ПЯРО́Ў (Васіль Рыгоравіч) (2 або 4.1.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 10.6.1882),
рускі жывапісец і графік. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Акад. жывапісу (1866), праф. (1870). Вучыўся ў Арзамаскай школе жывапісу (1846—49, з перапынкамі), Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1853—61) у С.К.Заранкі, з 1871 выкладчык гэтага вучылішча. На пенсію АМ быў за мяжой (1862—69). У ранніх творах выкрываў недахопы тагачаснага грамадства: «Прыезд станавога на следства» (1857), «Першы чын...» (1860). У пазнейшых творах надаваў амаль гратэскавую сац. характарыстыку носьбітам грамадскага зла ў прыгонніцкай Расіі («Пропаведзь на вёсцы», «Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень», абодва 1861; «Чаяванне ў Мыцішчах», 1862; «Прыезд гувернанткі ў купецкі дом», 1866; «Манастырская трапеза», 1865—75). Цяжкае жыццё сялян і гар. беднаты адлюстраваў у творах «Сляпы музыка» (1864), «Праводзіны нябожчыка» (1865), «Тройка» (1866), «Тапельніца» (1867), «Апошні шынок ля заставы» (1868). Стварыў шэраг карцін, у якіх намагаўся перадаць індывідуальнасць чалавека з народа, яго здольнасць глыбока мысліць і адчуваць («Фомушка-сыч», 1868; «Вандроўнік» 1870). Аўтар партрэтаў дзеячаў рус. інтэлігенцыі, у т. л. А.Астроўскага (1871), У.Даля, Ф.Дастаеўскага, М.Пагодзіна (усе 1872). Пісаў таксама карціны на быт. («Птушкалоў», 1870; «Паляўнічыя на прывале», «Рыбалоў», абедзве 1871) і гіст. («Суд Пугачова», 1875; «Мікіта Пустасвят», 1881) тэмы.
Тв.:
Рассказы художника. М., 1960.
Літ.:
Лапунова Н.Ф. В.Г.Перов. М., 1968;
Лясковская О.А. В.Г.Перов: особенности творч. пути художника. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВІЦЦЁ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ працэс развіцця сацыяльнай сферы грамадскага жыцця або асобных яе кампанентаў — сац. адносін, сац. ін-таў, розных сац. сістэм і структур. Адлюстроўвае ўстойлівыя сувязі паміж рознымі сац. супольнасцямі, сферамі грамадскіх адносін і пэўную накіраванасць заканамернасцей і дынамікі іх развіцця. Адбываецца эвалюцыйным і рэв. шляхамі. Эвалюцыйныя працэсы разумеюцца як паступовыя, плаўныя, колькасныя пераўтварэнні сац. аб’ектаў; рэвалюцыйныя — адносна хуткія, карэнныя, якасныя змяненні, у выніку якіх адбываецца пераход ад аднаго якаснага стану сац. аб’екта да другога. Сац. эвалюцыянізм — навук. спроба асэнсавання гіст. працэсу як часткі агульнага, разнастайнага і актыўнага працэсу эвалюцыі. Яго заснавальнік англ. сацыёлаг Г.Спенсер распрацаваў спец. схему эвалюцыйнага працэсу Р.с., цэнтр. месца ў якім займае ідэя гіст. стадый развіцця чалавечага грамадства — ад простага да дыферэнцыраванага, ад традыцыйнага да рацыянальнага, ад неасветнага да асветнага і г.д. К.Маркс і Ф.Энгельс лічылі асн. рухавіком Р.с. рэвалюцыю сацыяльную, эканам. асновай якой з’яўляецца канфлікт паміж ростам прадукц. сіл грамадства і ўстарэлай сістэмай вытв. адносін. Працэсы Р.с. бываюць экстэнсіўныя і інтэнсіўныя. У экстэнсіўных працэсах Р.с. ўдзельнічаюць шырокія масы насельніцтва, істотна пашыраецца сфера грамадскіх сувязей, павялічваюцца аб’ёмы адносін за дастаткова істотны прамежак часу. Пры інтэнсіўным Р.с. значна памяншаецца часавы прамежак, усе працэсы адбываюцца больш дынамічна.
Літ.:
Социальное развитие: теория и практика. М., 1982;
Социальное развитие как предмет философско-социологического анализа. Томск, 1983;
Москвичев Л.Н. Социальные изменения и социальная стабильность // Социология. Основы общей теории. М., 1996;
Штомпка П. Социология социальных изменений: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДКІЯ І ЗНІКА́ЮЧЫЯ ВІ́ДЫ,
жывёлы і расліны, якія сустракаюцца ў невялікай колькасці, на абмежаванай плошчы і якім пагражае небяспека вымірання. Уключаюцца ў Міжнар, абонац.Чырвоныя кнігі, з’яўляюцца ахоўнымі жывёламі і ахоўнымі раслінамі. Для аховы і ўзнаўлення папуляцый Р. і з.в. выдзяляюцца прыродныя тэр. з розным рэжымам аховы — запаведнікі, нац. паркі, заказнікі і г.д., прымаюцца заканадаўчыя акты на нац. і міжурадавых узроўнях, заключаюцца міжнар. пагадненні.
Паводле класіфікацыі, прапанаванай у Чырв кнізе МСАП, усе Р. і з.в. для вызначэння стану папуляцыі і аховы падзелены на 5 катэгорый: 1-я — знаходзяцца пад пагрозай знікнення і выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спец. мер; 2-я — колькасць адносна высокая, але хутка скарачаецца; 3-я — колькасць стабільная, але невысокая, могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя; 4-я — колькасць і стан не вызначаны; 5-я — адноўленыя, але не падлягаюць прамысл, выкарыстанню, за папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.
На Беларусі пад уплывам антрапагенных фактараў за апошнія 100—150 гадоў зніклі шматлікія расліны і жывёлы, у т. л. ядрушка духмяная, рабчык рускі, адоніс вясновы, шпажнік балотны, лён жоўты, сярэднееўрап. лясны кот, хахуля, ружовы пелікан, коўпіца, стрэпет, бялуга, балт. і рус. асятры, кумжа, ласось, сіг і інш. У Чырвоную кнігу Беларусі (выд. ў 1993) уключаны 182 віды жывёл, 180 — раслін, 17 — грыбоў, 17 — лішайнікаў. Вял. колькасць Р. і з.в. жывёл Беларусі (асабліва птушак) маюць міжнар, і еўрап. ахоўны статус, занесены ў Чырв. кнігу МСАП, у т. л. белавежскі зубр, сапсан, вяртлявая чарацянка, белавокі нырок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМБО́ ((Rimbaud) Жан Нікала Арцюр) (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),
французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.Барадулін, А.Мінкін, Я.Семяжон, М.Федзюковіч.
Тв.:
Бел. пер — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
рэнтгенаўскія прамяні, электрамагнітнае іанізавальнае выпрамяненне са спектральнай вобласцю паміж гама- і ультрафіялетавым выпрамяненнем. Даўж. хваль ад 10−8 да 10−11м. Умоўна падзяляецца на жорсткае (даўж. хвалі менш за 2∙10−10м) і мяккае (больш за 2∙10−10м). Адкрыта В.К.Рэнтгенам (1895).
Натуральнымі крыніцамі Р.в. з’яўляюцца Сонца і інш.касм. аб’екты (гл.Рэнтгенаўская астраномія). Штучныя крыніцы — рэнтгенаўская трубка (найб. пашырана), некаторыя радыеактыўныя ізатопы, сінхратроны і назапашвальнікі электронаў (мяккае Р.в.). Рэнтгенаўскі спектр бывае неперарыўным (тармазным; гл.Тармазное выпрамяненне) і лінейчастым (характарыстычным; гл.Мозлі закон), які атрымліваецца ў выніку іанізацыі атама з выбіваннем электрона з яго ўнутр. абалонак (першаснае Р.в.) ці пры паглынанні кванта эл.-магн. выпрамянення (флуарэсцэнтнае Р.в.). Пры ўзаемадзеянні Р.в. з рэчывам назіраецца фотаэфект, які суправаджае паглынанне, а таксама рассеянне Р.в. Фотаэфект узнікае, калі атам рэчыва пасля паглынання кванта Р.в. вылучае адзін з унутр. электронаў і адбываецца выпрамяняльны пераход (характарыстычнае выпрамяненне) або дадаткова вылучае электрон (ажэ-электрон) пры безвыпрамяняльным пераходзе. Рассеянне Р.в. ў вобласці вял. атамных мас і даўжынь хваль у асн. кагерэнтнае (без змены даўжыні хвалі); у вобласці малых атамных мас і даўжынь хваль — комптанаўскае (гл.Комптана эфект) ці камбінацыйнае. Рэгіструюць Р.в. з дапамогай спец. фотаматэрыялаў (гл.Рэнтгенаграма), а таксама дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэнтгенадыягностыкі і рэнтгенатэрапіі, рэнтгенаструктурным аналізе, рэнтгенаўскіх спектральным аналізе, тапаграфіі, спектраскапіі, астраноміі.
Літ.:
Блохин М.А. Физика рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РНАЯ КІСЛАТА́,
моцная двухасноўная к-та, H2SO4; адзін з асн. прадуктаў хім. прам-сці.
Бязводная (100%-ная) С.к. — бясколерная масляністая вадкасць, шчыльн. 1830,5 кг/м³ (20 °C), tпл 10,4 °C, tкіп 296,2 °C (кіпіць з раскладаннем). З вадой і трыаксідам серы SO3 (гл.Серы аксіды) змешваецца ў любых суадносінах. У водных растворах практычна цалкам дысацыіруе на іоны. Канцэнтраваная С.к. — моцны акісляльнік (асабліва пры награванні); акісляе многія металы (напр., медзь, ртуць), неметалы (вуглярод, серу і інш.), бромісты і ёдзісты вадарод. Разбаўленая ўзаемадзейнічае з актыўнымі, размешчанымі ў электрахім. радзе напружанняў да вадароду, металамі з вылучэннем вадароду. Утварае солі сульфаты і гідрасульфаты, а таксама эфіры (сульфаты арган.). У прам-сці С.к. атрымліваюць кантактным і нітрозным (вежавым) спосабамі. Зыходнае рэчыва для атрымання С.К. — дыаксід серы, які акісляюць да SO3 кіслародам пры 440 °C у прысутнасці каталізатара (кантактны спосаб) або аксідамі азоту, растворанымі ў С.к. (нітрозны спосаб). Выкарыстоўваюць у вытв-сці мінер. угнаенняў, розных мінер. кіслот і солей, лек. і мыйных сродкаў, фарбавальнікаў, хім. валокнаў, выбуховых рэчываў, а таксама для ачысткі нафтапрадуктаў, у металургіі і гідраметалургіі урану, медзі, нікелю і інш. металаў, як электраліт у свінцовых акумулятарах, асушальнік і інш. С.к. — вельмі агрэсіўнае рэчыва (клас небяспечнасці 2), выклікае цяжкія апёкі скуры, пара пашкоджвае слізістыя абалонкі і лёгкія; ГДК аэразолю С.К. ў атм. паветры 0,1 мг/м³ (сярэднясутачная); смяротная канцэнтрацыя 0,18 мг/л (экспазіцыя 60 мін).
Літ.:
Васильев Б.Т., Отвагина М.И. Технология серной кислоты. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным абоарх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, абометрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст. пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАНА́ЦЫЯў музыцы,
1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.
Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.
У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).
Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;
Орлова Е.М. Б.В.Асафьев. Л., 1964;
Земцовский И. Б.В.Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.