БЫТ, побыт,

пазавытворчая сфера жыцця, якая ўключае задавальненне матэрыяльных патрэб людзей (у ежы, адзенні, жыллі, лячэнні, падтрымцы здароўя) і засваенне духоўных даброт, культуры, адпачынку, сродкаў зносін і інш. У шырокім сэнсе — уклад паўсядзённага жыцця. Быт значна ўплывае на працу, грамадскую дзейнасць, настрой і паводзіны людзей. Вылучаюць грамадскі, гарадскі, пасялковы, сямейны, індывідуальны быт. Структуру быту можна разглядаць з пункту погляду адносін матэрыяльнага і духоўнага бакоў сац. і індывід. аспектаў, відаў затрат часу і дзейнасці (задавальненне фізіял. патрэб, бытавая праца, вольны час), тыпаў сац. аб’яднання і зносін (сям’я, суседства, маладзёжныя групы і г.д.). Пад уплывам сац.-эканам., геагр. умоў у розных народаў выпрацоўваецца комплекс быт. нормаў, традыцый, звычаяў, абрадаў. У ходзе гіст. развіцця грамадства мяняецца характар элементаў быту і яго структуры. Гасп. і грамадскі побыт беларусаў, іх матэрыяльная культура і маст. творчасць маюць свае асаблівасці, што выяўляюцца ў тыпах жылля, яго ўнутраным убранні, адзенні, абрадах, вераваннях і звычаях. Захоўваюцца асаблівасці ў побыце гар. і сельскага насельніцтва, асобных сац. груп, што абумоўлена не толькі кліматычнымі ўмовамі, але і іх сац.-прафес. інтарэсамі і асабістымі запатрабаваннямі.

т. 3, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛО́ПЫ,

групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.

Антылопы: 1 — шаблярогі орыкс; 2 — адакс; 3 — орыкс; 4 — чорная; 5 — конская.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФО́ННАЕ СПЯВА́ННЕ (ад грэч. antiphonos які гучыць у адказ),

папераменнае выкананне песнапення 2 харамі ці салістам і хорам.

Вытокі антыфоннага спявання ў найстаражытнейшых нар.-песенных формах выканання, у стараж.-грэч. трагедыі, дзе хор часта падзялялі на 2 паўхары, у кульце народаў Усходу. У хрысц. богаслужэнне антыфоннае спяванне ўведзена ў 1 ст. н.э., у зах. Хрысц. царкве — у 4 ст. У праваслаўнай царкве, як правіла, чаргаваліся спевы 2 жаночых або мужчынскага і дзіцячага хароў, у каталіцкай царкве — спевы свяшчэнніка, цэлага хору і яго часткі.

Карані ўсходнеслав. антыфоннага спявання ў карагодных песнях, якія суправаджаліся сыходным і разыходным рухам процілеглых радоў (напр., у песні «Проса» з формай руху «сцяна на сцяну», пашыранай у розных меладычных варыянтах у беларусаў, рускіх і ўкраінцаў). На Беларусі падобныя формы да нашага часу сустракаюцца ў Паазер’і і зах. раёнах (напр., у абрадзе «бараны», зафіксаваным у 1981 у Докшыцкім р-не, 3 групы спявачак па чарзе выконваюць строфы песень розных каляндарных жанраў у тым парадку, як яны размешчаны ў гадавым крузе). Яны ўласцівыя вясельным і жніўным песням. Своеасаблівую трактоўку набывае антыфоннае спяванне ў купальскай абраднасці.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМ (лац. Bromum),

Br, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы. Ат. н. 35, ат. м. 79,904; належыць да галагенаў. Прыродны складаецца са стабільных ізатопаў ​79Br (50,56%) і ​81Br (49,44%). Вядомы штучныя радыеактыўныя ізатопы (​80Br, ​82Br). Адкрыты франц. хімікам Ж.​Баларам (1826).

Бром — чырвона-бурая вадкасць з непрыемным рэзкім пахам, лёгка выпараецца, tпл -7,25 °C, tкіп 59,2 °C, шчыльн. 3105 кг/м³. Слаба раствараецца ў вадзе (насычаны водны раствор наз. бромнай вадой), добра ў арган. растваральніках. Малекула двухатамная. Бром непасрэдна рэагуе з большасцю металаў (акрамя плаціны і танталу) і з некаторымі неметаламі (сера, фосфар) з утварэннем брамідаў. З вадародам пры награванні ўтварае бромісты вадарод. З кіслародам і азотам непасрэдна не рэагуе. Моцны акісляльнік Атрымліваюць з марской вады, азёрных і падземных расолаў, шчолаку калійнай вытв-сці акісленнем брамідаў хлорам. Бром і яго злучэнні выкарыстоўваюць у вытв-сці антыдэтанатараў (для бензіну), фота- і кінаматэрыялаў, медыкаментаў, інсектыцыдаў, фарбавальнікаў. Ядавіты; ГДК у паветры 0,5 мг/м³.

Літ.:

Ксензенко В.И., Стасиневич Д.С. Химия и технология брома, йода и их соединений. М., 1979.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНК БССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—29, чл. ЦВК БССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВК БССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ,

генная інжынерыя, раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.​Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

седыментагенныя радовішчы, экзагенныя радовішчы, паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.), інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.​Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.​Коласа, У.​Уладамірскага, У.​Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.

Літ.:

Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.

Т.​А.​Карповіч.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл. драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.​Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.​Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.​Матроса), «Кветка папараці» Г.​Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.​Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.​Остэра, «Бука» М.​Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.​Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.​Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.​Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.​Маслава, «Калабок» Я.​Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.​Усач і Я.​Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.​Азава і В.​Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.​Арлова і інш. Гал. рэжысёры: В.​Чарняеў (1968—85), У.​Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.​Чабатароў (1968—78), Н.​Баяндзіна (з 1980).

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.​Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.​В.​Кантаровіч, Дж.​Б.​Данцыг, Р.​Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)