АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.

Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.​Мальпігі і англ. батаніка Н.​Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.​Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл. Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.​В.​Баранецкага, С.​П.​Костычава, В.​Р.​Заленскага, В.​Ф.​Раздорскага, В.​Р.​Аляксандрава, В.​М.​Радкевіч, А.​А.​Яцэнка-Хмялеўскага, В.​К.​Васілеўскай, М.​Ф.​Данілавай і інш.

На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.​Г.​Рэнард, А.​Л.​Новікаў, С.​У.​Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел. тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.​Я.​Віхроў, Р.​Ц.​Пратасевіч, А.​С.​Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.​С.​Суднік, А.​В.​Пятрэнка, Пратасевіч, Т.​Ф.​Дзяругіна, Г.​А.​Новікава, А.​Р.​Тэн, А.​І.​Аляксеева, Н.​С.​Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.

Літ.:

Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;

Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1980.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,

у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.

У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.​Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч. г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.​Аляшкевіч, К.​Бахматовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, В.​Дмахоўскі, Г.​Жукоўскі, К.​Карсалін, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, Н.​Орда, К.​Русецкі, К.​Рыпінскі, В.​Сляндзінскі, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, П.​Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;

Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,

зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯФІ́ЛЬСТВА (ад грэч. biblion кніга + philia любоў, літар. любоў да кнігі),

збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш.

Збіранне твораў пісьменства вядома са стараж. часоў на Усходзе, у Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Зах. Еўропе былі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання (15 ст.) у калекцыях бібліяфілаў гал. месца займалі друкаваныя выданні. Найб. каштоўнасць маюць зборы стараж. рукапісаў, кнігі 16—17 ст., першыя выданні класікаў л-ры, творы, забароненыя цэнзурай, калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў. У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў 16 ст. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я.​Бруса, А.​І.​Мусіна-Пушкіна, Дз.​П.​Бутурліна, М.​П.​Румянцава, М.​П.​Ліхачова і інш. Выдаваліся спец. часопісы «Антиквар» (1902—03), «Русский библиофил» (1911—16), дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), Рускае т-ва сяброў кнігі (1920—29, Масква), Т-ва бібліяфілаў (1923—31, Ленінград). У 1974 створана Усесаюзнае добраахвотнае т-ва аматараў кнігі. З 1992 дзейнічае Міжнар. т-ва кнігалюбаў.

На Беларусі бібліяфільства вядомае з 16 ст. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку (гл. Радзівілаў бібліятэка), Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н, гл. Сапегаў бібліятэкі), Храптовічаў у Шчорсах (Навагрудскі р-н, гл. Храптовічаў бібліятэкі), Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К.​Каліноўскія, А.​К.​Ельскі, Б.​І.​Эпімах-Шыпіла. У дзярж. кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я.​Ф.​Карскага, М.​А.​Янчука, П.​Н.​Беркава, А.​Я.​Багдановіча. У 1926—29 дзейнічала Бел. т-ва бібліяфілаў, у 1974 створана Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі Беларусі, з 1991 Бел. т-ва «Кніга», якое выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),

Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.​Пушкіным, В.​Кюхельбекерам, П.​Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус. дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.​Шахаўскім і М.​Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.​Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.​В.​Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс. экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.​Ф.​Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.​Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.

Тв.:

Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;

Соч. М., 1988;

Бел. пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.

Літ.:

А.​С.​Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;

Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.

І.​І.​Разанаў.

А.С.Грыбаедаў. Мастак І.​Крамской. 1873.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),

прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс. чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс. чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.

Літ.:

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;

Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;

Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2.

А.​Ф.​Хацкевіч.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЦЫЙ, Квінт Гарацый Флак (Quintus Horatius Flaccus; 8.12.65 да н.э., Венузія, цяпер г. Веноса, Італія — 27.11.8 да н.э.),

рымскі паэт. Сын раба-вольнаадпушчаніка. У Рыме і Афінах вывучаў грэч. л-ру, філасофію і мастацтва. Быў трыбунам у рэсп. арміі Брута. Пасля паражэння рэспубліканцаў у бітве пры Філіпах (42 да н.э.) падпаў пад рэпрэсіі. Зарабляў на жыццё працай перапісчыка, пачаў пісаць вершы. Далучыўся да літ. гуртка Мецэната, атрымаў ад яго невял. маёнтак і цалкам засяродзіўся на паэт. творчасці. Паступова перайшоў на пазіцыі цэзарызму. Яго «Эподы» — ямбічныя вершы разнастайнага зместу, лепшыя з якіх заклікалі да згоды і міру, і 2 кнігі «Сатыр» («Гутарак») на філас.-этычныя тэмы створаны паміж 41 і 30 да н.э. Грамадзянскім, філас., велічальным (усхвалялі Мецэната і імператара Аўгуста), любоўным, сяброўскім і застольным одам Гарацыя («Песні», кн. І—З, 23 да н.э., кн. 4, 17—13 да н.э.) уласцівы яскравая вобразнасць, тонкі гумар, вытанчанасць мовы і кампазіцыі, рытмічнае багацце. Для твораў Гарацыя характэрны культ суладдзя, мудрай разважлівасці («залатой сярэдзіны») і прыгажосці. У «Пасланні да Пізонаў» («Навука паэзіі», увайшло ў «Пасланні», кн. 1—2, 20—13 да н.э.) выклаў свае эстэт. прынцыпы, якія былі ўзяты за аснову тэарэтычнай праграмы еўрап. класіцызму. У Еўропе 17 ст. роўным Гарацыю па майстэрстве лічыўся паэт-лацініст М.​Сарбеўскі («хрысціянскі Гарацый»). У 1909 у Мінску ў серыі «Бібліятэка «Капітолій» двума выданнямі выдадзены «Скандоўнік» да выбраных од і эподаў Гарацыя (дапаможнік для правільнага чытання лац. вершаў). На бел. мову яго творы перакладалі М.​Багдановіч (ода «Помнік»), А.​Жлутка.

Тв.:

Бел. пер. — Да Мецэната;

Да Ліцынія Мурэны;

Да Леўканоі // «Тутэйшыя». Мн., 1989;

Рус. пер.Полн. собр. соч. М.; Л., 1936;

Оды, эподы, сатиры, послания. М., 1970.

С.​Дз.​Малюковіч.

Гарацый. Выява на старажытнарымскай манеце.

т. 5, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРУСЁЎ (Сцяпан Захаравіч) (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.​Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з А.​Пысіным), паасобныя творы Я.​Райніса, С.​Капуцікян, Э.​Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Званы нябёс. Мн., 1988.

Літ.:

Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;

Кавалёў С. Партрэт шкла. Мн., 1991. С. 107—118.

І.​У.​Саламевіч.

С.З.Гаўрусёў.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕФРАСІ́ННЯ ПО́ЛАЦКАЯ [Еўфрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава; каля 1101 (не пазней 1104), Полацк — 23 або 25.5.1167],

полацкая князёўна, асветніца, ігумення манастыра св. Спаса ў Полацку, бел. святая. Дачка малодшага сына кн. Усяслава Брачыславіча Святаслава-Георгія і Сафіі (?), дачкі Уладзіміра Манамаха. Калі дасягнула паўналецця (12 гадоў), адмовілася ад дынастычнага шлюбу і пайшла ў манастыр (пасля 1113). Пасля 1116 пасялілася ў келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала і, магчыма, перакладала кнігі, вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала на свае сродкі 2 царквы ў Полацку, заснавала пад Полацкам жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі асяродкам асветы ў Полацкім княстве (працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні). Па яе заказе Лазар Богша зрабіў крыж (гл. Крыж Ефрасінні Полацкай). Мужчынскаму манастыру падаравала выдатны твор візант. мастацтва — абраз «Маці боская Адзігітрыя Эфеская». Паломнічала па святых мясцінах у Іерусалім (1167), дзе памерла і была пахавана ў манастыры св. Феадосія (недалёка ад Іерусаліма). У 1187 перапахавана ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры, у 1910 — у Полацк (у 1871 сюды была перанесена частка яе мошчаў). Першая жанчына, кананізаваная рус. правасл. царквой (1547). У спісах 16—18 ст. захаваліся царк. спевы пра Е.П. Адзіная крыніца біягр. звестак пра ігуменню — «Жыціе Ефрасінні Полацкай», дзе ўслаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. у строгай храналагічнай паслядоўнасці перадаюцца сапраўдныя гіст. факты (звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і). Е.П. прылічана да Сабора Бел. Святых (1984). Яе імя носяць цэрквы ў г. Саўт-Рывер (ЗША) і Таронта (Канада).

Літ.:

Титов Ф. Преподобная Ефросиния, княжна Полоцкая // Тр. Киевской духовной академии 1910. Кн. 4;

Арлоў У. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая. Мн., 1989;

Яго ж. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.

А.​А.​Мельнікаў.

Ефрасіння Полацкая. Фрэска на сцяне Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. 12 ст.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)