МУЗЕ́І АРХІТЭКТУ́РНЫЯ Захоўваюць і экспануюць помнікі архітэктуры. Уключаюць уласна арх. музеі
(напр., Афінскі акропаль, комплексы пірамід і храмаў у Гізе, Рымскі форум),
музеі-гарады (Венецыя, Дуброўнік, Каркасон у Францыі), музеі-сядзібы (Абрамцава, Кускова) палацы-музеі (Версаль, Петрадварэц), музеі н.-д. (Музей архітэктуры імя А.Шчусава ў Маскве, засн. ў 1934). Рысы М.а. і музеяў этнаграфічных маюць музеі пад адкрытым небам — скансэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬНАЕ ВО́ЗЕРА У Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас.р. Ясельда, за 25 км на Пн ад г. Іванава. Пл. 0,51 км², даўж. 900 м, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 2,5 км. Схілы катлавіны нізкія, разараныя, на З і Упад хмызняком. На Пн тэраса выш. 2 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙДА́,
возера ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас.р. Прыпяць, за 15 км на ПдУ ад г. Жыткавічы. Пл. 0,21 км², даўж. 580 м, найб.шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,7 км. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, спадзістыя, пясчаныя, разараныя, на Пн участкамі пад хмызняком. Берагавая лінія слабазвілістая. Дно выслана крэменязёмістым сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Праз возера пракладзены канал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́Н,
у старажытнарымскай міфалогіі і рэлігіі бог мора. Першапачаткова шанаваўся як бог вільгаці (рэк і крыніц), які аберагаў палі ад засухі. У пач. 4 ст. да н.э.пад уплывам грэч. міфалогіі Н. нададзены рысы грэч. бога мора Пасейдона. Штогод 23 ліп. ў Рыме ў гонар Н. наладжвалася свята — нептуналіі. Ў пераносным сэнсе Н. — марская стыхія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́КСА БЕ́РАГ (Knox Coast),
заходняя ўкрытая лёдам ч. ўзбярэжжа Уілкса Зямлі (Усх. Антарктыда). Абмываецца м. Моўсана, удаецца ў яго на З у выглядзе шэльфавага ледавіка Шэклтана. Адкрыты ў 1840 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам Ч.Уілкса. Названы ў гонар капітана аднаго з суднаў экспедыцыі. У 1956—58 у аазісе Бангера дзейнічала сав. палярная ст. Аазіс, якая ў 1959 перададзена Польшчы і перайменавана ў Дабравольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГІРЭ́ЙЧЫК (Васіль Паўлавіч) (1900, в. Козырава, цяпер у межах Мінска — 7.5.1920),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну 1918—20. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў супраць Калчака, атамана Сямёнава. У час акупацыі Беларусі ў 1919—20 польск. войскамі пам. камандзіра падрыўнога атрада козыраўскіх партызан. 27.4.1920 арыштаваны дэфензівай і з 7 партызанамі расстраляны ў Камароўскім лесе пад Мінскам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛУЧЫ́НКА»,
літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.Баброўскага (Л.Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (падпсеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.Балкоўскага (пад крыптанімам А.Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.Смоліча (А.Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.Тарашкевіча (Я.Тараса) пра У.Эпімах-Шьшілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, К.Буйло, Я.Журбы, З.Бядулі, У.Галубка, Ц.Гартнага, Паўловіча, М.Арла, Ядвігіна Ш., А.Жыгалкі, В.Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),
лідэр бел.нац.вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў падпсеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць ў падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. Пл. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. Пл.пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак Пл падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя Пл. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.