Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сяродбел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн. віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ.«Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ АДЭ́СКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1918—23 (?). Займалася культ.-асв. дзейнасцю сярод беларусаў-бежанцаў 1-й сусв. вайны ў Адэсе (у 1922 іх было там каля 20 тыс.чал.). Пад кіраўніцтвам секцыі ў 1922 працавалі 6 бел. школ, у т. л. 2 школы-камуны (400 вучняў). Арганізавала і кіравала бел. дзіцячым прытулкам (1919—22), дзіцячым тэатрам і хорам. З 1921 супрацоўнічала з Беларускім цэнтральным бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У секцыі працаваў С.Некрашэвіч, ёй дапамагалі А.Баліцкі, А.Ільючонак, Л.Рытар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Йу Ляймене.
Засн. ў 1982 у г. Ляймен (каля г. Гайдэльберг, Германія) бел. эмігрантам Ю.Попкам у яго кватэры. У арганізацыі музея дапамагалі мэр горада Г.Эрбар і Б.Кіт. У аснове экспазіцыі — асабістыя калекцыі і зборы Попкі. Дэманструюцца бел. адзенне, старыя пячаткі, манеты, маркі, вырабы майстроў-умельцаў, сувеніры, памятныя рэчы з асяродкаў бел. эміграцыі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, кнігі, перыяд. эміграцыйныя выданні (сярод іх рукапісныя часопісы, якія выдаваліся беларусамі ў лагерах для перамешчаных асоб у Нямеччыне). Пасля смерці Попкі (1992) музей знаходзіцца пад апекай мэрыі Ляймена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ТЭ́ХНІКУМ СЦЭНІ́ЧНАГА МАСТА́ЦТВА.
Існаваў у 1930—32 у Мінску. Створаны для падрыхтоўкі нац. акцёрскіх кадраў: дзейнічалі акцёрскае аддзяленне і 1-гадовыя драм. курсы. Апрача спец. дысцыплін (выкладалі Е.Міровіч, П.Данілаў, Г.Халізеў) выкладаліся і агульнаадук. прадметы. Вясной 1932 адбыўся выпуск навучэнцаў курсаў. Сярод выпускнікоў: Н.Гейц, І.Дзядовіч, Я.Зайчык, П.Пекур, З.Скачкоўская, М.Троіцкая, С.Хацкевіч, І.Шаціла (у далейшым акцёры БДТ-1), Ю.Гальперына, Т.Заранок, Е.Іванова, Г.Кавальчук, Н.Мішэнка. З выпускнікоў курсаў арганізаваны т-ры вандроўны імя Дзяржынскага і Чырвонаармейскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ АКАДЭМІ́ЧНЫЯ ТВО́РЧЫЯ МАЙСТЭ́РНІ.
Засн. ў 1981 у Мінску як творчая майстэрня жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР. З 1983 сучасная назва. Кіраўнік М.Савіцкі. Створаны таксама майстэрні скульптуры (з 1983, кіраўнік З.Азгур, з 1994 — Л.Гумілеўскі), графікі (з 1987, кіраўнік Г.Паплаўскі). У майстэрнях маладыя мастакі з вышэйшай адукацыяй на працягу 3 гадоў удасканальваюць сваё прафес. майстэрства. Сярод выпускнікоў: В.Альшэўскі, В.Баранаў, І.Бархаткоў, А.Грышкевіч, А.Дранец, Л.Журавовіч, А.Задорын, Р.Заслонаў, У.Кожух, В.Ксяндзоў, П.Лук, А.Савіцкі, А.Фралякоў, Ф. і В.Янушкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр.б.СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.
Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.
Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНЕ́С (Марк Навумавіч) (8.9.1911, г. Нежын, Украіна — 16.8.1969),
рускі акцёр, эстрадны спявак. Нар.арт. Расіі (1965). Скончыў тэатр, курсы ў Харкаве. Гранічная шчырасць і абаяльнасць Бернеса-акцёра найб. выявіліся ў ролі Аркадзя Дзюбы ў фільме «Два байцы» (1943). Сяродінш. роляў: шафёр Мінутка («Вялікі пералом», 1946), матрос Чмыга («Трэці ўдар», 1948), злодзей Аганёк («Начны патруль», 1957). З 1950 выступаў на эстрадзе з выкананнем песень, многія з якіх ствараліся паэтамі і кампазітарамі ў супрацоўніцтве са спеваком («Я люблю цябе, жыццё» Э.Калманоўскага, «Жураўлі» Я.Фрэнкеля і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСТСЕ́ЛЕР (англ. best seller),
найбольш ходкая кніга, якая выдадзена вялікім тыражом і карыстаецца павышаным попытам. Тэрмін узнік у ЗША у канцы 19 ст. Поспех бестселера абумоўлены найперш рэкламай, дзе стаўка робіцца на стэрэатыпы масавай свядомасці, сучасную моду, прэстыжнасць або забароненасць (гл.«Масавая літаратура»). Сярод такога роду л-ры звычайна пераважаюць дэтэктывы, фантастычна-прыгодніцкія і любоўныя раманы, хоць у разрад бестселераў могуць трапіць і творы сур’ёзнай л-ры (напр., Біблія, якая выдаецца на 253 мовах свету). Спісы бестселераў рэгулярна друкуюцца ў буйных перыяд. выданнях Зах. Еўропы і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам
(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),
бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.