэнцыі прайшлі ў Мінску, Гомелі, Варшаве, Празе, Вільнюсе, Маскве, Лондане, Падуі (1986—92). Важкі ўклад у С. (пераважна ў даследаванне крыніцазнаўчых аспектаў выдавецкай дзейнасці і творчасці Скарыны і яго біяграфіі) замежных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў (Ю.Віцьбіч, Л.Гарошка, Р.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, В.Пануцэвіч, Я.Пятроўскі, В.Кіпель, С.Станкевіч, Я.Станкевіч, П.Татарыновіч, П.Урбан і інш.). Адным з цэнтраў славяназнаўчых даследаванняў у 1920—30-я г. была Прага. У 1926 у Пражскім ун-це абараніў дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» І.С.Дварчанін. Гэта было 1-е ў бел.літ.-знаўстве даследаванне пра Скарыну, яго светапогляд, культ.-гуманіст. і патрыят. дзейнасць (у пер. на бел. мову апубл. ў 1991). Этапнымі ў С. былі публікацыі рус. гісторыка-славіста, выкладчыка Карлава ун-та ў Празе, А.Ф.Флароўскага, які даследаваў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны ў Чэхіі. У артыкулах і ў яго манаграфіі «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» (1940—46) прыведзены невядомыя раней факты з біяграфіі Скарыны. На думку даследчыка, Скарына заснаваў сваю друкарню ў Празе, дзе быў высокі ўзровень кнігадрукавання і меліся сувязі з ням. і італьян. выд-вамі. Ён прааналізаваў суадносіны чэшскай Бібліі 1506 і Бібліі Скарыны, высвятляў уздзеянне творчасці Скарыны на бел., рус. і ўкр. рукапісную кніжнасць 16—17 ст. Традыцыі чэшскага С. працягваюць П.Р.Покарні, Ф.Сокалава і інш. Цікавасць у гіст.-параўнальным і бібліягр. аспектах мае шматтомнае выданне «Друкары старажытнай Польшчы XV—XVIII ст.», 5-ы выпуск якога прысвечаны ВКЛ (1959). Дзейнасць Скарыны асвятляецца ў абагульняльных працах польскай даследчыцы М.Б.Тапольскай па гісторыі кніжнай культуры ВКЛ. Супрацоўнік Нац. музея ў Варшаве В.Дэлюга выявіў сувязі некат. пражскіх гравюр Скарыны з папярэднімі чэшскімі, ням., пражскімі друкаванымі яўр. выданнямі 15 — пач. 16 ст. Асобныя пытанні С. з акад. пазіцый рэгулярна асвятляліся ў лонданскім час. «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у час. «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў ЗША. Большую ч. 5-й юбілейнай кн. «Запісаў» (1970), якую падрыхтаваў Тумаш (Сымон Брага) складае храналагічна-бібліягр. агляд прац пра Скарыну. Ён аўтар артыкулаў «Геаграфічная лакалізацыя жыццяпісу доктара Скарыны», «Пытанне імя доктара Скарыны», «Канфіската ў Вроцлаве кнігаў Бібліі Скарыны», «Кнігі Скарыны на захадзе Еўропы ў пару ягонную й сёння». У артыкуле, прысвечаным «Малой падарожнай кніжцы» («Запісы». 1978. Кн. 16), ён даказаў, што 2 дрэварыты нюрнбергскай друкарні канца 15 ст. выкарыстоўваліся Скарынаю ў Вільні. Унікальны дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» з захаванай пасхаліяй у 1971 апісаў А.Надсон, што дазволіла датаваць яе 1522 ці 1523. У манаграфіі бел. віленскага даследчыка Х.Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)» (1938) зроблена спроба высветліць выключную ролю сталіцы ВКЛ у пашырэнні друкарскай справы на «ўсходзе», уплыў дзейнасці Скарыны на станаўленне бел., рус. і ўкр. кнігадрукавання ў 16—18 ст. Змястоўныя зб-кі прац вільнюскіх навук. канферэнцый, прысвечаных Скарыне, апубл. ў 1979, 1987, 1991.
Этапы паслядоўнага развіцця С. ў сінт. форме адлюстраваны ў спец. абагульняльных працах — «Скарыніянах». Аўтарам 1-й «Скарыніяны», прызначанай для выдання «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926) быў Пічэта. У яго аглядзе ўлічаны асн. выданні актаў (акрамя М.Круповіча), бібліягр. апісанні Бакмейсцера, Штрытэра, Аляксеева, Сопікава, Каратаева, П.М.Строева, прааналізаваны біягр. звесткі, выдавецкая, літ., перакладчыцкая дзейнасць, маст. асаблівасці выданняў, грамадскія погляды, уплыў спадчыны Скарыны на яго паслядоўнікаў, развіццё бел. і ўсх.-слав. культуры. З 1926 і да сярэдзіны 1960-х г. С. даследаваў А.В.Флароўскі, у т. л. ў яго фундаментальнай працы «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці» і новых матэрыялах пра Скарыну (дакументы 2-га пражскага перыяду і інш.). Гістарыяграфічныя працы Пічэты і Флароўскага значна дапоўнены даследаваннямі М.Б.Батвінніка, Дышыневіч, Каўкі, У.М.Казберука. Замежнае С. канца 1940—70-х г. разгледжана ў публікацыі Я.Садоўскага «Скарыназнаўства на Захадзе пасля другой сусветнай вайны» (1983). Пазнейшыя агляды С. рабілі Неміроўскі, Галенчанка, аўтары артыкулаў у пражскім зб. «Францыск Скарына ў працах чэшскіх славістаў» (1992). Нямала каштоўных гістарыяграфічных аглядаў, рэцэнзій апубл. ў перыяд. выданнях, матэрыялах Скарынаўскіх чытанняў, зб-ках «Беларусіка», «Скарыніч», «Шляхам гадоў» і інш.
Сістэматызацыі даследаванняў па С. спрыялі рэтраспектыўныя бібліягр. паказальнікі галіновай і бягучай бібліяграфіі. 2 рэтраспектыўныя паказальнікі склаў Тумаш (1970, 1989), па аналагічнай схеме — Неміроўскі (1978); найб. поўны паказальнік да юбілею Скарыны склалі Неміроўскі і Л.А.Осіпчык (1990). Гісторыя біягр. і кнігазнаўчага вывучэння выданняў Скарыны адлюстравана ў тэматычна-храналагічным паказальніку Галенчанкі (1993).
Асобны раздзел С. стварае публікацыя і вывучэнне дакументальных крыніц, гіст. дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны. Звесткі пра дакументальныя матэрыялы сустракаюцца ва ўсіх аглядах С. (працы Уладзімірава, Пічэты, Флароўскага, Алексютовіча і інш.). Большасць актаў апубл. ў даследаваннях або розных зб-ках і перыяд. выданнях. Агульны іх спіс з тлумачэннямі змешчаны ў 5-й кнізе «Запісаў» (1970). Дарашкевіч падрыхтаваў 1-е зводнае выданне дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988, уключана 55 актаў і вытрымак з дакументаў).
Матрыкуляцыйны спіс Кракаўскага ун-та 1504 выявіў С.Пташыцкі, прамацыйны акт 1506 (пра экзамены на вучоную ступень бакалаўра філасофіі) — А.С.Петрушэвіч, экзаменацыйныя запісы Падуанскага ун-та 1512 (пра наданне ступені ў «лекарскіх науках» доктара) — С.Віндакевіч, пратакол падуанскай курыі 9.11.1512 — Садоўскі. Некалькі дакументаў, звязаных са знаходжаннем Скарыны ў 1530 у Кёнігсбергу абнародаваны А.І.Мілавідавым. Шэраг дакументаў пражскага перыяду дзейнасці Скарыны выявіў Флароўскі.
Матэрыялы судовых працэсаў па маёмасных справах 1520 — сярэдзіны 1530-х г., у т. л., віленскія і полацкія акты 1529 і 1535, увёў ва ўжытак Уладзіміраў, пазнанскія — М.Вайцяхоўская і Дарашкевіч; 2 каралеўскія прывілеі Скарыну — Круповіч. Значную колькасць дакументаў, што, на думку даследчыкаў, датычацца Скарыны, але не ўпамінаюць яго імя, у іх ліку імянны склад віленскай рады, каралеўскі прывілей 1532, прадстаўлены ў пазнанскі магістрат Скарынай, адшукаў Галенчанка. Найб. значныя поспехі С. ў біяграфічных, кнігазнаўчых, літ.-знаўчых і мовазнаўчых даследаваннях, у вывучэнні светапогляду Скарыны.
Літ.:
Ботвинник М.Б. Изучение жизни и деятельности Франциска Скорины в БССР // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;
Яго ж. Историография изучения «Малой подорожной книжки» и «Апостола» Ф.Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;
Яго ж. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны ў ЗША // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1990. № 4—5;
Яго ж. Навука і невуцтва: Скарыназнаўства ў Акадэміі навук БССР і ў Польшчы (1928—1941) // Полымя. 2000. №12;
Дышиневич В.Н. Скориноведение: некоторые вопросы историогр. и библиогр. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983. Вып. 2;
Чамярыцкі В.А. Скарыназнаўства на сучасным этапе // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Вып. 3. Гуманізм і асветніцтва ў славянскіх культурах. Мн., 1990;
Франциск Скорина в белорусском советском обществоведении. Мн., 1987;
Неміроўскі Я.Л. Скарыназнаўства // Францыск Скарына і яго час: Энцыкл.давед.Мн., 1988;
Каўка А.К. Беларускае скарыназнаўства ў 20-я гг. XX ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;
Шматаў В. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Сокалава Ф. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Ф.Скарыны чэшскімі даследчыкамі: Пер. з чэш. // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1;
Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // Там жа. Мн., 1998. Кн. 9;
Шалькевич В.Ф. Скорина и скориниана. Мн., 2001;
Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI — XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Открытие Скорины: Библиогр. указ. книговедческих и библиогр. описаний изд. Ф.Скорины, его книг, представленных в собраниях XVI — XX вв., обзоров Скоринианы / Сост. Г.Я.Голенченко. Мн., 1989;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ. [1539—1989] / Склад. Я.Л.Неміроўскі, Л.А.Осіпчык. Мн., 1990;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ.: Дад за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг. / Склад. В.Грышкевіч. Л.Юрэвіч. Мн., 1995;
Sadoŭski J. Sludies on doktor Francis Skaryna in the West since World War II // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. 1983. Кн. 17;
Francisco Skoryna v díle českych slavistu. Praha, 1992;
Nemirowskij E. Die Prager Druckerei von Francisk Skorina (1517—1519) // Gesamtkatalog der Frühdruck in kyrilisclier Sclirift. Baden-Baden, 1998. Bd. 3. Гл. таксама да арт.Скарына Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАДЖЫКІСТА́Н (Точикистон), Рэспубліка Таджыкістан (Чумхурии Точикистон),
дзяржава на ПдУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на З і ПнЗ з Узбекістанам, на Пн з Кіргізіяй, на ПдУ з Кітаем і на Пд з Афганістанам. Пл. 143,1 тыс.км. Нас. 6,2 млн.чал. (2001). Сталіца — г.Душанбе. У складзе Т. 3 адм. вобласці і Горна-Бадахшанская аўт. вобласць (гл.Горны Бадахшан). Дзярж. мова — таджыкская (фарсі). Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 вер.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994 (са зменамі і дапаўненнямі 1999). Кіраўнік дзяржавы і выканаўчай улады — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 7 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны парламент (Маджлісі алі) у складзе 63 дэпутатаў.
Прырода. Т. — горная краіна, 93 % тэр. займаюць горы, каля 50 % — на выш. больш за 3 тыс.м. На ПнЗ адгор’і Цянь-Шаня (Курамінскі хр.), на Пд ад іх горы сістэмы Гісара-Алая (хр. Туркестанскі, Зераўшанскі, Гісарскі, Алайскі), на ПдУПамір (хр. Заалайскі, Музкол, Рушанскі, Акадэміі Навук з найвышэйшай вяршыняй пік Ісмаіла Самані — 7495 м). Паміж хрыбтамі міжгорныя катлавіны і даліны (Гісарская, Кафірніганская, Вахшская, ч. Ферганскай). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: поліметал. і уранавыя руды, вальфрам, вісмут, нафта, прыродны газ, каменная соль. Крыніцы мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны, сухі. У далінах і на раўнінах да выш. 500 м сярэдняя т-растудз. ад -1 °C на Пн да 3 °C на Пд, ліп. адпаведна 27 °C і 30 °C, ападкаў 150—300 мм за год. У высакагорных раёнах сярэдняя т-растудз. ад -18 °C да -20 °C, ліп. 10—12 °C, ападкаў да 1200 мм за год. У гарах больш за 8 тыс. ледавікоў, найб. Федчанкі (651,7 км²), Грум-Гржымайлы (143 км²). Гал. рэй: Сырдар’я, Зераўшан, Амудар’я з прытокамі Вахш і Пяндж, Кафірніган. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (патэнцыяльныя запасы 32,8 млн.кВт, 2-е месца ў СНД пасля Рас. Федэрацыі). Буйныя азёры: Каракуль, Сарэзскае, Іскандэркуль і інш. Вадасховішчы: Нурэкскае, Фархадскае, Кайраккумскае. Буйныя арашальныя каналы: Гісарскі, Дальверзінскі, Паўн.-Ферганскі і інш. Глебы пераважна пустынныя пясчаныя (70%), у перадгор’ях — шэразёмы, у гарах — карычневыя, у высакагор’ях — горна-стэпавыя і горна-лугавыя. На нізінных раўнінах пераважае травяністая і паўхмызняковая расліннасць пустынь. Пад лесам і хмызнякамі каля 4% тэр. У далінах рэк тугайныя лясы з таполі, на сухіх горных схілах — з фісташкі, на вільготных — грэцкі арэх, туркестанскі клён, усх. чынара (платан), дзікія яблыні і вінаград, грушы і алыча. У складзе жывёльнага свету ў гарах буры мядзведзь, тыбецкі воўк, азіяцкі леапард, снежны барс (ірбіс), у перадгор’ях — дзік, бухарскі высакародны алень, чаротавы кот, дзікабраз. Шмат птушак (фазан, чапля, грыф, чорная курапатка), паўзуноў (кобра, гюрза, вадзяны вуж, агамы). Запаведнікі: Тыгровы Яр, Раміт, Даштыджум.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — таджыкі (62,3%). Жывуць узбекі (23,5%), рускія (каля 2%), татары (1,4%), кіргізы (1,3%) і інш. Пануючая рэлігія — іслам. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, ёсць мусульмане-шыіты, у Горным Бадахшане — абшчыны мусульман-ісмаілітаў. Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны. Гар. насельніцтва 26,8%. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Душанбе — 500, Худжанд — 164, Куляб — 79,3. У эканоміцы занята 1,8 млн.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы — 52%, у прам-сці — 17%, у сферы паслуг — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у палеаліце. Першыя гістарычна вядомыя дзяржавы Согд і Бактрыя ўзніклі тут у 1-й пал. 1-га тыс. да н. э., гал. заняткам іх насельніцтва было арашальнае земляробства. У 6—4 ст.н.э. яны ўвайшлі ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 да н.э. гэту тэр. заваяваў Аляксандр Македонскі, які падавіў упартае супраціўленне сагдыйцаў на чале са Спітаменам. З 312 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў, 250—140 да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства, якое заваявана качавымі плямёнамі тахараў. У 1—3 ст.н.э.тэр. Т. ў складзе Кушанскай дзяржавы. да пач. 6 ст. заваявана эфталітамі. у 560-я г. — Цюркскім каганатам. які ў сярэдзіне 7 ст. распаўся на мноства дробных дзярж. утварэнняў. У 8 ст. яны заваяваны арабамі, якія задушылі супраціўленне мясц. насельніцтва, у т. л.Муканы паўстанне, і ўключаны ў склад Амеядаў халіфата. а 750 — Абасідаў халіфата. Іслам выцесніў ранейшыя рэлігіі — зараастрызм. будызм; хрысціянства, нестарыянства. У 9—10 ст. ад улады араб. халіфаў вызвалілася Сярэдняя Азія, дзе склалася Саманідаў дзяржава са сталіцай у г.Бухара. У гэты час у выніку змяшэння мясц. сагдыйскага насельніцтва з прышлым араба-іранскім элементам склаўся таджыкскі этнас, што дае падставу тадж. гісторыкам лічыць дзяржаву Саманідаў першай тадж. дзяржавай. Пасля падзення ў 999 Саманідаў розныя часткі тэр. Т. былі ў складзе Караханідаў дзяржавы. Каракітаяў дзяржавы. дзяржаў Газневідаў і Гурыдаў. З 1212 усе тадж. землі ў складзе Харэзмшахаў дзяржавы, якая ў 1219—21 заваявана манголамі (гл.Мангольскія заваяванні); многія гарады разбураны, а насельніцтва моцна скарацілася. З 1224 б.ч. Сярэдняй Азіі, у т. л. землі з тадж. насельніцтвам, у складзе Джагатайскага (Чагатайскага) улуса, які ў 1260-я г. стаў дзяржавай, незалежнай ад Мангольскай імперыі. Пасля яго распаду (сярэдзіна 14 ст.) тэр. Т. з 1370-х г. у складзе вялізнай дзяржавы Цімура, сталіцай якой быў г. Самарканд. Пасля смерці Цімура (1405) яго дзяржава распалася на шэраг дзярж. утварэнняў на чале з яго нашчадкамі — Цімурыдамі. Адзін з іх — Мухамед Джахангір стварыў фактычна незалежнае ўладанне з цэнтрам у Гісары, куды ўвайшла значная ч.тэр. Т. У 1500 узбекі на чале з Шэйбані-ханам скінулі ўладу Цімурыдаў і завалодалі іх землямі. Пасля разгрому ў 1510 Шэйбані-хана Сефевідамі ўзніклі 2 узб. дзяржавы з цэнтрамі ў Харэзме і Маверанахры. Апошняя з іх пасля пераносу сталіцы ў канцы 14 ст. ў Бухару атрымала назву Бухарскага ханства (з 1747 Бухарскі эмірат). у склад якога ўвайшлі і землі Т. У 1710 з Бухарскага ханства вылучылася Какандскае ханства, куды ўвайшоў паўн. Т. з цэнтрам у г. Худжанд (Хаджэнт). У 1866 рас. войскі занялі Худжанд і Ура-Цюбе. какандскі хан прызнаў пратэктарат Расіі. У 1868 ваен. націск Расіі прымусіў і бухарскага эміра прызнаць рас. пратэктарат. Пасля падаўлення Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. яго тэр. далучана да Туркестанскага ген.-губернатарства, у склад якога з 1868 уваходзіла і паўн.-ўсх.ч. бухарскіх уладанняў з Самаркандам. Паводле рус.-брыт. пагаднення 1895 бухарскія ўладанні на Пд ад р. Пяндж, дзе пражывала значнае тадж. насельніцтва, адышлі да Афганістана: у сваю чаргу да Бухарскага эмірата далучаны землі Зах. Паміра; Усх. Памір перайшоў пад рас. кантроль (з 1905 увесь Памір). У Туркестанскім ген.-губернатарстве (краі) у 1886 замест традыц. ўмоўнага землеўладання ўведзена прыватная ўласнасць на зямлю (фактычна зямельная рэформа пачала праводзіцца з 1870-х г.інж.-ген. К.П.Каўфманам). Выступленне насельніцтва Худжанда 17.7.1916 паклала пачатак Сярэднеазіяцкаму паўстанню 1916. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Худжандзе, Ура-Цюбе і Канібадаме створаны Саветы. У Бухарскім эміраце актывізаваліся младабухарцы, якія патрабавалі бурж.-дэмакр. рэформ. 30.4(13.5). 1917 у Худжандзе створаны Выканком рас. Часовага ўрада. Сав. ўлада ўсталявалася 24.11(7.12).1917 у Худжандзе. у ліп. 1918 — ва Ура-Цюбе, у канцы 1918 — на Паміры. У вер. 1920 Чырв. Армія заняла г. Бухара. дзе ў кастр. 1920 абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка (БНСР), у пач. 1921 заняла кішлак Душанбе і б.ч.Усх. Бухары На тэр. Т. разгарнуўся масавы антысав. рух — басмацтва. які ў кастр. 1921 узначаліў дзеяч руху младатуркаў, б.ваен. міністр Турцыі Энвер-паша. Да вясны 1922 яго атрады занялі Усх. Бухару. Пасля гібелі Энвер-пашы (жн. 1922) барацьбу працягвалі атрады Ібрагім-бека (да 1926). У вер. 1924 БНСР ператворана ў Бухарскую Сав.Сацыяліст. Рэспубліку. якая далучылася да СССР. Паўн. раёны Т. ўваходзілі ў склад Туркестанскай Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (засн. ў крас. 1918).
У выніку нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі 12.3.1925 створана Тадж. АССР у складзе Узб. ССР. У яе ўвайшлі Гармскі, Кулябскі, Гісарскі, Курган-Цюбінскі і ч. Сарнасійскага вілаятаў Бухарскай ССР і 12 валасцей Туркестанскай АССР. У снеж. 1924 асобная Памірская вобл. ператворана ў Горна-Бадахшанскую аўт. акругу, якая далучана да Тадж. АССР. 16.10.1929 абвешчана Тадж. ССР, да якой далучана Худжандская акруга. У 1925—26 праведзена агр. («зямельнаводная») рэформа. З 1929 пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну больш за 50 тыс. воінаў з Т. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, у т. л. 54 сталі Героямі Сав. Саюза; каля 60 тыс.чал. загінула. Да канца 1980-х г. з дапамогай інш.сав. рэспублік Т. з адсталай ускраіны ператварыўся ў індустр.-агр. краіну, дзе асаблівае развіццё атрымалі электраэнергетыка, горназдабыўная і хім.прам-сць, машынабудаванне і металаапрацоўка; значныя поспехі дасягнуты ў ахове здароўя і адукацыі, хоць і захоўвалася адноснае адставанне Т. ад інш. рэспублік СССР. Пачатак перабудовы ў СССР (1985) актывізаваў тадж.нац. рух. У 1989 тадж. мова абвешчана дзяржаўнай. Ствараліся апазіц. да Камуніст. партыі Т. (КПТ) паліт. арг-цыі: Растахез (Адраджэнне), Дэмакр. партыя Т. (ДПТ). У лют. 1990 у Душанбе адбыліся масавыя антыўрадавыя хваляванні. 25.8.1990 Вярх. СаветТадж. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У ліст. 1990 уведзена пасада прэзідэнта Т., на якую абраны К.Махкамаў, які пасля жнівеньскіх падзей 1991 у Маскве падаў у адстаўку. 9.9.1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Т. Яе прэзідэнтам абраны Р.Набіеў, але выступленні аб’яднанай апазіцыі прымусілі і яго пайсці ў адстаўку (май 1992). Паліт. канфлікт перарос у грамадз. вайну паміж выхадцамі з розных рэгіёнаў Т. У выніку ўзбр. сутыкненняў загінула больш за 50 тыс.чал., каля 80 тыс. уцяклі за мяжу. У снеж. 1992 Душанбе занялі атрады Тадж.нар. фронту. Кіраўніком дзяржавы Вярх. Савет Т. абраў Э.Рахмонава, у ліст. 1994 ён выбраны прэзідэнтам Т. (перавыбраны ў 1999). Кааліцыя з Растахез, ДПТ і Партыі ісламскага адраджэння стварыла Аб’яднаную тадж. апазіцыю (АТА), якая, выкарыстоўваючы базы на тэр. Афганістана, разгарнула партыз. вайну супраць цэнтр. ўрада. У выніку перагавораў Рахмонава і лідэраў АТА у 1997 заключана пагадненне пра мірнае ўрэгуляванне канфлікту, вяртанне бежанцаў, раззбраенне баевікоў АТА, іх амністыю і далучэнне АТА да паліт. працэсу. У знешняй палітыцы Т. арыентуецца на цеснае супрацоўніцтва з краінамі цэнтр.-азіяцкага рэгіёна і Расіяй. На яго тэр. знаходзяцца рас. войскі і пагранічнікі. Т. — чл.ААН (з 1992), СНД (з 1991), Еўрап. банка рэканструкцыі і развіцця (з 1992), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва (з 1993), Міжнар. валютнага фонду (з 1993), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (з 1993) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.9.1996.
У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Камуніст. партыя Т., Нар.-дэмакр. партыя Т., Сацыяліст. партыя, Дэмакр. партыя Т., Ісламская партыя адраджэння Т. і інш.
Гаспадарка. Т. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 6 млрд.дол. (990 дол. на душу насельніцтва). Доля сельскай гаспадаркі ў структуры ВУП 27%, прам-сці і буд-ва — 26,9%, сферы паслуг — 46,1%. Грамадз. вайна і яе вынікі абмежавалі магчымасці эканам. развіцця краіны, адбылося рэзкае скарачэнне прамысл. і с.-г. вытв-сці. У 2000 аб’ём прамысл. прадукцыі складаў 42%, сельскай гаспадаркі — 73% да ўзроўню 1991. Наглядаецца тэндэнцыя да паляпшэння становішча; дэклараваны курс на рэфармаванне эканомікі і пераход да рыначных форм гаспадарання, але па-ранейшаму захоўваецца і дырэктыўнае дзярж. рэгуляванне. На долю дзярж. сектара прыпадае каля 53% занятых, кааператываў, акц. т-ваў, прыватнага сектара — 47%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,15 млн.га, у т. л. пад ворывам 0,76 млн.га, сенажацямі і пашай 3,39 млн.га. Каля 0,7 млн.га паліўных зямель. Да 80% с.-г. угоддзяў эрадзіравана, на 15% ворыва засоленыя глебы. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс); з тэхн. — бавоўнік (пераважна тонкавалакністыя сарты), алейныя (лён-кудраш, кунжут), эфіраалейныя (герань), тытунь. Бульбаводства, агародніцтва і бахчаводства. На Пн і ПдЗ развіты вінаградарства і садоўніцтва (яблыкі, абрыкосы, персікі, вішні, гранаты, інжыр, міндаль, цытрусавыя). Збор (млн.т, 1999) збожжа — 0,5, бульбы — 0,2, агародніны — 0,4. Мяса-воўнавая і мяса-малочная жывёлагадоўля. На Пн і ПдЗ развіта каракуляводства. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы — 911,5, авечак — 1620, коз — 625, птушак — 600. На Усх. Паміры разводзяць якаў. Вытв-сць мяса (забойная вага) — 30 тыс.т, малака — 310 тыс.т, яек — 23 млн.шт. Развіта шаўкаводства. Прамысловасць развіваецца ў асноўным на мясц. рэсурсах. На долю металургічнай прам-сці прыпадае 49,5%, паліўнаэнергет. комплексу — 8,9%, маш.-буд. і металаапрацоўкі — 1,1%, лёгкай — 13,2%, харч. — 16,1%. Металургічная прам-сць звязана са здабычай і абагачэннем руд каляровых і рэдкіх металаў (горна-металургічны камбінат у Анзобе, і абагачальныя ф-кі ў Кансаі і Чарух-Дайроне). Аснова каляровай металургіі — вытв-сць алюмінію ў г. Турсунзадэ. Паліўна-энергет. комплекс грунтуецца на здабычы нафты (20 тыс.т, на Пн і Пд), прыроднага газу (40 млн.м³), бурага вугалю (20 тыс.т) і вытв-сці электраэнергіі (14,3 млрд.кВт∙гадз, 2000) пераважна на ГЭС. Працуюць Нурэкская, Галаўная, Байпазінская (на р. Вахш), Кайраккумская (на р. Сырдар’я) і інш.ГЭС. Буйныя ЦЭЦ — у г. Душанбе, г.п. Яван. Вытв-сць прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі ў 2000 складала 14,9% да ўзроўню 1991. У Душанбе прадпрыемствы па выпуску халадзільнікаў і маразільнікаў (1,7 тыс.шт., 2000), рамонце машын і абсталявання. Лёгкая прам-сць прадстаўлена ачысткай бавоўны (Турсунзадэ, Шаартуз, Курган-Цюбе, Канібадам), вытв-сцю баваўняных і шаўковых тканін (12,7 млн.м², Душанбе, Худжанд), абутку (80 тыс. пар), швейных вырабаў, дываноў. У харч. прам-сці развіты алейная, мясная, малочная, кансервавая, вінаробная. Вытв-сць (тыс.т, 2000) алею — 14,3, мяса — 1,1, цэльна-малочнай прадукцыі — 2,9. Хім.прам-сць у г.п. Яван (11 тыс.т азотных угнаенняў) і Душанбе (пластмаса). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 500 км, аўтадарог 13,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 12,7 тыс.км. Асн. грузаперавозкі на чыг. транспарце — 1324,8 тыс. ткм, на аўтамаб. — 117,1 тыс. ткм (2000). Асн. чыгунка Тэрмез—Куляб, аўтадарогі Ош—Харог, Душанбе—Харог, Душанбе—Худжанд. Аэрапорты ў Душанбе, Худжандзе і Кулябе. Курорты: Абігарм, Зумрат, Хаджа-Абігарм, Шаамбары. Экспарт (1459,3 млн.дол., 2000) электраэнергіі, неапрацаванага алюмінію, бавоўны, тытуню. Імпарт (525,8 млн.дол., 2000) нафтапрадуктаў прыроднага газу, хім. і маш.-буд. прадукцыі, харч. прадуктаў. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Украіна, Кітай. Знешнегандлёвы абарот Т. з Рэспублікай Беларусь у 2000 склаў 5,3 млн.дол. Грашовая адзінка — самані.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і войск ППА. Агульная колькасць узбр. сіл больш за 10 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках каля 8,8 тыс.чал., танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, мінамёты, гарматы і інш. У ВПС каля 700 чал.; у войсках ППА каля 1 тыс.чал., на ўзбраенні зенітныя артыл. комплексы, зенітныя пушкі і інш.
Ахова здароўя. Ажыццяўляецца на дзярж. узроўні, існуе і прыватная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60,9, жанчын 67,4 года. Узровень нараджальнасці — 33,6 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс. чал.
Натуральны прырост 2,5% (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 115 чал., урачамі — 1 на 443 чал. Дзіцячая смяротнасць — 117 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета. У 2001/02 навуч.г. ў Т. дзярж.агульнаадук. школ 3649, у іх 1560 тыс. вучняў, 42 недзярж. ўстановы адукацыі, у т. л. 18 ліцэяў, 17 гімназій, 7 сярэдніх агульнаадук. школ; 45 сярэдніх прафес.навуч. устаноў, у іх 23 825 навучэнцаў; 31 ВНУ розных тыпаў (84 360 студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тадж.дзярж.ун-т, с.-г., політэхн., мед. ін-ты (усе ў Душанбе), Худжандскі ін-т. У Т. 1436 б-к і 33 музеі. Найбуйнейшая б-ка — Нац.б-ка Рэспублікі Таджыкістан імя Фірдаўсі ў Душанбе; найбуйнейшыя музеі: Нац. краязнаўчы і Нац. музей старажытнасці ў Душанбе. Навук. даследаванні вядуцца ў Нац.АН.
Літаратура. Развіваецца на таджыкскай мове. У яе развіцці вял. ролю адыгралі фальклор і літ. традыцыі ўсх. іранцаў — продкаў таджыкаў, якія ў старадаўнія часы насялялі Сярэднюю Азію і Харасан (Усх. Іран). Першы помнік стараж. перса-тадж. пісьменнасці — «Авеста». У 3—9 ст. ствараліся эпічныя паэмы, малыя формы паэзіі. Заснавальнік класічнай л-ры на тадж. мове (фарсі) Рудакі. Найб. плённа класічная паэзія развівалася ў 10 — пач. 12 ст. (Дакікі, эпічная паэма Фірдаўсі «Шахнамэ», філас. лірыка Ібн Сіна, Умара Хаяма, Насіра Хасрова). У 12 ст. паявілася маст. проза (творы Балхі, Захіры). Нашэсце Чынгісхана (пач. 13 ст.) амаль на стагоддзе перапыніла развіццё л-ры ў Сярэдняй Азіі. Толькі ў 14 ст. там пачало адраджацца літ. жыццё. Гуманістычныя матывы характэрны для творчасці Саадзі, Хафіза, Кемала Худжандзі, Убейда Закані. У 15 ст. іх развівалі ў сваіх творах Кашыфі, Хатыфі, А.Джамі. Творчая сувязь Джамі з узб. паэтам Алішэрам Наваі мела вял. значэнне для тадж. і узб. л-р. З 16 ст.тадж.л-ра пачала вылучацца з агульнай плыні персамоўнай л-ры, уступіла ў цесную сувязь з мусульм. культурай Індыі. У 16—18 ст. вядомасць набылі паэты і празаікі Хілалі Джагатаі, Мушфікі, Сайідо Насафі, М.Бедыль. У 16 ст. ўзнік асветніцкі кірунак, гал. прадстаўнік якога А.Даніш прапагандаваў рус. культуру і л-ру, сац. рэформы. Яго ідэі развівалі Саўдо, Р.Вазех, М.Хайрат. У пач. 20 ст. традыцыі асветніцтва прадаўжалі Айні, Т. Асіры і інш., якія праўдзіва адлюстроўвалі жыццё народа, выкрывалі ў сваіх творах сац. супярэчнасці тагачаснага грамадства.
Пачынальнікі сав.тадж. прозы — Айні (аповесць «Адзіна»; раманы «Дахунда», «Рабы»), паэзіі — М.Рахімі, Х.Лахуці і інш. Разняволенне жанчын, усталяванне новага жыцця — тэмы творчасці Пайрава, М.Амін-задэ. У 1930-я г. ў л-ру прыйшлі маладыя паэты і празаікі Б.Азізі, Дж.Ікрамі, Х.Карым, Р.Джаліл; развівалася паэтычная творчасць М.Турсун-задэ, А.Дэхаці, М.Міршакара, Хабіба Юсуфі і інш. У Вял.Айч. вайну тадж. пісьменнікі ўслаўлялі гераізм чалавека, братэрства народаў (паэмы Турсун-задэ, Лахуці, вершы Міршакара, Рахімі. Дэхаці і інш.). Пасляваен. л-ра стала жанрава больш разнастайнай, паглыбіла адлюстраванне жыцця і гісторыі тадж. народа. Здабыткам л-ры сталі цыкл вершаў «Індыйская балада» і паэма «Хасан-арбакеш» Турсун-задэ, паэмы «Непакорлівы Пяндж» і «Ленін на Паміры» Міршакара, раман пра вайну «Вернасць» Ф.Ніязі, раманы «Абноўленая зямля» С.Улуг-зада і «Шураб» Джаліла. Вядомасць набылі паэзія Ф.Ансары, Бахары, М.Канаата, Г.Мірзо, Г.Сулейманавай, М.Фархата, проза Дж.Адынаева, У.Кухзода, Ф.Мухамадзіева, Х.Назарава, М.Хаджаева. Паявіліся і гіст. раманы Ікрамі («Дванаццаць варот Бухары»), Улуг-зада («Васе»), аповесці Р.Хадзі-задэ, драмы Г.Абдуло («Полымя свабоды»), Ансары («Прысуд маці»), Улуг-зада («Рудакі») і інш. Развіваецца літ.-знаўства і крытыка (С.Табараў, М.Шукураў, Ш.Ніязі, А.Сайфулаеў). У 1954 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены анталогія «Паэты Таджыкістана» (1966), «Таджыкскія народныя казкі» (1970, 1987); кнігі апавяд. і вершаў «Дом каля крыніцы» (1984) і «Крыніцы Паміра» (1989); аповесць «Раніца нашага жыцця» (1961, пер. І.Сакалоўскі і У.Жыжэнка) і раман «Абноўленая зямля» (1973, пер. Я.Васілёнак) Улуг-зада, зб-кіапавяд. «Абавязак таварыша» Бахары (1965, пер. М.Ваданосаў), «Не адкладвай на заўтра» А.Шарыфі (1984, пер. М.Базарэвіч), вершаў і казак «Пах зямлі» У.Раджаба (1987, пер. В.Лукша і В.Макарэвіч), паэт.зб-кі «Высокае гняздо» Турсун-задэ і «Сорак косак» Сулейманавай (абодва 1982, пер. апошняга Э.Агняцвет), «Рубаі» Умара Хаяма (1989, пер. Р.Барадулін) і інш. У перыяд. друку змяшчаліся пераклады на бел. мову вершаў Айні, Ансары, Н.Бако-задэ, Канаата, С.Мамура, Міршакара, Р.Назры, Ц.Пуладзі, Раджаба, Б.Сабірава, Г.Сафіевай, Сулейманавай, Турсунзадэ, Б.Фаруха, М.Хакімавай, Д.Шарыпава; апавяданняў С.Ганіева, Г.Карыма, Мухамадзіева, Р.Сафарава, Т.Усманава, Шарыфі, А.Шукухі і інш. Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Г.Бураўкін, А.Бялевіч, Э.Валасевіч, В.Вярба, С.Гаўрусёў, С.Грахоўскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, І.Калеснік, К.Кірэенка, А.Лойка, Е.Лось, П.Макаль, У.Нядзведскі, Р.Няхай, У.Паўлаў, Г.Пашкоў, П.Прыходзька, Я.Семяжон, Ю.Свірка, М.Чарняўскі, Х.Чэрня, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. На тэр. Т. выяўлены паселішчы неалітычнай гісарскай культуры (6—5 ст. да н.э.) і эпохі бронзы са слядамі жытлаў. Ад часоў Ахеменідаў захаваліся рэшткі стараж.-бактрыйскага будынка з сырцовай цэглы (6—4 ст. да н.э., гарадзішча Калаі-Мір). Паводле ант. аўтараў вядома пра існаванне на тэр. Т. ў 4—3 ст. да н.э. гарадоў эліністычнага тыпу з абарончымі сценамі і рэгулярнай планіроўкай. Да грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст.н.э.) часу належаць руіны гарадоў на Пд Т., якія спалучалі рысы эліністычнай буд. культуры з мясц. традыцыямі. У 5—8 ст. на тэр. Т. ўзнікалі раннесярэдневяковыя гарады з цытадэлямі і ўмацаваннямі, рэгулярна забудаванымі шахрыстанамі (Пенджыкент). Палацы з параднымі заламі і троннымі айванамі і багатыя дамы з 4-стаўповымі параднымі заламі былі ўпрыгожаны жывапісам і драўлянай разьбой. На лініі гар. сцен ці па-за горадам ставілі цытадэлі. У сельскай мясцовасці будавалі ўмацаваныя загарадныя сядзібы, вартоўні, замкі-кёшкі (данжоны; Уртакурган, Калаі-Муг). Адрозніваліся тыпы збудаванняў, што належалі розным веравызнанням (храмы ў Пенджыкенце, будыйскія манастыр Аджына-Тэпе і храм у крэпасці Калаі-Кафірніган). Пасля араб. заваявання і пашырэння ісламу ў архітэктуры Т. з’явіліся мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, ханака. Вакол шахрыстанаў і цытадэляў гарадоў узнікалі гандл.-рамесныя прыгарады (рабады). У крапасных (Калаі-Бало каля Ісфары), палацавых (Хульбук, 10—12 ст.) і мемар. збудаваннях доўга захоўваліся мясц. раннесярэдневяковыя рысы (Ісмаіла Самані маўзалей). Асн.буд. матэрыялы — цэгла-сырэц, пахса (бітая гліна), з 9 ст. — абпаленая гліна. У арх. дэкоры будынкаў са скляпеніста-купальнымі канструкцыямі выкарыстоўваліся ўзорыстая цагляная муроўка, разная тэракота і расфарбаваны разны стука (гліняны міхраб 10—11 ст. з мячэці ў с. Ашт); у пабудовах з плоскімі перакрыццямі — мясц. драўляны ордэр, элементы якога адлюстроўвалі даісламскія вераванні, мелі расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы (порцік маўзалея Хазрацібабо ў с. Чарку каля Ісфары, 12 ст.). Дасягненне тадж.манум. дойлідства 14 ст. — партал Мухамеда Башара маўзалея. Адно з унікальных збудаванняў — маўзалей Мір-Сеід-Хамадані ў г. Куляб (14—17 ст.), першапачаткова 3-партальны з купальнай залай, пахавальняй і разным дэкорам. У 16—17 ст. пераважалі культавыя збудаванні з Г-падобнай купальнай галерэяй (мячэць Абдула-хана ў с. Наўгілем каля Ісфары, мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў Худжандзе, маўзалей Махдумі Азама ў Гісары). У 18 — пач. 19 ст. традыцыі тадж. дойлідства развіваліся ў архітэктуры масавых грамадскіх будынкаў (медрэсэ ў Гісары, квартальныя і сельскія мячэці, лазні) і ў нар. жыллі. Архітэктура 20 ст. прайшла шлях развіцця ад 1-павярховых глінабітных і сырцовых жытлаў, хаатычна забудаваных кішлакоў і некалькіх сярэдневяковых гарадоў да добраўпарадкаваных дамоў і гарадоў, якія развіваюцца паводле генпланаў (Душанбе, Худжанд). У горадабудаўніцтве 1930—40-х г. выкарыстоўваўся прынцып перыметральнай забудовы, панавалі класіцыстычныя формы ў спалучэнні з элементамі сярэдневяковага сярэднеазіяцкага дойлідства. З 1950-х г. пачалі ствараць мікрараёны з сучаснай сістэмай абслугоўвання, са шматпавярховымі (4—5, 9 паверхаў) сейсмаўстойлівымі дамамі, каркасна-панэльныя збудаванні. Будуюцца новыя гарады Нурэк, Рэгар і г.п. Яван. У 1980—90-я г.арх. формы спалучаюць з традыц. дэкорам, арнаментальнымі і сюжэтнымі размалёўкамі, керамікай, разьбой па ганчу і дрэве, габеленам. У 1936 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва таджыкаў развівалася як частка гіст.-культ. працэсу сярэднеазіяцкага рэгіёна і цесна звязана з мастацтвам інш. народаў (асабліва узбекаў), шэраг помнікаў з’яўляецца іх агульнай спадчынай (мініяцюры, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва). На тэр. Т. выяўлены наскальныя размалёўкі ў гроце Шахты (15—10-е тыс. да н.э., Усх. Памір), ляпная і ганчарная ангабіраваная кераміка з геам. узорам, прасцейшыя формы ювелірных вырабаў (сярэдзіна 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.), схематычная гліняная выява чалавека (пахавальня Тандыр-Ёл каля Рэгара, 2-е тыс. да н.э.). Ад эпохі Ахеменідаў захаваліся ювелірныя вырабы, творы мастацтва сакаў (бронз. катлы са скульпт. дэкорам, літыя фігурныя бляхі, петрогліфы). Мастацтва грэка-бактрыйскага (3—2 ст. да н.э.) і кушанскага (1—4 ст.н.э.) перыядаў спалучала мясц. традыцыі і эліністычныя элементы. Раннесярэдневяковае мастацтва Т. развівалася ў рэчышчы культур Согда, Уструшаны і Тахарыстана, у якіх фарміраваліся мясц. стылі праз спалучэнне эліністычных і кушанскіх традыцый з рысамі мастацтва Паўн. Індыі і Афганістана: скульптура (прысценныя статуі і гарэльефы, медальёны са сцэнамі барацьбы коннікаў-ваяроў, выявамі фантаст. звяроў) і жывапіс (фрэскі будыйскіх храмаў, размалёўкі палацаў Пенджыкента, Шахрыстана, Калаі-Кафірнігана). Пасля арабскага заваявання і пашырэння ісламу ў мастацтве развіваў пышны разны дэкор, які захоўваўся мясц. даісламскія выяўл. матывы, расл. ўзоры, эпіграфічныя фрызы. Паступова пачалася арнаменталізацыя ўсяго выяўл. мастацтва з перавагай расл., геам. і эпіграфічных матываў. Новы росквіт мастацтва ў 15 ст. звязаны з герацкай школай мініяцюры, у 16—17 ст. — з сярэднеазіяцкай школай у Бухары і Самаркандзе. Мініяцюра, верагодна, развівалася ў горным Т. (рукапіс «Юсуф і Зулейха» з Дарваза, 1797—98). У дэкар.-прыкладным мастацтве мясц. традыцыі ўзбагаціліся элементамі маст. культур інш. краін Усходу (паліваная размаляваная кераміка, ткацтва, вырабы з металу і шкла, ювелірныя). Развіваліся разьба і размалёўка па стука, дрэве, тэракоце, арнаментальная размалёўка тэмперай і шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль» (па рэльефнай глінянай аснове). У 18 — пач. 20 ст. пашырыліся маст. рамёствы: кераміка з падглазурнай размалёўкай (Паўн. Т.) ці ляпная з ангобнай размалёўкай (Паўд. Т.), ювелірныя вырабы з дэкар. і складанаўзорыстымі спалучэннямі серабра і каляровых камянёў, ткацтва, набіванка, вышыўка. У 1-й пал. 20 ст. ў Т. працавалі мастакі А.Ашураў, А.Камелін, М.Новік, П.Фальбаў, М.Хашмухамедаў, Я.Чамадураў, Б.Шахназараў і інш. З 2-й пал. 20 ст. развіваюцца ўсе віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва ў творчасці жывапісцаў З.Давугава, І.Лісікава, А.Рахімава, З.Хабібулаева, Х.Хушвахтава, С.Шарыпава; скульптара К.Жумагазіна; графікаў Р.Азімава, С.Вішняпольскага, С.Краснапольскага, Т.Самандарава, Б.Серабранскага, сцэнографаў М.Мухіна, М.Шыпуліна і інш. У 1938 створаны Саюз мастакоў Т.
Музыка. Раннія звесткі пра музыку стараж. народаў, гістарычна звязаных з Т., адносяцца да 3—2 ст. да н.э. Музыка развівалася пераважна як аднагалосае мастацтва вуснай традыцыі, была унісоннай, дыятанічнай. Багатая і рознабаковая метрарытміка песень і інстр. п’ес. Характэрны няцотныя (5/8, 7/8 і інш.) і 6-дольныя памеры. Муз. фальклор уключае прац., абрадавыя, лірычныя, эпічныя (у т. л. эпас «Гурутлі») і інш. песні, якія выконваюцца сола і ў суправаджэнні інструментаў. Склаліся своеасаблівыя спосабы спеваў: ішкамі (брушное), бінігі (насавое) і гулугі (гарлавое). Сярод нар. інструментаў: думбрак, дутар, рубаб, сетар, танбур (усе струнна-шчыпковыя), гіджак (струнна-смыкавы), най, кашнай, сурнай, карнай (духавыя), чанг (струнна-ўдарны), дойра, таўляк (ударныя), занг (званочкі), чанг-кобус (варган). Нар. танцы выконваюцца пад акампанемент нар. інструментаў ці унісоннага хору. Найб. росквіту нар.-прафес. і прафес. музыка вуснай традыцыі дасягнула ў сярэдневякоўі ў гарадах. Класічны помнік муз.-паэт. творчасці — цыкл з 6 шматчасткавых вак.-інстр. паэм «Шашмаком». Станаўленне прафес. музыкі пачалося ў 20 ст., калі былі створаны муз. тэхнікум у г. Ленінабад (1929), маст. камбінат (школа) у г. Душанбе (1934, з 1937 — муз.-балетная школа) і інш. Развіваліся шматгалосыя спевы, арк. ігра, муз.сцэн. мастацтва, разнастайныя жанры і формы шматгалосай музыкі. Важную ролю ў станаўленні прафес.тадж. музыкі адыгралі кампазітары Д.Дустмухамедаў, Я.Сабзанаў, Ш.Сайфіддзінаў, Ф.Саліеў, З.Шахідзі, Ф.Шахобаў; музыканты і педагогі С.Баласанян, А.Ленскі, С.Урбах і інш. Сярод першых нац. твораў: опера «Паўстанне Васе» Баласаняна (1939), балет «Дзве ружы» Ленскага (1941), шматгалосы твор «Залаты кішлак» І.Рагальскага (1944), «Таджыкская рапсодыя» Саліева (1947), вак.-сімф. творы Дустмухамедава, Сайфіддзінава. Для 2-й пал. 20 ст. характэрна імкненне кампазітараў да ўзбагачэння муз. мовы сучаснымі сродкамі выразнасці і пераўтварэнне глыбінных фалькл. пластоў. Развіваюцца музыка да спектакляў драм.т-ра і кінафільмаў, эстр. музыка. Сярод муз. дзеячаў дырыжоры І.Абдулаеў, З.Айрапецянц, А.Камалаў, Саліеў, А.Хамдамаў; хар. дырыжор — Х.Мулакандаў; спевакі А.Бабакулаў, М.Бакіева, С.Бандышоева, Р.Галібава, М.Ібрагімава, Б.Ісхакава, Л.Кабірава, Б.Маматкулаў, Х.Маўлянава, Ш.Муладжанава, Дж.Муродаў, Б.Ніёзаў, Р.Талмасаў, Т.Фазылава; выканаўцы нар. песень М.Бахадураў, М.Назардодава, Н.Раупава, Х.Рызо; салістка балета М.Сабірава; выканаўцы на нар. інструментах Г.Гуламаліеў, А.Алаеў. Працуюць: Тадж.т-р оперы і балета (1940, Душанбе); філармонія (1938, Душанбе), у складзе якой ансамбль рубабістак (1940), сімф. аркестр (1965), ансамблі песні і танца; стр. квартэт (1978); пры Дзяржтэлерадыё аркестр нар. інструментаў, ансамбль шашмакамістаў (1964), эстр. ансамбль «Гульшан» (.1966), дзіцячы хор (1982) і інш. У 1949 створаны Саюз кампазітараў Т.
Тэатр. Вытокі тэатр. дзействаў у песнях і танцах. нар. гульнях, даісламскіх культавых абрадах. На аснове нар. мастацтва складаліся нар. лялечны т-р «зачабозі» і вусны традыц.т-р масхарабозаў (выступалі на вяселлях, сямейных урачыстасцях), асабліва пашыраны ў 19 ст. У сав. час развіваўся аматарскі т-р. У 1929 у Душанбе з аматарскага гуртка створаны першы прафес.т-р — Таджыкскі драм.т-р імя А.Лахуці, у 1932 — муз.-драм.т-р у Худжандзе. У 1930-я г.прафес. т-ры з’явіліся і ў інш. гарадах і гар. пасёлках (Харог, Куляб, Ісфара, Наў і інш.). У рэпертуары т-раў п’есы С.Саідмурадава, М.Рабіева, М.Міршакара, Дж.Ікрамі, А.Сідкі, Ф.Ансары, Г.Абдуло, Ш.Кіямава і інш.; класічная і сучасная драматургія. Значны ўклад у тэатр. мастацтва зрабілі Б.Аліфбекава, Г.Бакаева, А.Бурханаў, Т.Гафарава, Г.Заўкібекаў, М.Ібрагімава, Б.Карамхудоеў, М.Касымаў, Х.Назарава, Х.Рахматулаеў, Г.Савельева, С.Туйбаева, Т.Фазылава, М.Халілаў, С.Шаісмаілава і інш.
Кіно ўзнікла ў 1929 з вытворчасці дакумент. і хранікальных фільмаў. У 1930 створана кінастудыя «Таджыкфільм». Першы маст. фільм — «Калі паміраюць эміры» (1937, рэж. Л.Пячорына), першыя гукавыя маст. фільмы «Сад» (рэж. М.Досталь) і «Сябры сустракаюцца зноў» (рэж. К.Ярматаў, абодва 1939). У час вайны і першыя пасляваен. гады ствараліся толькі дакумент. карціны. У 1957 адноўлены выпуск маст. фільмаў («Дахунда» паводле Айні, рэж. Б.Кімягараў). Здымаліся фільмы на гіст. тэмы і пабудаваныя на фалькл. матывах і нар. эпасе: «Лёс паэта» (1959, рэж. Кімягараў), фільм-балет «Лейлі і Меджнун» (рэж. Т.Беразанцава, Г.Валаматзадэ), «Насрэддзін у Хаджэнце, або Зачараваны прынц» (абодва 1960, рэж. А.Бек-Назараў, Э.Карамян), «Сцяг каваля» паводле А.Фірдаўсі (1961, рэж. Кімягараў); на сучасную тэматыку: «Мой сябра Наўрузаў» (1957, рэж. Ш.Кіямаў, Н.Літус), «Высокая пасада» (1958, рэж. Кімягараў); камедыі «Я сустрэў дзяўчыну» (1957, рэж. Р.Перэльштэйн), «Сыну пара жаніцца» (1960, рэж. Т.Сабіраў) і інш. У 1960—70-я г. пошук новых тэм, жанраў, выяўл. сродкаў характэрны для маладых рэжысёраў М.Арыпава («Нісо»,1966; «Тайна продкаў», 1972), М.Касымавай («Лета 1943», 1968; «Джура Саркор», 1970), С.Хамідава («Сустрэча ў старой мячэці», 1969; «Легенда турмы Павіяк», 1971), А.Тураева («Трэцяя дачка», 1971) і інш. Маральныя праблемы ўздымаліся ў фільмах «Пад попелам агонь» (1967, рэж. Рахімаў), «Як патрабуе сэрца» (1968) і «Аднаго жыцця мала» (1975, рэж. Кімягараў). Экранізаваўся нац. эпас: «Сказанне пра Рустама» (1971), «Рустам і Сухраб» (1972), «Сказанне пра Сіявуша» (1977, рэж. усіх Кімягараў). У 1960—80-я г. кіно для дзяцей здымалі рэжысёры В.Ахадаў, Б.Арабаў, Касымава; сярод рэжысёраў-дакументалістаў В.Кузін, В.Фамін, Г.Артыкаў, Е.Кімягарава, М.Мансурхаджаеў, М.Юсупава і інш. У 1980-я г. кіно Т. папоўнілася стужкамі рэжысёраў Д.Худаназарава, Ю.Юсупава, А.Тулаева і інш. У 1990-я г. ў сувязі з грамадзянскай вайной фільмаў стваралася мала. Шэраг рэжысёраў выехалі з краіны. Сярод фільмаў 1990-х — 2000 г.: «Кош ба кош» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі «Сярэбраны леў»), «Месячны тата» (1999, Гран-пры расійскага кінафестывалю «Кінатаўр», рэж. абодвух Худаназараў), «Прысутнасць» (1995, рэж. Т.Хамідаў), «Палёт пчалы» (1998), «Крыніца» (2000), «Анёл правага пляча» (2002, рэж. усіх Дж.Усмонаў) і інш. Сярод папулярных акцёраў кіно Т.: М.Арыпаў, С.Азаматава, Х.Абдуразакаў, М.Касымаў, С.Туйбаева і інш. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Т.
Літ.:
История таджикского народа. Т. 1—3. М., 1963—65;
Актуальные проблемы истории таджикского народа. Душанбе, 1988;
Гафуров Б.Г. Таджики: Древнейшая, древняя и средневековая история. М., 1972;
История Таджикской ССР, Душанбе, 1983;
Масов Р.М. История исторической науки и историография социалистического строительства в Таджикистане. Душанбе. 1988;
История таджикского народа. Т. 1—2. Душанбе. 1998—99;
Очерки истории таджикской советской литературы. М., 1961;
История советской многонациональной литературы. Т. 1—6. М., 1970—74;
История музыки народов СССР. Т. 1—5. М., 1970—74;
Музыкальная жизнь Советского Таджикистана. Вып. 1—2. Душанбе, 1974—75: Нурджанов Н.Х. Таджикский театр: Очерк истории. М., 1968;
Ахроров А., Азизова С. Кино Таджикистана. М., 1982;
Огонек. 2001. Спец. вып.
П.І.Рогач (прырода. насельніцтва. гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), М.М.Валачко (узброеныя сілы), І.М.Ключановіч (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.Л.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Таджыкістана.Да арт.Таджыкістан. У адгор’ях Паміра.Да арт.Таджыкістан. Падножжа ледавіка Масквіціна.Да арт.Таджыкістан. Канал і тунэль, па якім вада з Нурэкскага вадасховішча паступае ў Дангарынскі раён.Да арт.Таджыкістан. Нурэкская ГЭС.Да арт.Таджыкістан. Статак якаў на горнай пашы.Да арт.Таджыкістан. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў Таджыкскай АССР. 1.12.1926. Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Мячэць-маўзалей Муслехеддзіна ў г. Худжанд. 16—17 ст.Да арт.Таджыкістан. Прэзідэнцкі палац у Душанбе.Да арт.Таджыкістан. На праспекце Рудакі ў Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Скульптурная кампазіцыя «Зоркі паэзіі» ў Душанбе.Да арт.Таджыкістан. Мемарыяльны комплекс да 1100-годдзя дзяржавы Саманідаў у Душанбе.Да арт.Таджыкістан. З.Хабібулаеў. Бахор (вясна). 1967.Да арт.Таджыкістан. Х.Хушвахтаў. Былыя гады. 1967.Да арт.Таджыкістан. А.Рахімаў. Дары маёй даліны. 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.