канадскі позназімовы сорт яблыні. Выведзены ад скрыжавання сартоў Мекінтош і Жоўты Ньютаўн. Пашыраны на Беларусі.
Дрэва сярэднярослае, крона круглавата-цыліндрычнай формы. Плады сярэдняй велічыні (80—90 г), амаль аднамерныя, круглавата-канічнай формы. Асн. афарбоўка светла-зялёная, покрыўная — цёмна-бардовая з фіялетавым адценнем. Мякаць белая, шчыльная, сярэднесакаўная, кіславата-салодкага смаку. Плоданашэнне пачынае на 3—4-ы год, дае рэгулярны сярэдні ўраджай, які выспявае ў канцы вер., захоўваецца да мая. Зімаўстойлівасць сярэдняя, сярэднеўстойлівы да паршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУБО́ТА»,
бел. і расійскі бытавы парна-масавы танец гарадскога паходжання. Муз. памер 2/4. Тэмп ад павольнага да хуткага. Танцуецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з некалькіх простых танц. блокаў: крокаў з прыстаўкай, паваротаў у пары, перамен месцамі партнёраў. На Беларусі існуе ў некалькіх варыянтах, выконваецца з прыпеўкамі, часам з рэзкім, акцэнтаваным выпадам-прысяданнем на адну нагу. У пач. 20 ст. танец пашыраны амаль па ўсёй Беларусі. Сустракаецца і ў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФЕРАТЭ́КА (Sphaerotheca),
род сумчатых грыбоў сям. мучністарасяных. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах з умераным кліматам. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя С.: агрэставая (S. mors-uvae), плямістая (S. macularis), чорная (S. fuliginea), лямцавая (S. pannosa). Паразіты культ. і дзікарослых раслін, узбуджальнікі пераважна мучністай расы.
Міцэлій паверхневы, павуціністы, лямцавы, ад шараватага да бурага колеру. Пладовыя целы (клейстатэцыі) цёмна-карычневыя, шарападобныя, утрымліваюць сумку з 6—8 спорамі. Сумкаспоры аднаклетачныя, эліпсоідныя, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЧКА́РНЯ,
сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм, а таксама для здрабнення зялёнай масы раслін на сілас. Бываюць з конным і ручным прыводам (уласна С.), а таксама маторныя — з прыводам ад эл. рухавіка або трактара (саломасіласарэзкі, здрабняльнікі кармоў). Ручныя і конныя С. былі пашыраны ў індывід. і калектыўных гаспадарках да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНКАНО́Г, келерыя (Koeleria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічных раёнах. На Беларусі 4 віды Т.: вялікі (K. grandis), грабеньчаты (K. cristata), Дэлявіня (K. delavignei), шызы (K. glauca). Трапляюцца ў светлых барах, на пясчаных глебах.
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны, утвараюць дзярніны. Шэра-зялёныя сцёблы прамастойныя, апушаныя. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — серабрыстая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для замацавання пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛАДЫЯ́НТА (Thladiantha),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі 1 від — Т. няпэўная (T.dubia). Культывуецца як дэкар. павойная расліна, часам дзічэе.
Шматгадовыя травяністыя расліны з клубнепадобна патоўшчанымі каранямі. Сцёблы даўж. да 4 м, лазяць пры дапамозе вусікаў. Лісце простае, суцэльнае, сэрцападобнае, на доўгіх чаранках. Кветкі аднаполыя (тычынкавыя ў гронках або адзіночныя, песцікавыя адзіночныя), жоўтыя, званочкавыя. Плод — цыліндрычная чырв. мясістая салодкая гарбузіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПу геалогіі,
эфузіўныя намнажэнні (лавы, туфы, туфабрэкчыі) асн. саставу, з вял. колькасцю інтрузіўных пластавых жыл (сілаў), з характэрнай прыступкавай паасобнасцю. Утвараюцца ў кантынент. умовах пры выліванні магмы з вял. глыбінь. У склад трапавых тоўшчаў уваходзяць базальты, дыябазы, дылерыты, аўгітавыя і інш. парфірыты. Пашыраны на стараж. платформах, напр., на п-ве Індастан, ва Усх. Сібіры, у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы. З Т. звязаны радовішчы алмазаў, ісландскага шпату, цэалітаў, графіту, медна-нікелевых руд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБАПРАКА́ТНЫ АГРЭГА́Т,
сістэма канструктыўна аб’яднаных пракатных станаў і дапаможных машын для вырабу метал. бясшвовых труб са зліткаў, каваных або качаных загатовак; асн. від абсталявання трубапракатнай вытворчасці. Уключае станы прашыўны (для атрымання таўстасценнай трубы, т.зв. гільзы), падаўжальны (для раскаткі гільзы). абкатны і калібровачны (у некаторых Т.а. і рэдукцыйны). Паводле тыпу стана-падаўжальніка (аўтам., пілігрымавы, трохвалковы, бесперапынны, рэйкавы) наз. і Т.а. Найб.пашыраны Т.а. з бесперапынным падаўжальным станам, на якіх робяць трубы дыям. да 102 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫХАЦЭФАЛЁЗ [ад грэч. thrix (trichos) волас + kefalē галава],
глісная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл, чалавека, што выклікаецца нематодамі роду трыхацэфалюс. Пашыраны ўсюды, асабліва сярод свіней і жвачных. Узбуджальнікі — воласагаловы. З экскрэментамі іх яйцы трапляюць у глебу. Жывёлы заражаюцца праз корм і ваду; чалавек — пры спажыванні ягад, садавіны, агародніны, забруджаных яйцамі ўзбуджальніка. У жывёл адзначаюць залежванне, уздыбленасць шчаціння, паносы, кроў у фекаліях. Прыкметы Т. ў чалавека: галаўны боль, запоры або паносы, нерв. расстройствы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ЧНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ для тэрмічнай апрацоўкіметал. вырабаў.
Класіфікуюцца па прызначэнні (печы для загартоўкі, адпалу, хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, цэментацыі і інш.), спосабе нагрэву (электрычныя печы, полымныя печы, ускоснага нагрэву), канструкцыі (вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы, ванныя, каўпаковыя, прахадныя, тунэльныя і інш.), асяроддзі рабочай прасторы (з некантралюемым паветраным, кантралюемым ахоўным газавым, вадкім асяроддзем), рэжыме работы (перыядычнага, паўперыядычнага, пульсоўнага і бесперапыннага дзеяння). Пашыраны таксама паточныя загартовачна- і нармалізацыйна адпускныя, нітрацэментацыйныя (для нітрацэментацыі) і інш. печы.