Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
Рэспубліка Гамбія (Republic of the Gambia), дзяржава на З Афрыкі. На Пн, У і Пд мяжуе з Сенегалам, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 5 абласцей і сталічную акругу. Пл. 11,3 тыс.км². Нас. 1042 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Банджул. Дзярж. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 лют.).
Дзяржаўны лад. Гамбія — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — аднапалатны парламент (Палата прадстаўнікоў) з 50 дэпутатаў, 36 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 5 — правадырамі плямён, 7 прызначаюцца прэзідэнтам. Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Краіна займае нізінную даліну р. Гамбія (даўж. 322 км), складзеную з пясчанікаў і алювіяльных адкладаў. Клімат экватарыяльна-мусонны з дажджлівым летнім (чэрв.—кастр.) і сухім зімовым (ліст.—май) сезонамі. Сярэдняя т-раліп. каля 27 °C, лютага каля 23 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на З да 750 мм на У. Пераважае расліннасць саваннаў з акацыямі, пальмамі, баабабамі. Пад лесам 20% тэрыторыі. Па р. Гамбія — галерэйныя лясы. Нац. парк Рывер-Гамбія, рэзерват Абука.
Насельніцтва. Жывуць зах.-афр. народы мандынга (42%), фульбе (18%), волаф (16%), дыёла (10%), сараколе (9%) і інш. Еўрапейцаў і выхадцаў з Азіі каля 1 тыс.чал. 90% вернікаў мусульмане, 9% хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 92,2 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найб. (1993, тыс.ж.): Банджул — 150, Серэкунда — 102. У сельскай гаспадарцы занята 75% насельніцтва, у прам-сці, гандлі і абслуговых галінах — 18,9, у кіраванні — 6,1%.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. Гамбіі была заселена плямёнамі негроіднай расы. Уваходзіла ў імперыі Малі (13—15 ст.) і Сангаі (15—16 ст.). Да пач. 19 ст. насельніцтва Гамбіі ісламізавана, узнікалі дзярж.-рэліг. ўтварэнні феад. тыпу. З еўрапейцаў першымі ў Гамбію ў сярэдзіне 15 ст. прыйшлі партугальцы. У 16 ст. тут з’явіліся англ., франц., галандскія купцы. Пасля працяглага саперніцтва паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 правы на тэр. Гамбіі атрымала Вялікабрытанія. У 1816 у вусці р. Гамбія англічане пабудавалі г. Батэрст (цяпер Банджул). Да пач. 20 ст. ўся тэр. Гамбіі абвешчана брыт. пратэктаратам. Дзейнічала сістэма ўскоснага кіравання, калі ўлада на месцах была сканцэнтравана ў руках 35 традыц. правадыроў. У 1930—40-х г. афрыканцы ўсё больш удзельнічаюць у рабоце адм. органаў калоніі. У 1950-я г. ўзніклі паліт. партыі. У кастр. 1963 у Гамбіі ўведзена ўнутр. самакіраванне.
18.2.1965 абвешчана незалежнасць (у рамках брыт. Садружнасці). З 23.4.1970 Гамбія — рэспубліка, яе прэзідэнтам стаў лідэр Нар. прагрэсіўнай партыі Д.К.Джавара. З канца 1970-х г. у Гамбіі пачаўся эканам. крызіс, узмацнілася сац. нестабільнасць, у 1980 адбыліся антыўрадавыя выступленні, у 1981 падп. арг-цыі ўзнялі паўстанне, якое было задушана сенегальскімі войскамі. У 1982—89 існаваў канфедэратыўны саюз Гамбіі з Сенегалам (Сенегамбія). У пач. 1990-х г. Гамбія ўдзельнічала ва ўрэгуляванні ліберыйскага канфлікту. У 1994 войскі, якія вярнуліся з Ліберыі, ажыццявілі пераварот, скінулі Джавара; кіраўніком дзяржавы абвешчаны Я.Джаме. Былі забаронены ўсе паліт. партыі. У 1994 створаны Нац. кансультатыўны савет для выпрацоўкі механізма пераходу да грамадз. праўлення. Гамбія — чл.ААН з 1965, Арг-цыі Афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя і інш.
Гаспадарка. Гамбія — аграрная краіна з эканомікай монатаварнага тыпу. Па ўзроўні эканам. развіцця адна з найб. адсталых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 350 долараў ЗША (1993). Больш за 60% валавога ўнутр. прадукту даюць сельская гаспадарка, рыбалоўства і лясная гаспадарка. Гал. роля належыць земляробству, найперш развядзенню арахісу. Апрацоўваецца каля 25% тэрыторыі, пад лугамі і пашай 30%. Характэрныя дробныя сял. гаспадаркі з нізкай культурай земляробства. Пад арахісам 2/3 ворных зямель, штогод збіраюць 150—200 тыс.т. Вырошчваюць таксама рыс, проса, сорга, маніёк, кукурузу, бавоўну. Штогадовы збор збожжавых каля 100 тыс.т. Збіраюць арэхі дзікарослай і культываванай алейнай пальмы. Агародніцтва (найб. таматы). Земляробства развіта ў цэнтр. і зах. раёнах краіны. У жывёлагадоўлі пераважае развядзенне буйн. раг. жывёлы (каля 300 тыс. галоў), авечак (каля 180 тыс. галоў) і коз (каля 190 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Развіта рачное і марское рыбалоўства, штогадовы ўлоў каля 40 тыс.т. Прам-сць развіта слаба: каля 50 прадпрыемстваў па ачыстцы і перапрацоўцы арахісу, атрыманні з яго алею і мукі, вытв-сці буд. матэрыялаў, харч. прадуктаў, рамонце простага абсталявання, суднаў і аўтамабіляў, швейная ф-ка, некалькі лесапільных з-даў, рысавыя млыны, прадпрыемствы па вытв-сці алкагольных і безалкагольных напіткаў, кансерваванні рыбы, зборцы с.-г. машын і інш. Саматужныя промыслы і рамёствы, у т. л. ганчарны. Вытв-сць электраэнергіі каля 40 млн. Квт∙гадз за год. Гал. від транспарту — суднаходства па р. Гамбія. Гал. рачны і марскі порт — Банджул. Аўтадарог 3083 км, з іх 431 км з цвёрдым пакрыццём. Каля Банджула міжнар. аэрапорт Юндум. У апошнія гады развіваецца замежны турызм. Гамбія экспартуе арахіс і прадукты яго перапрацоўкі (90% экспарту), рыбу, бавоўну, ядры алейнай пальмы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, машыны і трансп. сродкі. Гал. партнёры па экспарце — Японія (60%) і краіны Зах. Еўропы (29%), па імпарце — краіны Зах. Еўропы (57%) і Азіі (25%). Імпарт перавышае экспарт у 1,5 раза. Грашовая адзінка — даласі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л.ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял.Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНКЗах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай ГаспадаркіБССР (ВСНГБССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНКБССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр.дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял.Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл.табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг.Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЕ ПРА́ВА,
прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.
Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл.Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст.Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.
На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст.б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.
Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар. заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Comores),
Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы (франц. République Fédérale et Islamique des Comores, араб. Джумхурыя аль-Кумур аль-Ітадыя аль-Ісламія), дзяржава на З астравах з групы Каморскіх а-воў у Індыйскім ак. каля паўн. ўвахода ў Мазамбікскі праліў. Складаецца з 3 федэральных акруг. Пл. 1862 км². Нас. 589,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г. Мароні (в-аў Нгазіджа). Афіц. мовы — французская і арабская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.А. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. орган — Федэральная асамблея (38 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якіх назначае прэзідэнт. Мясц. органы ўлады — губернатары астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і саветы астравоў (выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады).
Прырода. А-вы Нгазіджа (Гранд-Камор, пл. 1146 км²), Нджуані (Анжуан, пл. 424 км²) і Мвалі (Махелі, пл. 290 км²) вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, трахітаў, фаналітаў, абкружаны каралавымі рыфамі. Цэнтр.ч. кожнага вострава занята слабарасчлянёным горным вулканічным масівам, на ўзбярэжжах — невял. нізіны. Шмат дзеючых вулканаў. Вышэйшы вулкан Картала (2560 м) на в-ве Нгазіджа апошні раз вывяргаўся ў 1977. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны мусонны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры паветра вагаюцца ад 24 да 27 °C. Ападкаў за год ад 1100 мм у цэнтр. частцы а-воў да 3000 мм на наветраных схілах. Порыстыя вулканічныя грунты і глебы прапускаюць ваду; рэк і ручаёў няма. Ёсць некалькі невял. прэсных азёр у кратэрах нядзеючых вулканаў. У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. У верхніх частках схілаў — трапічныя лясы з дрэвападобнымі папарацямі, ліянамі, ніжэй — участкі саваннаў і хмызнякі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Больш за 75% складае народ анталаутра (каморцы) — змешаная этнічная група нашчадкаў малагасійцаў, арабаў і афрыканцаў. Ёсць нядаўнія выхадцы з Афрыкі і Мадагаскара (па 5%), арабы з Амана і Йемена (7%), выхадцы з Індыі (3%), малайцы (2%), еўрапейцы (пераважна французы, грэкі, італьянцы) і інш. Амаль усе вернікі мусульмане-суніты. Сярэдняя шчыльн. 317 чал. на 1 км², на в-ве Нгазіджа больш за 400 чад., на в-ве Мвалі каля 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 31% насельніцтва, у г. Мароні 30 тыс.ж. (1992). Каля 80% насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве.
Гісторыя. Ісламізаваны з 11 ст. У 1503 адкрыты партугальцамі. З сярэдзіны 19 ст. — уладанне Францыі (з 1843 — в-аў Маёта. з 1866 — астатнія астравы), з 1886 пратэктарат, з 1912 калонія (у 1914—16 адміністрацыйна падпарадкавана Мадагаскару). У 1947 атрымалі адм. аўтаномію (статус «заморскай тэр.» Францыі), пацверджаную на рэферэндуме 1958, у 1962 — шырокую ўнутр. аўтаномію. На рэферэндуме 1974 жыхары архіпелага (за выключэннем в-ва Маёта, дзе пражывае хрысц. насельніцтва) выказаліся за незалежнасць (абвешчана 6.7.1975). Прэзідэнтам стаў А.Абдала. У 1976 незалежнасць К.А. прызнала Францыя (Маёта па выніках рэферэндуму 1976 засталася ў яе ўладанні). У 1976—78 улада ў краіне належала Ваен.-паліт. дырэкторыі. У 1978 у выніку дзярж. перавароту прэзідэнтам зноў стаў Абдала; прынята новая канстытуцыя, абвешчана Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія Астравы. У ліст. 1989 прэзідэнт Абдала забіты. Кіраўніком дзяржавы ў сак. 1990 выбраны С.М.Джахар. У вер. 1995 пасля спробы дзярж. перавароту, зробленай замежнымі наёмнікамі, Джахар пакінуў пасаду. У кастр. 1996 на архіпелаг уведзены франц. войскі, якія прымусілі кіраўнікоў перавароту здацца. У сак. 1997 прэзідэнтам выбраны М.Такі Абдул-Карым. К.А. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць партыі Каморскі саюз за прагрэс, Нац. саюз за дэмакратыю на Каморах, апазіцыйная Форум за нац. вызваленне і інш.
Гаспадарка. К.А. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт у 1994 склаў 370 млн.дол. ЗША. Доля ў ім сельскай і лясной гаспадаркі, рыбалоўства каля 40%, прам-сці каля 4%. На 1 чал. ў год прыпадае каля 630 дол. ЗША. Асн. галіна — земляробства, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур. Апрацоўваецца каля 42% тэрыторыі, пад пашай і лугамі каля 7%. Гал. культуры: эфіраалейныя (цытранэла, іланг-іланг, лімонная мята, базілік, язмін і інш.) — збор каля 50—100 т у год, ваніль — каля 1000 т, гваздзіка — каля 1200 т. Па зборы гэтых культур краіна займае 1—2-е месца ў свеце. Вырошчваюць какосавую пальму (каля 60 тыс.т какосавых арэхаў штогод), бананы, каву, какаву, цукр. трыснёг, сізаль, ананасы. 3 харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, ямс, кукуруза, батат, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 50 тыс. галоў), коз (каля 60 тыс. галоў), авечак, аслоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 5 тыс.т рыбы і морапрадуктаў штогод). Нарыхтоўка драўніны. Вытв-сць электраэнергіі 17 млн.кВт∙гадз (1995). Здабыча вулканічнага туфу (пуцалану) і выраб цэменту (в-аў Нгазіджа). Прадпрыемствы: тэкст., мылаварныя, дрэваапр., па вытв-сці безалкагольных напіткаў, быт. і харч. тавараў, эфірных алеяў, экстрактаў з ванілі, язміну і інш. Развіты разнастайныя саматужныя рамёствы, асабліва ганчарства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Гал. порт — Мароні, паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт — 13,7 млн.дол., імпарт — 40,9 млн.дол. (1993). Дэфіцыт часткова кампенсуецца дапамогай міжнар. арг-цый, араб. нафтаздабыўных краін, Францыі, паступленнямі ад каморцаў, што працуюць за мяжой. У экспарце пераважаюць ваніль. гваздзіка, эсенцыя іланг-ілангу, копра, у імпарце — нафтапрадукты, харч. тавары, машыны і абсталяванне. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Германія, Кітай. Грашовая адзінка — каморскі франк.
І.Я.Афнагем (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Каморскіх Астравоў.Да арт.Каморскія астравы. Возера ў кратэры вулкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.