ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),
від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.
У.С.Пасэ.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІКА́ГА,
2-я дынастыя ваенна-феад. правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1335 (1338)—1573. Улада Асікага была нетрывалая з-за ўзмацнення мясц. князёў (даймё). Міжусобныя войны, якія пачаліся з сярэдзіны 15 ст., прывялі краіну да распаду на асобныя незалежныя княствы. Апошні прадстаўнік дынастыі скінуты яп. палкаводцам Ода Набунага ў 1573.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н IV (Otto) Браўншвейгскі
(каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),
кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАНТЫ́ЙНЫ КАПІТА́Л,
уласны капітал акцыянерных зямельных банкаў, ашчадных банкаў, страхавых т-ваў. Звычайна знаходзяцца ў ліквідных формах і складае пэўны працэнт да сумы іх абавязацельстваў (паводле заканадаўства штата Нью-Йорк, напр., гарантыйны капітал складае не больш за 10%). Складаецца з узносаў акцыянераў і дапаўняецца потым адлічэннямі з прыбыткаў.
т. 5, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНЬКО́ (Фёдар Пятровіч) (15.2.1921, в. Занькі Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 9.5.1979),
поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў школу паветр. стралкоў (1943). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце. Паветраны стралок штурмавога авіяпалка старшына З. вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі, ва Усх. Прусіі, зрабіў 234 баявыя вылеты.
т. 6, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКУ́К,
горад на ПнУ Ірака. Адм. ц. мухафазы Таамім. Больш за 600 тыс. ж. (1996, з прыгарадамі). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр раёна здабычы нафты. Ад К. ідуць нафтаправоды ў парты Баніяс (Сірыя) і Трыпалі (Ліван). Нафтаперапр. з-д. Вытв-сць серы. Гарбарна-абутковая і тэкст. прам-сць.
т. 8, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКАЯ ЦУКЕ́РАЧНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала з 1910 у мяст. Ляхавічы Слуцкага пав. (цяпер г. Ляхавічы Брэсцкай вобл.). Мела аддзяленні: варыльнае, карамельнае, сушыльнае, упаковачнае. Працавала больш за 50 чал. Разбурана ў 1-й сусв. вайну, адноўлена і зноў разбурана ў Вял. Айч. вайну. У пасляваенны час пераабсталявана ў кансервавы з-д.
т. 9, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з кастр. 1941 да вер. 1943 на тэр. Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Складалася з Клімавіцкай (кіраўнік В.С.Даніленка), Круглянскай (А.Л.Траццякоў) груп, 6 падгруп (А.А.Гардзіевіч, К.С.Капаева, Л.Н.Раханскі, М.І.Сталяроў, Р.К.Чаркасава, Г.М.Яйцава); налічвала 42 чал. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, вялі агітац. работу сярод насельніцтва, ваеннапалонных, у гарнізонах вайск. падраздзяленняў праціўніка. У 1942 наладзілі сувязь з 2-й Клятнянскай і 5-й Воргаўскай партыз. брыгадамі Смаленскай вобл., 45-м атрадам «За Радзіму» Магілёўскай вобл., перадавалі ім звесткі пра рух паяздоў па чыг. Крычаў—Унеча, перадыслакацыю вайск. часцей ворага, падрыхтоўку карных аперацый, бланкі пропускаў, пашпартоў, медыкаменты, зброю і інш. Разам з партызанамі правялі аперацыю па захопе рэзідэнта герм. разведкі. За час вайны загінула 18 падпольшчыкаў.
т. 8, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс. км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл. Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял. Айч. вайну).
т. 9, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)