АРТРАДЫ́РЫ, членісташыйныя (Arthrodira, або Coccostei),

падклас вымерлых марскіх і прэснаводных храстковых рыб кл. пласцінаскурых. 11 атрадаў. Выяўлены ў адкладах позняга сілуру — позняга дэвону ўсіх мацерыкоў, на Беларусі — у Аршанскай упадзіне ў лагунна-марскіх адкладах сярэдняга дэвону. Тыповыя прадстаўнікі артрадыраў — плаурдастэусы.

Даўж. да 6 м. Форма цела і памеры разнастайныя. Шкілет храстковы. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрытыя касцявым панцырам, які ўтвораны касцямі вонкавага плечавога пояса. Сківіцы ў выглядзе касцявых пласцін з рэжучымі краямі і біўнепадобнымі выступамі. Грудныя плаўнікі пад касцявымі шыпамі. Хвост звычайна голы. Прыдонныя драпежнікі.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ ГАРА́ЧКА, алкагольны дэлірый,

найбольш частая форма вострых алкагольных псіхозаў. Узнікае пасля чарговага запою або калі раптоўна спыняюць прыём алкаголю. Пачынаецца з таго, што хворы дрэнна спіць, бачыць пакутлівыя сны, палахлівы. Пазней з’яўляюцца бяссонніца, зрокавыя і слыхавыя галюцынацыі. Хворым бачацца пачвары, чэрці, насякомыя, пацукі, мышы. Парушаецца свядомасць. Такія хворыя небяспечныя для сябе і тых, хто іх акружае. Іншы раз павышаюцца т-ра і крывяны ціск, дрыжаць рукі. Стан пагаршаецца пад вечар. Хвароба цягнецца 3—9 дзён, пасля чаго хворы звычайна ачуньвае. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСТСЕ́ЛЕР (англ. best seller),

найбольш ходкая кніга, якая выдадзена вялікім тыражом і карыстаецца павышаным попытам. Тэрмін узнік у ЗША у канцы 19 ст. Поспех бестселера абумоўлены найперш рэкламай, дзе стаўка робіцца на стэрэатыпы масавай свядомасці, сучасную моду, прэстыжнасць або забароненасць (гл. «Масавая літаратура»). Сярод такога роду л-ры звычайна пераважаюць дэтэктывы, фантастычна-прыгодніцкія і любоўныя раманы, хоць у разрад бестселераў могуць трапіць і творы сур’ёзнай л-ры (напр., Біблія, якая выдаецца на 253 мовах свету). Спісы бестселераў рэгулярна друкуюцца ў буйных перыяд. выданнях Зах. Еўропы і ЗША.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ЎДА́Р,

раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАВЫ́Я ПАТО́КІ,

колькасць грузаў, перавезеных адным відам транспарту ў пэўным напрамку ад пункта адпраўлення да пункта прызначэння (звычайна за год). Грузавыя патокі складаюцца з грузаў, адпраўленых са станцый, прыстаней, партоў, і вымяраецца ў тонах у цэлым або па кожнаму грузу паасобку. Велічыня грузавых патокаў асобнага перагону (участка, геагр. напрамку) выражаецца сярэдняй шчыльнасцю перавозак грузу. Напрамак пераважнага грузавога патоку называецца грузавым, а зваротны — парожнім. Няроўнасць грузавога патоку па напрамках «туды» і «назад» выклікае парожнія прабегі рухомага саставу і непрадукцыйныя прабегі лакаматываў, суднаў, аўтамабіляў, павелічэнне сабекошту перавозак і капіталаўкладанняў.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́МІЯ (Grimmia),

род брыевых імхоў сям. грыміевых. Вядома больш за 200 відаў. На Беларусі 5 відаў. Часцей трапляюцца грымія Мюленбека (G. muehlenbeckii) і грымія падушкападобная (G. pulvinata). Растуць на камянях і скалах, садзейнічаюць выветрыванню горных парод. Здольныя вытрымліваць працяглае высыханне.

Утвараюць зялёныя, чорна-зялёныя, шараватыя ад канечных лісцевых валаскоў падушачкі або дзярнінкі. Сцябло прамастойнае ці ўзыходнае, вышынёй 0,5—3 (зрэдку да 10) см, вілавата-кусцістаразгалінаванае. Лісце ад яйцападобнага да лінейна-ланцэтнага, з жылкай і звычайна з бясколерным канцавым зубчастым валаском. Каробачка са спорамі на прамой або дугападобнай ножцы.

Грымія падушкападобная.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы павышанага тыпу ў Маскве ў 2-й пал. 17 ст. Узніклі па ініцыятыве рас. ўрада, царквы і прыватных асоб (школа Ф.​М.​Рцішчава) у сувязі з патрэбай у адукаваных дыпламатах, настаўніках, прыказных. Школы былі прызначаны вучыць замежным мовам, задавальняць імкненне да ведаў шырокіх слаёў дваранства і пасадскага насельніцтва, павышаць іх агульны культ. ўзровень. Выкладчыкамі былі звычайна святары і манахі. Выкладаліся грэч., лац., царк.-слав. мовы, рыторыка і філасофія. Узнікненне і дзейнасць Грэка-лацінскіх школ садзейнічалі стварэнню ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЕЛ у раслін,

звычайна патоўшчаная частка восі парастка, на якой утвараюцца лісце, пупышкі і (часам) прыдатачныя карані. Фарміруецца на конусе нарастання пры закладанні зачатка ліста. Анатамічная будова вузла залежыць ад тыпу лістаразмяшчэння, ад колькасці пучкоў ліставога следу і колькасці лакун. Адрозніваюць адна-, трох і шматлакунныя вузлы. Будова вузла — важная таксанамічная прыкмета. Участак паміж двума суседнімі вузламі — міжвузелле. У залежнасці ад збліжанасці вузлоў адрозніваюць парасткі падоўжаныя і пакарочаныя. Збліжаныя падземныя сцябловыя вузлы злакаў, на якіх утвараюцца падземныя і надземныя бакавыя парасткі, а таксама прыдатачныя карані, называюцца вузламі кушчэння.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)