БАБРУ́ЙСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1760—68 у Бабруйску пры езуіцкім калегіуме. Паводле інш. звестак, т-р існаваў значна раней; захавалася друкаваная праграма 1725 пастаноўкі драмы «Акадэмія мудрасці караля Аляксандра». Пасля 1-га і 2-га актаў выконваліся інтэрмедыі і алегарычныя балеты. У 1768 вучні паказалі трагедыю свайго настаўніка рыторыкі, ураджэнца Беларусі Я.​Віхерта «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (на польск. Мове).

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛОЎНАКАМА́НДУЮЧЫ,

асоба, якая ўзначальвае ўзбр. сілы дзяржавы, асобныя віды ўзбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМФ і інш.) або частку ўзбр. сіл на пэўным напрамку ваен. дзеянняў. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь галоўнакамандуючым яе Узбр. Сіламі з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адказны перад народам за забеспячэнне надзейнай абароны дзяржавы і ажыццяўленне ваен. палітыкі і ваен. дактрыны. Ён жа назначае вышэйшы камандны састаў Узбр. Сіл краіны.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ННА СЦЮ́АРТ ((Anne Stuart)) (6.2.1665, Лондан—1.8.1714),

каралева Англіі, Шатландыі і Ірландыі з 1702, з 1707 Вялікабрытаніі; апошняя з дынастыі Сцюартаў. Дачка караля Якава II. Узышла на прастол у адпаведнасці з актам аб прастоланаследаванні (1701), які значна абмяжоўваў правы кароны. Пры ёй пачаў усталёўвацца парадак, паводле якога ўрад фарміраваўся з дзеячаў партыі (вігі або торы), якая мела большасць у палаце абшчын.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЯЧКО́Ў (Іван Пятровіч) (1789 — пасля 1836),

бел. архітэктар 19 ст. Прадстаўнік класіцызму. Да 1813 працаваў у Маскве. З 1814 жыў і працаваў у Гомелі, у графа М.​П.​Румянцава. Асн. пабудовы паводле праектаў Дз. ў Гомелі: дваранскае вучылішча (1818), Гомельскі «паляўнічы домік», ткацкая і бялільная ф-кі (усе 1818—20); кіраваў буд-вам ланкастэрскай школы (1818) і «Рускага шынка» (1822).

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГІЛЕ́ВІЧ (Уладзіслаў) (каля 1674, Беларусь — 13.1.1714),

бел. архітэктар. Прадстаўнік архітэктуры барока. У 1691 уступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1695—98), езуіцкім паслушніцкім доме ў Вільні (1701—04). Працаваў у Оршы (1704—05 і 1707—09), Нясвіжы (1705—06), Мсціславе (1706—07). У 1707 у Мсціславе паводле яго праекта пабудаваны драўляны езуіцкі касцёл, у 1711 — званіца і гасп. пабудова.

т. 6, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),

два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.​Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.​Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.​Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЛЕ́НГА»,

прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.

А.​К.​Цітоў.

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́БСА ПРА́ВІЛА ФАЗ,

агульная ўмова раўнавагі гетэрагеннай сістэмы. Паводле Гіпса правіла фаз у гетэрагеннай (макраскапічна неаднароднай) фізіка-хім. сістэме, што знаходзіцца ва ўстойлівай тэрмадынамічнай раўнавазе, колькасць фаз не можа перавышаць колькасці кампанентаў, павялічаных на 2. У аднакампанентнай сістэме (індывідуальнае рэчыва, напр., вада) у раўнавазе могуць знаходзіцца 3 фазы: пара (газападобная фаза), вада (вадкая фаза) і лёд (цвёрдая фаза). Устаноўлена Дж.У.Гібсам у 1873—76.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУХ у тэктоніцы,

перамяшчэнне блокаў горных парод адносна адзін аднаго па разломе ў гарыз. напрамку. Паводле структуры змяшчальных парод вылучаюць З. левыя, правыя, згодныя, нязгодныя, папярочныя, падоўжныя і косыя. Даўж. ад некалькіх метраў да многіх соцень кіламетраў, амплітуда ад некалькіх сантыметраў да многіх соцень кіламетраў (напр., З. Сан-Андрэас у Каліфорніі цягнецца на 1000 км, з амплітудай больш за 100 км).

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н Ю́Р’ЕВІЧ,

князь тураўскага роду Ізяславічаў у 12 ст. Сын кн. Юрыя Яраславіча. Ва Уваскрасенскім летапісе ўпамінаецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168. Разам з інш. рус. князямі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 дапамагаў кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. Верагодна, валодаў адным з удзелаў Тураўскай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)