АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×10​15 т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл. Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс. км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.

Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.

Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.

У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс. км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.

Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.

Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.

Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;

Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ. М., 1988.

Г.​В.​Валабуева.

Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ АРА́БСКІЯ ЭМІРА́ТЫ (ААЭ),

Імарат аль-Арабія аль-Мутахіда, дзяржава на Блізкім Усходзе. Займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва, абмываецца водамі Персідскага і Аманскага заліваў. Федэрацыя з 7 эміратаў: Абу-Дабі, Дубай (Дыбай), Аджман, Ум-эль-Кайвайн, Рас-эль-Хайма, Эль-Фуджайра, Шарджа. Пл. 83,6 тыс. км². Нас. 1,86 млн. чал. (1992). Афіц. мова арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г. Абу-Дабі. Нац. свята — Дзень утварэння федэрацыі (2 снеж.).

Дзяржаўны лад. ААЭ — федэратыўная дзяржава. Кожны эмірат, які ўваходзіць у яе, — абсалютная манархія і мае значную самастойнасць. Паводле Часовай Канстытуцыі 1971 вышэйшы орган дзярж. улады — Вышэйшы Савет з правіцеляў эміратаў, які са свайго складу выбірае прэзідэнта тэрмінам на 5 гадоў. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае прэзідэнт. Функцыі дарадчага органа выконвае Федэральны нац. сход (40 чал.), куды ўваходзяць прадстаўнікі ўплывовых плямёнаў, дзелавых колаў і інтэлігенцыі.

Прырода. Большая ч. тэр. — пустынная раўніна, на Пд і ПдЗ пераходзіць у пустыню Руб-эль-Халі, на У — адгор’і Аманскіх гор (выш. да 1127 м). Узбярэжжа Персідскага заліва нізіннае, шмат дробных астравоў. Асн. карысныя выкапні — нафта (запасы 13,3 млрд. т) і прыродны газ (5,8 трлн. м³), пераважна ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Знойдзены таксама каменны вугаль, жал. руда, храміты, руды нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны, сухі. Т-ра паветра ў студз. каля 20 °C, у ліп. 30—35 °C (макс. да 50 °C), ападкаў на раўнінах 100—150 мм за год, у гарах 300—400 мм (макс. зімой). Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Раслінны і жывёльны свет бедны. На раўніне рэдкія аазісы з вінаграднікамі, фінікавымі пальмамі, акацыямі, тамарыскамі. У гарах расліннасць тыпу саваннаў. Сярод жывёл — газелі, зайцы, яшчаркі. У прыбярэжных водах тунец, макрэль, стаўрыда, сардзіны, селядцы; водмелі багатыя жэмчугам.

Насельніцтва. За апошнія 30 гадоў насельніцтва павялічылася прыкладна ў 30 разоў, пераважна за кошт іміграцыі. Больш за палавіну насельніцтва складаюць арабы — мясц. ўраджэнцы, выхадцы з Егіпта, Сірыі, Йемена і інш. араб. краін. Жывуць індыйцы і пакістанцы (разам 600 тыс. чал.), іранцы (200 тыс. чал.), еўрапейцы (25 тыс. чал.). Асн. ч. насельніцтва ў эміратах Абу-Дабі і Дубай. Гар. насельніцтва 84% (1986). Буйнейшыя гарады (1985): Абу-Дабі, Дубай (330 тыс. ж.), Эль-Айн (150 тыс. ж.), Шарджа (120 тыс. ж.).

Гісторыя. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н. э. тэр. ААЭ была заселена семіцкімі плямёнамі, якія стварылі тут найб. стараж. ў Аравіі матэрыяльную культуру. У 3-м — пач. 1-га тыс. да н.э. гэтая тэр. ў складзе дзяржавы Дыльмун. Тут жылі семіцкія плямёны халдзеяў, узніклі першыя паселішчы фінікійцаў. У канцы 1-га тыс. да н. э. з паўд. і паўд.-ўсх. Аравіі на ўзбярэжжа Персідскага заліва прасунуліся араб. плямёны. На тэр. сучасных ААЭ (наз. Ас-Сір) імі засн. адна з першых араб. дзяржаў Харакен. Пазней яна распалася на дробныя княствы, якія ў 4—6 ст. трапілі ў залежнасць ад дзяржавы Сасанідаў, у 7—11 ст. уваходзілі ў склад Арабскага халіфата (гл. Халіфат), пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 11—15 ст. княствы і султанаты Ас-Сіра ўваходзілі ў бахрэйнскую дзяржаву карматаў, Багдадскі халіфат, Аман, Армуз, Маскат, Асманскую імперыю. У 16 ст. пачалася каланізацыя Ас-Сіра партугальцамі, потым англічанамі і галандцамі. У выніку барацьбы пазіцыі англічан узмацняліся, у 1819 яны атрымалі перамогу над мясц. араб. насельніцтвам, якое называлі піратамі, а тэр. княстваў адпаведна Пірацкім берагам. У 1853 паміж Вялікабрытаніяй і правіцелямі дробных эміратаў падпісаны «Дагавор аб вечным міры», паводле якога Пірацкі бераг атрымаў назву Аман Дагаворны (АД). У канцы 19 ст. Вялікабрытанія ўстанавіла над ім свой пратэктарат, які дзейнічаў да канца 2-й сусв. вайны. У выніку нац.-вызв. руху, а таксама націску амер. нафтавых кампаній брыт. панаванне аслабла. У канцы 1960-х г. брыт. ўрад прыняў рашэнне аб вывадзе сваіх узбр. сіл з раёна Персідскага заліва (завершаны ў 1971). 2.12.1971 6 эміратаў АД (Абу-Дабі, Дубай, Шарджа, Аджман, Эль-Фуджайра, Ум-эль-Кайвайн) абвясцілі пра стварэнне федэратыўнай дзяржавы — ААЭ; у лют. 1972 да іх далучыўся эмірат Рас-эль-Хайма. Дзейнасць паліт. партый і арг-цый забаронена. ААЭ — чл. ААН, ОПЕК, Лігі арабскіх краін, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 20.10.1992.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — нафтагазавая прам-сць. У 1993 здабыта 108 млн. т нафты, 26 млрд. м³ газу, у т. л. ў Абу-Дабі адпаведна 89 млн. т і 20 млрд. м³. Нафтаперапр. з-ды ва Ум-ан-Нары і Рувейсе, газаперапрацоўчыя ў Рувейсе, Джэбель-Алі, на в-ве Дас, у Шарджы (выпрацавана 17 млрд. кВт∙гадз эл. энергіі; 1991); алюмініевы з-д у Джэбель-Алі (156 тыс. т алюмінію ў год); працуе 9 цэментных з-даў (3,1 млн. т у 1990), з-д па вытв-сці азотных угнаенняў (228 тыс. т; 1990/91), буйнейшы ў свеце сухі док для рамонту супертанкераў у Дубаі. Развіты (пераважна ў Дубаі і Шарджы) саматужныя промыслы: выраб дываноў, шарсцяных тканін, залатых і сярэбраных упрыгожанняў. Для вырошчвання с.-г. культур прыдатныя толькі 0,5% тэрыторыі. Пашы і лугі займаюць 2,4%. Крыху лепшыя ўмовы для сельскай гаспадаркі ў горных раёнах эміратаў Эль-Фуджайра і Расэль-Хайма. Пашыраецца аазіснае земляробства са штучным арашэннем (вырошчваюць агародніну, фінікі, вінаград, манга, збожжавыя і інш.). Буйной раг. жывёлы 53 тыс. галоў (1991), авечак 270 тыс. галоў. Гадоўля вярблюдаў, птушкагадоўля, рыбалоўства (95 тыс. т; 1991), здабыча жэмчугу. Забяспечваюць сябе малаком, яйкамі і інш. прадуктамі харчавання. Асн. транспарт — аўтамабільны. Знешнегандл. сувязі забяспечвае пераважна марскі транспарт. Порты Джэбель-Алі і Рашыд у эміраце Дубай, Зейд у Абу-Дабі і Эль-Фуджайра. Міжнар. аэрапорты ў Абу-Дабі, Дубаі, Шарджы, Рас-эль-Хайме, Эль-Айне, Эль-Фуджайры. Рэгулярныя і чартэрныя рэйсы звязваюць ААЭ з многімі краінамі свету, у т. л. з Беларуссю. Свабодная эканам. зона ў аэрапорце Джэбель-Алі (эмірат Дубай). Горад Дубай — цэнтр рээкспарту і турызму. ААЭ — буйны фінансавы цэнтр Б.​Усходу. Агульныя дэпазіты 63 дзеючых у краіне камерц. банкаў на пач. 1992 склалі 43 млрд. дол. ЗША. Праз ААЭ (асабліва эмірат Дубай) штогод праходзіць да 170 т золата, з якіх прыкладна 40 т застаецца ў эміратах. ААЭ вывозіць нафту і нафтапрадукты (18,4 млрд. дол. ЗША; 1991), звадкаваны газ, алюміній, цэмент, рыбу, фінікі, жэмчуг. Увозяць машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, быт. тэхніку, гатовыя вырабы, харч. прадукты. Гандаль вядзецца ў асн. з Японіяй, ЗША, зах.-еўрап. і араб. краінамі. Дзякуючы паскоранаму развіццю нафтагазавай прам-сці і прыбыткам ад яе ў эміратах дасягнуты высокія тэмпы эканам. росту, забяспечаны адзін з самых высокіх сярэдніх гадавых даходаў у свеце ў разліку на душу насельніцтва, створаны сучасныя гарады і інфраструктура. ААЭ аказваюць значную фінансавую дапамогу краінам, якія развіваюцца. Грашовая адзінка — федэральны дырхам.

Літ.:

Абдалла Я.Ю. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1978;

Географический справочник: новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Исаев В.А., Озолинг В.В. Катар;

Объединенные Арабские Эмираты. М., 1984;

Клековский Р.В., Луцкевич В.А. Объединенные Арабские Эмираты. М., 1979;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New Jork, 1995.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнтральнай частцы г. Дубай.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАНА́ЎТЫКА (ад космас + грэч. nautikē майстэрства мараплавання, караблеваджэнне),

астранаўтыка, палёты ў касм. прастору; сукупнасць галін навукі і тэхнікі для даследавання і асваення космасу і пазаземных аб’ектаў для патрэб чалавецтва з выкарыстаннем розных касм. апаратаў. Уключае праблемы: тэорыі касм. палётаў — разлікі траекторый і інш.; навук.-тэхнічныя — стварэнне касмічных апаратаў, касмадромаў, ракет-носьбітаў, рухавікоў, бартавых сістэм кіравання, навук. прылад, наземных сістэм кантролю і кіравання палётамі; медыка-біялагічныя — стварэнне бартавых сістэм жыццезабеспячэння і інш.; юрыдычныя — міжнародна-прававое рэгуляванне пытанняў выкарыстання касм. прасторы, нябесных цел і інш.

Тэарэт. абгрунтаванне магчымасці палётаў у касм. прастору даў К.Э.Цыялкоўскі ў канцы 19 ст. У сваіх працах ён паказаў рэальнасць тэхн. ажыццяўлення касм. палётаў і даў прынцыповае рашэнне шэрагу асн. праблем К. Далейшае рашэнне тэарэт. і практычных пытанняў К. звязана з імёнамі Ф.А.Цандэра, Ю.​В.​Кандрацюка, М.​І.​Ціхамірава, М.К.Ціханравава, С.П.Каралёва, В.П.Глушко, С.А.Косберга, Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годарда, Г.​Оберта, І.​Вінклера (Германія), В. фон Браўна. Пачатак касм. эры звязаны з запускам у СССР 4.10.1957 першага штучнага спадарожніка Зямлі (ШСЗ). 12.4.1961 адбыўся першы ў свеце палёт чалавека ў космас, які ажыццявіў грамадзянін СССР Ю.А.Гагарын. Буйнейшым гіст. дасягненнем у галіне К. стаў першы палёт і высадка на Месяцы 21.7.1969 амер. экспедыцыі з касманаўтамі Н.Армстрангам, Э.Олдрынам і М.Колінзам. 12.4.1981 у ЗША пачала эксплуатавацца касм. сістэма шматразовага выкарыстання «Спейс шатл». У 1959 пачаліся касм. даследаванні Месяца, а з 1961 — планет Сонечнай сістэмы, іх спадарожнікаў, малых планет, камет і Сонца з выкарыстаннем аўтаматычных міжпланетных станцый (гл. табл.). Гэта дало магчымасць сфатаграфаваць адваротны бок Месяца, атрымаць здымкі паверхні Меркурыя, Венеры, Марса, спадарожнікаў Юпітэра, Сатурна, Урана, Нептуна, даследаваць атмасферы гэтых планет, а таксама камету Галея, некат. малыя планеты, атрымаць даныя пра будову і працэсы на Сонцы, даставіць на Зямлю ўзоры месяцовага грунту. Ракеты-носьбіты створаны і выкарыстоўваюцца ў Расіі (СССР) з 1957, ЗША з 1958, Францыі з 1965, Японіі і Кітаі з 1970, Вялікабрытаніі з 1971, Індыі з 1980, Ізраілі і Бразіліі. На 1.6.1998 каля 20 дзяржаў вывелі ў космас уласныя ШСЗ (самастойна або ракетамі-носьбітамі інш. краін); каля 380 касманаўтаў (прадстаўнікі 23 краін) здзейснілі касм. палёты на сав. (рас.) і амер. касм. апаратах, сярод іх ураджэнцы Беларусі П.І.Клімук і У.В.Кавалёнак. Акрамя Расіі (СССР) і ЗША К. інтэнсіўна развіваецца ў Францыі, Японіі, Кітаі, ФРГ, Індыі. Будучае К. — даследаванне і выкарыстанне ў мірных мэтах касм. прасторы, міжнар. супрацоўніцтва ў асваенні космасу: стварэнне буйной арбітальнай станцыі «Альфа», сонечных электрастанцый на калязямной арбіце, буд-ва базы на Месяцы, падрыхтоўка і палёт на Марс, глабальны экалагічны маніторынг, вынас зямной індустрыі ў космас і інш. (гл. таксама Інтэркосмас, «Каспас—сарсат»).

У Беларусі вял. ўклад у вывучэнне тэарэт. праблем ракетабудавання зрабіў інжынер і мысліцель-гуманіст 17 ст. К.Семяновіч, які вынайшаў шматступеньчатую ракету (1650), прапанаваў ідэю стабілізатара тыпу «дэльта». У ажыццяўленні касм. праграм удзельнічаў канструктар авіяц. і касм. рухавікоў ураджэнец Беларусі Косберг. На тэр. рэспублікі размешчаны шэраг буйных касм. аб’ектаў. Даследаванні і распрацоўкі па касм. праграмах праводзяцца ў ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваен. акадэміі і інш. Распрацаваны і створаны сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямной паверхні, оптаэлектронныя сістэмы траекторных вымярэнняў і шэраг фотаастр. установак, апаратна-праграмныя комплексы апрацоўкі відарысаў, атрыманых з космасу, цеплаахова ракетна-касм. комплексаў, у т. л. «Бурана». Многія станцыі сачэння, цэнтры апрацоўкі касм. інфармацыі, ШСЗ і арбітальныя станцыі абсталяваны апаратурай, распрацаванай і зробленай у Беларусі. У 1993 створаны рэсп. Савет па космасе. Вял. значэнне для нар. гаспадаркі рэспублікі мае касмічная сувязь, касмічнае тэлебачанне, касмічнае землязнаўства, касмічная экалогія, касм. метэаралогія.

Літ.:

Идеи К.​Э.​Циолковского и современность. М., 1979;

Глушко В.П. Развитие ракетостроения и космонавтики в СССР. 3 изд. М., 1987;

Келдыш М.В., Маров М.Я. Космические исследования. М., 1981;

Кубасов В.Н., Дашков А.А. Межпланетные полеты. М., 1979;

Максимов А.И. Космическая одиссея. Новосибирск, 1991.

У.​С.​Ларыёнаў.

Асноўныя дасягненні касманаўтыкі
Дата запуску Краіна Назва касм. апарата Асн. характарыстыка
4.10.1957 СССР «Спадарожнік-1» 1-ы ў свеце ШСЗ; дасягненне 1-й касм. скорасці.
2.1.1959 СССР «Месяц-1» 1-я аўтам. міжпланетная станцыя (АМС, запушчана да Месяца); дасягненне 2-й касм. скорасці.
12.9.1959 СССР «Месяц-2» Першае дасягненне інш. нябеснага цела — Месяца (14.9.1959).
4.10.1959 СССР «Месяц-З» Аблёт Месяца (6.10.1959), фатаграфаванне яго адваротнага боку і перадача адлюстравання на Зямлю.
12.2.1961 СССР «Венера-1» Першы старт да Венеры і пралёт каля яе.
12.4.1961 СССР «Усход» Першы палёт чалавека ў космас (Ю.​А.​Гагарын).
27.8.1962 ЗША «Марынер-2» Першае даследаванне Венеры з пралётнай траекторыі (14.12.1962).
16.6.1963 СССР «Усход-6» Першы палёт жанчыны-касманаўта (В.​У.​Церашкова).
18.3.1965 СССР «Узыход-2» Першы выхад чалавека ў адкрыты космас (А.​А.​Лявонаў).
28.11.1965 ЗША «Марынер-4» Першае фатаграфаванне паверхні Марса з пралётнай траекторыі.
31 1.1966 СССР «Месяц-9» Першая мяккая пасадка на Месяц АМС.
21.12.1968 ЗША «Апалон-8» Першы палёт чалавека да Месяца (Ф.​Борман, У.​Андэрс, Дж.​Ловел).
16.7.1,969 ЗША «Апалон-11» Першая пілатуемая экспедыцыя на Месяц; першы выхад касманаўтаў на яе паверхню (Н.​Армстранг, Э.​Олдрын).
17.8.1970 СССР «Венера-7» Першая мяккая пасадка на паверхню Венеры.
12.9.1970 СССР «Месяц-16» Дастаўка на Зямлю ўзораў месяцовага грунту.
10.11.1970 СССР «Месяц-17»—«Месяцаход-1» Першы самаходны апарат на Месяцы.
19 4.1971 СССР «Салют-1» Першая даўгачасная пілатуемая арбітальная станцыя.
2.12.1971 СССР «Марс-З» Першая мяккая пасадка на паверхню Марса.
3.3.1972 ЗША «Піянер-10» Першы пралёт АМС пояса астэроідаў і Юпітэра (1973) з далейшым выхадам за межы Сонечнай сістэмы.
6.4.1973 ЗША «Піянер-11» Пралёт АМС паблізу Юпітэра і ўпершыню Сатурна (1979).
3.11.1973 ЗША «Марынер-10» Першы пралёт АМС паблізу Меркурыя (1974—75); перадача фотаздымкаў паверхні планеты на Зямлю.
15.7.1975 СССР—ЗША «Саюз-19»—«Апалон» Першы міжнародны сумесны касм. палёт з удзелам 5 касманаўтаў.
20.8.1977 ЗША «Вояджэр-2» Першы пралёт паблізу Урана (1986) і Нептуна (1989).
12.4.1981 ЗША «Калумбія» Вывад на арбіту ШСЗ першага касм. карабля (КК) шматразовага выкарыстання «Спейс шатл».
20.2.1986 СССР «Мір» Вывядзенне на арбіту ШСЗ базавага блоку арбітальнага комплексу.
3.1986 СССР, краіны Зах. Еўропы, Японія «Вега-1», -2», «Джота», «Суйсей», «Сакічаке» Даследаванне каметы Галея.
21.12.1987 СССР «Саюз ТМ-4»—«Мір» Работа касманаўтаў на борце арбітальнага комплексу «Мір» (366 сутак; У.​Г.​Цітоў. М.​Х.​Манараў).
1988—95 СССР (Расія) «Мір» Сусветны рэкорд знаходжання ў космасе — 678 сутак (В.​У.​Палякоў).
29.6.1995 Расія—ЗША «Мір»—«Атлантыс» Першая стыкоўка арбітальнага комплексу «Мір» і КК «Спейс шатл»; сумесная работа рас. і амер. касманаўтаў.
20.2.1998 СССР (Расія) «Мір» За 12 гадоў на арбітальным комплексе «Мір» працавалі больш за 100 касманаўтаў.
4.7.1998 ЗША Работа на Марсе самаходнага апарата «Соджэнер».
Да арт. Касманаўтыка: 1 — запуск касмічнага карабля «Саюз»; 2 — амерыканскі касманаўт Б.​Мак-Кандлес у скафандры з аўтаномнай сістэмай перамяшчэння ў адкрытым космасе; 3 — макет арбітальнай станцыі ў басейне (Цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына); 4 — першы ў свеце савецкі касманаўт Ю.​А.​Гагарын; 5, 6 — касманаўты з Беларусі П.​І.​Клімук і У.​І.​Кавалёнак; 7 — трэніроўка ў стане бязважкасці (экіпаж: Л.​Папоў, А.​Сераброў, С.​Савіцкая).

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕТ (араб. Міср),

Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс. км². Нас. 64,8 млн. чал. (1997). Сталіца — г. Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.

Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).

Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).

Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае ​2/3 пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс. км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-ра студз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.

Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн. чал.) і краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх. ч. — Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.

З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Пры егіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц. фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп. нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп. нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.​Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.​Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш. араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят. арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.​Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш. араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.

Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.

Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн. га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн. т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс. т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс. т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля ​1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн. ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс. т (1993). Вырошчваюць таксама (млн. т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс. т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасці найб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн. т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд. м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн. т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш. Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд. кВт∙гадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш. вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн. т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн. т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сць нац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сць мінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш. хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сць чыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн. т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс. км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс. км, з іх 15 тыс. км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс. км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн. т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн. т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд. дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд. дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд. дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн. гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс. чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс. чал.), ВПС (110 тыс. чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс. чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс. чал.), нац. гвардыі (60 тыс. чал.), пагран. корпуса (12 тыс. чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс. чал.), берагавой гвардыі (7 тыс. чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс. чал. (канец 1994).

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец. ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш. Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп. нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) пры н.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.

Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.

Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл. Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.​Мубарака, А.​Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.​С.​Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.​Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.​Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.​Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.​Сану, Ісхака Адзіба, В.​Йекуна, А.​Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.​Шэкспіра, П.​Карнеля, Мальера, В.​Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.​Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.​Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.​Х.​Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.​Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.​Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.​Нагі, А.​М.​Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.​Х.​Саіда, М.​Т.​Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.​Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.​Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.​Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.​Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.​Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.​Х.​Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).

Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп. нац. музея ў Каіры (1902, франц. арх. М.​Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер. арх. Дж.​Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.​Карым, А.​Сідкі, Н.​Хебіб, М.​Амар і інш.).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап. маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж. нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.​Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.​Сабры, М.​Нагі, М.​Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.​Сіры, С.​Абдэль Расула, Т.​Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.​Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.​Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.

Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт. Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап. муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.​Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.​Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз. т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.​Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г. прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.​Б.​Хайрат, М.​Р.​Гарана, ГА.​Рахім і інш. Нац. муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-т араб. музыкі, Каірскі ін-т муз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.

Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.​Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.​Шэкспіра, П.​Карнеля і інш. Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб. тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж. Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-т т-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш. Найб. вядомыя калектывы; Нац. т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.​Алям, Х.​Рыяд, А.​Фарыс, А.​Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-т тэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.

Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.​Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.​Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.​Шаукі, Э.​Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.​Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.​Хамама, Магда, С.​Хусні, Н.​Ібрахім, рэжысёраў — С.​Іса, А.​Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».

Літ.:

Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;

Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;

Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;

Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг. М., 1989;

Кошелев В.С. Египет: уроки истории... (1879—1981). Мн., 1984;

Яго ж. Египет от Ораби-паши до Саада Заглула, 1879—1924. М., 1992;

al-Sayyid Marsot A.L. A Short History of Modern Egypt. Cambridge, 1993;

Коцарев Н.К. Писатели Египта, XX в. М., 1975;

Хавас Э.-С. М.А. Современная арабская народная песня: (Пер. с араб.] М., 1970;

Еолян И.Р. Очерки арабской музыки. М., 1977.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя, узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Егіпта.
Да арт. Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.
Да арт. Егіпет. М.​Саід. Горад.
Да арт. Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.
Да арт. Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.
Да арт. Егіпет. Х.​Фаўзі. Праца.
Да арт. Егіпет. Г.​Сіры. Ніл каля вострава Замалек.
Да арт. Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.
Да арт. Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.
Да арт. Егіпет. М.​Мухтар. Сялянка са збанам.
Да арт. Егіпет. С.​Рэда. Лялька.
Да арт. Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).

т. 6, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),

навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.

Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст. геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.​Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.​Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.​Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.​Ньютан, канец 17 ст.).

У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш. касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.​Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.​Лагранжа, П.​Лапласа, У.​Левер’е (Францыя), М.​В.​Ламаносава, В.​Я.​Струве, Ф.​А.​Брадзіхіна (Расія), К.​Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.​М.​Блажко, Дз.​І.​Дубяга, Г.​А.​Ціхаў, В.​К.​Цэраскі. Астр. даследаванні ў б. СССР звязаны з працамі В.​А.​Амбарцумяна, А.​А.​Белапольскага, С.​У.​Арлова, Я.​К.​Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.​Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.​А.​Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.​Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.

Літ.:

Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;

Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;

Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

А.​А.​Навіцкі.

т. 2, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),

часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.

Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10​−27 да 4∙10​−25 кг. Памеры ядра (парадку 10​−14—10​−15 м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10​−10 м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай En = −hcR Z2 n2 , дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону Ei−Ek=hν. Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n​2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл. Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз. ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі gn=2n2. Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

Літ.:

Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;

Борн М. Атомная физика. М., 1970;

Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.

М.​А.​Ельяшэвіч.

Да арт. Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.
Да арт. Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,

грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва «Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац. к-т БНФ (старшыня З.​Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.​Адамовіч, В.​Быкаў, М.​Дубянецкі, Пазняк, М.​Ткачоў, Ю.​Хадыка, М.​Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел. паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).

Л.​Ф.​Яўменаў, А.​А.​Дзмітрук.

Да арт. Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ТАК,

на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл. Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.

Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл. Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).

Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.

М.​Ф.​Раманюк (гістарычная частка).

Да арт. Абутак. Скураны абутак 12—13 ст. з раскопак Полацка, Мінска, Гродна.
Да арт. Абутак. Асноўныя дэталі мужчынскага рантавага паўчаравіка: 1 — падэшва; 2 — рант; 3 — цвёрды насок; 4 — верх; 5 — асноўнае палатно; 6 — прасцілка; 7 — вусцілка; 8 — укладная паўсцілка; 9 — абцас; 10 — заднік; 11 — набойка; 12 — берац; 13 — саюзка; 14 — насок.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДО́РА (каталанскае, ісп. Andorra, франц. Andorre),

Княства Андора (каталанскае Principat d’Andorra, ісп. Principado de’Andorra, франц. Principauté d’Andorre), дзяржава на ПдЗ Еўропы ва ўсх. Пірэнеях паміж Іспаніяй і Францыяй. Пл. 465 км², нас. 64 тыс. чад. (1993). Сталіца — г. Андорала-Вела. Афіц. мова каталанская, выкарыстоўваецца таксама ісп. і французская. Насельніцтва: іспанцы (61%), андорцы (30%), французы (6%) і інш. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 137 чал. на 1 км². У адм.-тэр. адносінах Андора падзяляецца на 7 абшчын. Афіцыйна Андора — суверэннае парламенцкае княства, фактычна — рэспубліка. Заканадаўчы орган — аднапалатны Ген. савет, які выбіраецца ўсеаг. прамым галасаваннем на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Выканаўчы савет (урад) з 5 міністраў. Узбр. сіл не мае. Існуюць невял. паліцэйскія фарміраванні для аховы грамадскага парадку.

Прырода. Размешчана на паўд. схілах Пірэнеяў у даліне р. Валіра і яе прытокаў (бас. р. Эбра), акружанай гарамі выш. 800—2942 м. Шмат азёраў ледавіковага паходжання. Сярэднія т-ры студз. ў гарах -15 °C, у даліне Валіры і на Пд Андоры -2 °C, ліп. — да 20 °C, ападкаў 1000—2000 мм за год. Частыя засухі. Па схілах гор шыракалістыя (дуб, граб, бук, каштан; займаюць 30% тэр.) і ялова-піхтавыя лясы, вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Карысныя выкапні: свінцовыя, жал. і сярэбраныя руды, шыферныя сланцы, каштоўныя і вырабныя камяні, ёсць мінер. воды.

Гісторыя. Першае ўпамінанне ў крыніцах адносіцца да 805. У сярэднія вякі тэр. Андоры — феад. ўладанне ў асн. графаў дэ Фуа і епіскапаў Урхельскіх; паводле пагаднення 1278 іх сумесны сюзерэнат. Пазней правы графаў дэ Фуа перайшлі да франц. каралёў. З 1419 дзейнічае Ген. савет — найстарэйшы (пасля ісландскага) парламент у Еўропе. У 1866 уведзена канстытуцыя, з 1867 улада епіскапа абмежавана. У жыцці і звычаях народа Андоры захоўваюцца перажыткі дафеад. і феад. адносін (абшчынная ўласнасць на зямлю, звычаёвае права і інш.). У 1933 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, у 1970 — і для жанчын. У 1981 падпісаны дэкрэт аб «рэформе інстытутаў» (раздзяленні ўлады), якім прадугледжана акрамя Ген. савета стварэнне Выканаўчага савета. Пасля парламенцкіх выбараў у 1992 Ген. савет і ўрад узначаліў лідэр рэфармістаў О.​Рыба-Рэйг. На рэферэндуме ў сак. 1993 прынята новая канстытуцыя. 2.6.1993 падпісаны дагаворы аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве з Францыяй і Іспаніяй, якія першыя прызналі суверэнітэт Андоры. Да гэтага моманту, знаходзячыся пад двайным пратэктаратам Францыі і епіскапа Урхельскага, Андора плаціла ім абодвум сімвалічную даніну грашамі і натурай. Паліт. партыі: Саюз і прагрэс, Дэмакр. саюз і інш.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў (больш за 10 млн. чал. штогод, 250 атэляў). Развіты лячэбна-аздараўленчы і горны турызм (асабліва лыжны). Бальнеалагічны цэнтр Андоры — г. Лес-Эскальдэс. Валавы ўнутр. прадукт — 760 млн. дол. (1992). Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), лёгкай прам-сці. ГЭС магутнасцю 26,5 МВт. Развіты саматужныя і дапаможныя промыслы — выраб сувеніраў, вытв-сць драўнянага вугалю, лесанарыхтоўкі. У сельскай гаспадарцы спалучаюцца пашавая жывёлагадоўля і земляробства. Разводзяць авечак (больш за 25 тыс. галоў). Пад с.-г. культурамі 4% тэр. краіны. Вырошчваюць ячмень, жыта, кукурузу, бульбу, агародніну, тытунь (20% пасяўной пл.), вінаград, аліўкавыя дрэвы. Транспарт аўтамабільны, аўтамагістралі злучаюць Андору з Іспаніяй і Францыяй. Экспарт: электраэнергія, свінцовая руда, воўна, аўчыны, тытунь, соль, керамічныя вырабы, драўняны вугаль. Імпарт: прамысл. і харч. тавары. Гал. знешнегандлёвыя партнёры — Францыя, Іспанія і Вялікабрытанія. Андора — міжнар. фінансавы цэнтр. Грашовыя адзінкі — франц. франк і ісп. песета.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Андоры.
Горная вёска ў Андоры.

т. 1, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)