прыстасаванне для электраізаляцыі і мацавання правадоў, шын і частак эл. прылад і апаратаў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Складаецца з уласна ізалятара (робіцца з цвёрдых дыэлектрыкаў — керамікі электратэхн., шкла, пластмасы, сіталаў і інш.) і мацавальных дэталей (з чыгуну, сталі, немагнітных матэрыялаў). Паверхню керамічных ізалятараў звычайна пакрываюць глазурай.
І.э. бываюць: нізка- (да 1000 В) і высакавольтавыя (больш за 1000 В); лінейныя, апорныя і прахадныя; унутранай і знадворнай устаноўкі. Лінейныя (штыравыя і падвесныя талеркавыя) прызначаны падтрымліваць правады — мацаваць іх да апор ліній электраперадачы; апорныя (штыравыя, флянцавыя) — для жорсткага мацавання шын, правадоў і асобных частак апаратаў; прахадныя — для ўводу вонкавых токаправодных частак эл. установак у памяшканні, апараты і інш.Пры напружанні 35 кВ і вышэй у трансфарматарах, выключальніках і інш. адказных апаратах ставяцца масланапоўненыя ізалятары (кандэнсатарныя ўводы). Высокачастотныя І.э. робяць з матэрыялаў з малымі дыэлектрычнымі стратамі (ультрафарфор, стэатыт). Да І.э. адносяцца таксама ролікі ўнуранай эл. праводкі, ізалявальныя трубкі, утулкі, шайбы і інш.
У.М.Сацута.
Асноўныя тыпы ізалятараў электрычных: 1, 2 — лінейныя штыравы і падвесны (талеркавы); 3, 4 — станцыйныя апорны флянцавы і прахадны; 5 — кандэнсатарны ўвод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены прыархеал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПІ́ЧМЕНТ (ад англ. impeachment асуджэнне, ганьбаванне, абвінавачанне),
асобы парадак і ўстаноўленая працэдура прыцягнення да адказнасці вышэйшых службовых асоб дзяржавы (прэзідэнта, кіраўніка ўрада і інш.). Інстытут І. з’явіўся ў сярэдневяковай Англіі і быў адноўлены ў 1-й пал. 17 ст. У краінах з двухпалатным парламентам (ЗША, Вялікабрытанія, Японія) узбуджае справу і аддае пад суд, як правіла, ніжняя палата парламента, а разглядае справу верхняя палата. Вынікам І. можа быць вызваленне (адхіленне) службовай асобы ад пасады да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт дзяржавы можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры стойкай няздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта прымаецца большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў і большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі на падставе заключэння спецыяльна ствараемай палатамі камісіі. Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў сувязі з учыненнем дзярж. здрады або інш. цяжкага злачынства: у гэтым выпадку справа па сутнасці абвінавачання разглядаецца Вярх. судом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Ту праве,
1) І. дзяржаўны — прынцып міжнар. права, паводле якога дзяржава не падлягае замежнай юрысдыкцыі: ні дзяржаве, ні яе органам не можа быць прад’яўлены іск у судзе замежнай дзяржавы.
2) І. консульскі — сукупнасць ільгот і прывілеяў, якія даюцца консульскай установе і яе супрацоўнікам. Аб’ём І. ўстанаўліваецца ўнур. заканадаўствам дзяржаў, а таксама міжнар. дагаворамі шматбаковымі (Венская канвенцыя 1963 аб консульскіх зносінах) або двухбаковымі консульскімі канвенцыямі і міжнар. звычаямі.
3) І. дыпламатычны — сукупнасць правоў і прывілеяў, якія даюцца дыпламат. прадстаўніцтвам замежных дзяржаў і іх супрацоўнікам: недатыкальнасць асобы, службовых памяшканняў, жылля і ўласнасці і інш. Аб’ём І. ўстаноўлены Венскай канвенцыяй 1961, інш.міжнар. дагаворамі і звычаямі і ўнутр. заканадаўствам дзяржаў.
4) І. службовых асоб дзяржавы заключаецца ў недатыкальнасці некат. іх катэгорый. Адрозніваюць І. парламенцкі, прэзідэнцкі і судзейскі. Недатыкальнасць гэтых асоб азначае забарону іх арышту і прыцягнення да суд. адказнасці пры пэўных абставінах без згоды на тое адпаведных кампетэнтных органаў. Дэпутат можа быць пазбаўлены недатыкальнасці палатай парламента, членам якой ён з’яўляецца; недатыкальнасць з прэзідэнта. як правіла, здымаецца толькі разам з адхіленнем яго ад пасады ў парадку асобай працэдуры, прадугледжанай канстытуцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),
сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.П.Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянні і г.д.
Літ.:
Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;
Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МЕХА́НІКІ МЕТАЛАПАЛІМЕ́РНЫХ СІСТЭ́Мімя У.А.Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1969 у Гомелі на базе Аддзела механікі палімераў АНБССР (існаваў з 1963). У ін-це (1998) 11 аддзелаў, аспірантура і дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: тэарэт. асновы кіравання трываласнымі, адгезійнымі, антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі кампазітаў і інш. сістэм на аснове арган. і неарган. палімераў з мэтаю стварэння матэрыялаў для дэталей і вузлоў машын, абсталявання і прылад; тэорыя трэння і зношвання палімерных кампазітаў; метады разліку дэталей з палімераў і палімерных кампазітаў. Створаны палімерныя матэрыялы, якія даюць магчымасць значна павялічыць рэсурс і надзейнасць машын, зменшыць адмоўнае ўздзеянне вытв. дзейнасці на навакольнае асяроддзе; распрацаваны метады і спосабы кіравання ўласцівасцямі палімерных матэрыялаў пры дапамозе ўздзеяння эл. і магн. палёў, іанізавальнага выпрамянення, фіз.-хім. мадыфікавання; арыгінальныя тэхналогіі і тэхнал. абсталяванне для атрымання такіх матэрыялаў. У ін-це працавалі акад.АН Беларусі У.А.Белы, А.І.Свірыдзёнак; працуюць чл.-кар.Нац.АН Беларусі Б.І.Купчынаў, Ю.М.Плескачэўскі (дырэктар з 1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНЕ́Т (англ. InterNet),
сусветная сукупнасць камп’ютэрных сетак з адзінай адраснай прасторай. Забяспечвае свабодны абмен інфармацыяй паміж ЭВМ, якія звязваюцца паміж сабой на аснове спец. пагадненняў (пратаколаў) з выкарыстаннем глабальных рэсурсаў тэлекамунікацыйных сетак, у т. л. спадарожнікавай сувязі.
Распрацавана ў 1969 у ЗША пад назвай АРПАНЕТ як сістэма, здольная функцыянаваць у выпадку разбурэння большай сваёй часткі. І. карыстаюцца для перасылкі паведамленняў з дапамогай электроннай пошты, рассылкі навін па пэўных тэмах у выглядзе электронных лістоў, перадачы файлаў, прамога дыялогу паміж абанентамі і інш. У 1994—95 укаранёная сусветная размеркаваная база гіпертэкставых дакументаў WWW (ці Web, скар. ад англ. World Wide Web — літар. сусветная павуціна) значна пашырыла магчымасці І. і спрасціла доступ да інфарм. рэсурсаў. Пры далучэнні да І. карыстальнік можа прагледзець на экране змест любога сервера, незалежна ад яго месцазнаходжання, атрымаць доступ да кніг, газет, часопісаў, відарысаў музейных і выставачных экспанатаў, відэа- і кінафільма (у т. л. стэрэаскапічнага) і інш. з фондаў адпаведнага прадпрыемства, арг-цыі ці ўстановы навукі, культуры і адукацыі любой краіны свету. На Беларусі да І. далучаны рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,
з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.
І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл.Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе п — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл.Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш.Гл. таксама Інтэрферометр.
А.І.Болсун.
Да арт.Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РСКІ (Аляксандр Іванавіч) (1798, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 28.6.1833),
ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828—29, капітан 1-га рангу (1831). Скончыў Мікалаеўскае марское вучылішча (1814). Служыў на Чарнаморскім флоце (1814—17 і 1820—30), Дунайскай ваен. флатыліі (1817—20). У 1828 вызначыўся пры ўзяцці крэпасцей Анапа і Варна. У час разведкі 26.5.1829 каля Басфора 18-гарматны брыг «Меркурый» на чале з К. вёў 4-гадзінны бой з тур. лінкорамі «Селіміе» (110 гармат) і «Рэал-бей» (74 гарматы) і вымусіў іх адступіць. У 1831 К. адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага м. ў Ладажскае воз. (праз 100 гадоў гэты шлях рэалізаваны ў Беламорска-Балтыйскі канал). У Севастопалі яму пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Нашчадкам у прыклад. 1834 год». Подзвігу экіпажа «Меркурыя» прысвечаны карціны І.К.Айвазоўскага «Брыг «Меркурый» пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг «Меркурый», атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892).
Літ.:
Жизнеописания русских военных деятелей. Т. 1, вып. 2. СПб., 1885;
Ермоленко В.А. Моряк из Дубровно // Нёман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАЭ́Д (ад грэч. logaoidikos празаічна-вершаваны),
1) від ант. верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя паводле характару стопы.
2) Від сілаба-танічнага верша, у якім няма метрычнай аднароднасці, аднак існуе рытмічная аднароднасць вершаваных радкоў. У сучаснай сілаба-тоніцы вылучаюцца 3 разнавіднасці Л.: стопны, радковы і строфны. У стопным Л. на адным і тым жа месцы вершаваных радкоў (найперш у 3-складовых стопах) выпадаюць 1 ці 2 ненаціскныя склады (знешне ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі). Ужываецца найчасцей у перакладах ант. твораў або ў імітацыях ант. памераў. У радковым Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца радкі розных метраў, напр., чаргаванне 3-стопнага амфібрахія з 2-стопным дактылем:
Спачатку яно шалясцела
Вельмі нясмела,
А потым лізнула аконца
Ціха, як сонца.
(Я.Купала. «Безназоўнае»).
У вельмі рэдкім строфным Л. ў пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам (напр., верш П.Панчанкі «Пры святле маланак»). Лагаэдычныя радкі робяць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, што памагае больш поўна выявіць паэт. сэнс твора.