ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],

нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10​−10 с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).

Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ​+, Σ°, Σ​−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.

А.​І.​Болсун.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРЫ́Н, Цзілінь,

правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц. — г. Чанчунь. Паўд.-ўсх. ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́НІЯ,

традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на У Паўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.

Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.

Г.​У.​Вынаеў.

Гліцынія кітайская.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬФ (англ. golf),

спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс. м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.

Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.​С.​Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.​Х.​Бабарыкін), драм. (І.​Я.​Марголін, В.​М.​Плахаў) і муз. (С.​Л.​Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.​Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.​Чэхава, «Рэвізор» М.​Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.​Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.

У.​В.​Мальцаў.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.​Я.​Уткін (загінуў), камісар С.​Р.​Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл. Гомеля абарона 1941). 19 жн. ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ (Павел Арсенавіч) (11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),

украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—3. Київ, 1959—60;

Рус. пер. — Избранное. М., 1964.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Іван Вікенцьевіч) (1780—90-я г., Магілёўшчына — 1851),

скрыпач, дырыжор, кампазітар, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. Быў рэгентам хору і капельмайстрам духавой і інстр. музыкі магілёўскага епіскапа Анастасія. Каля 1810 пераехаў з капэлай у Астрахань. Адзін з арганізатараў астраханскага т-ра (з 1820 яго антрэпрэнёр, разам з Ц.​Цімафеевым). З пач. 1840-х г. працаваў настаўнікам музыкі ў Гродзенскай гімназіі; узначальваў аматарскі аркестр. Вял. значэнне мела выданне Дабравольскага «Азиатского музыкального журнала» (1816—18), дзе ўпершыню ўжыты літаграфскі спосаб у нотадрукаванні, а таксама запіс, публікацыя і апрацоўка муз. фальклору народаў Сярэдняй Азіі і Каўказа з выкарыстаннем прыёмаў еўрап. кампазітарскай тэхнікі. У часопісе друкаваліся і інстр. п’есы для хатняга музіцыравання, у т. л. самога Дабравольскага («Паланэз» для скрыпкі і інш.).

Літ.:

Коростин А.Ф. Начало литографии в России. М., 1943. С. 73—77;

Капилов А.Л. Скрипка белорусская. Мн., 1982.

т. 5, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШЧЫ́НСКІ (Юзаф) (1781, Вільня — 1844),

бел. піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог. З 1813 выкладаў музыку ў Віленскім ун-це, у 1814 па запрашэнні меламана і мецэната, скрыпача-аматара Л.​М.​Ракіцкага пераехаў на жыхарства ў яго маёнтак Гарадзішча пад Мінскам, дзе да 1844 узначальваў сімф. аркестр. Пад яго кіраўніцтвам у Гарадзішчы і ў Мінску прагучалі оперы «Аксур, цар Армуза» А.​Сальеры і «Белая дама» Ф.​А.​Буальдзьё, сімфоніі І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена. Аўтар каля 100 муз. твораў, выдадзеных у Маскве, Вільні, Варшаве, Вене, Лейпцыгу. Найб. папулярныя былі 3 фп. канцэрты, фп. квартэт a-moll, стр. секстэт, меладрама «Эгберт», музыка да камедыі Л.​Дмушэўскага «Сядзіба пры дарозе», паланэзы (лепшыя, на погляд сучаснікаў, не саступалі паланэзам М.​К.​Агінскага і К.​Курпінскага).

Літ.:

Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy // Echo muzyczne. 1881. № 23.

А.​Л.​Капілаў.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́НЦЭНГОФЕР (Dientzenhofer),

сям’я архітэктараў, прадстаўнікоў чэшскага і паўд.-ням. барока. У Чэхіі працавалі Крыштаф (7.7.1655, Санкт-Маргарэтэн, каля г. Розенгайм, Германія — 20.6.1722), які ў 1703—11 пабудаваў фасад і неф царквы св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе, і яго сын Кіліян Ігнац (1.9.1689, Прага — 18.12.1751), аўтар шэрагу пластычна выразных пабудоў у Празе (віла «Амерыка», 1715—20; царква св. Мікулаша, 1732—35; палац Кінскіх, 1755—65, і інш.). Да ням. галіны сям’і належаць браты Крыштафа: Георг (11.8.1643, г. Бад-Айблінг, Германія — 2.2.1689) і Іаган Леанард (20.2.1660, Санкт-Маргарэтэн — 26.11.1707), якія працавалі ў Бамбергу; Іаган (25.5.1665, Санкт-Маргарэтэн — 20.7.1726) — аўтар урачыста-ўзвышаных цэркваў (сабор у Фульдзе, 1704—12; манастырская царква ў замку Банц, Баварыя, 1710—18) і палацаў у Померсфельдэне (1711—18).

К.Дзінцэнгофер, К.І.Дзінцэнгофер і інш. Царква св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе.

т. 6, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)