РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. constructio пабудова),
поўная (карэнная) або частковая (малая) перабудова з мэтай палепшыць ці ўдасканаліць што-небудзь. У працэсе Р. вытв-сці, напр., узнаўляюцца ці абнаўляюцца наяўныя асноўныя вытворчыя фонды і вытв. магутнасці на новай тэхн. аснове з мэтай павелічэння аб’ёмаў вырабу прадукцыі, павышэння яе тэхн. ўзроўню і якасці, паляпшэння ўмоў працы.
Пры частковай Р. абнаўляюцца і мадэрнізуюцца некат. прылады працы, абсталяванне, часткова перабудоўваюцца асобныя цэхі без значнага пашырэння іх вытв. плошчаў; пры поўнай Р. — абнаўляецца пераважная частка абсталявання, комплексна механізуюцца і аўтаматызуюцца вытв. працэсы, мяняюцца тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, будуюцца новыя, расшыраюцца старыя цэхі і ўчасткі асн. і дапаможнай вытв-сці. Робіцца таксама з мэтай змены профілю прадпрыемства ці вырабу новай прадукцыі на існуючых вытв. плошчах. Эканам. перавагі перад новым буд-вам: меншыя капітальныя затраты на адзінку прадукцыі, карацейшы тэрмін перабудовы, што дае магчымасць хутчэй і з меншымі выдаткамі атрымаць прырост прадукцыі.
т. 13, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЬЕ́ (Régnier) Жан Луі Эбензер (1771—1814),
французскі ваенны дзеяч. Ген. дывізіі, граф. У арміі з 1792. У вайну 1812 камандаваў 7-м саксонскім корпусам «Вялікай арміі». У пач. ліп. 1812 яго корпус вылучаны са складу групы Жэрома Банапарта для дзеянняў у якасці заслону супраць войск 3-й Зах. рус. арміі. 27 ліп. корпус пацярпеў паражэнне ў Кобрынскім баі 1812 і адступіў да Слоніма. 12.8.1812 Р. разам з аўстрыйскім (12-м) корпусам К.Шварцэнберга атрымаў перамогу ў Гарадзечанскай бітве 1812 і ўдзельнічаў у праследаванні рус. войск да Луцка. Восенню 1812 корпус Р. прыкрываў тыл аўстр. войск ад 3-й Зах. рус. арміі. 15—16 ліст. ў Ваўкавыскім баі 1812 і 25 ліст. ў баі каля Брэст-Літоўска разбіў ахоўныя сілы 3-й Зах. арміі — вайск. групу Ф.В.Остэн-Сакена і прымусіў яе адступіць на Валынь. У час Лейпцыгскай бітвы 1813 трапіў у палон.
А.М.Лукашэвіч.
т. 14, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДЧЫ,
службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ва ўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) у бас. Верхняга Дняпра. Назва ад месцазнаходжання найб. даследаванай стаянкі Горкі на Сажы. Вылучана ў самастойную культуру ў 1960-я г. У.Ф.Ісаенкам па матэрыялах раскопак К.М.Палікарповіча. Паселішчы С.к. размешчаны на берагах рэк на першых і другіх надпоймавых тэрасах, часта паблізу выхаду крамянёвай сыравіны. Асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне. рыбалоўства і збіральніцтва. Адметная рыса помнікаў С.к. — шырокае выкарыстанне ў якасці загатовак для прылад працы адшчэпаў, часта з мелавой скарынкай. Адной з найб. выразных форм прылад з’яўляюцца наканечнікі стрэл з дакладна аграненых ножападобных пласцін. Сярод інш. прылад разцы, скрабкі, свярдзёлкі, праколкі, сякеркі з перахватам, авальныя, трапецападобныя, камбінаваныя і інш. прылады. На думку У.П.Ксяндзова, большасць помнікаў С.к. ўваходзіць у склад днепра-дзяснінскай культуры. На Беларусі вядома каля 14 помнікаў С.к. Найб. даследаваныя Журавель, Новы Быхаў і інш.
т. 15, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (аднаўленчы). Адбыўся 2.11.1996 у Мінску. Прысутнічалі 443 дэлегаты ад 1160 чл. партыі, якія выступілі ініцыятарамі аднаўлення КПБ як самаст. партыі. Прынятая з’ездам рэзалюцыя адмяняла рашэнне Трыццаць другога з’езда КПБ аб уваходжанні КПБ у склад Партыі камуністаў беларускай, абвяшчала адноўленую Кампартыю Беларусі юрыд. і ідэйна-паліт. пераемніцай КПСС—КПБ. Праграмная заява прынята ў якасці Часовай праграмы партыі да чарговага з’езда КПБ. Прыняты таксама Часовы статут КПБ. Прынцыпова новае ў ім — стварэнне Вышэйшага савета партыі (ВСП), які выбіраецца на з’ездзе з найб. вопытных і аўтарытэтных камуністаў, «з’яўляецца гарантам адзінства КПБ і захавання статутных правоў членаў партыі». ВСП дадзена права распускаць ЦК КПБ і прызначаць датэрміновыя з’езды ў выпадку ўзнікнення рознагалоссяў у партыі, калі яны пагражаюць расколам. Свае функцыі ВСП ажыццяўляе без умяшання ў паўсядзённую работу ЦК і Цэнтр. рэвіз. камісіі. З’езд выбраў ВСП, ЦК КПБ, Цэнтр. рэвіз. камісію.
В.Ф.Кушнер.
т. 16, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́БСТЭРА СЛО́ЎНІКІ,
тлумачальныя слоўнікі англ. мовы, якія выдаваліся і перавыдаюцца ў ЗША. Першы з іх «Амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (т. 1—2, 1828; 2-е дапрацаванае выд. 1841) выдаў амер. лексікограф Н.Уэбстэр. У 1843 пасля яго смерці выдавецкія правы набылі Дж. і Ч.Мерыям і ў 1847 выпусцілі 1-ы поўны слоўнік выд-ва «Мерыям-Уэбстэр» у серыі такіх даведнікаў. Сярод іх: «Поўны амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (1864), «Міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1890), «Новы міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1909; 2-е выд. 1934; 3-е выд. 1961). Выключным па аб’ёме (больш за 450 тыс. слоў) і навук. якасці стаў тлумачальны «Трэці новы поўны міжнародны слоўнік англійскай мовы Уэбстэра» (1961; перавыдаваўся 6 разоў; у перавыданне 1993 уключаны «Дадатак»). На базе гэтага даведніка кампанія «Мерыям-Уэбстэр» выпускае серыю англамоўных слоўнікаў меншых памераў, у т. л. «Універсітэцкі слоўнік Уэбстэра» (9-е выд. 1983), «Слоўнік англійскага словаўжывання Уэбстэра» (1989).
В.К.Шчэрбін.
т. 16, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДЭРА́ЛЬНАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ у Аўстраліі,
агульнааўстралійскі бел. прадстаўнічы орган. Створана ў снеж. 1976 на 1-й сустрэчы беларусаў Аўстраліі ў Мельбурне. Дзейнічае паводле статута. Кіруючы орган — Выканаўчы к-т, старшынямі якога былі К.Станкевіч (1980), М.Шэк (1982), А.Груша (з 1985). У 2002 рада аб’ядноўвала ў якасці калектыўных членаў 8 бел. арг-цый, у т. л. Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне ў Паўн. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш. Стварэнне рады мела на мэце дасягненне адзінства і згоды бел. супольнасці ў Аўстраліі. Асн. кірункі дзейнасці — арганізацыя нац., культ. і грамадскіх мерапрыемстваў, аказанне дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы 1986, выкананне прадстаўнічых функцый і інш. У 1990 рада заснавала К-т дапамогі ахвярам Чарнобыля, у 1991 звярнулася да ўрада і парламента Аўстраліі з прапановай вызначыць квоты для эмігрантаў з раёнаў Беларусі, найб. забруджаных радыяцыяй.
А.С.Ляднёва.
т. 16, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у філасофіі Вялікабрытаніі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — Т.Рыд. Яе прадстаўнікі (Дж.Освальд, Дж.Біты, Д.Сцюарт, Дж.Макінташ, У.Гамільтан) імкнуліся стварыць філасофію «цвярозага розуму» ў якасці альтэрнатывы саліпсізму Д.Юма і суб’ектыўна-ідэаліст. суджэнням Дж.Берклі. У процівагу абстрактна-тэарэт. вучэнням гэтых філосафаў яны абвясцілі асн. катэгорыяй філасофіі «цвярозы розум» як пэўную суму непарушных ісцін, крыніцай якіх з’яўляецца непасрэдная унутр. верагоднасць, што бярэ свой пачатак ад самога Бога, таму што дзякуючы яму яна стала неабходнай часткай чалавечай прыроды. Прадстаўнікі Ш.ш. ставілі пад сумненне навук. характар філасофіі, распрацоўвалі сістэму доказаў існавання Бога, душы, мэтазгоднасці ўсяго існага і адначасова абаранялі ад нападкаў суб’ектыўнай філасофіі філас. палажэнне аб існаванні незалежнага ад свядомасці матэрыяльнага свету. Асн. месца ў іх філас. канцэпцыі належыць сцвярджэнню існавання відавочных рэліг. і маральных ісцін, што крытыкаваліся філосафамі-матэрыялістамі.
В.І.Боўш.
т. 17, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТЫ́РНЕР (Stimer) Макс [сапр. Шміт
(Schmidt) Каспар; 25.10.1806 г. Байройт, Германія — 26.6.1856], нямецкі філосаф-младагегельянец, тэарэтык анархізму. У кн. «Адзіны і яго ўласнасць» (1845) развіў суб’ектыўна-ідэаліст. версію младагегельянства (гл. Гегельянства) у антрапалогіі, этыцы і праве. Асн. яго ідэя ў тым, што сац. якасці чалавека — гэта нешта ўсеагульнае, а кожная эмпірычная асоба адзінкавая; таму ўсё, што тычыцца чалавека наогул, не адносіцца да канкрэтнага («адзінага») чалавека. Лічыў, што паняцці «чалавек», «права», «мараль» і да т.п. — гэта адчужаныя формы індывід. свядомасці («здані»),
таму асоба не можа прызнаваць ніякіх абавязацельных для сябе грамадскіх установак. У выніку прыйшоў да высновы, што першакрыніцы сапраўдных правоў і маралі — сіла і магутнасць канкрэтнай асобы, адной з форм рэалізацыі якой з’яўляецца прыватная ўласнасць. На яго думку, намаганні індывіда павінны накіроўвацца на пошук сваёй уласнай свабоды, а не свабоды для ўсіх, таму што за ўсімі сац. ўтварэннямі заўсёды хаваюцца эгаістычныя інтарэсы канкрэтных асоб.
А.Б.Савеня.
т. 17, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць усіх матэрыяльных, працоўных і прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца пры вытворчасці тавараў і паслуг. Матэрыяльныя рэсурсы — гэта зямля (уласна зямля, лясы, воды, радовішчы) або сыравіна, капітал або інвестыцыі. Вытв-сць і назапашванне інвестыцыйных рэсурсаў (інвесціраванне) прадугледжвае стварэнне інвестыцыйных тавараў, якія ў адрозненне ад спажывецкіх, што непасрэдна задавальняюць патрэбы насельніцтва, робяць гэта ўскосна, забяспечваюць вытв-сць, у т. л. спажывецкіх тавараў. У якасці капіталаў не разглядаюцца грошы, якія не з’яўляюцца Э.р., бо самі па сабе нічога не ствараюць. Працоўныя рэсурсы — гэта мэтанакіраваная дзейнасць чалавека, выкарыстанне яго фіз. і разумовых здольнасцей. Прадпрымальніцкая дзейнасць — гэта здольнасць прадпрымальнікаў браць на сябе ініцыятыву злучэння Э.р., прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Э.р. абмежаваныя, валодаюць здольнасцю прыносіць прыбытак, рэнту, працэнт, зарплату, плацяжы і інш. Своеасаблівымі Э.р. з’яўляюцца час, які таксама абмежаваны і не аднаўляецца, тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, інфраструктура.
Г.А.Шмарлоўская.
т. 18, кн. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)