МАРТЫ́НАЎ (Аляксандр Яўстаф’евіч) (20.7.1816, С.-Пецярбург — 28.8.1860),

расійскі акцёр; адзін з заснавальнікаў рэалізму ў рус. тэатры. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1835). З 1836 у трупе Александрынскага т-ра. Ролі вызначаліся псіхалагізмам, віртуозным майстэрствам пераўвасаблення, шырокім творчым дыяпазонам — ад вострай сатырычнасці, часам парадыйна-гратэскнага камізму, да трагедыйнасці: Хлестакоў, Падкалёсін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Мошкін («Халасцяк» І.Тургенева), Мітрафан («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ціхан («Навальніца» А.Астроўскага), Сінічкін («Леў Гурыч Сінічкін» Дз.Ленскага) і інш.

А.Я.Мартынаў.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Іонас) (26.12.1900, г. Радвілішкіс, Літва — 31.7.1953),

літоўскі пісьменнік. Друкаваўся з 1925. Аўтар рэаліст. раманаў «Ён павінен памерці», «Беньямінас Кардушас» (абодва 1937), «Нёман разліўся» (1939), зб. апавяд. «Срэбныя званы» (1938) і інш. У 2-ю сусв. вайну пісаў патрыят. нарысы і апавяданні (зб-кі «Адпомшчу», 1942; «Зорка», 1943). У пасляваен. гады выступіў як драматург (п’есы «Кавалюнасы», паст. 1947; «Па шырокім бальшаку», «Сям’я Шылгалісаў», абедзве 1948).

Тв.:

Рус. пер. — Беньяминас Кордушас. Вильнюс, 1961.

А.Лапінскене.

Ю.Марцінкявічус.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выходзіла з 13.3 да 10.4.1918 у Магілёве на рус. мове. Абвясціла сябе беспартыйнай, мела на мэце асвятляць падзеі, з’явы і факты мясц. жыцця ва ўмовах акупацыі горада германскімі войскамі і польскімі легіянерамі І.Р.Доўбар-Мусніцкага. Апублікавала справаздачы пра пасяджэнні Магілёўскіх гар. думы і губ. земскай управы, даклад пра Брэсцкі дагавор, артыкул «Беларуская Народная Рэспубліка» (Дрыгавіч). Інфармавала пра Усерасійскі з’езд Саветаў, падзеі ў Петраградзе, Мінску, Гомелі, Смаленску, Бабруйску.

С.Г.Кныш.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МО́ЛОТ»,

газета, орган Магілёўскага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася з канца мая 1917 да пач. студз. 1918 у Магілёве на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак, таму што большасць дэпутацкіх месцаў у Савеце належала прадстаўнікам гэтых партый. Публікавала матэрыялы з пасяджэнняў Савета, афіц. дакументы, хроніку мясц. жыцця. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 трапіла пад уплыў бальшавікоў і левых эсэраў. З 10.1.1918 выдавалася пад назвай «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов».

А.В.Вараб’ёў.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «I боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.Г.Янчанка.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О,

шаснаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай О («он»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ο («омікрон»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала галосны гук «о» пасля цвёрдых зычных («народъ», «столъ), мела лічбавае значэнне «семдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае лабіялізаваны галосны гук «о» задняга рада сярэдняга пад’ёму ў пачатку слоў і пасля цвёрдых зычных пад націскам («Орша», «родны»).

А.М.Булыка.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,

сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.

Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.

З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.

Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра І 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.

Літ.:

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.

М.А.Ткачоў.

т. 4, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,

аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс. чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).

У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і З артыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г. Мн., 1991.

М.М. Смальянінаў.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕГЕЛЬЯ́НСТВА,

кірунак у філасофіі канца 19—1-й пал. 20 ст., мэтай якога было стварэнне маністычнай тэорыі на аснове інтэрпрэтацыі філас. поглядаў Г.Гегеля, яго дыялектычнага метаду і вучэння аб духу. Найбольшае пашырэнне мела ў Вялікабрытаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША. Родапачынальнікі гегелеўскага руху ў Вялікабрытаніі Дж.Стырліг, а таксама філосафы Э. і П.Керды, Т.Х.Грын, Б.Бозанкет, Дж.Э.Мак-Тагарт, Р.Дж.Колінгвуд сцвярджалі, што рэчы, адносіны, рух, прастора, час, прычыннасць ёсць толькі неадэкватныя праявы сапраўднай рэальнасці — Абсалюту, які адзіны, усеабдымны, несупярэчлівы, духоўны і ахоплівае існасць і існаванне. Яны імкнуліся сумясціць гегелеўскі абсалютызм са сцвярджэннем метафізічнай каштоўнасці асобы і паставілі пад сумненне асн. палажэнне гегелеўскай дыялектыкі — «тоеснасць тоеснасці і адрознення». Б.Крочэ (Італія) развіваў філасофію духу на манер Гегеля і лічыў, што творчым пачаткам і мэтай гісторыі з’яўляюцца свабода і свабоднае «маральнае» падпарадкаванне індывіда «ўсеагульнаму», а не сіла ці зло (адсюль яго крытыка гегелеўскай тэорыі дзяржавы і адмаўленне італьян. фашызму). У процівагу яму Дж.Джэнтыле быў адным з афіц. ідэолагаў італьян. фашызму, цалкам падтрымліваў погляды Гегеля на дзяржаву як знешняе ўвасабленне маральнай ідэі. У Германіі за адраджэнне гегелеўскага вучэння выступілі прадстаўнікі неакантыянства (В.Віндэльбанд, Г.Коген, В.Дзільтэй, Р.Кронер, Г.Клокнер), якія імкнуліся «ўкараніць Гегеля ў рэчышчы ням. рамантызму і ірацыяналізму», злучыць гегелеўскую дыялектыку з «філасофіяй жыцця», выводзілі «сапраўдны змест гегелеўскай філасофіі» з кантаўскай «крытыкі здольнасці разважання», разглядалі яе як адзінства «рацыянальнай разумовасці» і «ірацыянальнага духоўнага зместу». Значную ролю ў развіцці Н. ў Германіі адыгралі Г.Герынг, Т.Літ, Ю.Біндэр, Г.Ласан, А.Ліберт, Ф.Розенцвейг і інш. У Расіі Н. развівалі, з аднаго боку, прадстаўнікі рус. ідэалізму і містыцызму 19 ст. (А.Хамякоў, І.Кірэеўскі, У.Салаўёў) і рус. ідэалрэалізму і інтуіцызму (С.Трубяцкой, С.Франк, М.Лоскі), з другога боку — рус. «легальныя марксісты» (П.Струвэ, М.Бярдзяеў, С.Булгакаў), якія рухаліся ад марксізму праз неакантыянства да Н. Найб. значны прадстаўнік рус. Н. — І.Ільін імкнуўся злучыць рэліг.-філас. традыцыю, што ішла ад Салаўёва, з найноўшымі зах. кірункамі; у яго канцэпцыі філасофія Гегеля прадстаўлена як зыходны пункт «змястоўнага метафізічнага светапогляду» і аснова для распрацоўкі універсальнай фенаменалогіі рэліг. вопыту. Ж.Валь, А.Кажэў, Ж.Іпаліт (Францыя) разглядалі гегелеўскую філасофію ў кантэксце праблематыкі «няшчаснай свядомасці» (ёй прысвечаны адзін з раздзелаў «фенаменалогіі духу»), распрацавалі канцэпцыю «экзістэнцыяльнага гегельянства», паводле якой «філасофія духу» Гегеля ўяўляе сабой сапраўдную «анталогію жыцця» і выяўляе ўсеагульныя характарыстыкі чалавечага быцця.

Літ.:

Гарин Э. Хроника итальянской философии XX в. (1900—1943): Пер. с итал. М., 1965;

Богомолов А.С. Английская буржуазная философия XX в. М., 1973;

Кузнецов В.Н. Французское неогегельянство. М., 1982;

The American Hegelians. New York, 1973.

І.В.Катляроў.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭХТ ((Brecht) Бертальд) (10.2.1898, г. Аўгсбург, Германія — 14.10.1956),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, рэжысёр. У 1917—20 слухаў лекцыі па медыцыне, філасофіі, тэатразнаўстве ў Мюнхенскім ун-це. Літ. дзейнасць пачаў у 1914 антываен. вершамі. У 1933—47 у эміграцыі. Заснавальнік і кіраўнік тэатра «Берлінер ансамбль» (1949—51). У процівагу драматычнаму (арыстоцелеўскаму) стварыў т.зв. «эпічны тэатр» (неарыстоцелеўскі), асн. прынцыпы якога — зварот да розуму і аналітычных здольнасцей (а не эмоцый), супрацьпастаўленне гледачоў падзеям на сцэне (а не суперажыванне). Гал. роля адводзілася «эфекту адчужэння», які дазваляў паказаць вядомае з нечаканага боку і дасягаўся праз мноства прыёмаў: выкарыстанне класічных сюжэтаў, адмаўленне ад падкрэсленай псіхалагізацыі і індывідуалізацыі, часта адсутнасць гіст. касцюма, непасрэдная апеляцыя да публікі, пантаміма, зонгі, спрошчаны рэквізіт, уключэнне ў спектаклі кінакадраў і г.д. Аўтар п’ес «Што той салдат, што гэты» (1927; паст. Бел. т-рам Я.Купалы, 1969), «Трохграшовая опера» (1928; паст. Дзярж. рус. драм. Т-рам, 1962; «Маці» (1933), «Жыццё Галілея» (1938—39), «Матухна Кураж і яе дзеці» (1941; паст. Дзярж. рус. драм. т-рам, 1962; Бел. т-рам Я.Коласа, 1976), «Добры чалавек з Сезуана» (1938—40), раманаў «Трохграшовы раман» (1934), «Справы пана Юлія Цэзара» (не скончаны, 1949), апавяданняў, вершаў, песень (зб-кі «Хатнія казанні Бертальда Брэхта», 1927; «Свэндбаргскія вершы», 1939, і інш.), тэарэтычных прац («Малы арганон для тэатра», 1949, і інш.). Яго творы на бел. мову перакладалі Р.Барадулін, Л.Баршчэўскі, П.Бітэль, Я.Брыль, У.Папковіч, Я.Семяжон. С.А.Картэс стварыў оперу «Матухна Кураж...» (паст. 1982, Каўнас; 1984, Кішынёў).

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Пярэднія выйшлі ў заўтра. Мн., 1968;

На шалях праўды. Мн., 1988;

рус. пер. — Стихи;

Роман;

Новеллы;

Публицистика. М., 1956;

Театр. Т. 1—5. М., 1963—65;

Стихотворения;

Рассказы;

Пьесы. М., 1972;

О литературе. М., 1977.

Літ.:

Б.Брехт: Библиогр. указ. М., 1969;

Шумахер Э. Жизнь Брехта: Пер. с нем. М., 1988.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)