СТАЛЕ́РНЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, звязаныя з вытворчасцю і ўстаноўкай сталярных вырабаў. Уключаюць разметку, апрацоўку драўніны, падгонку элементаў вырабаў, іх склейванне, абліцоўванне, зборку і аддзелку. Ад цяслярных работ адрозніваюцца больш дакладнай і акуратнай апрацоўкай драўняных матэрыялаў, лепшай аддзелкай вырабаў.

Бываюць беладрэўныя (з выкарыстаннем драўніны хвойных і мяккіх лісцевых парод) і чырванадрэўныя (з выкарыстаннем драўніны цвёрдых лісцевых дэкар. парод і абліцоўкай дэталей шпонам); ручныя (у індывід. буд-ве, пры рамонтах, з выкарыстаннем сталярна-цяслярскіх інструментаў) і работы ў сталярна-мех. вытв-сці (з выкарыстаннем дрэваапрацоўчых машын, паточных ліній і інш.). У масавай вытв-сці сталярных вырабаў С.р. зводзяцца ў асн. да мантажу канструкцыйных элементаў, канчатковай аддзелкі іх, далучэння асобных дэталей. Гл. таксама Сталярства.

А.​А.​Барташэвіч.

т. 15, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБ’ЕКТЫЎНАЕ ПРА́ВА,

забяспечаная законам магчымасць фіз. або юрыд. асобы рэалізаваць сваё права шляхам выканання пэўных дзеянняў або патрабаваць пэўных паводзін ад інш. асоб. Так, уласнік рэчы мае права валодаць, карыстацца і распараджацца ёю ў рамках закона, не звяртаючыся па дапамогу да інш. асоб і не патрабуючы ад іх пэўных дзеянняў. Такія С.п. называюцца абсалютнымі, яны ахоўваюцца ад кожнага, хто сваімі паводзінамі перашкаджае іх ажыццяўленню. Па дагаворы ж куплі-продажу прадавец рэчы мае права патрабаваць ад яе пакупніка аплаты кошту рэчы, г.зн. выканання пэўнага дзеяння. Такое С.п. называецца адносным, паколькі патрабаванне адносіцца да пэўнай асобы. Ў выпадку парушэння С.п. яно абараняецца законам у прымусовым парадку шляхам прад’яўлення ў судзе або інш. дзярж. органе прэтэнзій да парушальніка.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАМІКРАСКО́П (ад ультра... + мікраскоп),

аптычная прылада для выяўлення часцінак памерамі да 2∙10′​9 м, якія нельга назіраць пры дапамозе звычайнага мікраскопа. Вынайдзены ў 1903 аўстр. вучонымі Р.А.Зігмандзі і Г.​Зідэнтопфам.

Дзеянне У. заснавана на знаходжанні часцінак па дыфракцыі святла на іх. Асн. частка У. — звычайны мікраскоп са спец. асвятляльнай сістэмай (надзвычай моцныя крыніцы святла) для назірання паводле метаду цёмнага поля (даследуемы аб’ект асвятляецца так, што ў аб’ектыў мікраскопа трапляюць толькі рассеяныя ім прамяні, якія ўтвараюць дыфракцыйныя плямы). У. не дае аптычнага відарыса даследуемых аб’ектаў (сапраўдныя памеры і форму па дыфракцыйных плямах вызначыць немагчыма), але дазваляе вызначыць іх канцэнтрацыю і сярэдні памер. Выкарыстоўваецца пры даследаванні дысперсных сістэм, для кантролю чысціні паветра, вады і інш.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІФІКА́ЦЫЯ ў тэхніцы,

прывядзенне розных відаў прадукцыі, сродкаў іх вытв-сці, элементаў, тэхнал. працэсаў, значэнняў параметраў да рацыянальнага мінімуму форм, тыпапамераў, структур, саставаў і г.д. Ажыццяўляецца пасля тыпізацыі, з’яўляецца найб. пашыраным і эфектыўным метадам стандартызацыі.

Канструктыўная У. — прывядзенне канструктыўных рашэнняў машын, прылад, быт. вырабаў, іх частак, вузлоў і дэталей да мінім. тэхнічна абгрунтаванай колькасці тыпаў з захаваннем прынцыпу пераемнасці, паводле якога ў новых вырабах максімальна выкарыстоўваюць існуючыя стандартызаваныя вузлы і дэталі з магчыма большым лікам аднолькавых базавых і далучальных памераў. Гэта забяспечвае ўзаемазамяняльнасць і шматразовае выкарыстанне правераных канструкцый, дазваляе ажыццяўляць агрэгатаванне машын. У. памераў — прывядзенне памераў дэталей, вузлоў і вырабаў да пэўнага мінімуму тыпапамераў, што скарачае расход матэрыялаў і павялічвае выпуск прадукцыі.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАГРАФІ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, фотаматэрыялы,

матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў фатаграфіі і кінематаграфіі для атрымання фатагр. відарысаў. Да іх адносяць святлоадчувальныя матэрыялы, фотарэактывы для іх апрацоўкі і дапаможныя матэрыялы.

Фотарэактывы служаць для пераўтварэння скрытага фатагр. відарыса ў бачны, а таксама для паляпшэння якасці бачнага відарыса. Для гэтага выкарыстоўваюць праяўляльныя (гл. Праяўленне фатаграфічнае), замацавальныя (гл. Замацаванне фатаграфічнае) і дубільныя (гл. Дубленне ў фатаграфіі) рэчывы. Да дапаможных матэрыялаў адносяць спец. святло- і вільгацеахоўную паперу для ўпакоўвання святлоадчувальных Ф.м., кляі для склейвання кінаплёнкі і наклейвання фотапаперы на інш. матэрыялы, спец. лакі для аховы відарысаў на розных матэрыялах (кераміцы, метале і інш.) ад уздзеяння атмасферы і інш., шкодных фактараў.

Літ.:

Дьяконов А.Н. Химия фотографических материалов. М., 1989.

т. 16, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

кірунак, які даследуе псіхічныя з’явы з пункту гледжання іх функцый у прыстасаванні арганізма да навакольнага асяроддзя. Узнікла ў канцы 19 ст. пад уплывам эвалюцыйнага вучэння. Прадстаўнікі Ф.п. — М.М.Ланге (Расія), Т.​Рыбо (Францыя), Э.​Клапарэд (Швейцарыя), К.​Штумпф, О.​Кюльпе, К.​Марбе, Н.​Ах, К.​Бюлер (Германія) і інш. У амер. Ф.п., заснаванай У.Джэмсам, вылучаюць чыкагскую (Дж.Дзьюі, Дж.​Энджэл, Г.​Кар) і калумбійскую (Р.Вудвартс) школы. Прыхільнікі Ф.п. разглядалі псіхалогію як навуку пра функцыі свядомасці ў працэсе адаптацыі да зменлівага прыроднага і сац. асяроддзя. Акрамя свядомасці сфера даследаванняў Ф.п. ахоплівала паводзіны (прыстасавальныя дзеянні), іх матывы, механізмы навучання і інш. Ф.п. паўплывала на развіццё эксперым. псіхалогіі; з развіццём біхевіярызму ў 1920-я г. страціла навук. ўплыў.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕРУ́СКІ (лац. Cherusci),

германскае племя. Паводле Тацыта, Х. жылі па берагах сярэдняга цячэння р. Везер і яе прытокаў; межы іх паселішчаў даходзілі да р. Эльба. У 11 і 9 ст. да н.э. згаданы ўварванні ў валоданні Х. армій Друза і Тыберыя. У 4 н.э. заваяваны рымлянамі. У 9 у Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс) паўстаўшыя Х. на чале з Армініем разам з інш. герм. плямёнамі ў выніку чатырохдзённай бітвы знішчылі 3 рым. легіёны на чале з палкаводцам Варам. Унутр. разлад і войны з суседнімі плямёнамі прывялі да заняпаду Х., пасля 21 частка іх тэр. падпарадкавана хатамі. У 4 ст. рэшткі Х. увайшлі ў склад саксаў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУМА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,

сацыяльна-бытавыя пазаабрадавыя нар. песні. Узніклі ў асяроддзі чумакоў. У Ч.п. адлюстравана нялёгкая праца чумакоў, іх спецыфічны побыт у час працяглага адрыву ад дому, узаемаадносіны ў арцелях, пратэст супраць эксплуатацыі і сац. няроўнасці, а таксама ўзаемаадносіны з сям’ёй і інш. Найб. захавалася бел. Ч.п. пра горкую долю, хваробу, смерць і пахаванне чумака на чужыне, развітанне з сям’ёй ці каханай дзяўчынай, пра каханне. Для Ч.п. характэрны глыбокі псіхалагізм, тонкасць у перадачы пачуццяў, сімволіка. Большасць з іх сумныя; былі і вясёлыя песні. Бытавалі ў сял. асяроддзі як бяседныя, застольныя.

Літ.:

Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛІ́ТЫ (ад электра... + грэч. lytos які раскладаецца, раствараецца),

рэчывы, растворы ці расплавы якіх праводзяць эл. ток. У растворах Э. дысацыіруюць (гл. Электралітычная дысацыяцыя) на іоны, іх рух абумоўлівае эл. ток і суправаджаецца хім. рэакцыямі на метал. электродах. Паводле прыроды іонаў адрозніваюць солевыя Э. (маюць іоны H​+ і OH​−), кіслоты (пераважаюць H​+) і асновы (пераважаюць OH​−). Паводле ступені дысацыяцыі вылучаюць Э. моцныя (у разбаўленых растворах амаль поўнасцю дысацыіруюць, напр., мінер. солі, некат. неарган. к-ты і асновы ў водных растворах) і слабыя (часткова дысацыіраваныя, напр., арган. к-ты і іх солі і інш.). Э. пашыраны ў прыродзе, з’яўляюцца асяроддзем для арган. і неарган. сінтэзу і электрахім. вытв-сці.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕГЕТА́ЦЫЯ (ад лац. vegetatio узбуджэнне, ажыўленне),

стан актыўнай жыццядзейнасці раслінных арганізмаў, што выяўляецца ў іх росце і развіцці. Звычайна праяўляецца прыкметнымі марфал. і фізіял. змяненнямі, якія адбываюцца за вегетацыйны перыяд.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)