паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл.Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.
Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл.Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.
На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,
працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).
У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.
На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал.сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,
баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач.жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр.Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілыААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн.чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс.чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс.чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.А.Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.К.Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн.чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.
Літ.:
История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;
Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;
Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;
1991. № 1—5;
Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Бажэнаў.
Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н І БА́ЛТАЎ У 12—15 ст.,
захопніцкія войны заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкіх) рыцараў на землях балтаў, палабска-прыбалтыйскіх і ўсходніх славян. Адначасова з 2-м крыжовым паходам у М. Азію і Палесціну (гл.Крыжовыя паходы) адбыўся Крыжовы паход супраць славян 1147. У пач. 13 ст.асн. напрамкам крыжовых паходаў сталі землі балтаў і ўсх. славян. Мечаносцы, якія заваявалі ліваў (1207), павялі наступленне на суседнія плямёны, захапілі Кукенойс (1208) і Герцыке (1209). Паўстала пагроза Пскову, Ноўгараду, Полацку. Пасля некалькіх бітваў (1212, 1217, 1234 і інш.) мечаносцы былі разбіты аб’яднанымі сіламі літоўцаў і земгалаў у 1236 каля Сауле (сучасны Шаўляй). Іх рэшткі ў 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і стварылі Лівонскі ордэн як філіял апошняга. Паводле дагавору з Конрадам Мазавецкім (1226) Тэўтонскі ордэн ператварыўся ў базу для экспансіі на У. Нягледзячы на моцнае супраціўленне балтаў (гл.Мантаса паўстанне), чарговымі ахвярамі ордэна сталі прусы і яцвягі, якія былі часткова знішчаны, астатнія выгнаны або асіміляваны. Апорнымі пунктамі крыжакоў на захопленых землях сталі замкі, найб. магутныя з якіх знаходзіліся ў вусцях Зах. Дзвіны і Нёмана. Пагроза з іх боку прымусіла літ. і бел. князёў аб’яднацца. Найб. поспехаў у гэтай справе дасягнуў новагародскі кн.Міндоўг (з 1250 — кароль), які ў 1260 каля воз. Дурбе (цяпер тэр. Латвіі) разграміў аб’яднаныя сілы тэўтонцаў, у т. л. Лівонскі ордэн. У бітве прымалі ўдзел куршы і эсты, якія ў вырашальны момант бою перайшлі на бок Міндоўга. Паражэнні крыжакоў каля Сауле і Дурбе, на Чудскім возеры (гл.Лядовае пабоішча 1242) прыпынілі іх ваен. экспансію на слав. землі. Але заняволенне балтаў працягвалася. У 14 ст. напады на бел. землі пачасціліся. Толькі ў 1300—15 іх адбылося каля 20. У адказ на агрэсію 10 паходаў здзейсніла войска ВКЛ. Крыжакі захапілі шэраг крэпасцей і гарадоў, у т. л. Полацк (вызвалены ў 1307). У 1340—70 адбылося каля 100 бітваў, у якіх паражэнні войск ВКЛ чаргаваліся з перамогамі. У 1384 вызвалены г. Коўна (астатняя частка Жамойці заставалася пад крыжакамі да 1410). Пасля няўдалага паходу Вітаўта супраць татар (гл.Бітва на Ворскле 1399) ням. агрэсары яшчэ больш актывізаваліся. Вырашальнай стала Грунвальдская бітва 1410, апошняй вайной — Трынаццацігадовая вайна 1454—66.
Літ.:
Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
2) Фарміраванне сав.ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал.сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;
Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1999. № 1.
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн.чал. (1985). Сталіца — г.Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр.Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням.нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав.ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац.нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст.ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс.чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд.дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілыНар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).
Літ.:
Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;
История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;
Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;