БУЛГА́РЫН (Фадзей Венядзіктавіч) (5.7.1789, маёнтак Пырашава каля в. Пырашава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1859),
рускі журналіст, пісьменнік. Супрацоўнічаў у альманаху «Полярная звезда» А.А.Бястужава і К.Ф.Рылеева, сябраваў з А.С.Грыбаедавым. У 1825—59 (з 1831 разам з М.І.Грэчам) выдаваў газ. «Северная пчела», у 1825—39 час. «Сын отечества». Аўтар гіст. і дыдактычных раманаў, нораваапісальных нарысаў, тэатр. і літ. рэцэнзій, фельетонаў. Як літ. крытык выступаў супраць А.С.Пушкіна, М.В.Гогаля, В.Р.Бялінскага і рэаліст. кірунку ў л-ры (назваў яго «натуральнай школай»). У рамане «Іван Выжыгін» (1828), ва ўспамінах і некаторых нарысах адлюстраваў побыт беларусаў. Яркі сатыр. вобраз Булгарына створаны ў бел. ананімнай паэме «Тарас на Парнасе».
Літ.:
Богданович М. Булгарин в белорусской шуточной поэме // Зб.тв.Мн., 1968. Т. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаныБаркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаныБел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,
дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж.нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс.га (1994), у т. л. абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс.га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в. Камянюкі Камянецкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,
у Польшчы, ва ўсх.ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у т. л. пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у т. л. бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у т. л. ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ СТУ́ДЫЯў Маскве.
Існавала ў 1921—26, з 1924 на правах ВНУ. Створана для падрыхтоўкі бел.нац. акцёрскіх кадраў. Маст. кіраўнік А.Бондараў, з 1922 В.Смышляеў, педагогі — рэжысёры і акцёры МХАТ-2 Б.Афонін, А.Гейрат, М.Успенская, С.Гіяцынтава, В.Громаў. У студыі пастаўлены спектаклі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Астап» А.Глобы і «У мінулы час» І.Бэна. У 1926 з выпускнікоў студыі створаны БДТ-2 (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Студыю скончылі 34 чал., у т. л. Т.Бандарчык, В.Барысевіч, М.Бялінская, З.Вялікі, Л.Гепнер, Я.Глебаўская, А.Ільінскі, Р.Кашэльнікава, А.Лагоўская, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, М.Міцкевіч, А.Радзялоўская, К.Саннікаў, С.Скальскі, С.Станюта, С.Стэльмах, М.Сянько, Ц.Сяргейчык, Л.Шынко.
Літ.:
Нефед В. Становление белорусского советского театра, 1917—1941. Мн., 1965. С. 131—142;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра. Мн., 1966. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІРТУО́ЗЫ МАСКВЫ́»,
камерны аркестр. Створаны ў 1982 як дзяржаўны камерны аркестр Мін-ва культуры Расіі «Віртуозы Масквы». Канцэртуе з 1979. Арганізатар, саліст і маст. кіраўнік У.Співакоў. Мае вял. і разнастайны класічны і сучасны рэпертуар: сімфоніі і канцэрты для аркестра, для фп. і для скрыпкі з аркестрам, для скрыпкі і альта з аркестрам В.А.Моцарта, Т.Альбіноні, А.Вівальдзі, Л.Бакерыні, творы І.С.Баха (у т. л. «Арыя», выканана ў г. Дахаў, Германія), Л.Бетховена, Ф.Шуберта, І.Штрауса, І.Брамса, П.Чайкоўскага, А.Рубінштэйна, Л.Бернстайна, Дз.Шастаковіча (у т. л. 14-я камерная сімфонія ў памяць аб ахвярах фашызму, выканана ў Дахаў) і інш. З 1989 пастаянны ўдзельнік Міжнар.муз. фестывалю ў г.Кармар Кальмар (Францыя); з ім выступаюць лепшыя выканаўцы сучаснасці. З 1990 на кантрактнай аснове працуе ў Іспаніі. Гастраліруе ва ўсім свеце, неаднаразова выступаў на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГІСТПА́РТ,
камісія па вывучэнні гісторыі кампартыі і Кастр. рэвалюцыі пры Віцебскім губкоме РКП(б). Існаваў з пач. 1922 да сак. 1924. Створаны на аснове пісьма ЦК РКП(б), у якім прапанавалася «неадкладна прыступіць да арганізацыі абласных і губернскіх гістпартаў». Узначальваў чл. губкома партыі С.М.Крылоў. Гал. кірункі работы камісіі — абследаванне архіваў і выяўленне матэрыялаў па гісторыі рэв. барацьбы, збор і публікацыя ўспамінаў старых бальшавікоў і ўдзельнікаў рэв. руху на Віцебшчыне. Асобныя матэрыялы друкаваліся ў час. «Коммунистический труд». Віцебскі гістпарт выпусціў кнігу мемуараў Б.Д.Пінсана «Бальшавікі ў Віцебску» (1922) і зб. успамінаў, артыкулаў і матэрыялаў «Чырвоная быль» (1923), у які ўвайшлі ўспаміны ўдзельнікаў барацьбы за сав. ўладу ў губерні Б.Брэслава, Я.Гоба, Крылова і інш., матэрыялы пра рэв. падзеі ў лют.—кастр. 1917 і ўстанаўленне сав. улады ў губерні. Віцебскі гістпарт ліквідаваны ў сувязі з уваходам Віцебскай губ. ў склад БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ СТАНКАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д ІМЯ́ С.М.КІ́РАВА, «ВІСТАН». Створаны ў 1918 на базе армейскіх майстэрняў (дзейнічалі з 1914) як з-дс.-г. машын. З 1922 з-д «Чырвоны металіст» у складзе Віцебскага аб’яднання металаапр. прадпрыемстваў. З 1934 металаапр.з-д імя Кірава. У Вял.Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Арэнбург (Расія). Адноўлены ў Віцебску ў 1945. За пасляваен. гады з-д вырас у буйное станкабуд. прадпрыемства, самае вял. ў Беларусі па вытв-сці прэцызійнага абсталявання. У 1986—89 галаўное прадпрыемства Віцебскага станкабуд. вытв. аб’яднання. З 1989 ВА «ВІСТАН». Дзейнічаюць загатоўчы, ліцейны, механічныя і зборачны цэхі. Асн. прадукцыя (1996): круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы высокай і асабліва высокай дакладнасці, спец. станкі на іх базе, суперфінішныя цэнтравыя і бясцэнтравыя паўаўтаматы і аўтаматы, шараапрацоўчыя станкі, шматмэтавыя фрэзерна-свідравальна-расточныя станкі з лікавым праграмным кіраваннем, камплект абсталявання для апрацоўкі акулярных лінзаў, дрэваапр. абсталяванне, універсальныя малагабарытныя металарэзныя станкі і інш.