МЕ́СЕРШМІТ ((Messerschmitt) Вілі) (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),
нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл.іл. да арт.Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв.вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́Н,
неафіцыйная назва 7,62-ммрэвальвера, распрацаванага ў канцы 19 ст.бельг. збройнікам Л.Наганам. Быў на ўзбр. армій шэрагу краін (Аўстра-Венгрыі, Расіі, Швецыі і інш.). На ўзбр.Чырв. Арміі прыняты пад назвай «рэвальвер узору 1895». Меў сямізарадны барабан, які адначасова служыў патроннікам і магазінам. Прыцэльная далёкасць стральбы да 100 м, патрон рэвальверны. У СССР напярэдадні Вял.Айч.вайны заменены аўтам.пісталетам.
Да арт.Наган. 7,62-мм рэвальвер сістэмы Наган узору 1895.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА Антон, кіраўнік казацка-сялянскага атрада на Беларусі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. Родам з г. Карастышаў Кіеўскага ваяв. (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Летам 1648 атрад (загон) Н. дзейнічаў на тэр. ўздоўж р. Прыпяць, граміў маёнткі шляхты і каталіцкага духавенства. У вер. 1648 далучыўся да паўстаўшых гараджан Пінска, разам з імі 5—9.10.1648 абараняў горад ад войск ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім. Больш дакладных звестак пра лёс Н. не выяўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРО́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, сябар Ахіла. У небяспечны для грэкаў момант, калі траянцы на чале з Гектарам уварваліся ў іх лагер і імкнуліся падпаліць караблі, Ахіл з-за сваркі з Агамемнанам адмовіўся ўдзельнічаць у бітве, але аддаў П. свае даспехі. П. узначаліў контратаку грэкаў і адагнаў траянцаў ад лагера, забіўшы пры гэтым знакамітага героя Сарпедона, але і сам быў забіты Гектарам, які зняў з яго даспехі Ахіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́Ў (Дзмітрый Міхайлавіч) (27.10.1915, г.п. Алавяная Чыцінскай вобл., Расія — 27.2.1986),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Вадзіцель баявой машыны М-13 («кацюшы») вызначыўся 3.2.1944 у баях каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., калі ў час артабстрэлу сваім целам накрыў 2 міны і выкруціў з іх узрывальнікі, чым выратаваў ад узрыву 4 рэактыўныя ўстаноўкі і запас снарадаў. Пасля вайны ў нар. гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ВІЧ (Іосіф Людвігавіч) (12.3.1920, в. Валоўшчына Мінскага р-на — 27.10.1990),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Брат М.Л.Пятровіч. Скончыў Вільнюскі пед.ін-т (1953). У Вял.Айч. вайну са студз. 1944 сакратар Сямяніцкага, потым Камянецкага падп. райкомаў ЛКСМБ. Пасля вайны на парт. рабоце, з 1964 выкладчык, з 1975 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та імя Горкага. Аўтар прац па гісторыі польск. рабочага рэв. руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНЬКО́Ў (Міхаіл Ягоравіч) (6.2.1926, в. Дубінка Магілёўскага р-на — 9.7.1966),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з ліп. 1944 на 2-м і 3-м Бел. франтах. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Р. вызначыўся ў сак. і маі 1945 у баях на тэр.Усх. Прусіі; пры авалоданні нас. пунктам Радаў, у час высадкі сав. дэсанта цераз заліў Фрышэс-Хаф, цяжка паранены працягваў бой. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),
Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял.Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз.паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),
аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв.вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ДАВА (Sadová),
горад у Чэхіі, у раёне якога 3.7.1866 у час аўстра-прускай вайны 1866 прус. войскі пад фактычным камандаваннем нач. Генштаба ген. Г.Мольтке Старэйшага (221 тыс.чал., 924 гарматы) разграміла аўстра-саксонскую Паўн. армію Л.Бенедэка (215 тыс.чал., 770 гармат). Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі больш дасканалыя прус. ваен. тэхніка і ўзбраенне, а таксама перавага ў стратэгіі і тактыцы. У выніку паражэння Аўстрыя вымушана была заключыць Пражскі мір 1866.