Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.
У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТЭРНАРЫЁЗЫ,
інфекцыйныя хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду альтэрнарыя. Крыніца інфекцыі — заражаныя насенне, расліны і пасляўборачныя рэшткі. Альтэрнарыёзы рэзка зніжаюць ураджайнасць, усходжасць насення, захаванасць пладоў. На Беларусі найб. шкаданосны альтэрнарыёз капусты — чорная плямістасць. Пашкоджвае ўсе наземныя ч. расліны, асабліва насеннікі, лісце і струкі якіх пакрываюцца цёмным напыленнем. Насенне робіцца шчуплае або зморшчваецца і засыхае. На лісці качаноў утвараюцца цёмныя плямы, тканкі якіх паступова адміраюць. Пашырэнню хваробы спрыяе вільготнае надвор’е. Альтэрнарыёз морквы — чорная гніль, пашкоджвае расліны ў час росту і пры захоўванні, асаблівыя страты наносіць насеннікам. На ўсходах хвароба праяўляецца ў выглядзе чорнай ножкі, пазней лісце жаўцее, вяне і засыхае. У сховішчах морква чарнее і гніе. Альтэрнарыёз бульбы і памідораў выяўляецца на лісці, сцёблах, чаранках, пладах. Альтэрнарыёз вядомы таксама на збожжавых, бабовых культурах, яблыні, грушы, агрэсце, табацы. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, пратручванне насення, знішчэнне раслінных рэшткаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУГАЁЎ (Яўген Іосіфавіч) (н. 11.12.1912, в. Красова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, публіцыст. Д-ргіст.н. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры імя М.Г.Чарнышэўскага (1940). З 1942 у апараце ЦКВКП(б). З 1944 сакратар Гомельскага абкома, 1-ы сакратар Мінскага абкома і гаркома КП(б)Б, сакратар Омскага абкома ВКП(б). З 1954 у час. «Партийная жизнь», «Проблемы мира и социализма», гал. рэдактар час. «Вопросы истории КПСС» (1960—61), «Партийная жизнь» (1961—66), нам.гал. рэдактара час. «Коммунист» (1966—86). Адначасова з 1943 выкладаў у ВНУ. У 1972—87 праф. Акадэміі грамадскіх навук прыЦККПСС. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—51, яго старшыня ў 1948—50. Аўтар прац па гісторыі КПСС і КПБ. Упершыню ўвёў у гіст. навуку невядомыя раней дакументы з архіва ЦККПСС пра ўтварэнне БССР і КПБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.
Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.
Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
былы штучны водны шлях у Беларусі, у Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., які злучаў бас. Дняпра і Зах. Дзвіны. Даўж. 169 км. Пабудавана ў 1797—1805 для вывазу буд. лесу з Мінскай губ. ў Рыгу. Пачыналася ад р. Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р. Сергуч, праходзіла па абводным Сергуцкім канале (даўж. 10 км), азёрах Манец і Плаўна, злучальным Бярэзінскім канале (8 км) на водападзеле Бярэзіны і Улы, воз. Бярэшча і р. Бярэшча (Верабскі канал, даўж. 8,4 км), р. Эса, воз. Лепельскае, р. Ула (левы прыток Зах. Дзвіны). Мела 14 шлюзаў і 3 прыстані (Сергуцкую, Лепельскую і Чашніцкую). Участак ад р. Бярэзіна да воз. Плаўна ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У канцы 19 ст. страціла гасп. значэнне з-за канкурэнцыі чыг. транспарту, празмернай высечкі лесу і абмялення рэк і азёр. Не дзейнічае, гідратэхн. збудаванні не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗІ́ЛА (Аляксандр Цімафеевіч) (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),
грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ.псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел.абл.к-тапрыУсерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛКАГО́НАЎ (Дзмітрый Антонавіч) (21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),
гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар.Рас.АН (1991), д-рфілас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал.паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л.нам.нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш.Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.
Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРТАВЫ́ КАРАБЕ́ЛЬ,
надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.